01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28 – 29 – 30 – 31 – 32 – 33 – 34 – 35 – 36 – 37 – 38 – 39 – 40
27 „I зрабі аброчнік ізь дзерва акацы пяць локцяў удаўжкі і пяць локцяў ушыркі, хай будзе аброчнік чатыракутні, і тры локці ўвышкі. 2 I зрабі рогі ягоныя на чатырох вуглох ягоных, каб ізь яго выходзілі рогі ягоныя, і пацягні яго медзяй. 3 I зрабі да яго гаршкі, высыпаць у іх попел, а лапаткі а чары а відзёлкі а вуглянкі да ўсіх судзінаў ягоных зрабі зь медзі. 4 I зрабі да яе крату, падобную да пляцёнкі, мядзяную, і зрабі на пляцёнцы чатыры колцы мядзяныя да чатырох вуглоў яе. 5 I палажы яе далавах пад вобад аброчніка так, каб пляцёнка была да палавіцы аброчніка. 6 I зрабі нашулкі да аброчніка, нашулкі зь дзерва акацы, і пацягні іх медзяй. 7 I ўводзь нашулкі ягоныя ў колцы, і будуць нашулкі па абодвых бакох аброчніка, як носяць яго. 8 Пустым унутры з дашчок зрабі яго; як паказана табе на гары, так зрабіце яго.
9 „Зрабі панадворак вітальні: з паўднявога боку на паўдня заслоны да панадворку зь цянюсенькага тканага палатна, удаўжкі сто локцяў па адным баку. 10 I стаўпоў да іх дваццаць, і падложкаў да іх дваццаць мядзяных; кручкі да стаўпоў і прывязкі срэбныя. 11 Таксама па баку паўночным уздоўж заслоны сто локцяў удаўжкі; і стаўпоў да іх дваццаць, і падложкаў да іх дваццаць мядзяных; кручкі да стаўпоў і прывязкі да іх срэбныя.
12 „Ушыркі панадворку да боку мора (захаду) заслоны пяцьдзясят локцяў; стаўпоў да іх дзесяць, і падложкаў да іх дзесяць. 13 I ўшыркі панадворку зь пярэдняга боку на ўсход пяцьдзясят локцяў. 14 Пятнанцаць локцяў заслоны да боку; стаўпоў да іх тры, і падложкаў да іх тры. 15 I да другога боку пятнанцаць заслонаў; стаўпоў да іх тры, і падложкаў да іх тры. 16 А ля брамы панадворку запона дваццацёх локцяў з васільковае а пурпуровае а чырвовае воўны,і зь цянюсенькага палатна вышыванае работы; стаўпоў да яго чатыры, і падложкаў да іх чатыры. 17 Усі стаўпы наўкола панадворку маюць быць злучаны срэбнымі прывязкамі; кручкі ў іх срэбныя, і падложкі да іх мядзяныя. 18 Удаўжкі панадворак сто локцяў, а шырыня пяцьдзясят і пяцьдзясят, а вышыня пяць локцяў; запоны з цянюсенькага суканага палатна, а падложкі мядзяныя. 19 Усе судзьдзе вітальні на ўсялякую службу ў ёй і ўсі калкі ейныя, і ўсі калкі панадворку - зь медзі.
20 „I кажы сыном Ізраелявым, і возьмуць табе алівы з аліўкаў, чыстае, таўчонае, на сьвячэньне, каб гарэў сьветач штачасна. 21 У будане збору вонках запінахі, каторая над сьветчаньням, будзе ладзіць яго Аарон а сынове ягоныя, зь вечара да раньня, перад відам СПАДАРОВЫМ. Устава вечная пакаленьяням іхным ад сыноў Ізраелявых.
|