01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 12 – 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21
Разьдзел 4
1 Калі-ж даведаўся Госпад, што дачуліся фарысэі, што Ісус больш вучняў здабывае і хрысьціць, чым Іоан, —
2 хоць Сам Ісус ня хрысьціў, але вучні Яго, —
3 пакінуў Юдэю і пайшоў зноў у Галілею.
4 Выпадала-ж Яму прахадзіць праз Самарыю.
5 I вось, прыходзіць Ён у Самарыйскае места, званае Сіхар, ля хутара, што даў Якаў сыну свайму Язэпу.
6 Была тамака студня Якава. I Ісус, стомлены падарожай, сеў ля студні. Было каля шостае гадзіны.
7 Прыходзіць жанчына з Самарыі зачарпнуць вады. Ісус кажа да яе: дай Мне піць.
8 Бо вучні Яго адыйшліся да места купіць ежы.
9 Жанчына Самаранская кажа Яму: як Ты, Юдэй, просіш піць у мяне, Самаранкі? Бо Юдэі ня маюць зносін з Самаранамі.
10 Ісус адказаў ёй і сказаў: калі-б ты ведала дар Божы, і Хто кажа табе: дай мне піць, то ты сама прасіла-б у Яго, і Ён даў бы табе жывое вады.
11 Жанчына кажа Яму: Госпадзе! У Цябе й зачарпнуць няма чым, а студня глыбокая: адкуль-жа ў Цябе вада жывая?
12 няўжо Ты большы за айца нашага Якава, які Даў нам гэту студню і сам з яе піў, і дзеці яго, і статак яго?
13 Ісус адказаў ёй і сказаў: кожын, хто п'е гэтую ваду, зноў піць захоча;
14 хто ж вып‘е вады, якое Я яму дам, не запрагне ніколі, але вада, што дам яму, станецца ў ім крыніцаю вады, што ў жыцьцё вечнае цячэ.
15 Жанчына кажа Яму: Госпадзе! дай мне гэтай вады, каб мне ня прагнуць і ня прыходзіць сюды чарпаць.
16 Кажа ёй Ісус: пайдзі, пакліч мужа твайго і прыйдзі сюды.
17 Жанчына адказала і сказала: у мяне няма мужа. Ісус кажа ёй: праўду ты сказала, што ў цябе няма мужа;
18 бо ў цябе было пяць, і той, якога цяпер маеш, ня муж табе; гэта ты праўдзіва сказала.
19 Жанчына кажа Яму: Госпадзе! бачу, што Ты прарок;
20 бацькі нашыя пакланяліся на гэтай гарэ, а вы кажаце, што месца, дзе павінны пакланяцца — у Ерузаліме.
21 Ісус кажа ёй: павер мне, што надыйдзе час, калі не на гарэ гэтай і не ў Ерузаліме будзеце пакланяцца Айцу;
22 вы ня ведаеце, чаму пакланяецеся; бо збаўленьне ад Юдэяў.
23 Але прыйдзе час, дый ён ужо прыйшоў, калі праўдзівыя паклоньнікі будуць пакланяцца Айцу ў духу і праўдзе, бо гэткіх паклоньнікаў шукае сабе Ацец.
24 Бог ёсьць Дух, і тыя, што пакланяюцца Яму, павінны пакланяцца ў духу і праўдзе.
25 Жанчына кажа Яму: ведаю, што прыйдзе Мэсія (гэта ёсьць Хрыстос), і калі Ён прыйдзе, абвесьціць нам усё.
26 Ісус кажа ёй: гэта Я, што гавару з табою.
27 У гэты час прыйшлі вучні Яго і зьдзівіліся, што Ён гаворыць з жанчынаю, але ніводзін ня спытаўся: чаго Табе трэба? ці — аб чым гаворыш з ёю?
28 Тады жанчына пакінула вядро сваё і пайшла да места ды кажа людзям:
29 пайдзеце й паглядзеце чалавека, які сказаў мне ўсё, што я рабіла; ці ня Хрыстос гэта?
30 Яны выйшлі з места і пайшлі да Яго.
31 Тымчасам вучні прасілі Яго, кажучы: Равві! еш.
32 Ён жа сказаў ім: Я маю страву, якой вы ня ведаеце.
33 Дзеля гэтага вучні гаварылі між сабою: няўжо-ж нехта прынёс Яму есьці?
34 Ісус кажа ім: Мая страва — тое, каб спаўняць волю Паслаўшага Мяне і скончыць дзела Яго.
35 Ці ня кажаце вы, што яшчэ чатыры месяцы, і прыйдзе жніво? а Я кажу вам: падымеце вочы вашыя і паглядзеце на нівы, як яны пабялелі і пасьпелі да жніва.
36 Хто жне, дастае плату і зьбірае плён дзеля жыцьця вечнага, каб і жнец і сявец разам радаваліся.
37 Бо ў гэтым сказана праўдзіва: адзін сее, а другі жне.
38 Я паслаў вас жаць, над чым вы не працавалі: другія працавалі, а вы прыйшлі на працу іх.
39 I многа Самаранаў з места гэнага ўверавалі ў Яго па слову жанчыны, якая сьведчыла, што Ён сказаў ёй усё, што рабіла.
40 I вось, як прыйшлі да Яго Самаране, то прасілі Яго пабыць у іх, і Ён нрабыў там два дні.
41 I яшчэ больш уверавалі дзеля слова Яго,
42 а жанчыне гэтай казалі: ўжо не дзеля тваіх гутарак верым, бо самы чулі і даведаліся, што гэта праўдзівы Збаўца сьвету — Хрыстос.
43 Цераз два дні выйшаў Ён адтуль і пайшоў у Галілею;
44 бо Сам Ісус сьведчыў, што прарок ня мае пашаны ў сваёй бацькаўшчыне.
45 Калі-ж прыйшоў у Галілею, то Галілеяне прынялі Яго, бо бачылі ўсе, што зрабіў у Ерузаліме ў часе сьвята; яны-ж бо самі хадзілі на сьвята.
46 I вось Ісус ізноў прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе зрабіў з вады віно. I быў у Капэрнауме нейкі прыдворны, у якога занядужаў сын.
47 Ён, пачуўшы, што Ісус прыйшоў з Юдэі ў Галілею, прыйшоў да Яго і прасіў Яго прыйсьці і аздаравіць сына яго; бо быў канаў.
48 I сказаў яму Ісус: ня ўверуеце, калі ня ўбачыце знакоў і цудаў.
49 Прыдворны-ж кажа Яму: Госпадзе! прыйдзі, пакуль ня ўмёр сын мой.
50 Ісус кажа яму: ідзі, сын твой здаровы! Ён паверыў слову, якое сказаў яму Ісус, і пайшоў.
51 I на дарозе ўжо спаткалі яго слугі яго і сказалі: сын твой здаровы.
52 Ён спытаўся ў іх: а каторай гадзіне палягчэла яму? Яму сказалі: учора а сёмай гадзіне гарачка пакінула яго.
53 Дык даведаўся бацька, што ў тую гадзіну, калі Ісус сказаў яму: ідзі, сын твой здаровы. I ўвераваў сам і ўвесь дом яго.
54 Гэта йзноў другі цуд зрабіў Ісус, вярнуўшыся з Юдэі ў Галілею.
|