Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Першая кніга Масеява - Быцьцё


 

 

Першая кніга Масеява - Быцьцё

0102030405060708091011121314151617181920
21222324252627282930
3132333435363738394041424344454647484950


48 I было просьле стацьцяў гэтых: і наказалі Язэпу: „Вось, айцец твой хворы". I ён узяў двух сыноў сваіх із сабою: Манаса а Яхрэма. 2 I азнаймілі Якаву, і сказалі: „Вось, сын твой Язэп прышоў да цябе". I натужыўся Ізраель, і сеў на пасьцелі. 3 I сказаў Якаў Язэпу: „БОГ Усемагучы зьявіўся імне ў Лузе, у зямлі Канаанскай, і дабраславіў мяне, 4 I сказаў імне: ,Вось, я ўчыню цябе плодным, і размнажу цябе, і ўчыню зь цябе збор людаў, і дам зямлю гэтую насеньню твайму просьле цябе на дзяржаньне вечнае'. 5 I цяпер два сыны твае, што нарадзіліся табе ў зямлі Ягіпецкай, да прыходу майго да цябе да Ягіпту, мае яны; Яхрэм а Манас, як Рувін а Сымон, будуць мае. 6 Дзеці ж твае, што народзяцца ад цябе просьле іх, будуць твае. Іменям братоў іхных іх будуць менаваць у спадках іхных. 7 I я, як я прышоў з Падану, памерла ў мяне Рахіль у зямлі Канаанскай, у дарозе, як яшчэ заставалася кіўра зямлі, прысьці да Ефрафы, і я пахаваў яе там, у дарозе да Ефрафы, каторая Бэтлеем".

8 I абачыў Ізраель сыноў Язэпавых, і сказаў: „Хто гэтыя?" 9 I сказаў Язэп айцу свайму: „Сыны мае яны, каторых Бог даў імне тут". I сказаў: „Вазьмі ж іх да мяне, і я дабраслаўлю іх". 10 Вочы ж Ізраелявы сталі цяжкія ад старасьці: ня мог ён бачыць. I дабліжыў іх да яго, і ён пацалаў іх, і абняў іх. 11 I сказаў Ізраель Язэпу: „Бачыць від твой я не спадзяваўся: і вось, паказаў імне Бог і насеньне твае". 12 I вывеў іх Язэп із каленяў ягоных, і пакланіўся яму відам сваім да зямлі. 13 I узяу Язэп абодвых, Яхрэма ў правую сваю руку, супроці левае Ізраеля, а Манаса ў левую, супроці правае Ізраеля, і дабліжыўся да яго. 14 I выцягнуў Ізраель правіцу сваю, і палажыў на галаву Яхрэму, а ён быў малодшы, а левую на галаву Манасу. Умысьля палажыў гэтак ён рукі свае, бо Манас пяршак. 15 I дабраславіў Язэпа, і сказаў: „Бог, перад Каторым хадзілі айцове мае, Абрагам а Ісак, Бог, Каторы пасьціў мяне адгэнуль, як я існую, аж дагэтуль, 16 Тый Ангіл, што выбавіў мяне з усякага ліха, няхай дабраславе хлапцоў гэтых; і назавецца ў іх імя мае і імя айцоў маіх, Абрагама а Ісака, і няхай разрастуцца яны ў множасьць сярод зямлі".

17 I абачыў Язэп, што айцец ягоны палажыў правую руку сваю на галаву Яхрэмаву; і было ліхім гэта ў ваччу ягоным. I падпер ён руку айца свайго, каб зьняць яе з галавы Яхрэмавае на галаву Манасаву; 18 I сказаў Язэп айцу свайму: „Ня гэтак, войча мой, бо гэта пяршак; палажы правіцу сваю на ягоную галаву". 19 I адмовіўся айцец ягоны, і сказаў: „Ведаю, сыну мой, ведаю, таксама ён будзе людам, і таксама ён будзе вялікі, але брат ягоны малы ўзьвялічыцца над ім, і насеньне ягонае будзе паўнінёю народаў". 20 I падабраславіў іх таго дня, кажучы: „Табою будзе дабраславіць Ізраель, кажучы: ,Няхай учыне цябе Бог, як Яхрэма а Манаса'". I пастанавіў Яхрэма перад Манасам. 21 I сказаў Ізраель Язэпу: „Вось, я паміраю. I будзе Бог із вамі, і зьверне вас да зямлі айцоў вашых. 22 I я даў табе адну дзель звыш братоў тваіх, тую, каторую я ўзяў з рук Аморэя мячом сваім а лукам сваім".


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст