01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28 – 29 – 30 – 31 – 32 – 33 – 34 – 35 – 36 – 37 – 38 – 39 – 40
29 ,,I во што маеш ты ўчыніць над імі, каб пасьвяціць іх сьвятарстваваць Імне: вазьмі адно цялёбычка з чарады і двух бараноў бяз гану, 2 I хлябоў прэсных, і хлеб закрашаны прэсны, рашчынены на аліве, і пірагоў прэсных, памазаных аліваю; з мукі ценкае ўчыні іх. 3 I палажы іх у вадзін сутнік, дабліж іх у сутніку, і разам цялё і два бараны. 4 I Аарона а сыноў ягоных дабліж да ўходу ў будан збору, і абмый іх у вадзе. 5 I вазьмі адзецьці, і адзень Аарона ў хітон а ў рызу наплечніка а ў наплечнік а нагруднік, і паперажы яго шнюрком наплечніка. 6 I ўзлажы мітру на галаву ягоную, і злажы карону сьвятасьці на мітру. 7 I вазьмі алівы памазаньня, і ўзьлі на галаву яму, і памаж яго. 8 I сыноў ягоных дабліж, і адзень іх у хітоны. 9 I паперажы іх поясам, Аарона а сыноў ягоных, і прывяжы на іх турбаны, і будзе ім належыць сьвятарства подле ўставы вечнае; і напоўні рукі Ааронавы й сыноў ягоных. 10 I дабліж цялё перад будан збору, і ўзложаць Аарон а сынове ягоныя рукі свае на галаву цяляці. 11 I зарэж цялё перад відам СПАДАРОВЫМ ля ўходу ў будан збору. 12 I вазьмі з крыві цяляці, і ўзлажы на рогі аброчніка палцам сваім, а ўсю кроў вылі на под аброчніка. 13 I вазьмі ўвесь здор, што пакрывае патрыхі, і лой зь печанцоў, і абедзьве ныркі а тук, каторы на іх, і запалі на аброчніку. 14 А мяса цяляці, і скуру ягоную, і кал ягоны спалі на агню вонках табару. Гэта аброк за грэх.
15 „I вазьмі аднаго барана, і ўзложаць Аарон а сынове ягоныя рукі свае на галаву барана. 16 I зарэж барана, і вазьмі крыві ягонае, і пакрапі на аброчнік наўкола. 17 I барана расьсячы на кавалкі ягоныя, і вымый патрыхі ягоныя а галёнкі ягоныя, і палажы іх на расьсечаныя часьці ягоныя і на галаву ягоную. 18 I спалі ўсяго барана на аброчніку. Гэта ўсепаленьне СПАДАРУ, пах прыемны, аброк агняны СПАДАРУ. 19 I вазьмі другога барана, і ўзложаць Аарон а сынове ягоныя рукі свае на галаву барана. 20 I зарэж барана, і вазьмі з крыві яго, і ўзлажы на кончык правага вуха Ааронавага і на кончык правага вуха сыноў ягоных, на вялікі палец правае рукі іхнае, і на вялікі палец правае нагі іхнае; пакрапі крывёў аброчнік наўкола. 21 I вазьмі з крыві, каторая на аброчніку, а алівы памазаньня, і пакраш на Аарона а на адзецьці ягоныя, і на сыноў ягоных а на адзецьці сыноў ягоных ізь ім; і будуць пасьвячаны ён а адзецьці ягоныя, і сыны а адзецьці іхныя зь ім. 22 I вазьмі ад барана тук а хвост, і тук, што пакрывае патрыхі, і плеўку зь печанцоў, і абедзьве ныркі а тук, каторы на іх, правую лапатку, бо гэта баран пасьвячэньня. 23 I адну букатку хлеба, адзін пірог на аліве і адзін сачэнь із сутніку праснакоў, каторы перад СПАДАРОМ; 24 I палажы ўсе на далоні Аарону а на далоні сыном ягоным, і нахінай яго туды-сюды дзеля нахінанага аброку перад відам СПАДАРОВЫМ. 25 I вазьмі іх із рук іхных, і спалі на аброчніку з усепаленьням, на пах прыемны перад СПАДАРОМ; гэта агняны аброк СПАДАРУ. 26 I вазьмі грудзіну з барана пасьвячэньня Ааронавага, і нахінай яе туды-сюды дзеля нахінанага аброку перад відам СПАДАРОВЫМ; і гэта будзе твая дзель. 27 I пасьвяці грудзіну нахінаньня і нахінаную лапатку дару, каторы ўзьнесены з барана пасьвячэньня, каторы Аарону і каторы сыном ягоным. 28 I будзе Аарону а сыном ягоным уставаю вечнай ад сыноў Ізраелявых; бо гэта - узьнесеньне, і ўзьнесеньне мае быць ад сыноў Ізраелявых із аброкаў іхных супакойных; узьнесеньне іхнае СПАДАРУ. 29 I адзецьці сьвятыя, каторыя Аарону, будуць сыном ягоным просьле яго, каб у іх памазаваць іх і напаўняць (пасьвячаць) імі рукі іхныя. 30 Сем дзён мае адзявацца ў іх сьвятар із сыноў ягоных, каторы заступае месца ягонае, каторы будзе ўходзіць у будан збору служыць у сьвятыні.
31 I барана пасьвячэньня возьмеш, і звары мяса ягонае на месцу сьвятым. 32 I хай есьць Аарон а сынове ягоныя мяса барана гэгага і хлеб, каторы із сутніку, ля дзьвярэй будану збору. 33 I хай яны ядуць іх, бо пераз гэта ўчынена ачышчэньне дзеля напаўненьня (пасьвячэньня) рук іхных, каб усьвяціць іх; чужы ня мае есьці, бо яны сьвятасьць. 34 I калі застанецца зь мяса напаўненьня (пасьвячэньня) і з хлеба да раньня, і спалі астачу на агню: ня маюць есьці яго, бо гэта сьвятасьць. 35 I ўчыні з Ааронам а із сынамі ягонымі подле ўсёга, што я расказаў табе: сем дзён будзеш напаўняць (пасьвячаць) рукі іхныя. 36 I цялё за грэх абракай кажны дзень дзеля ачышчэньня, і ачысьціш аброчнік ад грэху, учыніўшы ачышчэньне за яго, і памажаш яго, каб усьвяціць яго. 37 Сем дзён чыні ачышчэньне за аброчнік і пасьвяці яго, і будзе аброчнік сьвятое сьвятых; што дакранецца да аброчніка, усьвяціцца.
38 „Во што будзеш ты абракаць на аброчніку: два баранчыкі аднагодкі кажны дзень штачасна; 39 Аднаго баранчыка абракай нараніцы, а другога баранчыка абракай адвячоркам; 40 I дзясятую часьць ценькае мукі, таўчонай з аліваю чэцьверці гіна, а на ўзьліваньне чэцьверць гіна віна на аднаго баранчыка. 41 I другога баранчыка абракай адвячоркам падобна да ранічнага дару, і подле яго ўзьліваньне прыгатуй на пах прыемны, на агняны аброк СПАДАРУ, - 42 Усепаленьне штачаснае ў родах вашых перад дзьвярмі будану збору перад СПАДАРОМ, ідзе буду сустракацца там із вамі, каб гутарыць із табою там. 43 I буду сустракацца там із сынамі Ізраелявымі, і ўсьвяціцца яно славаю Маёю. 44 I ўсьвячу будан збору і аброчнік; і Аарона а сыноў ягоных усьвячу, каб яны сьвятарствавалі Імне. 45 I буду вітаць сярод сыноў Ізраелявых, і буду ім Богам. 46 I пазнаюць, што Я СПАДАР, Бог іхны, каторы вывеў іх ізь зямлі Яґіпецкае, каб Імне вітаць сярод іх. Я СПАДАР, Бог іхны.
|