Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Паводле Лукі сьв. Эвангельле


 

 

Паводле Лукі сьв. Эвангельле

010203040506070809101112
131415161718192021222324

 

Разьдзел 13

1 У той час прыйшлі некаторыя і расказалі Яму пра Галілеян, кроў якіх Пілат зьмяшаў з жэртвамі іх.

2 Ісус сказаў ім на гэтае: ці думаеце вы, што гэтыя Галілеяне былі больш грэшныя за ўсіх Галілеян, што яны пацярпелі гэткія мукі?

3 Не, кажу вам; але, калі не пакаецеся, усе так сама пагінеце.

4 Ці думаеце, што тыя восемнаццаць душ, на якіх завалілася Сілаамская вежа ды пабіла іх, больш вінаватыя былі за ўсіх жыўшых у Ерузаліме?

5 Не, кажу вам; але, калі не пакаецеся, усе таксама пагінеце.

6 I сказаў вось якую прыповесьць: нехта меў у вінаградніку сваім пасаджаную смакоўніцу і прыйшоў шукаць плоду на ёй і не знайшоў;

7 і сказаў вінаградару: вось я трэці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы і не знаходжу; зрубай яе: на што яна і зямлю займае?

8 Але той сказаў яму ў адказ: гаспадар! пакінь яе і на гэты год, пакуль я акапаю яе і абкладу гноем:

9 ці ня дасьць плоду; калі-ж не, то на той год ссячэш яе.

10 У аднэй з школаў навучаў Ён у суботу;

11 і вось там была жанчына, восемнаццаць гадоў меўшая духа нядужасьці; яна была скорчыўшыся і не магла выvпрастацца.

12 Ісус, угледзіўшы яе, паклікаў яе і сказаў ёй: жанчына! Ты выvзвалена ад немачы твае.

13 I ўсклаў на яе рукі; і ўраз жа выvпрасталася і пачала славіць Бога.

14 Пры гэтым начальнік школы, узлаваўшыся, што Ісус аздаравіў у суботу, сказаў народу: ёсьць шэсьць дзён, калі можна працаваць: у тыя і прыходзьце аздараўляцца, а ня ў дзень суботні.

15 Але Госпад сказаў яму ў адказ: крывадушнік: ці не адвязвае кожны з вас вала свайго ці асла ад ясьляў у суботу, і ці-ж не вядзе паіць?

16 А гэтую дачку Аўраамаву, якую зьвязаў шатан вось ужо восемнаццаць гадоў, ці-ж не належала звольніць ад путаў гэтых у дзень суботні?

17 I, калі гаварыў Ён гэтае, усе ворагі Яго засароміліся; і ўвесь народ радаваўся з усіх слаўных дзеяньняў Яго.

18 Ён жа сказаў: да чаго падобна Царства Божае і да чаго прыраўную яго?

19 Яно падобна да зярняці гарчычнага, якое ўзяўшы пасадзіў чалавек у садзе сваім: і вырасла і сталася вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя хаваліся ў галінах яго.

20 Яшчэ сказаў: да чаго прыраўную Царства Божае?

21 Яно падобна да рашчыны, якую жанчына ўзяла й палажыла ў тры меры мукі, пакуль ня скісла ўсё.

22 I праходзіў па местах і сёлах, навучаючы і кіруючы шлях свой да Ерузаліму.

23 Нехта сказаў Яму: Госпадзе! Няўжо-ж мала такіх, што спасаюцца? Ён жа сказаў ім:

24 Старайцеся ўвайсьці праз цесныя вароты, бо, кажу вам, многія будуць памыкацца ўвайсьці ды ня здолеюць.

25 Калі гаспадар дому ўстане і зачыніць дзьверы, тады вы, стоячы вонках, пачнецё стукаць у дзьверы і казаць: Госпадзе! Госпадзе! адчыні нам! Але Ён скажа вам у адказ: ня ведаю вас, адкуль вы.

26 Тады пачнецё гаварыць: мы елі й пілі перад Табою, і на вуліцах нашых навучаў Ты.

27 Але Ён скажа: кажу вам: ня ведаю вас, адкуль вы; адыдзеце ад Мяне ўсе, што чыняць няпраўду.

28 Там будзе плач і скрыгот зубоў, калі ўбачыце Аўраама, Ізаака і Якава і ўсіх прарокаў у Царстве Божым, вас жа прагоняць вон.

29 І прыдуць з усходу і захаду, і поўначы і паўдняv, і сядуць за сталом у Царстве Божым.

30 I вось ёсьць апошнія, што будуць першымі, і ёсьць першыя, якія будуць апошнімі.

31 У гэны дзень прыйшлі некаторыя з фарысэяў і гаварылі Яму: Ідзі сабе згэтуль, бо Цябе Ірад хоча забіць.

32 I сказаў ім: пайдзеце скажэце гэтай лісіцы: вось выганяю дэманаў і аздараўляю сягоньня і заўтра, а на трэці дзень будзе мне канец.

33 Толькі-ж мушу йсьці сягоньня і заўтра і пасьлязаўтра, бо ня можа стацца, каб прарок пагіб вонках Ерузаліму.

34 Ерузалім! Ерузалім! Ты, што забіваеш прарокаў і каменьмі закідаеш пасланых да цябе! Колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка птушанят сваіх пад крыльлі, і не хацелі.

35 Вось жа пакідаецца вам дом ваш пустыv. Кажу-ж вам, што вы ня ўбачыце Мяне, пакуль ня прыйдзе час, калі скажаце: багаслаўлены, што ідзе ў імя Госпада.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст