Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Паводле Іоана сьв. Эвангельле


 

 

Паводле Іоана сьв. Эвангельле

0102030405060708091011
12131415161718192021

 

Разьдзел 8

1 Ісус жа пайшоў на гару Аліўную.

2 Нараніцы-ж ізноў прыйшоў у царкву, і ўвесь народ ішоў да Яго. Ён сеў і навучаў іх.

3 Тут кніжнікі і фарысэі прывялі да Яго жанчыну, злоўленую на чужаложстве, і, паставіўшы яе пасярэдзіне,

4 сказалі Яму: Настаўнік, гэта жанчына злоўлена на чужаложстве,

5 а Майсей у законе загадаў нам пабіваць гэткіх каменьнем. Ты-ж што скажаш?

6 Гаварылі-ж гэта спакушаючы Яго, каб знайсьці што-небудзь дзеля абвінавачаньня Яго. Але Ісус, нагнуўшыся, пісаў пальцам на зямлі.

7 Калі-ж яны не пераставалі пытацца ў Яго, то, падняўшыся, сказаў ім: хто з вас бязгрэшны, першы кінь камень у яе.

8 I, зноў нагнуўшыся, пісаў на зямлі.

9 Яны-ж, пачуўшы гэтае і дакараныя сумленьнем, павыходзілі адзін за адным, пачынаючы ад старшых аж да апошніх; застаўся адзін Ісус і жанчына, што стаяла пасярэдзіне.

10 Ісус, падняўшыся і ня бачучы нікога апрача жанчыны, сказаў ёй: жанчына! дзе тваі абвініцелі? Ніхто не асудзіў цябе?

11 Яна адказала: ніхто, Госпадзе! Ісус жа сказаў ёй: і Я не асуджаю цябе: ідзі і больш не грашы.

12 Зноў кажа Ісус да народу: Я сьвятло сьвету; хто пойдзе за Мною, той ня будзе хадзіць у цемры, але меціме сьвятло жыцьця.

13 Тады фарысэі сказалі Яму: Ты Сам аб Сабе сьведчыш, ды непраўдзівае сьвядоцтва Тваё.

14 Адказаў ім Ісус і сказаў: калі Я і Сам аб Сабе сьведчу, то сьвядоцтва Маё справядлівае, бо Я ведаю, адкуль прыйшоў і куды іду; а вы ня ведаеце, адкуль Я і куды іду.

15 Вы судзіце па целу; Я ня суджу нікога.

16 А калі і суджу Я, то суд Мой справядлівы, бо Я не адзін, але Я і Ацец, што паслаў Мяне.

17 I ў законе-ж вашым напісана, што сьведчаньне двох чалавек справядлівае. (Другазак. 19, 15).

18 Я Сам сьведчу аб Сабе і сьведчыць аба Мне Ацец, які паслаў Мяне.

19 Тады сказалі Яму: дзе Ацец Твой? Ісус адказаў ім: вы ня ведаеце ні Мяне, ні Айца Майго. Калі-б вы ведалі Мяне, ведалі б і Айца Майго.

20 Гэтыя словы гаварыў Ісус ля скарбніцы, калі вучыў у царкве; і ніхто ня ўзяў Яго, бо яшчэ ня прыйшоў час яго.

21 I ізноў сказаў ім Ісус: Я адыходжу, і будзеце шукаць Мяне; і паўміраеце ў грэху сваім. Куды іду Я, вы прыйсьці ня можаце.

22 Жыды-ж гаварылі: ці не заб'е Ён Сябе Сам, што кажа: куды Я іду, вы ня можаце прыйсьці?

23 I сказаў ім: вы ад нізу, Я-ж з вышыні; вы з гэтага сьвету, Я ня з гэтага сьвету;

24 сказаў жа Я вам, што паўміраеце ў грахох вашых; бо калі не паверыце, што гэта Я, то памрэцё ў грахох вашых.

25 Яны-ж сказалі Яму: хтож Ты? I сказаў ім Ісус: Адпачатны, як і кажу вам;

26 многа маю гаварыць аб вас і судзіць; але Той, што паслаў Мяне, справядлівы, што Я чуў ад Яго, тое й кажу сьвету.

27 Не зразумелі, што Ён гаварыў ім аб Айцу.

28 I сказаў ім Ісус: як падыймеце Сына Чалавечага, тады даведаецеся, што гэта Я і што нічога ня роблю ад Сябе, але як наўчыў Мяне Ацец Мой, так і гавару.

29 I са Мною Той, што паслаў Мяне: Ацец не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды роблю тое, што падабаецца Яму.

30 Калі Ён гаварыў гэтае, многія ўверавалі ў Яго.

31 Тады сказаў Ісус увераваўшым у Яго Жыдом: калі астанецёся ў слове Маім, дык запраўды вы вучні Mаі.

32 I пазнаеце праўду, і праўда зробіць вас вольнымі.

33 Яму адказалі: мы семя Аўраама і нікому ніколі ня былі рабамі; як жа Ты кажаш: станецеся вольнымі.

34 Ісус адказаў ім: запраўды, запраўды кажу вам: усякі, хто грашыць, ёсьць нявольнік грэху.

35 Але раб ня жыве ў доме вечна: сын астаецца вечна.

36 Дык вось, калі Сын вызваліць вас, то запраўды вольнымі будзеце.

37 Ведаю, што вы семя Аўраама, аднак жа шукаеце, каб забіць Мяне, бо слова Маё не ўмяшчаецца ў вас.

38 Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго, а вы робіце тое, што бачылі ў айца вашага.

39 Яны адказалі Яму і сказалі: ацец наш — Аўраам. Ісус сказаў ім: калі-б вы былі дзеці Аўраама, то рабілі бы ўчынкі Аўраамавы.

40 А цяпер шукаеце, як забіць Мяне, чалавека, што сказаў вам праўду, якую чуў ад Бога; Аўраам гэтага не рабіў.

41 Вы робіце ўчынкі айца вашага. На гэтае сказалі Яму: мы не з распусты роджаны; аднаго Айца маем, Бога.

42 Ісус сказаў ім: калі-б Бог быў ваш Ацец, то вы любілі-б Мяне, бо Я з Бога выйшаў і прыходжу; бо Я ня Сам ад Сябе прыйшоў, але Ён паслаў Мяне.

43 Чаму вы не разумееце гутаркі Мае? Бо ня можаце слышаць слова Майго.

44 Ваш ацец д'ябал, і вы хочаце выпаўняць жаданыіі айца вашага. Ён быў душагуб ад пачатку і ня ўстоіў у праўдзе; бо яе няма ў ім. Калі ен гаворыць брахню, гаворыць сваё, бо ён брахун і бацька ілжы.

45 А як Я праўду гавару, то ня верыце Мне.

46 Хто з вас дакажа Мой грэх? Калі-ж Я гавару праўду, чаму вы ня верыце Мне?

47 Хто ад Бога, той слухае словы Божыя; вы затым ня слухаеце, што вы не ад Бога.

48 На гэтае адказалі Яму Жыды і сказалі: ці-ж няпраўду мы кажам, што Ты Самаранін, і што злы дух у Табе?

49 Ісус адказаў: у ва Мне дэмана няма; але Я паважаю Айца Свайго, а вы зьняважаеце Мяне.

50 Дый Я-ж ня шукаю славы для Мяне; ёсьць Той, што шукае і судзіць.

51 Запраўды, запраўды кажу вам: хто выпаўняе слова Маё, ня ўгледзіць сьмерці давеку.

52 Жыды сказалі Яму: цяпер даведаліся мы, што ў Табе дэман. I Аўраам памёр, і прарокі, а Ты кажаш: хто выпаўніць слова Маё, той не спазнае сьмерці давеку.

53 Няўжо-ж Ты большы за айца нашага Аўраама, які ўмёр? і прарокі ўмярлі: за каго Ты Сябе выдаеш?

54 Ісус адказаў: калі Я Сам Сябе выслаўляю, то слава Мая нішто. Мяне выслаўляе Ацец Мой, аб каторым вы гаворыце, што Ён Бог ваш.

55 I вы не пазналі Яго, а Я знаю Яго, і калі скажу, што ня знаю Яго, то буду падобны да вас брахун. Але Я знаю Яго і выпаўняю слова Яго.

56 Аўраам, ацец ваш, рад быў бачыць дзень Мой; і ўгледзіў і ўцешыўся.

57 На гэтае сказалі Яму Жыды: Табе няма яшчэ пяцідзесяцёх гадоў, і Ты бачыў Аўраама?

58 Ісус адказаў ім: запраўды, запраўды кажу вам: перш, чымся нарадзіўся Аўраам, быў Я.

59 Тады ўзялі каменьні, каб кінуць у Яго, але Ісус укрыўся і выйшаў з царквы, прайшоўшы між імі; і пайшоў далей.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст