01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24
Разьдзел 15
1 Падыходзілі да Яго ўсе мытнікі і грэшнікі слухаць Яго.
2 I наракалі фарысэі і кніжнікі, кажучы: Ён прыймае грэшнікаў і есьць разам з імі.
3 Але Ён сказаў ім вось гэткую прыповесьць:
4 Хто з вас, маючы сто авец і згубіўшы адну з іх, не пакіне дзевяцьдзесят дзевяць у пустыні і ня пойдзе за прапаўшай, пакуль ня знойдзе яе?
5 А, знайшоўшы, возьме яе на плечы свае з радасьцю;
6 і, прыйшоўшы дамоў, скліча сяброў і суседзяў ды скажа ім: пацешцеся са мною: я знайшоў маюv прапаўшую аўцу.
7 Кажу-ж вам, што так на нябёсах балей будзе радасьці з аднаго каючагася грэшніка, чымся з дзевяцьдзесятдзевяцёх праведнікаў, ня маючых патрэбы ў пакаяvньні.
8 Ці якая жанчына, маючая дзесяць драхмаў, калі згубіць адну драхму, не засьвеціць сьвечкі й не пачне мясьці пакою і шукаць пільна, пакуль ня знойдзе?
9 А, знайшоўшы, скліча сябровак і суседак ды скажа: пацешцеся са мною, я знайшла згубленую драхму.
10 Так кажу вам: бывае радасьць у ангелаў Божых з аднаго грэшніка, які каецца.
11 Яшчэ сказаў: у аднаго чалавека былі два сыны;
12 і сказаў малодшы з іх айцу: Бацька, дай мне належную мне частку маемасьці. I ацец падзяліў ім маемасьць.
13 I праз нейкі час малодшы сын, сабраўшы ўсё, пайшоў у далёкую старану і там змарнаваў маемасьць сваю, жывучы распусна.
14 Калі-ж пражыў усё, настаў вялікі голад у гэнай старане, і ён пачаў галадаць;
15 і пайшоў прыстаў да аднаго з жыvхараў стараны гэнае, а той паслаў яго на поле сваё пасьвіць сьвіней;
16 і ён рады быў бы наесца ражкамі, што елі сьвіньні, але ніхто не даваў яму.
17 I, апамятаўшыся, сказаў: колькі наймітаў у айца майго маюць лішку хлеба, а я ўміраю ад голаду!
18 Устану, пайду да бацькі майго і скажу яму: ацец! я саграшыў перад небам і перад табою,
19 і ўжо ня варты называцца сынам тваім; прыймі мяне, як аднаго з наймітаў тваіх.
20 Устаў і пайшоў да айца свайго. I калі ён быў яшчэ далёка, згледзіў яго ацец яго і зьлітаваўся, і пабегшы кінуўся яму на шыю і цалаваў яго.
21 Сын жа сказаў яму: ацец, я саграшыў проці неба і перад табою і ўжо ня варты называцца сынам тваім.
22 А ацец сказаў слугам сваім: прынясеце найлепшую адзежу і адзеньце яго, і дайце персьцень на руку яго і вобуй на ногі;
23 і прывядзеце кормнае цялё і закалеце: будзем есьці і весяліцца,
24 бо гэты сын мой быў умёршы і ажыў, прападаў і знайшоўся. I пачалі весяліцца.
25 Старшы-ж сын яго быў у полі; і, варочаючыся, як падыйшоў да дому, пачуў сьпевы і скокі.
26 I, паклікаўшы аднаго з слуг, спытаўся: што гэта такое?
27 Той жа сказаў яму: брат твой прыйшоў, і бацька твой закалоў кормнае цялё, бо прыняў яго здаровым.
28 Ён жа ўзлаваўся і не хацеў увайсьці, а бацька яго, выйшаўшы, клікаў яго.
29 Але ён сказаў у адказ бацьцы: вось я колькі гадоў служу табе і ніколі не пярэчыў прыказаньням тваім. Але ты ніколі ня даў мне і казьляці, каб мне павесяліцца з сябрамі маімі;
30 а калі гэты сын твой, марна страціўшы маемасьць сваю з блудніцамі, прыйшоў, ты закалоў для яго кормнае цялё.
31 Ён жа сказаў яму: сын мой! ты заўсёды са мною, і ўсё маё — тваё;
32 а з таго трэба было цешыцца і весяліцца, што брат твой гэты быў умёршы і ажыў, прападаў і знайшоўся.
|