01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 12 – 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22
11
Два сьведкі
1 І дадзена была мне трысьціна, падобная на жазло, і сказана мне: "Падыміся і памерай сьвятыню Божую, і аўтар, і тых, што пакланяюцца ў ёй.
2. А панадворак вонкі сьвятыні абміні і ня мерай яго, бо ён прызначаны паганам, і яны будуць таптаць горад сьвяты праз сорак два месяцы.
3. І Я дам уладу Маім двум сьведкам, і будуць яны прарочыць тысяча дьвесьце шэсьдзесят дзён, адзетыя ў зрэбніцу".
4. Яны - дзве аліўкі і два сьвечнікі, перад Госпадам зямлі стоячыя.
5. І калі хто захоча ім шкодзіць, то агонь выйдзе з вуснаў іх і зьнішчыць іхніх ворагаў; калі ж хто захоча скрыўдзіць іх, то гэткі мусіць быць забіты.
6. Яны маюць уладу зачыніць неба, каб не ішоў дождж на зямлю ў час іхняга праракаваньня, ды маюць уладу над водамі замяніць іх у кроў, і насылаць на зямлю усякія бедствы, якія толькі захочуць.
7. І калі закончаць яны сьведчаньне сваё, паўстане зьвер з бяздоньня і пачне супраць іх бой, і пераможа іх, і заб'е іх.
8. І целы іх будуць ляжаць на плошчы вялікага горада, які духова завецца Садома і Эгіпет, дзе і Госпад іх быў укрыжаваны.
9. І многія з народаў, і пакаленьняў, і моваў, і плямёнаў будуць аглядаць трупы іхнія праз тры дні і паўдня, а целаў іхніх не дазволяць палажыць у магілу.
10. І жывучыя на зямлі будуць радавацца дзеля іх, і весяліцца, і падарункі пасылаць адны другім, бо гэтыя два прарокі мучылі тых, якія жылі на зямлі.
11. І пасьля трох з паловай дзён увайшоў у іх дух жыцьця ад Бога. І падняліся яны на свае ногі; і вялікі страх ахапіў тых, якія бачылі іх.
12. І пачулі яны з неба магутны голас, гаворачы ім: "Падыміцеся сюды". І падняліся яны ў неба ў воблаку, і бачылі іх ворагі іхнія.
13. І ў той час пачаліся страшныя землятрусы, і дзесятая частка горада завалілася, і загінула ад землятрусу сем тысяч асоб, а тыя, што засталіся, перапалохаліся і аддалі хвалу Богу на небе.
14. Гора другое мінула; вось трэцяе прыйдзе незадоўга.
Труба сёмая
15. І затрубіў анёл сёмы. І загаманілі моцныя галасы ў небе, кажучы: "Сталася каралеўства гэтага сьвету (каралеўствам) Госпада нашага і Хрыста Ягонага, і будзе Ён валадарыць на вякі вечныя".
16. І дваццаць чатыры старыя, седзячыя перад Богам на сваіх тронах, упалі на твар свой і пакланіліся Богу,
17. усклікаючы: "Дзякуем Табе, Госпадзе, Божа Усемагутны, які ёсьць, які быў і які ўзяў сілу сваю магутную і запанаваў.
18. І ўзбурыліся народы, і прыйшоў гнеў Твой і пара судзіць памёршых і даць узнагароду слугам Тваім прарокам і сьвятым, і разам з імі тым, што шануюць імя Тваё, малым і вялікім, і час загубы для тых, што пракудзілі зямлю".
19. І адчынілася Божая сьвятыня ў небе, і бачны стаў каўчэг запавету Яго ў сьвятыні Ягонай, і зазіхацелі маланкі, і пачуліся галасы, і былі землятрусы і град вялікі.
|