01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 12 – 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21
Разьдзел 11
1 Быў жа адзін хворы Лазар з Віфані, з сяла Марыі і Марты, сястры Яго.
2 Марыя-ж, якой брат Лазар быў хворы, была тая, што памазала Ісуса алеем і абцерла ногі Яго валасамі сваімі.
3 Сёстры паслалі сказаць Яму: Госпадзе! вось той, каго Ты любіш, хворы.
4 Ісус, пачуўшы гэта, сказаў: гэтая хворасць не на сьмерць, але на славу Божу, каб уславіўся праз яе Сын Божы.
5 Ісус жа любіў Марту і сястру яе і Лазара.
6 Калі-ж пачуў, што той хворы, дык прабыў два дні ў тым месцы, дзе знаходзіўся.
7 Пасьля гэтага сказаў вучням: пойдзем ізноў у Юдэю.
8 Вучні сказалі Яму: Равві! ці-ж даўно Жыды шукалі каменьмі забіць Цябе, і Ты ізноў ідзеш туды?
9 Ісус адказаў: ці не дванаццаць гадзін мае дзень? Хто ходзіць удзень, не спатыкаецца, бо бачыць сьветласьць гэтага сьвету;
10 калі-ж ходзіць уначы, спатыкаецца, бо няма сьвятла ў ім.
11 Сказаўшы гэтае, гавора ім пасьля: Лазар, друг наш, заснуў, але Я іду разбудзіць яго.
12 Вучні ж Яго сказалі: Госпадзе! калі заснуў, паздаравее.
13 Гаварыў Ісус аб сьмерці яго; тыя-ж думалі, што аб сонным супачынку кажа.
14 Дык Ісус сказаў ім проста: Лазар памёр;
15 і Я рад за вас, што ня быў там, каб вы паверылі; але пойдзем да яго.
16 Хама-ж, іначай званы блізьнюк, сказаў таварышам — вучням: пойдзем і мы, каб памерці з ім.
17 Ісус, прыйшоўшы, знайшоў, што ён ужо чатыры дні ў магіле.
18 Віфанія-ж была блізка ад Ерузаліму, нешта з пятнаццаць стадыяў.
19 I многа Жыдоў папрыходзіла да Марты й Марыі пацешыць іх па браце іхнім.
20 Марта, пачуўшы, што йдзе Ісус, пайшла насустрэчу Яму. Марыя-ж асталася ў доме.
21 Тады Марта сказала Ісусу: Госпадзе! каб Ты быў тут, не памер-бы брат мой.
22 Але і цяпер ведаю, што, чаго Ты папросіш у Бога, дасьць Табе Бог.
23 Ісус кажа ёй: уваскрэсьне брат твой.
24 Марта сказала Яму: ведаю, што ўваскрэсьне ў дзень уваскрасеньня, у апошні дзень.
25 Ісус сказаў ёй: Я ёсьць уваскрасеньне і жыцьцё; хто веруе ў Мяне, хоць і памрэ, жыць будзе.
26 I ўсякі, хто жыве й веруе ў Мяне, не памрэ давеку. Ці верыш гэтаму?
27 Яна кажа Яму: так, Госпадзе! Я веру, што Ты Хрыстос, Сын Божы, што йдзе ў сьвет.
28 I, сказаўшы гэтае, пайшла і цішком паклікала Марыю, сястру сваю, і кажа ей: Настаўнік тут; кліча цябе.
29 Яна, як толькі пачула, борзда ўстала і пайшла да Яго.
30 Ісус жа яшчэ ня быў увайшоў у вёску, але быў там, дзе Яго Марта сустрэла.
31 Жыды-ж, што былі з ёю ў доме і пацяшалі яе, бачучы, што Марыя бордза ўстала і выйшла, пайшлі за ёю, кажучы, што йдзе на магілу плакаць.
32 Марыя-ж, прыйшоўшы туды, дзе быў Ісус, і ўгледзіўшы Яго, упала да ног Яго і сказала Яму: Госпадзе! каб Ты быў тут, не памер бы брат мой.
33 Ісус, угледзіўшы, што яна плача і што плачуць прыйшоўшыя з ёю Жыды, Сам затужыў духам і ўзварушыўся,
34 ды сказаў: дзе вы палажылі яго? Адказалі Яму: Госпадзе! пайдзі й паглядзі.
35 Ісус заплакаў.
36 Тады Жыды казалі: глядзі, як Ён любіў яго.
37 А некаторыя з іх сказалі: ці ня мог Ён, расчыніўшы вочы сьляпому, зрабіць, каб і гэты ня ўмёр?
38 Ісус жа, ізноў тужачы ў душы, ідзе да магілы; была-ж гэта пячора, заваленая камнем.
39 Кажа Ісус: вазьміце камень! Сястра ўмершага, Марта, кажа Яму: Госпадзе, ўжо сьмярдзіць, бо ўжо чацьверты дзень.
40 Ісус кажа ёй: ці не казаў Я табе, што, калі будзеш верыць, угледзіш славу Божую?
41 I вось узялі камень, дзе ляжаў нябожчык. Ісус жа ўзьвёў вочы ўверх і сказаў: Ойча, дзякую Табе, што пачуў Мяне.
42 Я ведаў, што Ты заўсёды чуеш Мяне, але сказаў дзеля народу, што тут стаіць, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне.
43 I, сказаўшы гэтае, крыкнуў моцным голасам: Лазар! выйдзі!
44 I выйшаў умершы з абкручанымі палатном нагамі й рукамі, і аблічча яго было абвязана хусткаю. Ісус кажа ім: разьвяжыце яго і дайце хадзіць.
45 Тады многія з Жыдоў, што прыйшлі да Марыі, бачучы, што ўчыніў Ісус, уверавалі ў Яго.
46 А іншыя з іх пайшлі да фарысэяў і сказалі ім, што зрабіў Ісус.
47 Тады архірэі й фарысэі склікалі раду і кажуць: што нам рабіць? Гэты чалавек робіць многа цудаў.
48 Калі пакінем Яго гэтак, дык усе ўверуюць у Яго, і прыйдуць Рымляне й забяруць месца нашае і народ.
49 Адзін жа з іх, нехта Кайяфа, які быў той год архірэем, сказаў ім: вы нічога ня ведаеце
50 і не падумаеце, што лепей нам, каб адзін чалавек памер за людзей, чымся каб увесь народ загінуў.
51 Гэтае-ж ён сказаў не ад сябе, але, быўшы той год архірэем, прарочыў, што Ісус памрэ за людзей,
52 дый ня толькі за людзей, але каб і расьцярушаных дзяцей Божых сабраць у вадно.
53 Ад гэтага дня пастанавілі забіць Яго.
54 Дык Ісус ужо не хадзіў яўна між імі, а пайшоў адтуль у краіну ля пустыні ў места, званае Эфраім, і там аставаўся з вучнямі сваімі.
55 Блізка-ж была Пасха жыдоўская, і з усяго краю многа папрыходзіла ў Ерузалім перад Пасхай, каб ачысьціцца.
56 Дык шукалі Ісуса і, стоючы ў царкве, гаварылі між сабою: як вы думаеце, ці ня прыйдзе Ён на сьвята?
57 Архірэі-ж і фарысэі далі загад, каб кожны, хто даведаецца, дзе Ён, данасіў бы, каб Яго ўзяць.
|