01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28 – 29 – 30 31 – 32 – 33 – 34 – 35 – 36 – 37 – 38 – 39 – 40 – 41 – 42 – 43 – 44 – 45 – 46 – 47 – 48 – 49 – 50
27 I як Ісак быў стары, і зацьмелі вочы ягоныя, так што ён ня мог бачыць, і гукнуў Ісава, сына свайго вялікага, і сказаў яму: „Сыну мой". Тый сказаў яму: „Во я". 2 I ён сказаў: „Вось жа, я застарэўся: ня ведаю дня сьмерці свае; 3 I цяпер падыймі ж зброі свае, сагайдак свой а лук свой, і пайдзі ў поле, і ўпалюй імне дзічыны, 4 I прыгатуй імне ласонікі, якія я люблю, і прынясі імне, і я паем, каб дабраславіла цябе душа мая первей, чымся я памру".
5 Рэвека чула, як Ісак казаў Ісаву, сыну свайму. I пайшоў Ісаў у поле ўпаляваць дзічыны, каб прынесьці яе.
6 А Рэвека сказала Якаву, сыну свайму, кажучы: „Вось, я чула айца твайго, як казаў брату твайму Ісаву, кажучы: 7 ,Прынясі імне дзічыны і зрабі імне ласонікі, і пад'ем, і дабраслаўлю сябе перад СПАДАРОМ, перад сьмерцю сваёй'. 8 I цяпер, сыну мой, паслухай голасу майго ў тым, што я раскажу табе. 9 Пайдзі ж да чарады і вазьмі імне стуль двое казянят добрых; і я прыгатую зь іх ласонікі айцу твайму, як ён любе; 10 I ты прынясеш айцу свайму, і ён пад'есьць, каб дабраславіць цябе перад сьмерцю сваёю". 11 I сказаў Якаў Рэвеццы, маці сваёй: „Гэта ж Ісаў, брат мой, чалавек касматы, а я чалавек гладкі. 12 Можа пашчупае мяне ацец мой, і я буду ў ваччу ягоным ашуканец, і навяду на сябе грэбаваньне, а не дабраславенства". 13 I маці ягоная сказала яму: „На імне грэбаваньне твае, сыну мой; толькі паслухай голасу майго і пайдаі вазьмі імне". 14 Ён пайшоў, і ўзяў, і прынёс маці сваёй, і зрабіла маці ягоная ласонікі, як любіў ацец ягоны. 15 I ўзяла Рэвека адзежу Ісававу, сына свайго вялікага, жаданую, што была ў яе ў доме, і адзела Якава, сына свайго малога; 16 I скуры казянят адзела на рукі ягоныя і на гладзіню шыі ягонае. 17 I дала ласонікі а хлеб, каторыя яна зрабіла, у руку Якаву, сыну свайму.
18 I ўвыйшоў ён да айца свайго, і сказаў: „Войча мой!" I сказаў ён: „Во я; хто ты, сыну мой?" 19 I сказаў Якаў айцу свайму: „Я Ісаў, пяршак твой; я зрабіў, як ты сказаў імне, устань, калі ласка, сядзь і пад'еж ізь дзічыны мае, каб дабраславіла мяне душа твая". 20 I сказаў Ісак сыну свайму: „Што гэта? пабарзьдзіў ты знайсьці, сыну мой". Ён сказаў: „Бо паслаў імне СПАДАР, Бог твой, наўпярэймы". 21 I сказаў Ісак Якаву: „Дабліжся ж, я пашчупаю цябе, сыну мой, ці ты сын мой Ісаў, ці не". 22 I дабліжыўся Якаў да Ісака, айца свайго, і ён пашчупаў яго, і сказаў: „Голас, голас Якаваў, а рукі, рукі Ісававы, брата ягонага, касматыя"; 23 і дабраславіў яго. 24 I сказаў: „Ці ты сын мой Ісаў?" Ён сказаў: „Я". 25 I сказаў: „Дабліж да мяне, я пад'ем ізь дзічыны сына свайго, каб дабраславіла цябе душа мая". I дабліжыў яму, і ён еў; і прынёс яму віна, і ён піў. 26 I сказаў яму Ісак, ацец ягоны: „Дабліжся, калі ласка, і пацалуй мяне, сыну мой". 27 I ён дабліжыўся, і пацалаваў яго. I панюхаў пах адзежы ягонае, і дабраславіў яго, і сказаў:
„Гля, пах сына майго, як пах поля, каторае дабраславіў СПАДАР. 28 I няхай дасьць табе Бог із расы нябёснай і з тукаў зямлі, і множасьць збожжа і віннога соку. 29 Няхай тэ служаць люды, і хай кланяюцца тэ нацы. Будзь спадаром братоў сваіх, і няхай кланяюцца табе сынове маткі твае; праклінаючыя цябе - праклятыя; дабраславячыя цябе дабраславёныя".
30 I было, што як скончыў Ісак дабраславіць Якава, і вось, ледзь пачаў выходзіць Якаў ад віду Ісака, айца свайго, і Ісаў, брат ягоны, прышоў з уловаў сваіх. 31 I зрабіў ён таксама ласонікі, і прынёс айцу свайму, і сказаў айцу свайму: „Устань, войча мой, і зьеж дзічыны сына свайго, каб дабраславіла мяне душа твая". 32 I сказаў яму Ісак, ацец ягоны: „Хто ты?" Ён сказаў: „Я сын твой першародны Ісаў". 33 I задрыжэў Ісак дрыжэньням вельмі вялікім, і сказаў: „Хто ж гэта тый, што паляваў на дзіч і прынёс імне, і я еў з усёга перш, чымся ты прышоў, і дабраславіў яго? Ён і будзе дабраславёны". 34 Учуўшы Ісаў словы айца свайго, загаласіў голасам вялікім, ды надта гаркім, і сказаў айцу свайму: „Дабраслаў мяне, таксама мяне, войча мой!" 35 I сказаў ён: „Брат твой прышоў зь хітрынёю і ўзяў дабраславенства твае". 36 I сказаў ён: „Ці не затым завецца імя ягонае Якаў, і во, выперадзіў мяне ўжо двойчы? ён першародзтва мае ўзяу, і во, цяпер узяў дабраславенства мае". I сказаў: „Нягож ты не захаваў імне дабраславенства?" 37 I адказаў Ісак, і сказаў Ісаву: „Вось, спадаром пастанавіў яго над табою, і ўсіх братоў ягоных аддаў яму заслугі; і збожжам а вінным сокам пасіліў яго; а табе ж што я зраблю, сыну мой?" 38 I сказаў Ісаў айцу свайму: „Ці адно дабраславенства ў цябе, войча мой? Дабраслаў мяне, таксама мяне, войча мой!" I узьняў Ісаў голас свой, і плакаў. 39 I адказаў Ісак, ацец ягоны, і сказаў яму:
„Вось, ад туку зямлі будзе месца жыцьця твайго і ад расы нябёснай зьверху; 40 I мячом сваім будзеш жыць, і брату свайму будзеш служыць; і станецца, як падужэеш, і ськінеш іго ягонае із шыі свае".
41 I зьненавідзіў Ісаў Якава за дабраславенства, каторым дабраславіў яго ацец ягоны; і сказаў Ісаў у сэрцу сваім: „Падыходзяць дні плачу па айцу маім, і заб'ю я Якава, брата свайго".
42 I пераказаны былі Рэвеццы словы Ісававы, сына ейнага вялікага; і паслала, і гукнула Якава, сына свайго малога, і сказала яму: „Вось, Ісаў, брат твой, цешыцца ўзглядам цябе, што заб'ець цябе. 43 I цяпер, сыну мой, паслухай голасу майго, і ўстань, уцякай сабе да Лавана, брата майго, да Гарану; 44 I пабудзь ізь ім якісь час, пакуль адыйдзе злосьць брата твайго, 45 Пакуль адыйдзе гнеў брата твайго на цябе, і ён забудзецца, што ты ўчыніў яму, і я пашлю і вазьму цябе стуль. Чаму мне спабыцца нават абодвых вас у вадзін дзень?"
46 I сказала Рэвека Ісаку: „Імне абрыдзела жыцьцё мае ад дачок гэціцкіх; калі возьме Якаў жонку з дачок гэціцкіх, як гэтыя, з дачок гэтае зямлі, дык нашто імне жыцьцё?"
|