Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Паводле Іоана сьв. Эвангельле


 

 

Паводле Іоана сьв. Эвангельле

0102030405060708091011
12131415161718192021

 

Разьдзел 3

1 Быў жа між фарысэямі чалавек, на імя Нікадэм, адзін з начальнікаў жыдоўскіх.

2 Той прыйшоў да Ісуса ўначы і сказаў Яму: Равві! мы ведаем, што Ты вучыцель, што прыйшоў ад Бога, бо ніхто ня можа рабіць такіх цудаў, якія Ты робіш, калі-б ня быў з ім Бог.

3 I адказаў яму Ісус і сказаў: запраўды, запраўды кажу табе: калі хто не народзіцца нанова, ня можа бачыць Царства Божага.

4 Нікадэм кажа Яму: як можа чалавек нарадзіцца, калі ён стары? Няўжо-ж ен другі раз можа ўвайсьці ў чэрава маткі сваёй і нарадзіцца?

5 Ісус адказаў: запраўды, запраўды кажу табе: калі хто не народзіцца з вады і Духа, ня можа ўвайсьці ў Царства Божае.

6 Спараджонае з цела ёсьць цела, а спараджонае з Духа ёсьць дух.

7 Ня дзівуйся, што Я сказаў табе: трэба вам нарадзіцца нанова.

8 Дух дыхае, дзе хоча, і голас яго чуеш, а ня ведаеш, скуль прыходзіць і куды адыходзіць: гэтак і ўсякі спараджоны з Духа.

9 Нікадэм адказаў і сказаў Яму: як гэта можа быць?

10 Ісус адказаў яму і сказаў: ты вучыцель Ізраіляў і гэтага ня ведаеш?

11 Запраўды, запраўды кажу табе: Мы гаворым аб тым, што ведаем, і сьведчым аб тым, што бачылі, і вы сьведчаньня Нашага ня прыймаеце;

12 калі Я сказаў вам аб зямным, і ня верыце, як паверыце, калі буду гаварыць аб нябесным?

13 I ніхто ня ўзышоў на неба, толькі Сын Чалавечы, што на небе, які з неба зыйшоў.

14 І, як Майсей падняў зьмея ў пустыні, так мусіць быць падняты Сын Чалавечы,

15 каб усякі, хто веруе ў Яго, ня згінуў, але меў жыцьцё вечнае.

16 Бо так палюбіў Бог сьвет, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага, каб усякі, хто веруе ў Яго, ня згінуў, але меў жыцьцё вечнае.

17 Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў сьвет, каб судзіць сьвет, але каб сьвет быў збаўлены праз Яго.

18 Хто веруе ў Яго, ня будзе асуджаны, а хто ня веруе, той ужо засуджаны, бо ня ўвераваў у імя Адзінароднага Сына Божага.

19 Суд жа такі, што Сьвятло прыйшло ў сьвет, але людзі палюбілі цемру больш за сьвятло, бо ўчынкі іх былі благія.

20 Бо кожын, хто робіць благое, ненавідзіць сьвятла і ня йдзе да сьвятла, каб ня выявіліся ўчынкі яго, бо яны благія.

21 А хто чыніць праўду, ідзе да сьвятла, каб відочнымі былі ўчынкі яго, бо яны ў Богу ўчынены.

22 Пасьля гэтага прыйшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў зямлю Жыдоўскую і там быў з імі і хрысьціў.

23 Іоан жа таксама хрысьціў у Эноне, недалека ад Саліму, бо вады там было многа, і прыходзілі туды і хрысьціліся;

24 бо Іоана йшчэ ня ўкінулі былі ў вязьніцу.

25 I ўзьнялася ў Іоанавых вучняў спрэчка з Жыдамі аб ачышчэньні.

26 I прыйшлі да Іоана і сказалі яму: равві: Той, што быў з табою за Іорданам, аб Якім сьведчыў ты, вось Ён хрысьціць, і ўсе йдуць да Яго.

27 Іоан адказаў і сказаў: ня можа чалавек нічога ўзяць, калі яму ня будзе дадзена з неба.

28 Самі вы сьведкі мне ў тым, што я сказаў: я ня Хрыстос, але я пасланы перад Ім.

29 Хто мае нявесту, той жаніх, а друг жаніха, што стаіць ды слухае яго, цешыцца радасьцяй, слухаючы голас жаніха. Вось гэтая радасьць мая збылася.

30 Яму час расьці, а мне малець.

31 Хто з вышыні прыходзе, той вышэй за ўсіх, а хто з зямлі, той зямны і з зямлі гаворыць. Хто з неба прыходзе, той панад усімі,

32 і што бачыў і чуў, аб тым сьведчыць, і ніхто ня прыймае сьведчаньня Яго.

33 Хто-ж прыняў Яго сьведчаньне, той прыпячатаваў, што Бог праўдзівы.

34 Бо, каго паслаў Бог, гаворыць словы Божыя, бо ня мераючы дае Бог Духа.

35 Ацец любіць Сына і ўсё даў у рукі Яго.

36 Хто веруе ў Сына, мае вечнае жыцьцё, а хто ў Сына ня веруе, ня ўбачыць жыцьця, але гнеў Божы будзе на ім.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст