01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 – 15 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27
23I гукаў СПАДАР Масею кажучы: 2 „Гукай сыном Ізраелявым, і скажы ім: прызначаныя поры СПАДАРОВЫ, каторыя будзеце зваць сьвятымі зборамі; во поры Мае:
3 „Шэсьць дзён рабі работу, а сёмага дня сыбота сыботаў, сьвяты збор; ніякага рамяства не рабіце; гэта сыбота СПАДАРОВА ў вусіх сялібах вашых.
4 „Гэта поры СПАДАРОВЫ, сьвятыя зборы, каторыя вы будзеце згукаць у пару іх: 5 Першага месяца, чатырнанцатага дня месяца адвячоркам Пасха СПАДАРОВА. 6 I пятнанцатага дня таго ж месяца сьвята праснакоў СПАДАРУ. Сем дзён ежча праснакі. 7 На першы дзень хай будзе ў вас сьвяты збор; ніякае рамеснае работы не рабіце. 8 I абракайце сем дзён агняны аброк СПАДАРУ; сёмага дня сьвяты збор; ніякае рамеснае работы не рабіце".
9 I гукаў СПАДАР Масею, кажучы: 10 „Гукай сыном Ізраелявым і кажы ім: як прыйдзеце да зямлі, каторую Я даю вам, і будзеце жаць на ёй жніво, то першы сноп жніва вашага прынясі сьвятару. 11 I ён будзе туды-сюды нахінаць сноп перад СПАДАРОМ, каб быў любы за вас; назаўтрае па сыбоце нахінаць яго будзе сьвятар. 12 I прыгатуйце ў дзень нахінаньня сноп і баранчыка годняга на ўсепаленьне СПАДАРУ. 13 I аброк яго хлебны дзьве дзясятыя часьці ценкае мукі, рашчыненае на аліве, на агняны аброк СПАДАРУ, на прыемны пах, і ўзьліваньні яго чэцьверць гіна віна. 14 А хлеба, ані пражаных зярнят, ані зярнят сырых ня ежча аж да тога дня, каторага прынясіце аброк Богу свайму: гэта вечная ўстава ў родах вашых, у вусіх сялібах вашых.
15 „ I адлічыце сабе ад заўтрашняга дня просьле сыботы, ад тога дня, каторага прынесьлі сноп нахінаньня, сем сыботаў (поўныя маюць быць), 16 Да заўтрашняга дня просьле сёмае сыботы далічыце пяцьдзясят дзён, і даруйце новы хлебны аброк СПАДАРУ. 17 Ад сялібаў сваіх прынясіце хлеб нахінаньня зь дзьвюх дзясятых часьцяў ценкае мукі, ды маюць быць сьпечаныя кіслыя, першы плод СПАДАРУ. 18 I абрачыце разам із хлебам сем баранчыкаў, аднагодніх, і з буйнога статку аднаго бычка й два бараны; няхай будзе гэта на ўсепаленьне СПАДАРУ, і хлебны аброк і ўзьліваньне да іх на агняны аброк, на прыемны пах СПАДАРУ. 19 Прыгатуйце з казянят аднаго на аброк за грэх і два аднагоднія баранчыкі на аброк супакойны. 20 I хай туды-сюды нахінае іх сьвятар над хлебам першага плоду нахінаньня перад СПАДАРОМ над двума баранчыкамі: сьвятымі яны будуць СПАДАРУ; сьвятару. 21 I згукайце на самы гэты дзень, сьвяты збор будзе вам, і ніякае рамеснае работы не рабіце: гэта ўстава вечная ў вусіх сялібах вашых у родах вашых.
22 „I як будзеце жаць жніво зямлі вашае, не канчай канцы поля свайго, як жнеш, і засталага ад жніва свайго ня зьбірай: беднамуа асяленцу пакінь гэта. Я СПАДАР, Бог ваш.
23 I гукаў СПАДАР Масею, кажучы: 24 „Гукай сыном Ізраелявым, кажучы: сёмага месяца, на першы дзень месяца хай будзе ў вас сыбота, сьвята трубаў, сьвяты збор. 25 Ніякае рамеснае работы не рабіце, і абрачыце агняны аброк СПАДАРУ".
26 I гукаў СПАДАР Масею, кажучы: 27 „ Але дзясятага дня сёмага месяца гэтага, дзень ласкіўчыненьня гэта, хай будзе ў вас сьвяты збор; і марыце душы вашыя, абракайце агняны аброк СПАДАРУ. 28 Ніякага рамяства не рабіце гэтага самага дня, бо гэта дзень ласкіўчыненьня, каб залашчыць за вас від СПАДАРА, Бога вашага; 29 Бо ўсялякая душа, каторая ня будзе марыць сябе гэтага самага дня, будзе выгублена зь люду свайго. 30 I ўсялякую душу, што будзе рабіць якое рамяство гэтага самага дня, Я выгублю тую душу з пасярод люду ейнага. 31 Ніякага рамяства не рабіце; гэта ўстава вечная ў родах вашых, у вусіх сялібах вашых. 32 Гэта вам сыбота сыботаў, і марыце душы вашы, зь дзявятага дня месяца ўвечары; ад вечара да вечара сьвяткуйце сыботы свае".
33 I гукаў СПАДАР Масею, кажучы: 34 „Гукай сыном Ізраелявым, кажучы: зь пятнанцатага дня гэтага сёмага месяца сьвята будак, сем дзён СПАДАРУ. 35 Першага дня сьвяты збор, ніякае рамеснае работы не рабіце. 36 Сем дзён абракайце агняны аброк СПАДАРУ; восьмага дня сьвяты збор хай будзе ў вас; і абрачыце агняны аброк СПАДАРУ; гэта дзень узьдзержлівасьці, і не рабіце ніякае рамеснае работы. 37 Гэта поры СПАДАРОВЫ, каторыя вы маеце агалашаць, як сьвятыя зборы, каб абракаць агняны аброк СПАДАРУ, усепаленьне, аброк хлебны, аброк зарэзаньня, узьліваньне, кажны ў свой дзень, 38 Апрача сыботаў СПАДАРОВЫХ, і апрача дароў вашых, і апрача ўсіх аброкаў вашых, і апрача ўсіх самахотных вашых, што вы даіце СПАДАРУ. 39 Але пятнанцатага дня сёмага месяца, як вы зьбіраеце ўвод зямлі, сьвяткуйце сьвята СПАДАРОВА сем дзён: першага дня сыбота і восьмага дня сыбота. 40 I вазьміце сабе першага дня садавіну харошых дзерваў, пагоны пальмавыя і галінкі дзерваў густых і вербаў рэчных, і весяліцеся перад СПАДАРОМ, Богам вашым, сем дзён. 41 сьвяціце гэтае сьвята СПАДАРОВА сем дзён у годзе: гэта ўстава вечная ў родах вашых. Сёмага месяца сьвяціце яго. 42 У будках маеце жыць сем дзён; кажны тубылец Ізраелец жыві ў будках, 43 Каб ведалі роды вашыя, што ў будках асяліў Я сыноў Ізраелявых, як вывеў іх ізь зямлі Ягіпецкае. Я СПАДАР, Бог ваш". 44 I гукаў Масей сыном Ізраелявым праз поры СПАДАРОВЫ.
|