Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Паводле Іоана сьв. Эвангельле


 

 

Паводле Іоана сьв. Эвангельле

0102030405060708091011
12131415161718192021

 

Разьдзел 19

1 Тады Пілат узяў Ісуса і бічаваў Яго.

2 I жаўнеры, сплёўшы вянок з цярніны, узьдзелі Яму на галаву і апранулі Яму чырвоны плашч

3 і гаварылі: радуйся, Цар Жыдоўскі! I білі Яго па абліччу.

4 Пілат ізноў выйшаў і сказаў ім: вось я выводжу Яго да вас, каб вы ведалі, што я не знаходжу ў Ім ніякае віны.

5 Тады выйшаў Ісус у цярновым вянку й чырвоным плашчу. I сказаў ім Пілат: вось чалавек!

6 Як убачылі Яго архірэі і слугі іх, дык пачалі крычэць, кажучы: распні, распні Яго! Пілат кажа ім: вазьмеце Яго і ўкрыжуйце вы, бо я не знаходжу ў Ім ніякае віны.

7 Жыды адказалі яму: мы маем закон; і па закону нашаму мусіць памерці, бо зрабіў Сябе Сынам Божым.

8 Пілат, пачуўшы гэтае слова, яшчэ больш спужаўся.

9 I ізноў увайшоў у прэторыю і сказаў Ісусу: адкуль Ты? Але Ісус не адказаў яму нічога.

10 Пілат кажа Яму: Ты мне не адказваеш? Ці ня ведаеш, што магу ўкрыжаваць Цябе і магу звольніць Цябе?

11 Ісус адказаў: ты ня меў бы ніякае ўлады нада Мною, калі-б Табе ня было дадзена з вышыні; дзеля гэтага больш грэху на тым, хто Мяне прадаў табе.

12 З таго мамэнту Пілат стараўся звольніць Яго. Жыды-ж крычэлі, кажучы: калі звольніш Яго, ты ня друг Кесару; кожны, хто робіць сябе царом, вораг кесара.

13 Пілат, пачуўшы гэтае слова, вывеў вон Ісуса і сеў на судовым пасадзе, на месцы, што называлася літостратон а па жыдоўску Гаввафа.

14 Была-ж тады пятніца перад Пасхай, і гадзіна шостая. I сказаў Пілат Жыдом: вось Цар ваш!

15 Але яны закрычэлі: вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго! Пілат кажа ім: як я распну Цара вашага? Архірэі-ж адказалі: няма ў нас цара, апрача Кесара.

16 Тады ён аддаў Яго на ўкрыжаваньне. I ўзялі Ісуса й павялі.

17 I, нясучы крыж Свой, Ён выйшаў на ўрочышча Чарапоў, што пажыдоўску называецца Галгофа,

18 дзе і ўкрыжавалі Яго і з Ім двух другіх наабапал Яго, а ў сярэдзіне Ісуса.

19 Пілат жа і надпіс напісаў і паставіў на крыжу. Напісана было: Ісус Назаранін, Цар Жыдоўскі.

20 Гэты надпіс чыталі многія з жыдоў, бо месца, дзе быў укрыжаваны Ісус, было недалёка ад места, дый напісана было пажыдоўску, пагрэцку і парымску.

21 Архірэі-ж жыдоўскія сказалі Пілату: ня пішы: "Цар Жыдоўскі", але напішы, што Ён Сам казаў: "Я цар жыдоўскі."

22 Пілат адказаў: што я напісаў, тое напісаў.

23 Жаўнеры-ж, як расьпялі Ісуса, узялі вопратку Яго і падзялілі на чатыры часткі — кожнаму жаўнеру частка, дый хітон; хітон жа быў ня шыты, але ўвесь вытканы ад верху;

24 дык сказалі адзін аднаму: ня будзем разьдзіраць яго, а кінем жэрабе: чый будзе; каб збылося сказанае ў Пісаньні: Падзялілі адзежу Маю між сабою і аб вопратку Маю жэрабе кідалі (Пс. 21, 19). Так і ўчынілі жаўнеры.

25 Стаялі-ж ля крыжа Ісусавага Маці Яго і сястра Маткі Яго, Марыя Кляопава, і Марыя Магдаліна.

26 Ісус жа, угледзіўшы Матку і стаяўшага побач вучня, якога любіў, кажа Матцы сваёй: Жанчына, вось сын твой!

27 Пасьля кажа вучню: вось Маці твая! I з таго часу вучань гэты ўзяў яе да сябе.

28 Пасьля таго Ісус, ведаючы, што ўжо ўсё збылося, каб споўнілася Пісаньне, кажа: піць хачу!

29 Тут стаяла судзіна, поўная воцату. Жаўнеры, набраўшы воцату губкай і ўзьдзеўшы яе на трысьціну, паднялі да вуснаў Яго.

30 Ісус жа, як узяў воцату, сказаў: Збылося! і, нахіліўшы галаву, аддаў дух.

31 А як была пятніца, дык жыды, каб не пакінуць целаў на крыжу ў суботу, (бо той дзень суботні быў вялікі), прасілі Пілата, каб перабіць у іх галені і зьняць.

32 I вось прыйшлі жаўнеры і ў першага перабілі галені, і ў другога ўкрыжаванага з Ім.

33 Прыйшоўшы-ж да Ісуса, як убачылі, што Ён ужо ўмёр, дык не перабівалі ў Яго галеняў;

34 толькі адзін з жаўнераў прабіў Яму бок рагатынаю, і ўраз жа пацякла кроў і вада.

35 Той, хто бачыў, пасьведчыў, і сьвядоцтва яго праўдзівае; і ён ведае, што кажа праўду, каб вы паверылі.

36 Бо ўсё гэтае сталася, каб збылося Пісаньне: Косьць Яго няхай не пераломіцца (Выхад. 12, 46).

37 Дый ізноў жа ў другім месцы гаворыць Пісаньне: Угледзяць, каго прабілі (Захар. 12, 10).

38 Пасьля гэтага Язэп з Арыматэі (ён быў вучнем Ісуса, але тайным дзеля страху перад жыдамі) папрасіў Пілата зьняць цела Ісуса; і Пілат дазволіў. Дык пайшоў і зьняў цела Ісуса.

39 Прыйшоў такжа й Нікадэм (ён прыходзіў раней да Ісуса ўначы) і прынёс мешаніну з сьмірны і алёэ літраў каля ста.

40 I ўзялі яны цела Ісуса і абярнулі Яго ў палатно з пахнідламі, як звычайна хароняць жыды.

41 На тым месцы, дзе Ён быў укрыжаваны, быў сад, і ў садзе новая магіла, у якой яшчэ ніхто ня быў паложаны.

42 Вось тутака дзеля пятніцы жыдоўскай (бо магіла была блізка) і палажылі цела Ісуса.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст