Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Паводле Іоана сьв. Эвангельле


 

 

Паводле Іоана сьв. Эвангельле

0102030405060708091011
12131415161718192021

 

Разьдзел 18

1 Сказаўшы гэтае, Ісус выйшаў з вучнямі Сваімі за ручэй Кедрон, дзе быў сад, у які ўвайшоў Сам і вучні Яго.

2 Ведаў жа гэтае месца і Юда, што прадаў Яго, бо Ісус і вучні Яго там часта зьбіраліся.

3 Вось Юда, узяўшы роту ды слуг ад архірэяў і фарысэяў, прыходзіць туды з ліхтарамі, сьветачамі і аружжам.

4 Ісус жа, ведаючы ўсё, што з Ім будзе, выйшаў і сказаў ім: каго шукаеце?

5 Яму адказалі: Ісуса Назарэя! Ісус кажа ім: гэта Я. Стаяў жа з імі і Юда, што прадаў Яго.

6 I, калі сказаў ім: гэта Я, яны адступіліся назад і ўпалі на зямлю.

7 I ізноў спытаўся ў іх: каго шукаеце? Яны сказалі: Ісуса Назарэя.

8 Ісус адказаў: Я сказаў вам, што гэта Я; дык вось, калі Мяне шукаеце, дайце ім адыйсьці,

9 каб споўнілася слова, сказанае Ім: з тых, якіх Ты даў Мне, Я не загубіў нікога.

10 Сымон жа Пётр, маючы меч, выняў яго і ўдэрыў слугу архірэявага і адсек яму правае вуха; слуга-ж той зваўся Малх.

11 Але Ісус сказаў Пятру: палажы меч у ножны. Няўжо-ж я ня вып'ю чары, што даў Мне Ацец?

12 Тады жаўнеры і тысячнік і слугі жыдоўскія ўзялі Ісуса, зьвязалі Яго

13 і павялі Яго сьпярша да Анны, бо ён быў цесьцем Кайяфы, які быў на той год архірэем.

14 Гэта быў той Кайяфа, які парадзіў Жыдом, што лепш, каб адзін чалавек пагіб за народ.

15 За Ісусам ішоў Сымон Пётр і другі вучань; вучань гэны быў знаёмы з архірэем, дык ён увайшоў з Ісусам на архірэйскі падворак,

16 а Пётр стаяў за варотамі. I вось той другі вучань, знаёмы з архірэем, выйшаў і сказаў прыдзьверніцы і ўвёў Пятра.

17 Тут служанка прыдзьверніца кажа Пятру: ці і ты ня з вучняў гэтага чалавека? Ён сказаў: Не!

18 Рабы-ж і слугі, распаліўшы агонь, бо было сьцюдзёна, стаялі й грэліся. Пётр таксама стаяў з імі і грэўся.

19 Архірэй жа спытаўся ў Ісуса аб вучняў Яго і аб вучэньне Яго.

20 Ісус адказаў яму: Я ясна гаварыў сьвету; Я заўсёды навучаў у царкве і школе, дзе звычайна зьбіраюцца Жыды, і ўкрадкам не гаварыў нічога.

21 Чаму пытаешся ў Мяне? Папытайся ў тых, хто слухаў, што Я гаварыў ім. Вось яны ведаюць, што Я казаў.

22 Як жа Ён сказаў гэтае, адзін із слуг, што блізка стаяў, удэрыў Ісуса па абліччу і сказаў: так Ты адказваеш архірэю?

23 Ісус адказаў яму: калі Я сказаў блага, дакажы, што блага, а калі добра, за што б'еш Мяне?

24 Анна паслаў Яго зьвязанага да архірэя Кайяфы.

25 А Сымон Пётр стаяў і грэўся. Тут кажуць яму: ці і ты не з Яго вучняў? А той адрокся і сказаў: не!

26 Кажа адзін із слуг архірэйскіх, сваяк таго, якому Пётр адсек вуха: ці-ж ня бачыў я цябе з Ім у садзе?

27 Пётр ізноў адрокся; і зараз жа прапяяў певень.

28 Ад Кайяфы павялі Ісуса да прэторыі. Была раніца, і яны не ўвайшлі ў прэторыю, каб не занячысьціцца, ды каб можна было есьці пасху.

29 Пілат выйшаў да іх і сказаў: у чым вінаваціце чалавека гэтага?

30 Яны адказалі і сказалі яму: калі-б Ён ня быў такі злачынца, мы ня выдалі-б Яго табе!

31 Пілат сказаў ім: вазьмеце Яго вы і па вашаму закону судзіце Яго. Жыды сказалі яму: нам нікога ня гожа забіваць.

32 Каб споўнілася слова Ісуса, якое Ён сказаў, абвяшчаючы, якою сьмерцяй мае памерці

33 Дык Пілат ізноў увайшоў у прэторыю і, паклікаўшы Ісуса, сказаў Яму: Ты Цар Жыдоўскі?

34 Ісус адказаў яму: ці ад сябе ты гаворыш гэтае, ці другія сказалі табе аба Мне?

35 Пілат адказаў: ці-ж я Жыд? Цябе твой народ і архірэі выдалі мне; што-ж Ты зрабіў?

36 Ісус адказаў: Царства Маё ня з гэтага сьвету; калі-б з гэтага сьвету было царства Маё, то слугі Маі бароліся бы, каб Жыды ня выдалі Мяне. Але царства Маё ня згэтуль.

37 Пілат сказаў Яму: дык Ты Цар? Ісус адказаў: ты кажаш, што Я цар. Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў на сьвет, каб сьведчыць аб праўдзе. Кожын, хто ад праўды, слухае голасу Майго.

38 Кажа Яму Пілат: Што такое праўда? I, сказаўшы гэтае, ізноў выйшаў да Жыдоў і сказаў ім: я ніякае віны ў Ім не знаходжу.

39 Ёсьць жа ў вас звычай, каб я некага звальняў вам на Пасху. Хочаце, пушчу вам Цара Жыдоўскага?

40 Тады ізноў закрычэлі ўсе, кажучы: не Яго, але Варавву! А Варавва быў душагуб.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст