01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 12 – 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21
Разьдзел 15
1 Я ёсьць запраўдная вінаградная лаза, а Ацец Мой вінаградар.
2 Усякую галіну ў Мяне, якая не дае плоду, Ён адсякае; і ўсякую, што дае плод, абчышчае, каб больш пладоў давала.
3 Вы ўжо ачышчаны праз слова, што Я гаварыў вам.
4 Будзьце-ж у-ва Мне, і Я ў вас. Як галіна ня можа даваць плоду сама сабою, калі ня будзе на лазе, так і вы, калі ня будзеце ў-ва Мне.
5 Я лаза, а вы галіны; хто прабывае ў-ва Мне і Я ў ім, той прыносіць багата пладоў; бо без Мяне ня можаце рабіць нічога.
6 Хто ня будзе ў-ва Мне, будзе выкінены вон, як галіна, і засохне; а гэткія галіны зьбіраюць і кідаюдь у вагонь, і яны згараць.
7 Калі будзеце ў-ва Мне, і словы Мае ў вас будуць, то, чаго хочаце, прасеце, і станецца вам.
8 Гэтым уславіцца Ацец Мой, калі вы прынясецё багаты плод і будзеце Маімі вучнямі.
9 Як палюбіў Мяне Ацец, так Я палюбіў вас; аставайцеся-ж у любві Маёй.
10 Калі выпаўніце запаведзі Мае, будзеце ў любві Маёй, як і Я выпаўніў прыказаньні Айца Майго і астаюся ў Яго любві.
11 Гэтае сказаў Я вам, каб радасьць Мая ў вас была, і каб радасьць вашая была поўная.
12 Вось запаведзь Мая: любеце адзін аднаго, як Я палюбіў вас.
13 Ніхто ня мае любві большае за тую, калі хто аддасьць душу сваю за другаў сваіх.
14 Вы другі Маі, калі спаўняеце тое, што Я загадваю вам.
15 Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга ня ведае, што робіць гаспадар яго, а Я назваў вас другамі, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, сказаў вам.
16 Ня вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і наставіў вас, каб ішлі і прыносілі плод, і каб плод ваш трываў; каб, што папросіце ў Айца ў імя Маё, даў вам.
17 Гэтае загадваю вам: любеце адзін аднаго.
18 Калі сьвет вас ненавідзіць, ведайце, што Мяне раней за вас зьненавідзіў.
19 Калі-б вы былі із сьвету, то сьвет любіў бы сваё, але, як вы не із сьвету, дык за гэта ненавідзіць вас сьвет.
20 Памятайце слова, якое Я сказаў вам: слуга ня большы за гаспадара свайго. Калі Мяне перасьледавалі, будуць перасьледаваць і вас; калі Маё слова захавалі, і вашае слова захаваюць.
21 Але ўсё гэтае зробяць вам дзеля іменьня Майго, бо ня ведаюць Таго, хто паслаў Мяне.
22 Калі б Я ня прыйшоў і не гаварыў ім, то ня мелі-б грэху; а цяпер ня маюць адгаворкі ў грэху сваім.
23 Хто Мяне ненавідзіць, ненавідзіць і Айца Майго.
24 Калі-б Я не зрабіў сярод іх таго, чаго ніхто не рабіў, то ня мелі-б грэху, а цяпер і бачылі, і зьненавідзелі і Мяне, і Айца Майго.
25 Але няхай споўніцца слова, напісанае ў законе іх: зьненавідзелі Мяне дарэмна (Псал. 68, 5).
26 Калі-ж прыйдзе Пацяшыцель, якога Я пашлю вам ад Айца, Дух Праўды, Які ад Айца зыходзіць, Ён будзе сьведчыць аба Мне.
27 Ды й вы будзеце сьведчыць, бо вы ад пачатку са Мною.
|