01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 12 – 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21
Разьдзел 5
1 Пасьля гэтага было сьвята жыдоўскае, і прыйшоў Ісус у Ерузалім.
2 Ёсьць-жа ў Ерузаліме ля авечых варотаў купальня, што завецца па жыдоўску Вітэзда, з пяцьма стаўбамі.
3 Каля іх ляжала множства нядужых, сьляпых, кульгавых, ссохшых, што чакалі руху вады;
4 бо Ангел Гасподні час ад часу зыходзіў у купальню і каламуціў ваду; і хто першы ўваходзіў у яе пасьля ўскаламучаньня вады, той здаравеў, на што-б ні хварэў.
5 I быў тут нейкі чалавек, што хварэў трыццаць восем лет.
6 Ісус, угледзіўшы яго ляжучы і даведаўшыся, што ён ляжыць ужо даўгі час, кажа яму: ці хочаш паздаравець?
7 Хворы адказаў Яму: так, Госпадзе, але ня маю чалавека, які спусьціў бы мяне ў купальню, калі ўскаламуціцца вада; калі-ж сам прыходжу, другі ўжо зыходзіць прада мною.
8 I кажа яму Ісус: устань, вазьмі ложак твой і хадзі.
9 I ён у тую-ж часіну стаўся здаровым і ўзяў ложак свой і пайшоў. Было-ж гэта ў суботу.
10 Дзеля гэтага Жыды казалі аздароўленаму: сёньня субота, ня гожа табе браць ложак.
11 Ён адказаў ім: хто мяне аздаравіў, той мне сказаў: вазьмі ложак твой і хадзі.
12 Яго спыталіся: хто гэны чалавек, што сказаў табе: вазьмі ложак твой і хадзі?
13 Аздароўлены-ж ня ведаў, хто Ён, бо Ісус адыйшоўся ад народу, што быў у тым месцы.
14 Пасьля гэтага Ісус спаткаў яго ў царкве і сказаў яму: вось, ты цяпер здаровы, не грашы-ж больш, каб ня сталася табе нешта горшае.
15 Чалавек гэны пайшоў і расказаў Жыдом, што гэта Ісус аздаравіў яго.
16 I пачалі за гэта Жыды гнаць Ісуса і шукалі, як бы забіць Яго, што Ён рабіў гэткае ў суботу .
17 Ісус жа кажа ім: Ацец мой дагэтуль робіць, і Я роблю.
18 За гэта яшчэ больш шукалі Жыды, якбы забіць Яго, што Ён ня толькі ломіць суботу, але і Айцом Сваім заве Бога, раўняючы Сябе да Бога.
19 На гэта Ісус сказаў: запраўды, запраўды кажу вам: Сын нічога ня можа рабіць Сам ад Сябе, калі ня будзе бачыць робячы Айца, бо што робіць Ён, тое й Сын робіць таксама.
20 Бо Ацец любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што Сам робіць, дый пакажа Яму большыя дзеяньні, чым гэтыя, ажно дзівавацца будзеце.
21 Бо як Ацец уваскрашае ўмершых і ажыўляе, — так і Сын ажыўляе, каго хоча.
22 Бо Ацец і ня судзіць нікога, але ўвесь суд аддаў Сыну,
23 каб усе паважалі Сына, як паважаюць Айца. I хто не паважае Сына, не паважае і Айца, паслаўшага Яго.
24 Запраўды, запраўды кажу вам: хто слухае слова Маё і верыць Паслаўшаму Мяне, мае вечнае жыцьцё і на суд ня йдзе, але перайшоў ад сьмерці ў жыцьцё.
25 Запраўды, запраўды кажу вам: прыйдзе час, дый ужо прыйшоў, калі ўмершыя пачуюць голас Сына Божага і, пачуўшы, ажывуць.
26 Бо як Ацец мае жыцьцё ў Сабе, так і Сыну даў жыцьцё мець у Сабе;
27 і даў Яму ўладу й суд чыніць, бо Ён ёсьць Сын Чалавечы.
28 Ня дзівуйцеся гэтаму: бо прыйдзе час, калі ўсе, што ў магілах, пачуюць голас Сына Божага,
29 і выйдуць, што добрае чынілі, на ўваскрашэньне жыцьця, а што благое чынілі — на ўваскрашэньне суда.
30 Я нічога не магу рабіць Сам ад Сябе; як чую, так і суджу, і суд Мой праўдзівы, бо ня шукаю Маёй волі, але волі паслаўшага Мяне Айца.
31 Калі сьведчу Сам аб Сабе, то сьведчаньне Маё непраўдзівае.
32 Ёсьць другі, што сьведчыць аба Мне, і Я ведаю, праўдзівае тое сьведчаньне, якім Ён сьведчыць аба Мне.
33 Вы пасылалі да Іоана, і ён засьведчыў аб праўдзе.
34 Я-ж не ад чалавека прыймаю сьведчаньне, але кажу гэта, каб вы спасьліся.
35 Той быў сьветач, які гарэў і сьвяціў, а вы хацелі часіну пацешыцца пры сьвятле яго.
36 Я-ж маю сьведчаньне большае за Іоанава: бо дзеяньні, што Ацец даў Мне закончыць, самыя гэтыя дзеяньні, што Я чыню, сьведчаць аба Мне, што Ацец паслаў Мяне.
37 І Ацец, Які паслаў Мяне, Сам засьведчыў аба Мне. А вы ані голасу Яго ніколі ня чулі, ані аблічча Яго ня бачылі,
38 і ня маеце слова Яго, што ў вас было-б, бо ня верыце Таму, Каго Ён паслаў.
39 Перагледзьце Пісаньні: бо вы думаеце праз іх жыцьцё вечнае мець, і яны сьведчаць аба Мне.
40 Але вы ня хочаце прыйсьці да Мяне, каб мець жыцьцё.
41 Славы ад людзей не бяру,
42 але пазнаў вас: любві да Бога ня маеце ў сабе.
43 Я прыйшоў у імя Айца Майго, і ня прыймаеце Мяне, а калі-б другі прыйшоў у сваё імя, таго прыймеце.
44 Як вы можаце верыць, калі бярэцё славу адзін ад аднаго, а славы, што ад Аднаго Бога, ня шукаеце.
45 Ня думайце, што Я буду вінаваціць вас перад Айцом: ёсьць на вас абвінавальнік Майсей, на якога спадзяецёся.
46 Бо, каб вы верылі Майсею, то верылі-б і Мне, бо ён пісаў аба Мне.
47 Калі-ж яго пісаньням мя верыце, як Маім словам паверыце?
|