Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Адкрыцьце сьв. Іоана Багаслова


 

 

Адкрыцьце сьв. Іоана Багаслова

01020304050607080910
111213141516171819202122

 

Разьдзел 9

1 I пяты Ангел затрубіў, і ўгледзіў я зорку, якая ўпала з неба, і дадзены быў ей ключ ад калодзежа бяздоньня;

2 і адамкнула яна калодзеж бяздоньня, і ўзьняўся з калодзежа дым, быццам дым з вялізарнае печы; і зацьмілася сонца й паветра ад дыму з калодзежа.

3 I з дыму выйшла на зямлю саранча, і дадзена ей улада, як маюць уладу скарпіоны зямныя;

4 і сказана ей, каб не рабіла шкоды траве зямной, ані зельлю ніякаму, ані дрэву ніякаму, а толькі адным людзям, якія ня маюць пячаці Божае на лабох сваіх;

5 і дадзена ей, каб іх не забівала на сьмерць, але каб мучыла пяць месяцаў; і мука ад яе, як мука ад скарпіона, калі ўкусе чалавека.

6 і ў гэтыя дні шукацімуць людзі сьмерці і ня знойдуць яе; і жадацімуць памерці, ды сьмерць будзе ўцякаці ад іх.

7 I выгляд саранчы падобны да каней, прыгатаваных да бітвы, і на галовах у яе быццам вянкі, падобныя да золата; і твары ў яе быццам твары чалавечыя.

8 I валасы мела, як валасы ў жанок; і зубы ў яе як у львоў былі.

9 I мела панцыры, быццам панцыры зялезныя; і гук ад крыльляў яе быццам гук ад вазоў, калі множства каней бягуць на бітву.

10 I мае хвасты, падобныя да скарпіонавых, і ў хвастох у яе джала было; і ўлада яе — шкодзіць людзям пяць месяцаў.

11 I мае над сабою за цара ангела бяздоньня: імя яму па-жыдоўску Аваддон, а пагрэцку мае імя Апольліон. *)

12 Адно гора прайшло; вось, ідуць яшчэ два горы за ім.

13 I шосты Ангел затрубіў, і пачуў я адзін голас із чатырох вуглоў залатога ахвярніку, што перад Богам,

14 які мовіў да шостага Ангела, што меў трубу: Разьвяжы чатырох Ангелаў, што зьвязаны над вялікай ракой Эўфратам.

15 I разьвязаны былі чатыры ангелы, што былі прыгатаваны на гадзіну і дзень, і месяц, і год, каб забіці траціну людзей.

16 I лічба коннага войска дзьве мірыяды мірыяд; і я чуў лічбу іх.

17 І гэтак бачыў я коні ў прывідзе і коньнікаў на іх, што мелі панцыры агністыя і гіяцынтавыя і серкавыя; і галовы ў каней, як галовы у львоў, і із ратоў іх выходзе агонь і дым і серка;

18 трыма гэтымі была забіта траціна людзей: агнем і дымам і серкай, што выходзілі із ратоў іхніх.

19 Бо сіла іхняя у ратох іх; бо хвасты ў іх падобныя да зьмеяў, маюць галовы ды імі шкодзяць.

20 I рэшта людзей, што ня былі пазабіваны плягамі гэтымі, не пакаяліся ў дзелох рук сваіх, каб не пакланяцца дэманам ды ідалам залатым і сярэбраным, і мядзяным, і каменным, і драўляным, што ані бачыць ня могуць, ані чуць, ані хадзіць;

21 і не пакаяліся ў забойствах сваіх, ані ў чараваньнях сваіх, ані ў распуснасьці сваёй, ані ў крадзежах сваіх.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст