Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Паводле Іоана сьв. Эвангельле


 

 

Паводле Іоана сьв. Эвангельле

0102030405060708091011
12131415161718192021

 

Разьдзел 13

1 Перад сьвятам жа Пасхі Ісус, ведаючы, што прыйшла Яго гадзіна перайсьці з гэтага сьвету да Айца, палюбіўшы сваіх, што на сьвеце, даканца ўзьлюбіў іх.

2 I ў час вячэры, калі д'ябал улажыў ужо ў сэрца Юды Сымонавага Іскарыёта прадаць Яго,

3 Ісус, ведаючы, што Ацец усе аддаў у рукі Яго, і што Ён ад Бога выйшаў і да Бога йдзе,

4 устаў ад стала, скінуў з Сябе верхнюю вопратку і, узяўшы рушнік, падперазаўся.

5 Пасьля наліў вады ў умывальніцу і пачаў абмываць ногі вучням сваім і выціраць рушніком, якім быў аперазаны.

6 I падыходзіць да Сымона Пятра, і той кажа Яму: Госпадзе! ці-ж Табе абмываць мае ногі?

7 I адказаў Ісус і сказаў яму: што Я роблю, ты цяпер ня ведаеш, але даведаешся пасьля.

8 Петр кажа Яму: ня ўмыеш ног маіх давеку. Ісус адказаў яму: калі ня ўмыю цябе, ня маеш часьці са Мною.

9 Сымон Пётр кажа Яму: Госпадзе, ня толькі ногі мае, але й рукі і галаву.

10 Ісус кажа яму: абмытаму трэба толькі ногі абмыць, бо ўвесь чысты, і вы чыстыя, але ня ўсе.

11 Бо ведаў, хто прадасьць Яго, дый затым і сказаў: ня ўсе вы чыстыя.

12 Калі-ж абмыў ім ногі і апрануў Сваю вопратку, дык, супачыўшы ізноў, спытаўся: ці ведаеце, што гэта Я зрабіў вам?

13 Вы называеце Мяне Вучыцелем і Госпадам і справядліва кажаце, бо Я і ёсьць такі.

14 Дык вось, калі Я, Госпад і Вучыцель, абмыў вам ногі, дык і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму,

15 бо Я даў вам прыклад, каб, як Я зрабіў вам, рабілі і вы.

16 Запраўды, запраўды кажу вам: слуга ня большы за гаспадара свайго, і пасланец ня большы за таго, хто яго пасылае.

17 Калі гэтае ведаеце, шчасьлівыя вы, калі гэтае рабіць будзеце.

18 Не аб усіх вас гавару. Я ведаю, каго выбраў. Але няхай станецца, што напісана: Той, хто есьць са Мною хлеб, падняў на Мяне пяту сваю (Пс. 40, 10).

19 Цяпер кажу вам, раней, чым гэта сталася, каб, як станецца, вы паверылі, што гэта Я.

20 Запраўды, запраўды кажу вам: хто прыймае таго, каго Я пашлю, Мяне прыймае, а хто Мяне прыймае, прыймае Паслаўшага Мяне.

21 Сказаўшы гэтае, Ісус узварушыўся духам і засьведчыў і сказаў: запраўды, запраўды кажу вам, што адзін з вас прадасьць Мяне!

22 Тады вучні аглядаліся адзін на аднаго, ня ведаючы, аб кім гаворыць.

23 Быў жа за сталом адзін з вучняў Яго на ўлоньні Ісуса, якога Ісус любіў.

24 Яму Сымон Петр кіўнуў, каб папытаўся, хто гэта, аб кім гаворыць.

25 I той, прыпаўшы да грудзей Ісуса, кажа: Госпадзе! хто гэта?

26 I адказвае Ісус: той, каму Я падам абмачыўшы кусок хлеба. I, абмачыўшы кусок, падаў Юдзе Сымонаваму Іскарыёту.

27 I за куском увайшоў у яго шатан. I кажа яму Ісус: што робіш, рабі хутчэй.

28 Але ніхто з прысутных таго не зразумеў, дзеля чаго гэтае сказаў яму.

29 А як у Юды была скарбонка з грашыма, дык іншыя думалі, быццам Ісус кажа яму: купі, што трэба нам на сьвята, ці каб даў нешта ўбогім.

30 Той жа, узяўшы кусок, зараз жа выйшаў; а была ноч.

31 А як выйшаў, кажа Ісус: цяпер уславіўся Сын Чалавечы, і Бог уславіўся ў Ім.

32 Калі Бог уславіўся ў Ім, то Бог уславіць і Яго ў Сабе, і ў хуткім часе ўславіць Яго.

33 Дзеці! яшчэ нядоўга Мне быць з вамі: будзеце шукаць Мяне і, як Я сказаў Жыдом: куды Я іду, вы ня можаце йсьці, — так гавару цяпер і вам.

34 Даю вам новае прыказаньне: каб любілі адзін аднаго; як Я палюбіў вас, так і вы любеце адзін аднаго.

35 Па гэтым пазнаюць усе, што вы Маі вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго.

36 Кажа Яму Сымон Пётр: Госпадзе, куды Ты йдзеш? Ісус адказаў яму: куды Я йду, ты ня можаш цяпер за Мною йсьці; пазьней жа пойдзеш за Мною.

37 Петр сказаў Яму: Госпадзе! чаму я не магу ісьці за Табою цяпер? Я душу маю палажу за Цябе.

38 Ісус адказаў яму: душу тваю за Мяне паложыш? запраўды, запраўды кажу табе: не прапяе певень, як тройчы адрачэшся ад Мяне.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст