Галоўная > Вялікі тыдзень > Вялікая Серада

Вялікая Серада


19 лютага 2008.
ЮТРАНЬ

Пачатак, уключна з трапаром, як у Вялікі Панядзелак.

Сядальная песьня 1 (Тон 3): Блудніца прыступілася да Цябе і паліла ногі Твае, Чалавекалюбча, духмяным алеем і сьлязьмі, і Тваім загадам вызвалілася ад смуроду паганых учынкаў сваіх; а няўдзячны вучань, хоць ён дыхаў Тваёй ласкаю, адкідае яе, і апранаецца ў смурод хцівасьці, прадаўшы Цябе. Слава, Хрысьце, добрасардэчнасьці Тваёй.
Слава ... Цяпер ..: Тое самае.

Сядальная песьня 2 (Тон 4): Юда крывадушны, ахоплены любоўю да грошай, разважае, як прадаць Цябе, Госпадзе, Скарб жыцьця. Ап'янелы хцівасьцю, ён ідзе да юдэяў, і кажа беззаконным: "Што дасьцё мне за тое, што выдам Яго вам на ўкрыжаваньне?".
Слава ... Цяпер ..: Тое самае.

Сядальная песьня 3 (Тон 1): Грэшніца з плачам усклікнула Табе, шчодры Госпадзе, аціраючы ўсячыстыя ногі Твае валасамі галавы сваёй, і стогнучы з глыбіні душы: "Не адкінь мяне і ня брыдзіся мною, Божа мой, але прымі маё каяньне і збаў мяне, бо Ты адзіны Чалавекалюбец".
Слава ... Цяпер ...: Тое самае.

Чытаньне Сьвятога Евангельля паводле Яна (12:17-50)

У той час увесь народ, які быў з Ісусам, сьведчыў, што Ён выклікаў Лазара з магілы і ўваскрасіў яго з мёртвых. Таму і выйшаў натоўп Яму насустрач, бо пачуў, што Ён зрабіў цуд. Фарысэі ж гаварылі адзін аднаму: "Бачыце, што нічога не дасягаеце: увесь сьвет пайшоў за Ім". Сярод тых, што прыйшлі на сьвята пакланіцца, былі некаторыя грэкі. Яны падышлі да Піліпа, што з Бэтсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: "Спадару, хочам бачыць Ісуса". Піліп пайшоў і сказаў Андрэю. Тады Андрэй і Піліп пайшлі і сказалі Ісусу. А Ісус даў ім такі адказ: "Прыйшла гадзіна, каб уславіўся Сын Чалавечы. Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, яно застанецца адно, а калі памрэ, прынясе багаты плён. Хто любіць сваю душу, той загубіць яе; а хто ненавідзіць сваю душу на гэтым сьвеце, зьберажэ яе для вечнага жыцьця. Хто хацеў бы служыць Мне, хай ідзе за Мною, і дзе Я, там будзе і Мой слуга. Калі нехта служыць Мне, ушануе яго Мой Айцец. Цяпер душа Мая ўстрывожаная, і што Мне сказаць? Ойча, вызвалі Мяне ад гэтай гадзіны! Але ж таму Я і прыйшоў, на гэтую гадзіну. Ойча, праслаў імя Тваё!". Тады пачуўся голас з неба: "Праславіў і яшчэ праслаўлю!". Народ жа, які стаяў і чуў, казаў: "Загрымела", а іншыя казалі: "Анёл гаварыў з Ім". У адказ Ісус сказаў: "Ня дзеля Мяне гэты голас, а дзеля вас. Цяпер адбываецца суд над гэтым сьветам, цяпер князь гэтага сьвету будзе выкінуты вон. А Я, калі буду ўзьнесены над зямлёю, прыцягну ўсіх да сябе". Гэта сказаў Ён, даючы зразумець, якой сьмерцю належала Яму памерці. Народ адказаў Яму: "Мы ведаем з Закону, што Хрыстос застаецца давеку, дык як жа Ты кажаш, што Сын Чалавечы павінен быць узьнесены? Хто гэты Сын Чалавечы?". Ісус сказаў ім: "Яшчэ на кароткі час сьвятло ёсьць сярод вас. Хадзіце, пакуль маеце сьвятло, каб цемра не агарнула вас. Хто ходзіць у цемры, ня ведае, куды ідзе. Пакуль маеце сьвятло, верце ў сьвятло, каб вам быць сынамі сьвятла". Гэта казаў Ісус і, адышоўшы, схаваўся ад іх. I хоць столькі цудаў учыніў Ён перад імі, яны ня ўверылі ў Яго, каб спраўдзілася слова прарока Ісаі, які сказаў: "Госпадзе, хто паверыў чутаму ад нас, і рука Гасподняя каму аб'явілася?". Яны таму не маглі ўверыць, што, як зноў сказаў Ісая: "Асьляпіў іхнія вочы і цьвёрдымі зрабіў іхнія сэрцы, каб яны ня бачылі вачыма і не зразумелі сэрцам і не навярнуліся, каб Я ацаліў іх". Гэта сказаў Ісая, бо бачыў Ягоную славу і аб Ім казаў. Між тым многія з начальнікаў уверылі ў Яго, але са страху перад гэбрэямі не прызнаваліся, каб іх не адлучылі ад сынагогі. Бо яны ўзьлюбілі чалавечую хвалу больш за хвалу Божую. А Ісус усклікнуў і сказаў: "Хто верыць у Мяне, верыць не ў Мяне, але ў Таго, хто Мяне паслаў. I хто бачыць Мяне, бачыць Таго, хто паслаў Мяне. Я прыйшоў на сьвет як сьвятло, каб кожны, хто верыць у Мяне, не заставаўся ў цемры. А калі нехта пачуе словы Мае, але іх не захавае, то Я яго не суджу: Я не прыйшоў судзіць сьвет, але збавіць сьвет. Хто пагарджае Мною і не прымае Маіх словаў, той мае свайго судзьдзю: слова, якое Я сказаў, будзе судзіць яго ў апошні дзень. Бо Я не ад сябе казаў, але Той, хто Мяне паслаў, Айцец, сам даў Мне наказ, што Мне сказаць і што абвясьціць. Тое, што кажу, кажу, як сказаў Мне Айцец".

Псалом 50.
Малітва:
"Збаў, Божа, людзей Тваіх...".

Трысьпеў (Тон 2)
Песьня 3

Ірмас: Ты паставіў мяне на камені веры і даў мне магутны голас супраць ворагаў маіх. Мой дух усьцешыўся, і я запяяў: "Ніхто не сьвяты, апрача Бога нашага, і няма праведнага, апрача Цябе, Госпадзе".
Дарма зьбіраецца беззаконнае зборышча, каб злачынна асудзіць Цябе, Хрысьце Збавіцелю, якому пяём: "Ты Бог наш, і ніхто не сьвяты, апрача Цябе, Госпадзе".
Злачыннае зборышча беззаконных з нянавісьцю да Бога ў душы, разважае, як забіць, нібы злачынцу, праведнага Хрыста, якому пяём: "Ты Бог наш, і ніхто не сьвяты, апрача Цябе, Госпадзе".

Кандак (Тон 4): Я грашыў горш за блудніцу, але ніколі не прыносіў Табе струменяў сьлёз. Цяпер моўчкі прыбягаю да Цябе і з любоўю цалую ўсячыстыя ногі Твае, каб Ты, Уладару і Збавіцелю, даў адпушчэньне даўгоў мне, што клічу: "Ад паганых учынкаў маіх збаў мяне".
Ікас: Жанчына, што была раней блудніцаю, сталася імгненна цнатліваю і ўзьненавідзела свае бессаромныя ўчынкі і слодычы цялесныя, калі прыгадала вялікі сорам і мукі, на якія будуць асуджаныя блудніцы і грэшнікі, сярод якіх я першы. Хоць баюся суду, але, як бяздумны, не пакідаю благіх шляхоў маіх. А жанчына грэшніца збаялася, сьпешна прыйшла да Збавіцеля і ўсклікнула: "Добры Чалавекалюбча, ад бруду ўчынкаў маіх ачысьці мяне!".

Песьня 8

Ірмас: На загад мучыцеля печ была распаленая ў сем разоў. Але полымя не спаліла юнакоў, якія, не паслухаўшыся загаду цара, усклікалі: "Усе творы Гасподнія, слаўце Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!".
Жанчына паліла духмяным алеем Тваю, Хрысьце, Боскую і пачэсную галаву, дакранулася да Тваіх усячыстых ног сваімі апаганенымі рукамі і ўсклікнула: "Усе творы Гасподнія, слаўце Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!".
Грэшніца абмывае сьлязьмі ногі Творцы і выцірае іх сваімі валасамі; і, атрымаўшы адпушчэньне грахоў, зробленых ёю ў жыцьці, кліча на ўвесь голас: "Усе творы Гасподнія, слаўце Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!".
Збавеннай любоўю да Бога і струменямі сьлёз удзячная жанчына атрымала выкуп за свае грахі; абмытая дачыста сваім вызнаньнем, яна не пасаромелася ўсклікаць на ўвесь голас: "Усе творы Гасподнія, слаўце Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!".

Песьня 9

Ірмас: З душою чыстаю і неапаганенымі вуснамі, хадзеце, будзем славіць беззаганную і ўсесьвятую Маці Эмануэля, і праз Яе прынясем малітву Народжанаму ад Яе: "Пашкадуй, Хрысьце Божа, душы нашыя і збаў нас!".
Няўдзячны і поўны зайздрасьці і злосьці Юда дамаўляецца пра цану Дару Божага, праз Якога доўг грахоўны быў сплочаны. Пашкадуй, Хрысьце Божа, душы нашыя і збаў нас!
Юда пайшоў да беззаконных начальнікаў і сказаў: "Што дасьцё мне за тое, што прадам вам Хрыста, якога шукаеце?". За грошы ён адкінуў прыязьнь Хрыстовую. Пашкадуй, Хрысьце Божа, душы нашыя і збаў нас!
Засьлеплены срэбралюбствам, ты забыўся, як Хрыстос вучыў, што душа больш вартасная за ўвесь сьвет. Таму ў роспачы ты, здраднік, павесіўся. Пашкадуй, Хрысьце Божа, душы нашыя і збаў нас!

Экзапастылар (Тон 3): Сьвятліцу бачу, Збавіцелю, упрыгожаную, але вопраткі ня маю, каб увайсьці ў яе: прасьвятлі вопратку душы маёй, Сьветладайны, і збаў мяне.

Пахвальныя псалмы
(Тон 1): У Табе, Сыне Дзевы, блудніца пазнала Бога і з плачам памалілася Табе, бо грахі яе былі вартыя сьлёз. "Разьвяжы путы грахоў маіх, – усклікнула яна, – як я разьвязваю валасы. Хоць я заслужыла на пакараньне, але Ты яві мне любоў сваю, і я сярод мытнікаў буду прапаведаваць Цябе, Дабрачынца мой і Чалавекалюбча!".
Грэшніца зьмяшала духмяны алей са сьлязьмі і паліла ім усячыстыя ногі Твае, цалуючы іх, і Ты яе апраўдаў. Даруй і нам прабачэньне, Госпадзе, што захацеў за нас пацярпець, і збаў нас.
Грэшніца прынесла духмяны алей, а вучань дамовіўся з беззаконьнікамі. Яна з радасьцю выліла каштоўны алей; ён пайшоў прадаць Бясцэннага. Яна прызнала Хрыста Госпадам; ён адпаў ад Настаўніка. Яна атрымала вызваленьне, а Юда стаўся нявольнікам ворага. Страшная скамянеласьць ягонага сэрца! Вялікае ейнае пакаяньне! Даруй яго і нам, Збавіцелю, што за нас пацярпеў, і збаў нас.
Бессардэчны Юда бачыў, як грэшніца цалавала ногі Твае, і вырашыў пацалункам падступна прадаць Цябе. Яна разьвязала валасы свае, а ён быў зьвязаны злосьцю. Замест духмянага алею ён прынёс смурод нянавісьці, бо зайздрасьць сьляпая на дабро. О Юдава бессардэчнасьць! Сьцеражы ад яе, Божа, душы нашыя!
Слава ...
(Тон 2): Грэшніца пайшла сьпешна купіць каштоўнага алею, каб памазаць Дабрачынцу, і ўсклікнула голасна купцу: "Дай мне алею, каб памазаць Таго, хто ачысьціў мяне ад грахоў маіх!".
Цяпер ...
(Тон 6): Топячыся ў сваіх грахох, блудніца знайшла ў Табе прыстанак збаўленьня і, льючы алей, зьмяшаны са сьлязьмі, усклікнула: "Госпадзе, Ты бачыш грэшных і прымаеш іхняе каяньне. Збаў мяне, якая таплюся ў моры грахоў, у вялікай міласэрнасьці Тваёй!".

Вершапесьні
(Тон 6): Сёньня Хрыстос прыходзіць у дом фарысэя, і грэшніца падыходзіць да Яго, падае да Ягоных ног і ўсклікае: "Глянь на мяне, якая таплюся ў грахох; я ў роспачы ад учынкаў маіх; але Ты, Госпадзе, у любові Тваёй не адкінь мяне, але даруй адпушчэньне грахоў і збаў мяне".
Верш: Зранку мы напоўніліся любоўю Тваёю, Госпадзе, узрадаваліся і ўсьцешыліся.
Блудніца распусьціла валасы свае перад Табою, Уладару, а Юда працягнуў рукі да беззаконьнікаў; тая атрымала адпушчэньне грахоў, а ён атрымаў срэбранікі. Славім Цябе, што быў прададзены, каб нас зрабіць свабоднымі, і ўсклікаем: "Госпадзе, слава Табе!".
Верш: Будзем цешыцца праз усе дні жыцьця нашага за дні, калі Ты нас упакорыў, за гады, калі мы цярпелі гора. Хай слугі Твае ўбачаць творы Твае, а сыны іх – славу Тваю.
Падышла да Цябе, любы Збавіцелю, жанчына, грэшная і апаганеная і, плачучы ў прадбачаньні Тваіх мукаў, казала: "Ня сьмею глянуць на Цябе, Уладару. Але ж Ты прыйшоў, каб збавіць мяне, грэшніцу. Я мёртвая: уздымі мяне з бездані, як Ты ўзьняў на чацьверты дзень Лазара з магілы; прымі мяне, няшчасную, Госпадзе, і збаў мяне".
Верш: Хай сьветласьць Госпада Бога нашага будзе на нас; глянь прыхільна на працу рук нашых! Дай посьпех працы рук нашых!
У роспачы ад свайго грэшнага жыцьця і дрэнных звычак, добра вядомых усім, жанчына прыйшла да Цябе з духмяным алеем і ўсклікнула на ўвесь голас: "Не адкінь мяне, грэшніцу, Сыне Дзевы; не пагардзі сьлязьмі маімі, Радасьць анёлаў; але прымі маё каяньне, Госпадзе, і ў вялікай міласэрнасьці Тваёй збаў мяне!".
Слава ... Цяпер ...
(Твор манашкі Касіяны, тон 8): Жанчына, што ўпала ў шматлікія грахі, усьвядоміла Боства Тваё, Госпадзе, і выканала абавязак міраносіцы; перад Тваім пахаваньнем яна прынесла духмяны алей і, плачучы наўзрыд, казала: "Гора мне! Ноч атачае мяне, цёмная і бязьмесячная, і распальвае ўва мне грэшныя пажаданьні. Прымі струмені сьлёз маіх, Ты, што водамі з хмараў напаўняеш мора. Прыхіліся да стогнаў сэрца майго, Ты, што ў невыказным спусташэньні сваім нахіліў неба. Я буду цалаваць найчыстыя ногі Твае і аціраць іх валасамі галавы маёй – ногі, крокі якіх Эва пачула апоўдні ў раі і ў страху схавалася. Хто можа зьведаць мноства грахоў маіх і бездань судоў Тваіх, Збавіцелю душы маёй? Не адкінь мяне, слугу Тваю, у бязьмернай міласэрнасьці Тваёй".

ШОСТАЯ ГАДЗІНА


Трапар прароцтва (Тон 8): Сёньня сабралася бязбожнае зборышча, каб Цябе няправедна абвінаваціць. Сёньня Юда дамаўляецца з беззаконнымі і атрымлівае пятлю як паруку; а Каяфа супраць волі сваёй вызнае, што Ты адзін за ўсіх прымаеш сьмерць. Збавіцелю наш Хрысьце Божа, слава Табе.

Пракімен (Пс 133): Няхай блаславіць вас з Сыёну Госпад, які стварыў неба і зямлю.
Верш: Блаславіце Госпада, усе слугі Гасподнія.

Чытаньне кнігі прарока Езекіеля (2:3-3:3)

Госпад сказаў мне: "Сыне чалавечы, пасылаю цябе да сыноў Ізраіля, якія засмуцілі мяне. Яны і айцы іхнія выступаюць супраць Мяне аж да сёньняшняга дня. Гэта людзі з нахабнымі тварамі і цьвёрдымі сэрцамі. Я пашлю цябе да іх, і ты ім скажаш: Так кажа Госпад Бог. Ці яны паслухаюць, ці не – бо народ яны ўпарты, – будуць прынамсі ведаць, што прарок быў сярод іх. Ня бойся іх і не палохайся твару іхняга, нават калі б вакол цябе быў асот і церне і калі б ты апынуўся сярод скарпіёнаў. Ня бойся іхніх словаў, і выгляду іхняга не палохайся: яны дом бунтароў. Ты будзеш казаць ім мае словы, ці яны будуць слухаць іх, ці не, бо яны дом бунтароў. Ты ж, сыне чалавечы, слухай, што буду казаць табе: ня будзь бунтаўніком, як той дом бунтарскі. Адкрый рот і спажывай, што дам табе".
Глянуў я, і вось рука працягнутая да мяне, а ў ёй – скрутак. Разгарнуў я яго перада мною, а ён сьпісаны з абодвух бакоў, і выпісаныя былі на ім жалі, стогны і скаргі.
I сказаў мне Ён: "Сыне чалавечы, зьеш тое, што тут перад табою, і ідзі, прамаўляй да дому Ізраіля". Я адчыніў вусны, і Ён даў мне спажыць гэты скрутак. I сказаў мне: "Сыне чалавечы, зьеш і напоўні нутро тваё гэтым скруткам, які Я даў табе". Я зьеў яго, і ў вуснах маіх ён быў салодкі як мёд.

Пракімен (Пс 134): Усе вы, што баіцеся Госпада, блаславіце Госпада.
Верш: Хваліце імя Гасподняе; хваліце, слугі, Госпада.

ЛІТУРГІЯ РАНЕЙ АСЬВЯЧАНЫХ ДАРОЎ


На "Госпадзе, Цябе клічу..." – 10 песьняў з Пахвальных псалмаў і вершапесьняў ютрані.
(Тон 1): У Табе, Сыне Дзевы, блудніца пазнала Бога і з плачам памалілася Табе, бо грахі яе былі вартыя сьлёз. "Разьвяжы путы грахоў маіх, – усклікнула яна, – як я разьвязваю валасы. Хоць я заслужыла на пакараньне, але Ты яві мне любоў сваю, і я сярод мытнікаў буду прапаведаваць Цябе, Дабрачынца мой і Чалавекалюбча!".
Грэшніца зьмяшала духмяны алей са сьлязьмі і паліла ім усячыстыя ногі Твае, цалуючы іх, і Ты яе апраўдаў. Даруй і нам прабачэньне, Госпадзе, што захацеў за нас пацярпець, і збаў нас.
Грэшніца прынесла духмяны алей, а вучань дамовіўся з беззаконьнікамі. Яна з радасьцю выліла каштоўны алей; ён пайшоў прадаць Бясцэннага. Яна прызнала Хрыста Госпадам; ён адпаў ад Настаўніка. Яна атрымала вызваленьне, а Юда стаўся нявольнікам ворага. Страшная скамянеласьць ягонага сэрца! Вялікае ейнае пакаяньне! Даруй яго і нам, Збавіцелю, што за нас пацярпеў, і збаў нас.
Бессардэчны Юда бачыў, як грэшніца цалавала ногі Твае, і вырашыў пацалункам падступна прадаць Цябе. Яна разьвязала валасы свае, а ён быў зьвязаны злосьцю. Замест духмянага алею ён прынёс смурод нянавісьці, бо зайздрасьць сьляпая на дабро. О Юдава бессардэчнасьць! Сьцеражы ад яе, Божа, душы нашыя!
(Тон 2): Грэшніца пайшла сьпешна купіць каштоўнага алею, каб памазаць Дабрачынцу, і ўсклікнула голасна купцу: "Дай мне алею, каб памазаць Таго, хто ачысьціў мяне ад грахоў маіх!".
(Тон 6): Топячыся ў сваіх грахох, блудніца знайшла ў Табе прыстанак збаўленьня і, льючы алей, зьмяшаны са сьлязьмі, усклікнула: "Госпадзе, Ты бачыш грэшных і прымаеш іхняе каяньне. Збаў мяне, якая таплюся ў моры грахоў, у вялікай міласэрнасьці Тваёй!".
(Тон 6): Сёньня Хрыстос прыходзіць у дом фарысэя, і грэшніца падыходзіць да Яго, падае да Ягоных ног і ўсклікае: "Глянь на мяне, якая таплюся ў грахох; я ў роспачы ад учынкаў маіх; але Ты, Госпадзе, у любові Тваёй не адкінь мяне, але даруй адпушчэньне грахоў і збаў мяне".
Блудніца распусьціла валасы свае перад Табою, Уладару, а Юда працягнуў рукі да беззаконьнікаў; тая атрымала адпушчэньне грахоў, а ён атрымаў срэбранікі. Славім Цябе, што быў прададзены, каб нас зрабіць свабоднымі, і ўсклікаем: "Госпадзе, слава Табе!".
Падышла да Цябе, любы Збавіцелю, жанчына, грэшная і апаганеная і, плачучы ў прадбачаньні Тваіх мукаў, казала: "Ня сьмею глянуць на Цябе, Уладару. Але ж Ты прыйшоў, каб збавіць мяне, грэшніцу. Я мёртвая: уздымі мяне з бездані, як Ты ўзьняў на чацьверты дзень Лазара з магілы; прымі мяне, няшчасную, Госпадзе, і збаў мяне".
У роспачы ад свайго грэшнага жыцьця і дрэнных звычак, добра вядомых усім, жанчына прыйшла да Цябе з духмяным алеем і ўсклікнула на ўвесь голас: "Не адкінь мяне, грэшніцу, Сыне Дзевы; не пагардзі сьлязьмі маімі, Радасьць анёлаў; але прымі маё каяньне, Госпадзе, і ў вялікай міласэрнасьці Тваёй збаў мяне!".
Слава ... Цяпер ...
(Твор манашкі Касіяны, тон 8): Жанчына, што ўпала ў шматлікія грахі, усьвядоміла Боства Тваё, Госпадзе, і выканала абавязак міраносіцы; перад Тваім пахаваньнем яна прынесла духмяны алей і, плачучы наўзрыд, казала: "Гора мне! Ноч атачае мяне, цёмная і бязьмесячная, і распальвае ўва мне грэшныя пажаданьні. Прымі струмені сьлёз маіх, Ты, што водамі з хмараў напаўняеш мора. Прыхіліся да стогнаў сэрца майго, Ты, што ў невыказным спусташэньні сваім нахіліў неба. Я буду цалаваць найчыстыя ногі Твае і аціраць іх валасамі галавы маёй – ногі, крокі якіх Эва пачула апоўдні ў раі і ў страху схавалася. Хто можа зьведаць мноства грахоў маіх і бездань судоў Тваіх, Збавіцелю душы маёй? Не адкінь мяне, слугу Тваю, у бязьмернай міласэрнасьці Тваёй".

Пракімен (Пс 135): Аддайце падзяку Богу нябеснаму, бо міласэрнасьць Яго трывае давеку.
Верш: Аддайце падзяку Богу багоў, бо міласэрнасьць Яго трывае давеку.

Чытаньне кнігі Выхаду (2:11-22)

Пасьля пэўнага часу Майсей, будучы ўжо дарослым, пайшоў наведаць братоў сваіх (сыноў Ізраіля) і ўбачыў, як цяжка яны працуюць. Убачыў ён таксама егіпцяніна, які зьдзекаваўся з гэбрэя. Глянуўшы на ўсе бакі, і ўпэўніўшыся, што нікога няма, ён забіў егіпцяніна і схаваў яго ў пяску. На другі дзень ён зноў прыйшоў і ўбачыў, як два гэбрэі сварыліся між сабою. I сказаў ён крыўдзіцелю: "Чаму б'еш бліжняга твайго?". А той адказаў яму: "Хто паставіў цябе начальнікам і судзьдзёю над намі? Ці ня хочаш забіць мяне, як ты забіў егіпцяніна?". Спалохаўся Майсей і падумаў: "Напэўна ўся справа станецца вядомаю". Фараон пачуў аб гэтай справе і хацеў забіць Майсея. Але Майсей уцёк ад фараона і пайшоў у краіну Мадыян, і затрымаўся там каля студні. А сьвятар мадыянітаў меў сем дачок, якія пасьвілі авечкі бацькі свайго Ятра. Яны прыйшлі да студні зачэрпаць вады, каб напоўніць ночвы і напаіць чараду іхняга бацькі. Але прыйшлі (іншыя) пастухі і адагналі іх. Тады Майсей, устаўшы, абараніў іх і напаіў іхніх авечак. Калі яны вярнуліся да Рагуэля, бацькі свайго, той спытаўся ў іх: "Чаму вярнуліся так рана?". Яны адказалі: "Егіпцянін абараніў нас перад пастухамі, зачэрпаў вады і напаіў нашых авечак". Тады сказаў ён дочкам сваім: "А дзе ж ён? Чаму вы пакінулі гэтага чалавека? Ідзіце паклічце яго, хай есьць з намі хлеб". Майсей застаўся жыць у гэтага чалавека, і той даў яму дачку сваю Сапфору за жонку. I нарадзіла яна яму сына, і даў яму імя Гірсам, бо казаў: "Я прыхадзень у гэтай чужой краіне". I, зачаўшы зноў, нарадзіла другога сына, і ён даў яму імя Еліазар, кажучы: "Бог бацькі майго быў мне памочнікам і выбавіў мяне з рукі фараона".

Пракімен (Пс 137): Міласэрнасьць Твая, Госпадзе, вечна трывае: не пагардзі творамі рук Тваіх.
Верш: Буду славіць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім; перад анёламі буду пяяць славу Тваю.

Чытаньне кнігі Ёва (2:1-11)

Аднаго дня анёлы Божыя прыйшлі, каб стаць перад Госпадам, і шатан прыйшоў з імі. I сказаў Госпад шатану: "Адкуль прыходзіш?". Адказаў шатан Госпаду: "Я хадзіў па зямлі і абышоў яе". Сказаў Госпад шатану: "Ці ты зьвярнуў увагу на слугу Майго Ёва? Бо няма на зямлі другога такога чалавека як ён – беззаганнага, справядлівага, багабойнага, які пазьбягае зла. Ён і цяпер трымаецца праведнасьці, хоць ты наставіў Мяне супраць яго, але дарма". На гэта шатан адказаў Госпаду: "Скура за скуру. Усё, што мае чалавек, аддасьць за сваё жыцьцё. Але працягні руку Тваю і дакраніся да ягоных косьцяў і цела: ці і тады будзе ён Цябе бласлаўляць?". I сказаў Госпад шатану: "Вось аддаю яго ў твае рукі. Толькі жыцьцё ягонае захавай". Шатан адышоў ад твару Госпада і абсыпаў Ёва лютай праказаю з ног да галавы. I той узяў чарапок, каб саскрабаць гной свой, і сеў на попеле вонках гораду. Пасьля нейкага часу сказала яму ягоная жонка: "Як доўга яшчэ будзеш цярпець, кажучы: «Пачакаю яшчэ крыху ў надзеі на вызваленьне?». Глянь, ужо і памяць твая згінула на зямлі, і дзеці твае – дарэмны боль і высілак улоньня майго; ты ж сам сядзіш начамі вонках сярод чарвівага гнільля, а я на службе ў чужых валачуся з месца на месца, з аднаго дому ў другі, чакаючы захаду сонца, каб адпачыць ад цяжкасьцяў і болю, якія мяне паабсядалі; дык скажы нешта супраць Госпада і памры". Але ён, глянуўшы на яе, сказаў: "Ты гаворыш, як шалёная жанчына. Мы прымалі добрае з рукі Госпада: ці ж ня можам прыняць благое?". Ва ўсім, што здарылася з ім, Ёў не зграшыў вуснамі сваімі супраць Бога і не пракляў Яго.

Сьвятое Евангельле паводле Мацьвея (26:6-16)

Калі Ісус быў у Бэтаніі, у доме Сымона пракажонага, падышла да Яго жанчына, якая мела алябастравы збан каштоўнага алею, і выліла Яму алей на галаву, калі Ён узьлягаў за сталом. Убачыўшы гэта, вучні Ягоныя абурыліся і сказалі: "Навошта такое марнатраўства? Можна было б прадаць за дарагую цану і раздаць бедным". Але Ісус, заўважыўшы гэта, сказаў ім: "Навошта робіце прыкрасьць жанчыне? Яна зрабіла добрае для Мяне. Бо ўбогіх заўсёды маеце з сабою, а Мяне не заўсёды маеце. Узьліўшы гэты алей на Маё цела, яна падрыхтавала Мяне на пахаваньне. Сапраўды кажу вам: дзе толькі па ўсім сьвеце будуць абвяшчаць гэтае Евангельле, будуць казаць і пра тое, што яна зрабіла – на ўспамін пра яе". Тады адзін з дванаццацёх, які называўся Юда Іскарыёт, пайшоў да першасьвятароў і сказаў: "Што хочаце даць мне, і я вам выдам Яго?". I вызначылі яму трыццаць срэбранікаў. З таго часу ён шукаў зручнага выпадку, каб выдаць Яго.

Далей – Літургія раней асьвячаных дароў.
Вярнуцца назад