01 - 02 - 03 - 04
3.
Цяжкімі будуць апошнія часы
1. Гэта ведай, што ў апошнія дні настануць небясьпечныя часы.
2. Людзі будуць самалюбныя, хцівыя, ганарыстыя, саманадзейныя, зламоўныя, непаслухмяныя бацькам, няўдзячныя, нягодныя,
3. бессардэчныя, няўстрыманыя, злачынцы, неапанаваныя, жорсткія, непрыхільныя,
4. здраднікі, нахабныя, пыхлівыя, раскошу любячыя больш, чым Бога,
5. маючыя выгляд пабожнасьці, моцы ж Яго выракшыся. Такіх высьцерагайся,
6. бо між імі ёсьць такія, што бадзяюцца па дамах, зводзяць жанчын, абцяжараных рознымі грахамі, кіраваных рознымі пажаданьнямі,
7. што заўсёды вучацца, але ніколі не даходзяць да разуменьня праўды.
8. Як Яньні і Ямбар працівіліся Майсею, так і яны працівяцца праўдзе, людзі папсаваага розуму, нявыпрабаваныя ў веры.
9. Але яны далёка ня зойдуць. Бязглуздасьць бо іх выявіцца ўсім так, як і тых стала вядомай.
Трывай ў пакліканьні
10. А ты пайшоў сьледам маёй навукі, настаўленьня, намераў, веры, вялікадушнасьці, любові, цярплівасьці,
11. перасьледаваньняў, пакут, якія сталіся са мною ў Антыёхіі, Іконіі і Лістры. Гэтыя перасьледаваньні я перанёс; з усіх іх вырваў мяне Госпад.
12. Ды ўсе, каторыя захочуць жыць пабожна ў Хрысьце Езусе, перасьледаваны будуць.
13. Ліхія ж людзі і ашуканцы тым больш будуць гразнуць у зьле, псуючыся самі і другіх спакушаючы.
14. Ты ж трывай у тым, чаго навучыўся і што даручана табе, ведаеш бо, ад каго навучыўся,
15. бо з дзіцячых гадоў пазнаў ты Пісьмо Сьвятое, якое можа цябе навучыць на збаўленьне праз веру ў Хрыста Езуса.
16. Усё Пісаньне натхнёна Богам і карыснае для навучаньня, дакору, выпраўляньня і ўзгадаваньня ў справядлівасьці,
17. каб дасканальным быў чалавек Божы, навучаны ўсякаму добраму дзеяньню.
|