Увядзенне – 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21
Ушчэп вінаградны (куст)
15.1. Я - праўдзівы куст (ушчэп) вінаградны, а Айцец мой - вінаградар.
2. Усякую галінку, якая ўва Мне не прыносіць плоду, адсячэ, а тую, што прыносіць плод, ачысьціць, каб болей прыносіла плоду.
3. Вы ўжо ачышчаны дзеля навукі, якую вам высказаў.
4. Трывайце ўва Мне, а Я ў вас. Як галінка ня можа пладаваць сама з сябе, калі не застаецца ў вінаградным кусьце (ушчэпе), тык і вы, калі ня будзеце заставацца ўва Мне.
5. Я вінаградным кустом (ушчэпам), а вы вінаграднымі галінкамі. Хто прабывае ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць, дае многа пладоў, бо без Мяне вы ня можаце нічога (добрага) зрабіць.
6. Хто ня будзе заставацца ўва Мне, будзе адкінуты проч, як галінка і ссохне: сабяруць яе і кінуць у агонь і там згарыць.
7. Калі будзеце ўва Мне, а словы Мае ў вас, аб што захочаце прасіць, станецца вам.
8. У тым і хвала Айца Майго, каб многа плоду (дабра) прыносілі ды сталіся Маімі вучнямі.
9. Як Мяне ўзьлюбіў Айцец, так і Я вас умілаваў. Трывайце ў Маёй міласьці.
10. Калі зьберажыцё Мае прыказаньні, вытрываеце ў Маёй міласьці, як і Я зьбярог прыказаньні Айца Майго і трываю ў Яго міласьці.
11. Гэта Я вам сказаў, каб радасьць Мая была ў вас, ды каб радасьць ваша была поўнай, дасканалай.
12. Гэта вось Маё прыказаньне, каб вы ўзаемна любіліся, як і Я вас узьлюбіў.
13. Ніхто ня мае большай міласьці за тую, калі хто аддае жыцьцё сваё за сваіх прыяцеляў.
14. Вы - Мае прыяцелі, калі спаўняць будзеце тое, што Я загадваю.
15. Ужо Я вас не назаву слугамі, бо слуга ня ведае, што робіць гаспадар ягоны. Наадварот назваў вас прыяцелямі, бо ўсё, што ад Айца пачуў, пераказаў вам.
16. Ня вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і пастанавіў вас, каб вы ішлі і давалі плод, ды каб ваш плод трываў і каб Айцец даў вам аб што толькі будзеце прасіць Яго ў імя Маё.
17. Гэта вам загадваю, каб вы адзін другога любілі.
18. Калі вас сьвет ненавідзіць, ведаеце, што і Мяне зьневідзеў перш чым вас.
19. Каб вы былі са сьвету, сьвет любіў бы тое, што яго, але калі вы не са сьвету, бо Я вас са сьвету выбраў, там вас сьвет не зненавідзіў.
20. Прыпомніце Мае словы, якія Я вам сказаў: "Слуга ня большы ад гаспадара свайго. Калі Мяне прасьледавалі, дык і вас прасьледаваць будуць. А калі вы Маю навуку бераглі, дык і вашу будуць берагчы.
21. А гэта ўсё зробяць вам дзеля Майго імя, бо ня знаюць Таго, Хто Мяне паслаў.
22. Калі б Я ня быў прыйшоўшы і не гаварыў ім, ня мелі б граха, але цяпер ня маюць апраўданьня з свайго граха.
23. Хто Мяне ненавідзіць, ненавідзіць і Айца Майго.
24. Калі б будучы сярод іх не чыніў цудаў (чынаў), якіх не чыніў ніхто іншы, ня мелі б граха, але ж цяпер відзілі, а зьненавідзелі Мяне і Айца Майго.
25. Таму, каб споўнілася прароцтва (прадсказ) напісанае ў іхнім Законе: "Зьненавідзелі Мяне без прычыны" (Пс 24, 10).
26. А калі прыйдзе Пацяшыцель, Якога Я вам пашлю, ад Айца, Дух праўды, каторы ад Айца паходзіць, Ён аба Мне сьведчыць будзе.
27. І вы аба Мне сьведчыць будзеце, бо вы са Мною ад пачатку.
|