Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Паводле Іоана сьв. Эвангельле


 

 

Паводле Іоана сьв. Эвангельле

0102030405060708091011
12131415161718192021

 

Разьдзел 12

1 За шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў Ісус у Віфанію, дзе быў Лазар умёршы, якога Ён ускрасіў.

2 Там прыгатавалі Яму вячэру, і Марта паслугоўвала, Лазар жа быў сярод супачываўшых з Ім за сталом.

3 Марыя-ж, узяўшы хунт дарагога чыстага нардовага алею памазала ногі Ісусавы і выцерла валасамі сваімі ногі Яго, і дом напоўніўся пахам ад міра

4 Тады адзін з вучняў Яго, Юда Сымонаў Іскарыёт, які маніўся прадаць Яго, сказаў:

5 чаму не прадалі гэтага алею за трыста дынараў і не раздалі ўбогім?

6 А сказаў жа гэта не дзеля таго, што клапаціўся аб убогіх, але дзеля таго, што быў злодзей і меў пры сабе скарбонку і насіў, што туды кідалі.

7 Ісус жа сказаў: пакінь яе; яна захавала гэта на дзень пахаваньня Майго,

8 бо ўбогіх заўсёды маеце з сабою, а Мяне не заўсёды.

9 I шмат хто з Жыдоў даведаўся, што Ён там, і прыйшлі ня толькі дзеля Ісуса, але каб і Лазара пабачыць, што Ён ускрасіў.

10 Архірэі-ж пастанавілі забіць і Лазара,

11 бо дзеля яго многа Жыдоў прыходзілі і ўверавалі ў Ісуса.

12 Назаўтрае множства народу, які прыйшоў на сьвята, пачуўшы, што Ісус ідзе ў Ерузалім,

13 узялі пальмовае вецьце і выйшлі на спатканьне Яму і крычэлі: Осанна, багаслаўлен, што йдзе ў імя Госпада, Цар Ізраіляў!

14 Ісус жа, знайшоўшы асьлятка, сеў на яго, як напісана:

15 ня бойся, дачка Сыонская! вось Цар твой ідзе, седзячы на маладым асьле.

16 Вучні Яго сьпярша не разумелі гэтага, толькі, як уславіўся Ісус, тады ўспомнілі, што гэтак было напісана аб Ім, і гэтае зрабілі Яму.

17 Народ жа, які быў з Ім раней, сьведчыў, што Ён выклікаў з магілы Лазара і ўскрасіў Яго.

18 Вось чаму спаткаў Яго народ, бо чуў, што Ён зрабіў гэты цуд.

19 Фарысэі-ж гаварылі між сабою: глядзіце, нічога не даб'емся! Увесь сьвет ідзе за Ім.

20 Былі-ж і Грэкі сярод прыйшоўшых дзеля адпусту ў сьвята.

21 Яны падыйшлі да Піліпа, што быў з Віфсаіды Галілейскае, і прасілі яго, кажучы: пане, нам хочацца бачыць Ісуса.

22 Піліп ідзе і кажа аб гэтым Андрэю; і Андрэй з Піліпам наказалі Ісусу.

23 А Ісус сказаў ім у адказ: нрыйшла гадзіна ўславіцца Сыну Чалавечаму.

24 Запраўды, запраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не замрэ, то астанецца адно, а калі замрэ, то дасьць багаты плён.

25 Хто любіць душу сваю, загубіць яе; і той, што ненавідзіць душу сваю на гэтым сьвеце, захавае яе ў жыцьцё вечнае.

26 Хто Мне служыць, няхай ідзе Маім шляхам; і дзе Я, там і слуга Мой будзе; і хто Мне служыць, будзе ў пашане ў Айца Майго.

27 Цяпер душа Мая ўзварушана; і што Мне сказаць? Ойча, збаў Мяне ад гэтае гадзіны; але-ж дзеля гэтае гадзіны Я і прыйшоў.

28 Ойча, услаў імя Тваё! I зыйшоў з неба голас: і ўславіў, і яшчэ ўслаўлю.

29 Народ, які стаяў і чуў гэтае, казаў: гэта быў гром. Другія казалі: Ангел прамовіў да Яго.

30 I адказаў Ісус і сказаў: не дзеля Мяне быў гэты голас, але дзеля вас.

31 Цяпер суд сьвету гэтаму; цяпер князь гэтага сьвету выгнаны будзе вон.

32 I Я, як буду падняты з зямлі, усіх прываблю да Сябе.

33 Гаварыў жа Ён гэтае, паказуючы, якою сьмерцяй меўся памерці.

34 Народ адказаў Яму: мы чулі з закону, што Хрыстос істнуе вечна; дык як жа Ты кажаш, што мусіць быць падняты Сын Чалавечы? Хто гэты Сын Чалавечы?

35 I сказаў ім Ісус: яшчэ на кароткі час з вамі сьвятло; хадзіце, пакуль маеце сьвятло, каб не агарнула вас цемра; бо хто ходзіць у цемры, той ня ведае, куды йдзе.

36 Пакуль сьвятло з вамі, верце ў сьвятло, каб сынамі сьвятла сталіся. Сказаўшы гэтае, Ісус адыйшоў і ўкрыўся ад іх.

37 І, хоць гэтулькі цудаў зрабіў Ён перад імі, яны ня ўверавалі ў Яго:

38 каб збылося слова Ісаі прарока, які казаў: Госпадзе! хто паверыць пачутаму ад нас, і каму адкрылася рука Гасподня? (Ісаі 53, 1).

39 Дзеля таго не маглі ўвераваць, што, як ізноў сказаў Ісая:

40 Асьляпіў вочы іх і сэрца іх абярнуў у камень, каб ня бачылі вачыма і не зразумелі сэрцам і не навярнуліся, каб Я аздаравіў іх.

41 Гэта сказаў Ісая, калі бачыў славу Яго і гаварыў аб Ім.

42 Аднак і з начальнікаў многія ўверавалі у Яго, але дзеля фарысэяў не вызнавалі Яго, каб ня вылучылі іх з школы,

43 бо ўлюбілі балей славу людзкую, чым славу Божую.

44 Ісус жа крыкнуў і сказаў: хто веруе ў Мяне, не ў Мяне веруе, але ў Паслаўшага Мяне

45 I хто бачыць Мяне, бачыць Паслаўшага Мяне.

46 Я сьвятлом прыйшоў у сьвет, каб кожны, хто веруе ў Мяне, не астаўся ў цемры.

47 I калі хто пачуе Мае словы і не паверыць, Я ня суджу яго: бо Я прыйшоў ня судзіць сьвет, але спасаць сьвет.

48 Хто адкідае Мяне і ня прыймае слоў Маіх, мае судзьдзю для сябе: слова, што Я сказаў, яно будзе судзіць яго ў апошні дзень;

49 бо не ад Сябе казаў Я, але Ацец, што паслаў Мяне, Ён даў Мне загад, што казаць і гаварыць.

50 I ведаю, што прыказаньне Яго ёсьць жыцьцё вечнае. Дык тое, што Я гавару, гавару, як сказаў Мне Ацец, каб гаварыў.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст