Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Першая кніга Масеява - Быцьцё


 

 

Першая кніга Масеява - Быцьцё

0102030405060708091011121314151617181920
21222324252627282930
3132333435363738394041424344454647484950


30 I бачыла Рахіль, што яна ня родзе Якаву, і пазавідавала Рахіль сястры сваёй, і сказала Якаву: „Дай імне дзеці, а калі не, памру я". 2 I ўзгарэўся гнеў Якава на Рахіль, і сказаў: „Ці замест Бога я, Каторы задзяржаў у цябе плод жывата?" 3 I яна сказала: „Во нявольніца мая Вала; увыйдзі да яе, і родзе яна на калені мае, і збудую таксама я ад яе". 4 I дала яна яму Валу, нявольніцу сваю, за жонку; і ўвыйшоў да яе Якаў.

5 I зачала Вала, і нарадзіла Якаву сына. 6 I сказала Рахіль: Рассудзіў мяне Бог, і таксама пачуў голас мой, і даў імне сына". Затым назвала імя ягонае: Дан.

7 I зачала яшчэ, і нарадзіла Вала, нявольніца Рахіліна, сына другога Якаву. 8 I сказала Рахіль: „Долькамі Боскімі долялася я ізь сястрою сваёй і таксама здолела". I назвала імя ягонае: Неффалім.

9 I абачыла Лія, што перастала радзіць, і ўзяла Зылпу, нявольніцу сваю, і дала яе Якаву за жонку. 10 I нарадзіла Зылпа, нявольніца Лііна, Якаву сына. 11 I сказала Лія: „Пашчасьціла!" I назвала імя ягонае: Ґад.

12 I нарадзіла Зылпа, нявольніца Лііна, сына другога Якаву. 13 I сказала Лія: „На шчасьце імне, бо шчасьлівай будуць зваць мяне дачкі". I назвала імя ягонае Ашэр,

14 I пайшоў Рувін у дні жніва пшонкі, і знайшоў любоўныя яблыкі ў полю, і прынёс іх Ліі, маці сваёй. I сказала Рахіль Ліі: „Дай імне зь любоўных яблыкаў сына свайго". 15 I сказала ёй: „Нягож мала, што ты ўзяла мужа майго, і бярэш таксама любоўныя яблыкі сына майго?" I сказала Рахіль: „Дык ён ляжа з табою гэту ноч за любоўныя яблыкі сына твайго". 16 I прышоў Якаў з поля ўвечары, і вышла Лія яму напярэймы, і сказала: „Да мяне ўвыйдзеш, бо я напэўна заплаціла за цябе любоўнымі яблыкамі сына свайго". I лёг ён ізь ёю ночы тэй.

17 I пачуў Бог Лію, і яна зачала, і радзіла Якаву сына пятага. 18 I сказала Лія: „Даў Бог заплату маю, што я дала нявольніцу сваю мужу свайму". I назвала яго Іссасхар.

19 I зачала ізноў Лія, і нарадзіла сына шостага Якаву. 20 I сказала Лія: „Падараваў Бог мяне добрым дарам; гэтым разам будзе жыць із імною муж мой, бо я нарадзіла яму шасьцёх сыноў". I назвала імя яго: Завулон. 21 Потым нарадзіла дачку, і назвала імя яе: Дына.

22 I ўспомнеў Бог Рахіль, і пачуў яе Бог, і адчыніў дзетніцу ейную; 23 Яна зачала, і нарадзіла сына, і сказала: „Аддаліў Бог ганьбу маю", 24 I назвала імя ягонае: Язэп, сказаўшы: „Дадасьць імне СПАДАР сына другога".

25 I было, як нарадзіла Рахіль Язэпа, сказаў Якаў Лавану: „Адашлі мяне, і пайду я на свае месца і да свае зямлі; 26 Дай жонкі мае й дзеці мае, што служыў табе за іх, і я пайду; бо ты знаеш службу маю, якую я служыў табе". 27 I сказаў яму Лаван: „Калі б я знайшоў ласку перад ачыма тваімі! я даведаўся варажбою, што СПАДАР дабраславіў імне дзеля цябе". 28 I сказаў: „Прызнач сабе плату сваю зь мяне, і я дам". 29 I сказаў яму: „Ты ведаеш, як я служыў табе, і які стаўся статак твой пры імне; 30 Бо мала было ў цябе да мяне, а разьвялося шмат; і дабраславіў СПАДАР цябе, як я прышоў; а цяпер, калі ж я буду рабіць таксама на свой дом?" 31 I сказаў: „Што імне даць табе?" I сказаў Якаў: „Не дасі імне нічога. Калі толькі ўчыніш імне гэта, я зьвярнуся і буду пасьціць чароды твае, сьцерагчы: 32 Я прайду меж усіх чародаў тваіх сядні; адлучы зь іх кажнае зь ягнят із бодкамі а з плямамі, і кажную рудую з авец, і з плямамі а з бодкамі з козаў; і будзе гэта мая плата. 33 I будзе сьветчыць за мяне справядлівасьць мая на заўтрашні дзень, як прыйдзеш даведацца платы мае зь цябе. Кажная, што ня з бодкамі а ня з плямамі меж козаў, а ня рудая з авец, крадзеная гэта ў мяне". 34 I сказаў Лаван: „Добра, гэтак няхай будзе подле слова твайго".

35 I адлучыў таго дня казлы ў чарэслы і з плямамі, і ўсі козы з бодкамі а з плямамі, усі, на каторых ё белае, і ўсі рудыя з авец, і аддаў на рукі сыном сваім; 36 I азначыў дарогу трох дзён меж сабою і Якавам. I Якаў пасьціў чароды Лабановы, каторыя засталіся.

37 I ўзяў Якаў пруцьце тапалёвае сырое а міндалёвае а яваравае, і аблупіў на ім чарэслы белыя, зьняўшы кару да бялосьці, каторая на прутох; 38 I ўткнуў перад статкам пруты, каторыя аблупіў, у раўкі ля вадапойных карыгаў, куды прыходзіў статак піць, і цекаваў, прыходзячы піць. 39 I цекаваў статак перад прутамі, і радзіўся статак у чарэслы, з бодкамі, з плямамі. 40 І ягняты вылучаў Якаў, і ськіроваваў статак пыскамі да пярэстага і ўсяго рудога статку Лавановага; і станавіў свае стады асобна, і не станавіў іх разам із статкам Лавановым. 41 I было, як цекаваў статак крэпшы, Якаў клаў пруты перад ачамі статку ў карытах, каб ён цекаваў перад прутамі; 42 А калі слабшы з авец, тады ён ня клаў. I былі слабшыя Лавановы, а крэпшыя Якававы. 43 I расшырыўся гэты чалавек вельмі, вельмі, і было ў яго драбнога статку множасьць, і нявольніцаў і слугаў, і вярблюдоў, і аслоў.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст