Уступ – 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
АПОСТАЛЬСКІЯ ДЗЕІ
У С Т У П
1 РАЗЬДЗЕЛ.
1 Першую-то мову я ўчыніў, Тэафілю, аб усім, што Езус пачаў чыніць і навучаць 2 аж да дня, у каторым загадаўшы апосталам праз Духа сьвятога, каторых выбраў, быў узяты; 3 дый каторым пасьля сваей мукі прадставіў сябе самога жывым у многіх доказах, праз сорак дзён зьяўляючыся ім і гаворачы аб каралеўстве Божым.
Ушэсьце ў неба Езуса Хрыста
4 І з імі ядучы, загадаў ім, каб не адыходзілі з Ерузаліму, але чакалі на абяцаньне Айца, якое, кажа, вы чулі з маіх вуснаў. 5 Бо Ян то хрысьціў вадою, а вы будзеце ахрышчаны Духам сьвятым па нямногіх гэтых днях.
6 Дык тыя, што былі зыйшоўшыся, пыталіся ў яго, кажучы: Пане, ці ў гэтым часе адбудуеш каралеўства Ізраілю? 7 Ён-жа сказаў ім: Ня вам ведаць часы або хвіліны, якія Айцец пастанавіў у сваей уладзе. 8 Але вы атрымаеце моц зыходзячага на вас Духа сьвятога, і будзеце мне сьведкамі ў Ерузаліме, і ва ўсей Юдэі, і Самарыі, і аж па край зямлі.
9 І сказаўшы гэтае, калі яны глядзелі, ён быў узьнесены і воблак узяў яго з вачэй іх. 10 Калі-ж яны ўглядаліся на яго, ідучага ў неба, вось два мужы сталі каля іх у белых вопратках, 11 якія і сказалі: Мужы галілейскія, што вы стаіцё, углядаючыся ў неба? Гэты Езус, каторы ёсьць узяты ад вас у неба, так прыйдзе, як вы яго відзелі ідучага ў неба.
Апосталы ў Ерузаліме. Выбар Мацея на апостала
12 Тады вярнуліся ў Ерузалім з гары, якая завецца Аліўная, якая ёсьць блізка Ерузаліму, маючая суботнюю дарогу. 13 І ўвайшоўшы ўзыйшлі ў сьвятліцу, дзе прабывалі Пётр і Ян, Якуб і Андрэй, Філіп і Тамаш, Баўтрамей і Матэуш, Якуб Альфэяў і Сымон Зэлот і Юда Якубаў. 14 Гэтыя ўсе былі трываючы аднадушна на малітве з жанчынамі і з Марыяй, маткай Езуса, і з братамі яго.
15 У гэныя дні ўстаўшы Пётр пасярод братоў, сказаў - а была грамада людзей разам каля ста дваццацёх: 16 - Мужы браты, трэба, каб споўнілася Пісаньне, якое прадказаў Дух сьвяты праз вусны Давіда аб Юдашу, каторы быў павадыром тых, што ўзялі Езуса. 17 Ён быў палічаны з намі і дастаў частку гэтага служэньня. 18 І гэты-то атрымаў поле заплаты нягоднасьці, і павесіўшыся, лопнуў папалам і выплылі ўсе ягоныя чэравы. 19 І сталася ведамым для ўсіх жывучых у Ерузаліме, так што было названа гэнае поле ў іхнай мове: Гакэльдама, што значыць Поле Крыві. 20 Бо ёсьць напісана ў кнізе псальмаў (68, 26): "Памешканьне іх няхай станецца пустым, і няхай ня будзе хто-б жыў у ім" і "Бісупства ягонае няхай возьме другі" (пс. 108, 8). 21 Дык трэба з гэтых мужоў, якія зьбіраліся з намі праз увесь час, у каторы Пан Езус увайшоў і выйшаў паміж нас, 22 пачаўшы ад Янавага хросту аж да дня, у каторым быў узяты ад нас, каб адзін з гэтых быў з намі сьведкай ягонага ўскрасеньня.
23 І паставілі двух: Язэпа, каторы зваўся Барсаба і каторы быў празываны Справядлівым, і Мацея. 24 І молячыся, казалі: Ты Пане, што знаеш сэрцы ўсіх, пакажы, каторага Ты выбраў з гэтых двух аднаго, 25 каб ён атрымаў месца служэньня гэтага і апостальства, ад якога адпаў Юдаш, каб адыйсьці на сваё месца. 26 І далі ім лёсы, і выпаў лёс на Мацея, і быў далічаны да адзінаццаці апосталаў.
----------------------------------
Р. 1 1 "Першая мова" - гэта ёсьць эванэлія сьв. Лукаша, якая была, таксама як і "Ап. Дзеі", ахвяравана "дастойнаму Тэафілю".
2 Чалавецтва Хрыста як ня ўскросла сваімі сіламі, так і не ўзыйшло ў неба, але было ў з я т а моцай Божай.
5 Хрост Яна Хрысьціцеля быў толькі зьверхнім знакам каяньня за грахі і сам праз сябе не даваў ласкі ўсьвячэньня, а на апосталаў сплывуць, як вада, нутраныя ласкі Духа сьв.
Пасьля гэтых слоў Езус вывеў апосталаў з Ерузаліму на Аліўную гару.
6 З гэтага бачым, што апосталы яшчэ і цяпер думаюць аб зямным валадарстве Ізраіля і Хрыста, толькі пасьля зыходу Духа сьв. зьменьваюцца іх пагляды.
8 Апосталы будуць сьведкамі Хрыстовымі, г .зн. будуць сьведчыць аб ягоных цудах, навуцы, сьмерці і ўскрасеньні. Гэтае сьведчаньне апосталы маюць даваць найперш жыдом у Палестыне, а потым паганам на ўсім сьвеце.
9 "Быў узнесены" гл. вышэй радок 2, а так-жа Мк. 16 - 19. Хоць чалавечая натура Хрыста была ўзьнесена ў неба, то аднак мы гаворым, што Езус узыйшоў у неба, бо як Бог узыйшоў сваей моцай, бяручы з сабою чалавецтва.
10 Два мужы - гэта былі два анёлы ў выглядзе людзей.
12 Да гары Аліўнай і Ерузаліму была "суботняя дарога" г. зн. 2000 локцяў (880 мэтраў) бо столькі дазвалялася жыдом ісьці ў суботу.
13 Гэта была тая сьвятліца, дзе адбывалася Апошняя вячэра і дзе была ўстаноўлена сьв. Эўхарыстыя. І на гэтым месцы сьв. Пісаньня Пётр пастаўлены на першым месцы, як галава Касьцёла.
14 З гэтага відаць, што ў малітвах і сабраньнях апосталаў брала ўдзел і Матка Хрыстова. "Браты" - гэта сваякі Хрыстовы (Гл. Мт. 12, 46).
15 Пётр, як галава апосталаў і ўсяго Касьцёла, адкрывае сабраньне.
20 "Біскупства" азначае тут апостальскі ўрад, пасланства.
21 Езус "увайшоў і выйшаў" - жыдоўскі спосаб выражаньня, значыць тое самае, што ж ы ў, п р а б ы в а ў.
22 Апосталам у сьціслым гэтага слова значэньні мог быць навочны сьведка жыцьця Хрыстуса, а галоўнае - яго ўскрасеньня.
26 Кіданьне лёсаў было ў жыдоў прынята, так напр. служба Божая пры сьвятыні разьдзялялася паміж сьвятараў лёсамі.
|