Галоўная > Вялікі тыдзень > Вялікі Чацьвер
Вялікі Чацьвер19 лютага 2008. |
ЮТРАНЬ Пачатак звычайны Велікапоснай ютрані. Пасьля шасьці псалмаў, Мірнай літаніі і "Алілуя": Трапар (Тон 8): Калі слаўныя вучні, абмытыя на вячэры, прасьвятліліся, злачынны Юда, захварэўшы на срэбралюбства, пацямнеў і прадаў Цябе, справядлівага Судзьдзю, беззаконным судзьдзям. Глядзі, прагны да багацьця, на таго, хто праз яго павесіўся! Уцякай ад ненасытнае душы, што наважылася на такое злачынства супраць Настаўніка. Усядобры Госпадзе, слава Табе. (Тройчы) Чытаньне Сьвятога Евангельля паводле Лукі (22:1-39) Набліжалася сьвята Праснакоў, якое называюць Пасхаю. Першасьвятары і кніжнікі шукалі, як бы забіць Ісуса, але баяліся народу. Шатан увайшоў у Юду, званага Іскарыётам, аднаго з ліку дванаццацёх. І ён, пайшоўшы, дамовіўся з першасьвятарамі і начальнікамі, як бы ім выдаць Яго. Яны ўсьцешыліся і дамовіліся з ім даць яму грошы. Ён згадзіўся і шукаў зручнага выпадку, каб выдаць Яго не пры народзе. Надышоў дзень Праснакоў, калі належала ахвяраваць пасху. І Ён паслаў Пятра і Яна, сказаўшы: "Ідзіце і падрыхтуйце нам пасху, каб нам спажыць яе". Яны сказалі Яму: "Дзе хочаш, каб мы падрыхтавалі?". А Ён сказаў ім: "Калі будзеце ўваходзіць у горад, сустрэнецца вам чалавек са збанам вады; ідзіце за ім у дом, куды ён увойдзе, і скажыце гаспадару дому: «Настаўнік кажа табе: дзе сьвятліца, у якой Я спажываў бы пасху з маімі вучнямі?". Ён вам пакажа вялікую сьвятліцу, высланую: там падрыхтуйце". Пайшоўшы, яны знайшлі так, як Ён казаў ім, і падрыхтавалі пасху. Калі настаў час, Ён узьлёг, і апосталы з Ім. І сказаў ім: "Вельмі хацеў Я спажыць гэтую пасху з вамі, перш як пайду на мукі. Бо кажу вам: ня буду больш спажываць яе, пакуль ня споўніцца яна ў Валадарстве Божым". І, узяўшы хлеб, аддаўшы падзяку, пераламаў яго і даў ім, кажучы: "Гэта цела Маё, што за вас аддаецца. Рабіце гэта на памяць пра Мяне". Гэтак жа і чашу пасьля вячэры, кажучы: "Гэтая чаша – Новы Запавет у Маёй крыві, што за вас праліваецца. Але вось і рука здрадніка Майго са Мною на стале. Сын Чалавечы ідзе, як пастаноўлена, але гора таму чалавеку, праз якога Ён выдаецца". І яны пачалі пытацца адзін у аднаго, хто б з іх мог такое зрабіць. Таксама ўсчалася спрэчка між імі, хто з іх павінен быць большым. Ён жа сказаў ім: "Каралі народаў пануюць над імі, і тыя, што валодаюць імі, прымаюць тытул дабрачынцаў. Але ў вас ня так (мусіць быць): большы сярод вас хай будзе, як меншы, а начальнік – як слуга. Хто большы: той, што ўзьлягае за сталом, ці той, хто паслугоўвае? Ці ня той, хто ўзьлягае? А вось Я сярод вас як той, хто паслугоўвае. Вы вытрывалі са Мною ў маіх выпрабаваньнях: дзеля гэтага Я перадаю вам валадарства, як Мне перадаў яго Айцец, каб вы елі і пілі ў Маім валадарстве за Маім сталом, і каб вы заселі на пасадах судзіць дванаццаць каленаў Ізраілевых. Сымоне, Сымоне, вось шатан дамагаўся, каб вас сеяць, як пшаніцу. Але Я маліўся за цябе, каб не саслабла вера твая. Ты ж у сваю чаргу ўмацоўвай братоў тваіх". А ён адказаў Яму: "Госпадзе, з Табою я гатовы ісьці і ў вязьніцу, і на сьмерць". А Ён адказаў: "Кажу табе, Пётра, што певень сёньня не прапяе, як ты тройчы запярэчыш, што ведаеш Мяне". І сказаў ім: "Калі Я пасылаў вас без кашалька, бяз торбы і сандаляў, ці вам не ставала чаго?". Яны сказалі: "Нічога". А Ён сказаў: "Цяпер хто мае кашалёк, хай возьме з сабою, таксама і торбу; а хто ня мае, хай прадасьць адзеньне і купіць меч. Бо кажу вам: трэба, каб на Мне споўнілася напісанае: «І да злачынцаў быў залічаны». І вось тое, што датычыць Мяне, падыходзіць да канца". Яны сказалі: "Госпадзе, вось тут два мячы". А Ён сказаў: "Даволі". І, выйшаўшы, пайшоў, як звычайна, на Аліўную гару, а ўсьлед за Ім пайшлі і вучні. Псалом 50. КАНОН (Тон 6) Песьня 1 Ірмас: Мора Чырвонае разьдзяляецца і глыбіня марская стаецца сушаю: для няўзброеных яна была бясьпечнай дарогай, а для ўзброеных – магілаю. І пачулася песьня, Богу прыемная: "Хрыстос Бог наш уславіўся!". Прычына ўсяго, што існуе, Падаўца жыцьця, бязьмежная мудрасьць Божая, зрабіў сабе сьвятыню ва ўлоньні чыстае Дзевы, што мужа ня знала. Апрануўшыся ў сьвятыню цялесную, Хрыстос Бог наш уславіўся. Мудрасьць Божая навучае прыяцеляў сваіх тайнаў і рыхтуе верным чашу несьмяротнага жыцьця. Дык падыдзем да яе з пабожнасьцю і ўсклікнем: "Хрыстос Бог наш уславіўся!". Паслухаем, верныя, высокага прапаведаваньня нястворанай і адзінасутнай Мудрасьці Божай, якая кліча: "Пакаштуйце і пераканайцеся, што Я добры". Усклікнем усе: "Хрыстос Бог наш уславіўся!". Песьня 3 Ірмас: Ты, Госпадзе, Божа і Творча ўсіх, зьбяднеў і, застаўшыся непадуладным цярпеньням, зьяднаў з сабою створаную людзкую прыроду. Як нашая Пасха Ты даў сябе тым, за каго Ты захацеў памерці, і ўсклікнуў: "Ешце цела Маё і ўмацоўвайцеся ў веры!". Ты, Добры, напоўніў радасьцю чашу, збавенную для ўсіх людзей, і даў яе вучням Тваім. Як Сьвятар Ты прынёс сябе ў ахвяру і ўсклікнуў: "Піце кроў Маю і ўмацовайцеся ў веры!". "Як гэта неразумны здраднік сярод вас, – у Тваей дабрыні Ты сказаў вучням Тваім, – ня ведае і не разумее таго, што дзеецца. Але вы заставайцеся са Мною, і будзеце ўмацаваныя ў веры". Сядальная песьня (Тон 1): Той, хто стварыў азёры, крыніцы і моры, даў нам прыклад пакоры: апярэзаўшыся ручніком, Ён памыў вучням ногі. Панізіўшыся, Ён, як адзіны Чалавекалюбец, узьняў нас ад бездані зла ў велічы міласэрнасьці сваёй. Слава ... (Тон 3): Упакорыўшыся ў дабрасардэчнасьці Тваёй, Ты памыў ногі вучням Тваім, каб накіраваць іх на Твой Боскі шлях. Пётра, які сьпярша не даваў Табе памыць яго, паслухаўся Твайго Боскага загаду і, будучы чыстым, шчыра прасіў Цябе дараваць нам веліч зьмілаваньня. Цяпер ... (Тон 4): На вячэры з Тваімі вучнямі, Ты, Уладару, тайна аб'явіў ім Тваю сьвятую сьмерць, якой мы збаўляемся ад тленнасьці. Славім Твае пачэсныя цярпеньні. Песьня 4 Ірмас: Прарок прадбачыў невыказную тайну Тваю, Хрысьце, і ўсклікнуў: "Ты, Ойча ўсядобры, явіў нам веліч любові Тваёй, паслаўшы на сьвет адзінароднага Сына Твайго для ачышчэньня ад грахоў". Ідучы на цярпеньні, каб вызваліць ад цярпеньняў усіх нашчадкаў Адама, Ты, Хрысьце, сказаў прыяцелям Тваім: "Я жадаў есьці з вамі гэтую Пасху, бо Мяне, адзінароднага Сына Свайго, паслаў Айцец на сьвет для ачышчэньня ад грахоў". Прычасьціўшыся ад чашы, ты, Несьмяротны Госпадзе, сказаў вучням сваім: "Ня буду больш каштаваць плоду вінаграднага, пакуль буду з вамі тут на зямлі, бо Мяне, адзінароднага Сына Свайго, паслаў Айцец на сьвет для ачышчэньня ад грахоў". "У валадарстве Маім буду піць напой, які ніякія словы ня могуць апісаць, – Ты, Хрысьце, сказаў прыяцелям Тваім. – І буду з вамі, як Бог сярод багоў. Бо Мяне, адзінароднага Сына Свайго, паслаў Айцец на сьвет для ачышчэньня ад грахоў". Песьня 5 Ірмас: Зьяднаныя саюзам любові, ахвяраваўшы сябе Ўладару ўсіх Хрысту, апосталы, ачышчаныя і з памытымі нагамі, дабравесьцілі ўсім супакой. Божая Мудрасьць і Ўладар усіх, які стрымлівае неўтаймаваную сілу водаў над скляпеньнем нябесным, утаймоўвае бездані і суцішае моц марскіх хваляў, улівае ваду ў місу, каб абмыць ногі слугам. Уладар паказвае вучням сваім прыклад пакорлівасьці: Той, хто пакрывае неба хмарамі, і ў руцэ сваёй трымае ўсё, што існуе, абвязаўшыся ручніком і ўкленчыўшы, абмывае ногі слугаў сваіх. Песьня 6 Ірмас: Непрасьветная бездань грахоўная агарнула мяне, і не магу больш цярпець бурлівых хваляў. Таму, Уладару, як Ёна, клічу: "Ад тленнасьці выбаві мяне!". "Вучні мае, вы называеце Мяне Настаўнікам і Госпадам, і сапраўды Я ім ёсьць, – Ты, Збавіцелю, усклікнуў. – Дык бярыце прыклад з Мяне і рабіце тое, што бачылі". "Чыстыя ня маюць патрэбы ў абмываньні ног. Вы, вучні мае, чыстыя, але ня ўсе: адзін з вас хавае злыя намеры ў сэрцы сваім". Кандак (Тон 2): Здраднік бярэ хлеб у рукі, і тайна працягвае іх, каб атрымаць заплату за Таго, хто сваімі рукамі стварыў чалавека. Бо Юда, слуга і хлус, не пакаяўся. Ікас: Прыйдзем са страхам на тайную Вячэру, прымем з чыстымі душамі Хлеб і застанемся з Уладаром, каб бачыць, як Ён мые ногі вучням сваім. Будзем і мы рабіць таксама – дагаджаць адзін аднаму, мыць адзін аднаму ногі. Бо так загадаў Хрыстос вучням сваім. Але Юда, слуга і хлус, не паслухаў Яго. Песьня 7 Ірмас: Юнакі ў Бабілёне не збаяліся полымя, але, укінутыя ў вагонь, абмытыя расою, пяялі: "Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа айцоў нашых!". Схіліўшы галаву, Юда задумаў благое і шукаў нагоды прадаць на асуджэньне Судзьдзю ўсіх і Госпада, Бога айцоў нашых. Хрыстос сказаў прыяцелям сваім: "Адзін з вас прадасьць Мяне". Сум і страх агарнулі вучняў, і яны, забыўшыся пра вясельле, пыталі: "Скажы нам хто, Божа айцоў нашых!". "Той, хто бессаромна апускае са Мною руку ў місу, і каму было б лепш ніколі не ўваходзіць праз браму жыцьця". У такі спосаб паказаў усім здрадніка Бог айцоў нашых. Песьня 8 Ірмас: Верныя запаветам айцоў, блаславёныя юнакі ў Бабілёне не збаяліся пакараньня і не паслухаліся бязглуздага загаду цара. Стоячы сярод агню, які іх не кранаў, яны запяялі песьню, дастойную Ўсемагутнага: "Усе стварэньні, слаўце Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!". Блаславёныя госьці на Сыёне, верныя вучні Хрыстовыя, пайшлі, быццам авечкі, усьлед за Пастырам. Зьяднаныя з Хрыстом і ўскормленыя Ягоным Боскім словам, яны з удзячнасьцю ўсклікнулі: "Усе стварэньні, слаўце Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!". Паганы Іскарыёт, забыўшыся на законы дружбы, задумаў здраду на Таго, хто яму ногі памыў: еў Твой Хлеб – Боскае Цела Тваё, – і падняў пяту сваю на Цябе, Хрысьце. Ён не навучыўся ўсклікаць: "Усе стварэньні, слаўце Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!". Юда без сумленьня прыняў Цела для адпушчэньня грахоў, і Боскую Кроў, пралітую за сьвет. Ён піў яе, прадаўшы за грошы, і не адчуваў сораму ані агіды з прычыны зробленага граху, бо не навучыўся клікаць: "Усе стварэньні, слаўце Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!". Песьня 9 Ірмас: Прыйдзіце, верныя, уздымем нашыя розумы, будзем цешыцца з гасьціннасьці Ўладара і на вячэры несьмяротнага жыцьця ў горнай сьвятліцы будзем слухаць высокія словы Слова, якога ўзьвялічваем. "Ідзіце, – Слова сказала вучням, – і падрыхтуйце Пасху ў горнай сьвятліцы для тых, каго Я паклікаў да ўдзелу ў Тайне, з прэсным хлебам слова Праўды для ўмацаваньня розуму і памнажэньня ласкі. Перад вякамі Айцец нарадзіў Мяне, Мудрасьць і Творцу, Пачатак усіх Ягоных шляхоў. Ён прызначыў Мне рабіць тое, што цяпер спаўняецца: бо Я – прыродаю Нястворанае Слова – прыняў і зрабіў сваёю людзкую прыроду. Таму, што Я чалавек ня ўяўны, а сапраўдны, людзкая прырода ўва Мне абагаўляецца. Дык ведайце Мяне, як Адзінага Хрыста: Я збаўляю тых, сярод каго Я нарадзіўся і чыю прыроду ўспрыняў. Экзапастылар (Тон 3): Сьвятліцу бачу, Збавіцелю, упрыгожаную, але вопраткі ня маю, каб увайсьці ў яе: прасьвятлі вопратку душы маёй, Сьветладайны, і збаў мяне. Пахвальныя псалмы (Тон 2): Злачыннае зборышча зьбіраецца сёньня перадаць Пілату Творцу і Ўладара сусьвету. О, беззаконныя і няверныя! Як гэта яны аддаюць на суд Таго, хто судзіць жывых і мёртвых, і рыхтуюць мукі для Таго, хто лечыць усе цярпеньні? Доўгацярплівы Госпадзе, вялікая міласэрнасьць Твая. Слава Табе! Беззаконны Юда, памачыўшы на вячэры ў місе руку сваю разам з Табою, Госпадзе, працягнуў рукі да беззаконных, каб узяць срэбранікі; і, абмеркаваўшы цану духмянага алею, не збаяўся прадаць Цябе, бясцэннага. Ён працягнуў ногі свае, каб Ты іх абмыў, і крывадушным пацалункам Цябе, Уладару, прадаў беззаконным. Адрокшыся ад апостальскага збору і кінуўшы трыццаць срэбранікаў, ён так і ня бачыў, як Ты ўваскрос на трэці дзень. Зьмілуйся над намі ўваскрасеньнем Тваім! Юда, аблудны здраднік, крывадушным пацалункам здрадзіў Збавіцелю і Госпаду і, як нявольніка, прадаў Уладара ўсяго стварэньня. Быццам ягнё на зарэз, так было ведзенае Ягнё Божае, Сын Айца, адзіны міласэрны. Юда, слуга і хлус, вучань і здраднік, прыяцель і д'ябал паказаў свой сапраўдны твар сваімі ўчынкамі. Ён хадзіў усьлед за Настаўнікам, а паціху намерваўся здрадзіць Яму, кажучы ў сабе: "Прадам Яго і буду мець грошы, якія мне абяцалі". Ён хацеў прадаць духмяны алей, і ўзяць Ісуса подступам. Пацалункам ён прадаў Хрыста. І быццам ягнё на зарэз, так быў ведзены Госпад, адзіны міласэрны і Чалавекалюбец. Слава ... Цяпер ... Як прадказаў прарок Ісая, вось ідзе Ягнё Божае на дабравольную сьмерць, аддае плечы свае на раны і шчокі на біцьцё, і не адварочвае твару свайго ад зьняважлівых пляваньняў. Ён асуджаецца на ганебную сьмерць. Усё дабравольна церпіць Бязгрэшны, каб дараваць усім уваскрасеньне з мёртвых. Вершапесьні (Тон 8): Сёньня сабралася нязбожнае зборышча на Хрыста і няправедна абвінаваціла Яго, каб аддаць Бязьвіннага Пілату на сьмерць. Сёньня Юда зьвіў сабе пятлю з грошай і пазбавіўся дачаснага і вечнага жыцьця. Сёньня Каяфа супраць волі сваёй прарочыць, кажучы: "Лепш аднаму памерці за людзей". Бо Ён у дабрыні сваёй і чалавекалюбстве прыйшоў пацярпець за грахі нашыя і вызваліць нас з варожае няволі. Верш: Тыя, што елі хлеб мой, узьнялі пяту сваю на мяне. (Пс 40:10) Сёньня Юда адкідае сваю няшчырую любоў да бедных, і паказвае свой сапраўдны хцівы нораў. Няма ўжо больш у яго клопату пра ўбогіх, і ён ня хоча прадаць алею грэшніцы, але прадае Нябесны Алей і бярэ за яго срэбранікі. Ён ідзе да гэбрэяў і кажа беззаконным: "Што дасьцё мне за тое, што выдам вам Яго?". О, агіднае срэбралюбства здрадніка! Згадзіўшыся на цану тых, што куплялі, ён лічыць, што зрабіў карысную зьдзелку. Не таргуючыся, ён прадае Госпада, быццам зьбеглага нявольніка, бо ў злодзеяў ёсьць звычай адкідаць самае каштоўнае. Сёньня вучань кідае сабакам Сьвятое, і шаленства хцівасьці напаўняе яго дзікай злосьцю на Ўладара. Дык уцякайма ад ягонае спакусы і ўсклікайма: "Доўгацярплівы Госпадзе, слава Табе!". Верш: У сэрцы сваім ён злосьць зьбірае і, выйшаўшы, прагалошвае яе. (Пс 40:7) Аблудныя шляхі твае, нязбожны Юда; захварэўшы на срэбралюбства, ты стаўся чалавеканенавісьнікам. Калі ты любіш багацьці, чаму стаўся вучнем Настаўніка ўбогасьці? А калі ты Яго любіў, чаму прадаў здрадліва на сьмерць Бясцэннага? Жахніся, сонца; застагні, зямля, задрыжы і ўсклікні: "Добры Госпадзе, слава Табе!". Верш: Яны казалі законапраступныя словы супраць мяне. (Пс 40:9) Хай ніхто з нас, верныя, не ўсьвядоміўшы таямніцы, не прыступае да Вячэры Ўладара і не падыходзіць здрадліва, як Юда. Ён, атрымаўшы сваю частку, прадаў Хлеб. Прыкідваўся вучнем, а ў сапраўднасьці быў забойцам. Ён цешыўся з гэбрэямі, хоць сядзеў на вячэры з апосталамі; ненавідзячы, пацалаваў і пацалункам прадаў Таго, хто выкупіў нас ад праклёну, Бога і Збавіцеля душаў нашых. Слава ...: Аблудныя шляхі твае, нязбожны Юда; захварэўшы на срэбралюбства, ты стаўся чалавеканенавісьнікам. Калі ты любіш багацьці, чаму стаўся вучнем Настаўніка ўбогасьці? А калі ты Яго любіў, чаму прадаў здрадліва на сьмерць Бясцэннага? Жахніся, сонца; застагні, зямля, задрыжы і ўсклікні: "Добры Госпадзе, слава Табе!". Цяпер ... (Тон 5): Навучаючы вучняў Тваіх тайніцы, Ты, Госпадзе, сказаў ім: "Глядзіце, прыяцелі, хай ніякі страх не адлучыць вас ад Мяне, бо я, хоць і цярплю, але за сьвет. Не ўсумніцеся ўва Мне, бо Я прыйшоў не на тое, каб мне служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Маю за збаўленьне сьвету. Калі вы Мае прыяцелі, бярыце прыклад з Мяне: той, хто хоча быць першым сярод вас, хай будзе апошнім; уладар хай будзе слугою. Будзьце ўва Мне, каб прынесьці плён, бо Я – вінаград жыцьця". ПЕРШАЯ ГАДЗІНА Трапар прароцтва (Тон 3): Ты быў біты па твары за род людзкі, і не загарэўся гневам: вызвалі ад тленнасьці жыцьцё наша, Госпадзе, і збаў нас. Пракімен (Пс 82): Хай зразумеюць народы, што імя Тваё – Госпад. Верш: Божа, хто падобны да Цябе? Чытаньне кнігі прарока Ярэмы (11:18-12:5; 9-11;14-15) Госпад аб'явіў мне, і я так даведаўся аб гэтым. Ты паказаў тады мне іхнія падкопы. Я ж быў як ягнё лагоднае, якое вядуць на зарэз, і ня ведаў, што ліхія думкі задумалі супраць мяне: "Зьнішчым дрэва разам з плодам яго, вырвем яго з зямлі жывых, каб імя ягонае больш ня згадвалася". Ты, Госпадзе сіл, судзіш справядліва, выпрабоўваеш нутро і сэрца. Дай мне пабачыць Тваю адплату ім, бо на Цябе я паклаўся ў справах маіх. Дзеля гэтага так кажа Госпад супраць мужоў Анатот, якія наступаюць на маё жыцьцё, кажучы: "Не прароч у імя Госпада, каб табе ня згінуць ад нашых рук". Дзеля гэтага так кажа Госпад сіл: "Вось пакараю іх. Юнакі згінуць ад мяча, сыны і дочкі памруць з голаду. І ня будзе ў іх астатку, бо Я навяду няшчасьце на мужоў Анатот у год іхняга наведаньня". Ты, Госпадзе, маеш слушнасьць, калі спрачаюся з Табою; тым ня менш хачу зрабіць Табе закід. Чаму доля нязбожных шчасьлівая і ўсім вераломным добра жывецца? Ты іх насадзіў, і яны растуць, пускаюць карані і нават прыносяць плады. Ты блізкі да вуснаў іхніх, але далёка ад іхніх сэрцаў. Мяне ж, Госпадзе, Ты бачыш наскрозь, Ты выпрабаваў мяне: сэрца маё з Табою. Адлучы іх, быццам тых авечак, прызначаных на зарэз, і падрыхтуй іх на дзень іхняга канца. Дакуль будзе зямля сумаваць, а трава сохнуць на ўсіх палёх? З прычыны злосьці ейных жыхароў гінуць зьвяры і птушкі. Бо яны кажуць: "Ён нашага канца ня бачыць". Калі ты бег з пешымі, і яны цябе замучылі, дык як пабяжыш навыперадкі з коньмі? Хадзіце, зьбірайцеся, усе драпежныя зьвяры, кідайцеся на пажыву! Гурт пастухоў спустошыў мой вінаграднік, нагамі патаптаў маю частку, маю любую частку зрабіў пустым стэпам. Замяняюць усё на пустыню. Так кажа Госпад: "Усіх маіх паганых суседзяў, што шарпаюць спадчыну, якую Я даў людзям Маім Ізраілю, Я павырываю з іхняй зямлі, а дом Юды выхаплю спасярод іх. А калі выхаплю, зьмілуюся над імі і вярну іх, кожнага на сваю спадчыну і ў сваю краіну". Пракімен: Выконвайце абяцаньні, дадзеныя Госпаду Богу нашаму. Верш: Бог вядомы ў Юдэі, у Ізраілю вялікае імя Яго. ВЯЧЭРНЯ І ЛІТУРГІЯ СЬВЯТОГА БАЗЫЛЯ На "Госпадзе, Цябе клічу ..." – Песьні з пахвальных псалмаў ютрані, паўтараючы кожную. (Тон 2): Злачыннае зборышча зьбіраецца сёньня перадаць Пілату Творцу і Ўладара сусьвету. О, беззаконныя і няверныя! Як гэта яны аддаюць на суд Таго, хто судзіць жывых і мёртвых, і рыхтуюць мукі для Таго, хто лечыць усе цярпеньні? Доўгацярплівы Госпадзе, вялікая міласэрнасьць Твая. Слава Табе! Беззаконны Юда, памачыўшы на вячэры ў місе руку сваю разам з Табою, Госпадзе, працягнуў рукі да беззаконных, каб узяць срэбранікі; і, абмеркаваўшы цану духмянага алею, не збаяўся прадаць Цябе, бясцэннага. Ён працягнуў ногі свае, каб Ты іх абмыў, і крывадушным пацалункам Цябе, Уладару, прадаў беззаконным. Адрокшыся ад апостальскага збору і кінуўшы трыццаць срэбранікаў, ён так і ня бачыў, як Ты ўваскрос на трэці дзень. Зьмілуйся над намі ўваскрасеньнем Тваім! Юда, аблудны здраднік, крывадушным пацалункам здрадзіў Збавіцелю і Госпаду і, як нявольніка, прадаў Уладара ўсяго стварэньня. Быццам ягнё на зарэз, так было ведзенае Ягнё Божае, Сын Айца, адзіны міласэрны. Юда, слуга і хлус, вучань і здраднік, прыяцель і д'ябал паказаў свой сапраўдны твар сваімі ўчынкамі. Ён хадзіў усьлед за Настаўнікам, а паціху намерваўся здрадзіць Яму, кажучы ў сабе: "Прадам Яго і буду мець грошы, якія мне абяцалі". Ён хацеў прадаць духмяны алей, і ўзяць Ісуса подступам. Пацалункам ён прадаў Хрыста. І быццам ягнё на зарэз, так быў ведзены Госпад, адзіны міласэрны і Чалавекалюбец. Як прадказаў прарок Ісая, вось ідзе Ягнё Божае на дабравольную сьмерць, аддае плечы свае на раны і шчокі на біцьцё, і не адварочвае твару свайго ад зьняважлівых пляваньняў. Ён асуджаецца на ганебную сьмерць. Усё дабравольна церпіць Бязгрэшны, каб дараваць усім уваскрасеньне з мёртвых. Слава ... Цяпер ... (Тон 6): Сапраўды Юда – агідны нашчадак тых, што елі манну ў пустыні і наракалі на Таго, хто іх карміў. Яны, маючы яшчэ ў роце ежу, зьневажалі Бога; а гэты бязбожнік, маючы ў вуснах Нябесны Хлеб, ужо рыхтаваў здраду на Збавіцеля. О, ненасытная душа! О, нялюдзкая дзёрзкасьць! Ён прадае Таго, хто корміць яго, і пацалункам аддае на сьмерць Уладара. Сапраўды ён іхні сын беззаконны і спадкаемца іхняй загубы. Захавай, Госпадзе, душы нашыя ад такой бесчалавечнасьці ў невыказнай доўгацярплівасьці Тваёй. Выхад з Евангельлем. Пракімен (Пс 139:2,3): Выбаў мяне, Госпадзе, ад чалавека благога, і ад гвалтаўніка захавай мяне. Верш: Ад тых, што хаваюць благія намеры ў сэрцах сваіх. Чытаньне кнігі Выхаду (19:10-19) Госпад сказаў Майсею: "Ідзі да людзей і скажы ім, хай рыхтуюцца сёньня і заўтра. Няхай памыюць вопраткі свае і будуць гатовыя на трэці дзень, бо трэцяга дня Госпад зыдзе на гару Сынайскую перад усімі людзьмі. Прызнач людзям межы вакол гары і скажы ім: "Сьцеражыцеся, каб не ўзыходзіць на гару і не дакранацца да яе падножжа, бо хто дакранецца да гары, будзе пакараны сьмерцю. Хто нават дакранецца да яе рукою, будзе пабіты камянямі, або прастрэлены стралою. Чалавек ці жывёла ня могуць застацца жывымі. Калі ж пачуюць голас трубы і хмара адыдзе ад гары, тады хай узыдуць на гару". Майсей зышоў з гары і загадаў людзям прыгатавацца. І памылі вопраткі свае. Тады сказаў людзям: "Будзьце гатовыя за тры дні і не набліжайцеся да гары". Трэцяга дня раніцай раздаліся громы з маланкамі, і густая хмара пакрыла гару, і быў чутны гук магутнай трубы, так што ўвесь народ у стане. дрыжэў у страху. І Майсей вывеў увесь народ насустрач Богу і паставіў яго ля падножжа гары. Гара ж Сынайская была ўся спавітая дымам, бо Госпад зышоў на яе ў агні, і дым узьнімаўся ад яе, быццам з печы; і людзі спалохаліся вельмі. Голас трубаў усё мацнеў. Майсей гаварыў, а Госпад адказваў яму сярод грому. Пракімен (Пс 58:2,3): Вызваль мяне ад ворагаў маіх, Госпадзе, і ад тых, што паўстаюць на мяне, захавай мяне. Верш: Выбаві мяне ад тых, што чыняць несправядлівасьць. Чытаньне кнігі Ёва (38:1-21; 42:1-5) Сказаў Госпад Ёву цераз буру і хмары: "Хто гэта, што тоіць ад мяне думкі, захоўваючы словы ў сэрцы; ці ён думае схавацца ад мяне? Падперажы сьцёгны твае, як муж. Я буду пытаць цябе, а ты мне адказвай. Дзе ты быў, калі я закладаў зямлю? Скажы, калі ты мудры. Ці ведаеш, хто меру ёй вызначыў, або хто вымераў яе шнуром? На чым слупы яе стаяць, хто паклаў вуглавы камень? Калі былі створаныя зоркі на радасьць усім сыном Божым? Хто зачыніў брамаю мора, калі ўзбуранае выйшла з межаў сваіх? Я даў яму хмары за вопратку і спавіў яго імглою. Я ўстанавіў межы магутнасьці яго, паставіў яму замок і браму, і сказаў: "Дасюль і не далей. Вось застава для хваляў тваіх". Ці ты калі загадаў раніцы, вызначыў месца заранцы, каб яна, узяўшыся за канцы зямлі, стрэсла з яе грэшнікаў? Яна мяняе свой выгляд, быццам гліна для пячаткі, стаецца барвістаю, быццам вопратка. Ці ты адняў сьвятло ад грэшнікаў, скрышыў іх магутную руку? Ці ты зыйшоў калісь да крыніц мора? Хадзіў па дне бездані? Ці бачыў ты браму сьмерці? Ці абняў ты зрокам тваім сьвет шырокі? Скажы, калі ўсё ведаеш! Дзе дарога да аселішча сьвятла, дзе цемра спачывае? Ці можаш завесьці да іх межаў, ці знаеш дарогу да жыльля іх? Калі гэта ведаеш, дык ты ўжо тады нарадзіўся, і лік гадоў тваіх вялікі". Тады Ёў адказаў Госпаду: "Ведаю, што ўсё можаш, і Ты здольны выканаць усе задумы Твае. Хто такі неразумны, што хоча затаіць перад Табою думкі свае: ці ж маўчаньнем думае ад Цябе схавацца? Хто скажа мне аб рэчах, якіх ня ведаў, аб цудах вялікіх, пра якія нічога не знаю? Пачуй мяне, Госпадзе, калі буду гаварыць. Буду пытацца Цябе, Ты ж мяне навучы. Да гэтага часу я толькі чуў пра Цябе, а цяпер бачу Цябе на свае вочы". Чытаньне кнігі прарока Ісаі (50:4-11) Госпад Бог абдарыў мяне красамоўным языком, каб я словам пацехі мог падтрымаць зьнясіленых. Шторанку будзіць Ён вуха маё, каб я, як вучань, слухаў. Госпад Бог адчыніў мне вуха, і я не супраціўляўся, не падаўся назад. Я аддаў плечы мае на раны і шчокі мае на біцьцё, і твару майго не адвярнуў ад зьнявагі і пляваньня. Госпад Бог дапамагае мне, таму я нячулы на зьнявагі; твар мой быццам камень учыніў, і ведаю, што не пасаромеюся. Блізка ўжо Той, хто мяне апраўдае. Хто пасьмее спрачацца са мною? Станьма разам! Хто мой абвінаваўца? Хай наблізіцца да мяне! Бо вось Госпад Бог дапамагае мне! Хто асудзіць мяне? Усе яны, быццам вопратка, будуць разадраныя на кавалкі, моль зьесьць іх. Хто баіцца Госпада, хай слухае голасу Слугі Ягонага! Хто прабывае ў цемры, у каго няма сьвятла, хай спадзяецца на Госпада і ў Богу знойдзе апору. Усе вы, што раскладаеце агонь, што запальваеце вогненныя стрэлы, ідзіце ў полымя вашага агню, між стрэлаў, якія вы запалілі. Дзеля мяне гэта будзе вам: у муках засьнеце. Малая літанія з воклікам: "Бо Ты сьвяты, Божа наш... ". Людзі: Амін. Сьвяты Божа... Далей – Літургія сьвятога Базыля Вялікага. Пракімен (Пс 2:2,1): Уладары зямныя сабраліся разам на Госпада і на ягонага Памазаньніка. Верш: Чаго мітусяцца народы, і людзі думаюць марнае? Чытаньне Першага Лісту Апостала Паўла да Карынцянаў (11:23-32) Браты, што я прыняў ад Госпада, тое і перадаў вам: што Госпад Ісус у тую ноч, калі быў выдадзены, узяў хлеб і, аддаўшы падзяку, разламаў і сказаў: "Бярыце, ешце, гэта цела Маё, што за вас ломіцца: рабіце гэта на ўспамін пра Мяне". Таксама і чашу пасьля вячэры, кажучы: "Гэтая чаша – Новы Запавет у Маёй Крыві. Рабіце так кожны раз, калі будзеце піць, на ўспамін пра Мяне". Бо кожны раз, калі ясьцё гэты хлеб і п'еце гэтую чашу, абвяшчаеце сьмерць Гасподнюю, аж пакуль Ён ня прыйдзе. Таму той, хто будзе есьці хлеб або піць чашу Гасподнюю недастойна, вінен будзе Цела і Крыві Гасподняй. Дык хай кожны выпрабоўвае сябе самога, і тады есьць той хлеб і п'е тую чашу. Бо той, хто есьць і п'е, не зважаючы на Цела Гасподняе, прысуд сабе есьць і п'е. Вось чаму ў вас так шмат нядужых і хворых, і ці мала памірае. Калі ж самі сябе асудзім, ня будзем асуджаныя. Калі ж Госпад нас судзіць, Ён нам нагадвае, каб нам ня быць асуджанымі разам са сьветам. Алілуя (Пс 40:2,6,10): Блаславёны той, хто дбае пра нядужага і ўбогага. Верш 1: Ворагі мае гавораць аба мне зласьліва: "Калі ж Ён памрэ, і калі згіне імя Яго?". Верш 2: Нават той, хто еў хлеб мой, узьняў пяту сваю на мяне. Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Мацьвея (Мц 26:1-20): Сказаў Госпад вучням сваім: "Ведаеце, што праз два дні будзе Пасха і Сын Чалавечы будзе выдадзены на ўкрыжаваньне". Тады сабраліся першасьвятары, і кніжнікі, і старэйшыны з народу на двары ў першасьвятара на імя Каяфа і дамовіліся подступам схапіць Ісуса і забіць. "Але – казалі – толькі ня ў сьвята, каб не ўзьнялося абурэньне ў народзе". Калі Ісус быў у Бэтаніі, у доме Сымона пракажонага, падышла да Яго жанчына, якая мела алябастравы збан каштоўнага алею, і выліла Яму алей на галаву, калі Ён узьлягаў за сталом. Убачыўшы гэта, вучні Ягоныя абурыліся і сказалі: "Навошта такое марнатраўства? Можна было б прадаць за дарагую цану і раздаць бедным". Але Ісус, заўважыўшы гэта, сказаў ім: "Навошта робіце прыкрасьць жанчыне? Яна зрабіла добрае для Мяне. Бо ўбогіх заўсёды маеце з сабою, а Мяне не заўсёды маеце. Узьліўшы гэты алей на Маё цела, яна падрыхтавала Мяне на пахаваньне. Сапраўды кажу вам: дзе толькі па ўсім сьвеце будуць абвяшчаць гэтае Евангельле, будуць казаць і пра тое, што яна зрабіла – на ўспамін пра яе". Тады адзін з дванаццацёх, які называўся Юда Іскарыёт, пайшоў да першасьвятароў і сказаў: "Што хочаце даць мне, і я вам выдам Яго?". І вызначылі яму трыццаць срэбранікаў. З таго часу ён шукаў зручнага выпадку, каб выдаць Яго. У першы ж дзень праснакоў прыйшлі вучні да Ісуса, кажучы: "Дзе хочаш прыгатаваць Табе спажываць пасху?". А Ён сказаў: "Ідзіце ў места да аднаго чалавека і скажыце яму: Настаўнік кажа: час мой блізкі, у цябе зраблю пасху з маімі вучнямі". Вучні зрабілі, як загадаў ім Ісус і прыгатавалі пасху. Калі ж настаў вечар, Ён узьлёг з дванаццацьцю вучнямі. (Ян 13:3-17): Ісус, ведаючы, што Айцец даў Яму ўсё ў рукі, і што Ён ад Бога выйшаў і да Бога ідзе, устаў ад стала, зьняў з сябе верхнюю вопратку і, узяўшы ручнік, падперазаўся. Пасьля наліў вады ва ўмывальніцу і пачаў умываць ногі сваім вучням і выціраць ручніком, якім быў падперазаны. І падыходзіць да Сымона Пятра, а той кажа Яму: "Госпадзе, ці ж Табе абмываць мае ногі?". Ісус сказаў яму ў адказ: "Што Я раблю, ты цяпер ня ведаеш, але даведаешся пасьля". Кажа Яму Пётра: "Век ня ўмыеш ног маіх". Ісус адказаў яму: "Калі ня ўмыю цябе, ня будзеш мець часткі са Мною". Кажа Яму Сымон Пётра: "Госпадзе, ня толькі ногі, але і рукі і галаву". Кажа яму Ісус: "Абмытаму трэба толькі ногі абмыць, бо ўвесь чысты, і вы чыстыя, але ня ўсе". Бо ведаў, хто прадасьць Яго, дзеля гэтага сказаў: "Ня ўсе вы чыстыя". Калі ж абмыў іхнія ногі і апрануў сваю вопратку, зноў узьлёг і сказаў ім: "Ці ведаеце, што Я зрабіў вам? Вы называеце Мяне Настаўнікам і Госпадам, і добра кажаце, бо Я ім ёсьць. Дык вось, калі Я, Госпад і настаўнік, памыў вам ногі, дык і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму. Я даў вам прыклад, каб як Я зрабіў вам, рабілі і вы. Сапраўды, сапраўды кажу вам: слуга ня большы за свайго гаспадара і пасланец ня большы за таго, хто яго паслаў. Калі гэта ведаеце, дык шчасьлівыя вы, калі гэтае будзеце рабіць". (Мц 26:21-39): І калі яны елі, сказаў Ім: "Сапраўды кажу вам, што адзін з вас прадасьць Мяне". І, моцна засмучаныя, пачалі гаварыць Яму, кожны з іх: "Ці не я, Госпадзе?". Ён жа сказаў у адказ: "Той, хто памачыў са мною руку ў місе, той выдасьць Мяне. Бо Сын Чалавечы ідзе, як аб Ім напісана, але гора таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы прадаецца: лепш было б гэтаму чалавеку не радзіцца". Сказаў і Юда, які прадаў Яго: "Ці не я, Равві?". Кажа яму: "Ты сказаў". Калі ж яны елі, Ісус узяў хлеб, блаславіў яго, разламаў і даў сваім вучням, кажучы: "Бярыце, ешце, гэта цела Маё". І, узяўшы чашу, Ён, учыніўшы падзяку, даў ім, кажучы: "Піце з яе ўсе, гэта кроў Мая новага запавету, што праліваецца за многіх для адпушчэньня грахоў. Кажу ж вам, што ад гэтага часу ня буду піць з гэтага вінаграднага плоду аж да дня, калі буду піць з вамі новае віно ў Валадарстве Айца Майго". І, адсьпяваўшы псалмы, пайшлі на Аліўную гару. Тады сказаў Ісус: "У гэтую ноч вы ўсе ўсумніцеся ўва Мне. Бо напісана: Удару пастыра і разьбягуцца авечкі. Пасьля ж Майго ўваскрасеньня апярэджу вас у Галілеі". Пётра сказаў Яму: "Калі нават усе ўсумняцца ў Табе, я ніколі не ўсумнюся". Адказаў яму Ісус: "Сапраўды кажу табе: у гэтую ноч, перш як запяе певень, тройчы адрачэшся ад Мяне". Кажа Яму Пётра: "Калі б мне прыйшлося памерці з Табою, не адракуся ад Цябе". Так гаварылі і іншыя вучні. Тады прыйшоў Ісус з імі ў сад, званы Гетсіманія, і кажа вучням: "Пасядзіце тут, пакуль Я адыду і памалюся там". І, узяўшы з сабою Пятра і двух сыноў Забэдэявых, пачаў тужыць і сумаваць. Тады сказаў Ім: "Сумная душа Мая аж да сьмерці; пабудзьце тут і трывайце са Мною". І, адышоўшыся крыху, прыпаў тварам да зямлі і, молячыся, казаў: "Ойча Мой! Калі магчыма, хай абміне Мяне гэтая чаша. Аднак не як Я хачу, але як Ты". (Лк 22:43-45): Зьявіўся Яму анёл з неба, умацоўваючы Яго. Поўны тугі, Ён яшчэ мацней маліўся, і быў Ягоны пот, як густыя кроплі крыві, што капалі на зямлю. І, устаўшы ад малітвы, (Мц 26:40-27:2): прыйшоў да вучняў і знайшоў, што яны спалі. І кажа Пятру: "Гэтак не маглі вы і аднае гадзіны трываць са Мною? Ня сьпіце і маліцеся, каб ня ўпасьці ў спакусу. Дух бадзёры, але цела слабое". Зноў другі раз, адышоўшыся, маліўся, кажучы: "Ойча мой! Калі гэтая чаша ня можа Мяне абмінуць, каб Мне ня піць яе, хай станецца воля Твая!" І, прыйшоўшы, зноў знайшоў, што яны спалі, бо вочы іх абцяжэлі. І, пакінуўшы іх, адышоўся зноў і маліўся трэці раз, паўтараючы тыя ж словы. Тады вярнуўся да вучняў і кажа ім: "Усё яшчэ сьпіце і адпачываеце? Вось настаў час, і Сын Чалавечы выдаецца ў рукі грэшнікаў. Устаньце, пойдзем: ужо блізка той, хто выдае Мяне". Калі Ён яшчэ гаварыў, вось, прыходзіць Юда, адзін з дванаццацёх, а з ім вялікая грамада з мячамі і кіямі ад першасьвятароў і старшыняў народу. Здраднік Ягоны даў ім знак: "Каго пацалую, той і ёсьць: бярыце Яго". І адразу, падышоўшы да Ісуса, сказаў: "Радуйся, Равві", і пацалаваў Яго. А Ісус сказаў яму: "Дружа, рабі тое, на што прыйшоў". Тады, падышоўшы, усклалі рукі на Ісуса і ўзялі Яго. І вось адзін з тых, што былі з Ісусам, працягнуўшы руку, дастаў меч і, ударыўшы слугу першасьвятара, адсек яму вуха. Тады сказаў яму Ісус: "Схавай меч твой на сваё месца, бо ўсе, што бяруць меч, ад мяча загінуць. Ці думаеш, што Я не магу цяпер упрасіць Айца, каб даў Мне больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў? Але як жа тады збудзецца напісанае, што гэтак мусіць стацца?". У той час Ісус сказаў натоўпу: "Быццам на разбойніка, вы выйшлі з мячамі і кіямі ўзяць Мяне. Штодня сядзеў Я з вамі, навучаючы ў сьвятыні, і вы ня бралі Мяне". Усё гэта сталася, каб збыліся пісаньні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі. Тыя ж, што схапілі Ісуса, завялі Яго да першасьвятара Каяфы, дзе сабраліся кніжнікі і старэйшыя. А Пётра ішоў за Ім здалёку аж да дому першасьвятара. Там, увайшоўшы ў двор, сеў сярод слугаў, каб пабачыць канец. А першасьвятары і старэйшыя, і ўся Высокая Рада шукалі сьведчаньня супраць Ісуса, каб пакараць Яго сьмерцю. І не знайшлі, хоць шмат хлусьлівых сьведкаў прыходзіла. У канцы два хлусьлівыя сьведкі, прыйшоўшы, сказалі: "Гэты казаў: Магу зруйнаваць сьвятыню Божую і ў тры дні адбудаваць". Тады першасьвятар, устаўшы, сказаў Яму: "Нічога не адказваеш на тое, што яны кажуць супраць Цябе?". Але Ісус маўчаў. А першасьвятар сказаў Яму: "Заклінаю Цябе Богам жывым, скажы нам: ці Ты Хрыстос, Сын Божы?". Ісус кажа яму: "Я Той, як ты сказаў. І яшчэ скажу вам; ад цяпер убачыце Сына Чалавечага, які будзе сядзець па правай руцэ Ўсемагутнага і прыйдзе на хмарах нябесных". Тады першасьвятар разарваў сваё адзеньне, кажучы: "Ён блюзьніць! Нашто нам яшчэ сьведкі: вы чулі Ягонае блюзьнерства. Як вам здаецца?". Яны адказалі: "Варты сьмерці". Тады пачалі пляваць Яму ў твар і біць кулакамі; іншыя білі Яго па шчоках, прыгаворваючы: "Скажы нам, Хрысьце, хто ўдарыў Цябе?". А Пётра сядзеў на двары. Аж тут падышла да яго адна служанка і кажа: "І ты быў з Ісусам Галілейцам". Ён жа перад усімі выракся, кажучы: "Ня ведаю, што гаворыш". А калі ён падыходзіў да брамы, убачыла яго іншая служанка і кажа тым, што там былі: "Ён быў з Ісусам з Назарэту". Ён зноў запярэчыў з клятваю: "Ня ведаю гэтага Чалавека". Крыху пазьней тыя, што стаялі, падышлі і сказалі Пятру: "Ты сапраўды адзін з іх, бо і гаворка твая выдае цябе". Тады Пётра пачаў клясьціся і бажыцца: "Ня ведаю гэтага Чалавека". І у тую хвіліну запяяў певень. Пётра згадаў слова, якое Ісус сказаў яму: "Перш, як запяе певень, тройчы адрачэшся ад Мяне". І, выйшаўшы адтуль, горка заплакаў. Калі ж настала раніца, усе першасьвятары і старшыні народу склікалі раду аб Ісусе, каб Яго забіць. І, зьвязаўшы Яго, завялі і выдалі Понцыю Пілату, намесьніку. Замест Хэрувімскай песьні: Зрабі мяне сёньня, Сыне Божы, удзельнікам Тваёй тайнай вячэры. Я ня здраджу ворагам Тваім тайны, і ня дам пацалунку, як Юда, але, як разбойнік, вызнаю Цябе: "Успомні мяне, Госпадзе, у валадарстве Тваім". Алілуя, алілуя, алілуя. Тое самае замест Прычасьніка, "Мы бачылі праўдзівае сьвятло" і "Хай нашы вусны будуць поўныя". Вярнуцца назад |