Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Паводле Іоана сьв. Эвангельле


 

 

Паводле Іоана сьв. Эвангельле

0102030405060708091011
12131415161718192021

 

Разьдзел 16

1 Гэтае сказаў Я вам, каб ня былі спакушаны.

2 Выключаць вас із школаў; дый ідзе гадзіна, калі кожны, хто заб'е вас, будзе думаць, што гэтым служыць Богу.

3 I гэтак будуць рабіць вам, бо не пазналі ні Айца, ні Мяне.

4 Але сказаў Я вам гэтае дзеля таго, каб вы, калі прыйдзе той час, прыпомнілі, што Я вам гаварыў аб гэтым; не гаварыў жа вам гэтага спачатку, бо быў з вамі.

5 Цяпер жа йду да Паслаўшага Мяне, і ніхто з вас ня пытаецца ў Мяне: куды йдзеш?

6 Але ад таго, што Я сказаў вам гэтае, сум напоўніў сэрца вашае.

7 Але Я праўду кажу вам: ляпей для вас, каб Я пайшоў; бо, калі Я не пайду, Пацяшыцель ня прыйдзе да вас, калі-ж пайду, пашлю Яго да вас,

9 і Ён, прыйшоўшы, карыцімець сьвет у грэху, праўдзе і судзе;

9 у грэху, што ня вераць у Мяне;

10 у праўдзе, што Я йду да Айца Майго, і ўжо ня ўбачыце Мяне;

11 у судзе-ж, што князь сьвету гэтага засуджаны.

12 Яшчэ многа маю сказаць вам, але вы цяпер ня здолееце перанесьці.

13 Калі ж прыйдзе Ён, Дух Праўды, то навучыць вас усякае праўды, бо не ад Сябе гаварыць будзе, але гаварыцімець, што пачуе, і абвесьціць вам, што мае прыйсьці.

14 Той уславіць Мяне, бо з Майго возьме і вам абвесьціць.

15 Усё, што мае Ацец, ёсьць Маё; дык Я і сказаў, што ад Майго возьме і абвесьціць вам.

16 Хутка ня будзеце бачыць Мяне; дый ізноў хутка ўгледзіце Мяне, што йду да Айца.

17 I гаварылі некаторыя з вучняў Яго паміж сабою: што гэта Ён гаворыць нам: хутка ня будзеце бачыць Мяне і зноў хутка ўгледзіце Мяне, дый: Я йду да Айца?

18 I гаварылі: што гэта знача, што кажа Ён: хутка? Ня ведаем, што гаворыць.

19 I пазнаў Ісус, што хочуць спытацца ў Яго, і сказаў ім: аб тым пытаецеся адзін у аднаго, што Я сказаў: хутка ня будзеце бачыць Мяне і зноў хутка ўгледзіце Мяне?

20 Запраўды, запраўды кажу вам: вы заплачаце і загалосіце, а сьвет уцешыцца; вы сумныя будзеце, але сум ваш у радасьць зьменіцца.

21 Жанчына, калі родзіць, тужыць, што прыйшла яе гадзіна, але, калі ўродзіць дзіця, дык ужо ня помніць аб горы ад радасьці, бо нарадзіўся чалавек на сьвет.

22 Так і вы цяпер тужыце, але Я ўбачу вас ізноў, і ўзрадуецца сэрца вашае, і радасьці вашай ніхто не адбярэ ў вас.

23 I ў той дзень ня будзеце пытацца ў Мяне ні аб чым. Запраўды, запраўды кажу вам, што, аб чым папросіце Айца ў імя Маё, дасьць вам.

24 Да сяньня вы нічога не прасілі ў імя Маё; прасіце і дастанеце, каб радасьць ваша была поўная.

25 Гэтае Я гаварыў вам прыповесьцямі; але надходзіць гадзіна, калі ўжо ня буду гаварыць прыповесьцямі, але проста абвяшчу вам аб Айцу.

26 У той дзень будзеце прасіць у імя Маё, і не кажу вам, што Я буду прасіць Айца за вас,

27 бо Сам Ацец любіць вас, бо вы палюбілі Мяне і паверылі, што Я зыйшоў ад Бога.

28 Я зыйшоў ад Айца і прыйшоў у сьвет і зноў пакідаю сьвет ды йду да Айца.

29 Вучні Яго сказалі Яму: вось Ты цяпер проста гаворыш і прыповесьці ня кажаш ніводнае.

30 Цяпер бачым, што Ты ведаеш усё і ня маеш патрэбы, каб хто пытаўся ў Цябе. Дзеля гэтага верым, што Ты ад Бога зыйшоў.

31 Ісус адказаў ім: цяпер верыце?

32 Вось надыходзіць гадзіна, дый ужо прыйшла, калі вы рассеецеся кожын у свой бок і пакінеце Мяне аднаго. Але Я не адзін, бо Ацец са Мною.

33 Гэтае сказаў Я вам, каб мір мелі ў-ва Мне. На сьвеце гора мець будзеце, але спадзявайцеся: Я перамог сьвет.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст