01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28 – 29 – 30 31 – 32 – 33 – 34 – 35 – 36 – 37 – 38 – 39 – 40 – 41 – 42 – 43 – 44 – 45 – 46 – 47 – 48 – 49 – 50
42 I даведаўся Якаў, што ё збожжа ў Ягіпце, і сказаў Якаў сыном сваім: „Чаго вы глядзіце?" 2 I сказаў: „Вось, я чуў, што ё збожжа ў Ягіпце; зыйдзіце туды і купіце нам стуль, і будзем жыць і не памрэм". 3 I зышлі дзесяцёх братоў Язэпавых купіць збожжа ў Ягіпту; 4 А Веняміна, брата Язэпавага, не паслаў Якаў з братамі ягонымі, бо сказаў: „Каб не прылучылася зь ім няшчасьце".
5 I прышлі сынове Ізраелявы купляць збожжа, сярод іншых прыбылых; бо была галадоў у зямлі Канаанскай. 6 А Язэп быў найвышшы валадар тае зямлі. Ён прадаваў збожжа ўсяму люду зямлі. I прышлі браты Язэпавы, і білі яму чалом да зямлі. 7 I абачыў Язэп братоў сваіх, і пазнаў іх; і прыдаўся чужым ім, і гукаў зь імі стродка, і сказаў ім: „Скуль вы прышлі?" I яны сказалі: „Ізь зямлі Канаанскае купіць збожжа". 8 I пазнаў Язэп братоў сваіх, але яны не пазналі яго. 9 I ўспомнеў Язэп сны, што ён сьніў празь іх; і сказаў ім: „Узьведнікі вы, абачыць голасьць зямлі прышлі вы". 10 I сказалі яны яму: „Не, спадару наш; і твае слугі прышлі купіць еміны. 11 Усі мы сынове аднаго чалавека; пасьцівыя мы. Ня бывалі слугі твае ўзьведнікамі". 12 Ён сказаў ім: „Не, толькі голасьць зямлі прышлі вы выглядзець". 13 Яны сказалі: „Двананцацёх слугаў тваіх братоў; мы сынове аднаго чалавека ў зямлі Канаанскай, і вось, малы сядні з айцом нашым, а аднаго няма". 14 I сказау ім Язэп: „Гэта самае я й казаў вам, сказаўшы: ,Узьведнікі вы'. 15 Гэтым будзеце выпрабаваны: жыў Фараон! вы ня выйдзеце адгэтуль, калі ня прыйдзе сюды малы брат ваш. 16 Пашліце аднаго з вас, і няхай возьме ён брата вашага; а вы будзеце ўвязьнены. I выпрабуюцца словы вашыя, ці праўда ваша; і калі не, жыў Фараон! узьведнікі вы". 17 I забраў іх пад нагляд на тры дні.
18 I сказаў ім Язэп на трэйці дзень: „Гэта зрабіце, і застаніцеся жывы; Бога я баюся. 19 Калі пасьцівыя вы, няхай адзін із вашых братоў застанецца ўвязьнены ў доме нагляду вашага, а вы йдзіце й адвязіце збожжа дзеля аддаленьня голаду дамоў вашых. 20 I брата вашага малога прывядзіце да мяне, і спраўдзяцца словы вашыя, і не памрыце". I зрабілі яны так. 21 I казалі яны кажны брату свайму: „Запраўды мы вінны ўзглядам брата нашага, што мы бачылі бедаваньне душы ягонае, як ён маліў нас, але не паслухалі, і за тое й прышла на нас бяда гэта". 22 I адказаў Рувін ім, кажучы: „Ці не казаў я вам, кажучы: ,Не грашыце супроці дзецяняці', і не паслухалі вы; і во, кроў ягоная спаганяецца". 23 А яны ня ведалі, што Язэп цяме, бо памеж іх быў перакладнік. 24 I адвярнуўся ад іх, і плакаў. I зьвярнуўся да іх, і гукаў ізь імі, і ўзяў зь іх Сымона, зьвязаў яго перад ачыма іхнымі. 25 I загадаў Язэп, і напоўнілі судзіны іхныя збожжам, і зьвярнуць срэбра іхнае кажнаму ў мех ягоны, і даць ім еміны на дарогу. I зрабілі ім гэтак.
26 Яны паднялі збожжа свае на аслы свае і пайшлі стуль. 27 I разьвязаў адзін мех свой, каб даць аслу свайму на папасе; і абачыў срэбра свае, і вось, яно ў вадтуліне мяха ягонага. 28 I сказаў братом сваім: „Срэбла імне зьвярнулі; і яно ў мяху ў мяне". I затрывожылася сэрца іхнае, і яны задрыжэлі, адзін перад адным, кажучы: Што гэта Бог учыніў нам?"
29 I прышлі яны да Якава, айца свайго, да зямлі Канаанскае, і паведалі яму ўсе, што прыгадзілася зь імі, кажучы: 30 „Гукаў тый чалавек, спадар зямлі тае, з намі стродка і меў нас за ўзьведнікаў у тэй зямлі. 31 I сказалі мы яму: „Пасьцівыя мы, мы ня бывалі ўзьведнікамі; 32 Нас двананцацёх братоў, сыноў у вайца нашага; аднаго няма, а малы сядні з айцом нашым у зямлі Канаанскай". 33 I сказаў тый чалавек, спадар зямлі тае: „З гэтага я пазнаю, ці пасьцівыя вы: застаўце ў мяне аднаго брата з вас, а вы збожжа дзеля аддаленьня голаду дамоў вашых вазьміце й пайдзіце; 34 I прывядзіце да мяне малога брата вашага; і даведаюся, што вы ня ўзьведнікі, але пасьцівыя вы, аддам вам брата вашага, і вы зможаце таргаваць у гэтай зямлі".
35 I было: як яны паражнілі мяхі свае, і во, у кажнага зьвязак срэбла ягонага ў мяху ягоным. I бачылі яны зьвязкі срэбла свайго, яны і ацец іхны, і баяліся. 36 I сказаў ім Якаў, айцец іхны: „Вы спабылі мяне дзяцей: Язэпа няма; і Сымона няма; Веняміна ўзяць хочаце, - усе гэта на мяне!" 37 I сказаў Рубін айцу свайму: „Забі двух маіх сыноў, калі я не прывяду яго да цябе; аддай яго на маю руку, і я зьвярну яго табе". 38 А ён сказаў: „Ня зыйдзе сын мой з вамі; бо брат ягоны памер, і ён адзінотным застаўся! Калі здарыцца зь ім няшчасьце ў дарозе, у каторую вы пойдзеце, дык зьвядзіце вы сівізну маю із смуткам да шэолю".
|