01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 12 – 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21
Разьдзел 2
1 На трэці дзень было вясельле ў Кане Галілейскай, і Маці Ісусава была там.
2 Быў запрошаны і Ісус і вучні Яго на вясельле.
3 I, як не хапіла віна, Маці Ісусава кажа Яму: віна ня маюць.
4 Кажа ёй Ісус: што Мне і Табе жанчына? Гадзіна Мая яшчэ ня прыйшла.
5 Маці Яго сказала слугам: што вам скажа, зрабеце.
6 Было-ж тамака шэсьць каменных судзін да вады, якія стаялі дзеля жыдоўскага ачышчэньня, зьмяшчаючы па дзьве, ці па тры меры.
7 Кажа ім Ісус: налійце вады у глякі. I напоўнілі іх да верху.
8 I кажа Ім: чарпайце цяпер і нясеце да маршалка. I панясьлі.
9 Калі-ж маршалак пакаштаваў вады, што віном сталася, а ён ня ведаў, скуль яно, слугі-ж, што налівалі ваду, ведалі, — кліча маладога
10 і кажа яму: кожын чалавек перш падае добрае віно, а як нап'юцца, тады горшае; ты-ж добрае віно захаваў дагэтуль.
11 Так зрабіў Ісус пачатак цудам у Кане Галілейскай і выявіў славу Сваю, і ўверавалі ў Яго вучні Яго.
12 Пасьля гэтага прыйшоў Ён у Капэрнаум, Сам і Маці Яго, і браты Яго, і вучні Яго, і там аставаліся некалькі дзён.
13 І была блізка Пасха ў Жыдоў, і ўвайшоў Ісус у Ерузалім;
14 і знайшоў у царкве прадаваўшых валоў, авец, галубоў, і сядзелі тамака мянялы.
15 I, зрабіўшы біч з вяровак, выгнаў з царквы ўсіх, такжа й авец і валоў, ды грошы мянялам рассыпаў і сталы іх абярнуў;
16 і сказаў прадаўцом галубоў: забярэце гэнае згэтуль: не рабеце дому Айца Майго домам торгу.
17 I прыпомнілі вучні Яго, што напісана: руплівасьць аб дом Твой зьядае Мяне (Пс. 68, 10).
18 Адказалі-ж Яму Жыды і сказалі: які знак нам дасі, чаму гэтае робіш?
19 Ісус жа адказаў ім, мовячы: зруйнуйце дом гэты, і Я ў тры дні адбудую яго.
20 I сказалі Жыды: гэты дом будаваўся сорак шэсьць гадоў, а Ты ў тры дні збудуеш яго?
21 А Ён гаварыў гэтае аб доме цела Свайго.
22 I, як уваскрос пасьля сьмерці, прыпомнілі вучні Яго, што Ён казаў гэтае, і паверылі Пісаньню і слову, якім мовіў Ісус.
23 Калі-ж быў Ён у Ерузаліме на Пасху ў сьвяты, дык многія, бачучы цуды, якія рабіў, уверавалі ў імя Яго.
24 Але Сам Ісус не даверыўся ім, бо ведаў усіх
25 і ня меў патрэбы, каб хто сьведчыў ао чалавеку, бо Сам ведаў, што было ў чалавеку.
|