Галоўная > Вялікі тыдзень > Вялікая Пятніца

Вялікая Пятніца


19 лютага 2008.
ЮТРАНЬ
(ДВАНАЦЦАЦЬ ЕВАНГЕЛЬЛЯЎ МУКАЎ ХРЫСТОВЫХ)


Пасьля звычайнага пачатку штодзённай ютрані, шасьці псалмаў, Мірнай літаніі і "Алілуя", людзі пачынаюць сьпяваць наступны трапар:
(Тон 8): Калі слаўныя вучні, абмытыя на вячэры, прасьвятліліся, злачынны Юда, захварэўшы на срэбралюбства, пацямнеў і прадаў Цябе, справядлівага Судзьдзю, беззаконным судзьдзям. Глядзі, прагны да багацьця, на таго, хто праз яго павесіўся! Уцякай ад ненасытнае душы, што наважылася на такое злачынства супраць Настаўніка. Усядобры Госпадзе, слава Табе. (Тройчы)
У міжчасе сьвятар у фэлоне, у суправаджэньні дыякана з кадзілам, выносіць Евангельле на сярэдзіну царквы і кладзе на прыгатаваны раней аналой. Пасьля дыякан кадзіць Евангельле, усю царкву і людзей.
Пасьля сьпеву – малая літанія:
Дыякан: Яшчэ і яшчэ ў супакоі Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.
Людзі: Табе, Госпадзе.
Сьвятар: Бо Твая ёсьць дзяржава і Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.

Раздаюцца сьвечкі і дыякан адразу кажа:
Дыякан: І каб нам быць дастойнымі слухаць Сьвятое Евангельле Госпада Бога молім.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Мудрасьць, устаньце, будзем слухаць Сьвятое Евангельле.
Сьвятар: Мір усім.
Людзі: І твайму духу.
Сьвятар: Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Яна.
Людзі: Слава мукам Тваім, Госпадзе!
Дыякан: Слухайма ўважліва!
Сьвятар чытае першае Евангельле ад Яна (13:31-18:1):
ПЕРШАЕ ЕВАНГЕЛЬЛЕ
Сказаў Госпад вучням сваім: "Цяпер праслаўлены Сын Чалавечы і Бог праслаўлены ў Ім. Калі Бог праслаўлены ў Ім, то і Бог праславіць Яго і зараз праславіць Яго. Дзеці! Яшчэ нядоўга Я з вамі. Будзеце шукаць Мяне, але – як Я ўжо сказаў гэбрэям, так і вам кажу цяпер, – куды Я іду, вы ня можаце пайсьці. Новае прыказаньне даю вам: любіце адзін аднаго; як Я палюбіў вас, і вы любіце адзін аднаго. Па гэтым пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў між сабою". Кажа Яму Сымон Пётра: "Госпадзе, куды Ты ідзеш?". Ісус адказаў яму: "Куды Я іду, ты ня можаш цяпер пайсьці за Мною, але пасьля пойдзеш". А Пётра Яму: "Госпадзе, чаму цяпер не магу пайсьці за Табою? Я жыцьцё сваё аддам за Цябе". Ісус адказаў: "Жыцьцё сваё за Мяне аддасі? Сапраўды, сапраўды кажу табе: певень не прапяе, як ты тройчы адрачэшся ад Мяне.
Няхай не трывожыцца сэрца ваша: верце ў Бога і ў Мяне верце. У доме Айца Майго шмат пакояў. Калі б так не было, Я сказаў бы вам, бо іду прыгатаваць вам месца. І калі пайду і падрыхтую вам месца, зноў прыйду і вазьму вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я". Кажа Яму Тамаш: "Госпадзе, мы ня ведаем, куды ідзеш: як жа можам ведаць дарогу?". Ісус яму ў адказ: "Я – дарога, і праўда, і жыцьцё. Ніхто не прыходзіць да Айца як толькі праз Мяне. Калі б вы ведалі Мяне, і Майго Айца ведалі б. Але цяпер вы Яго ведаеце і бачылі". Кажа Яму Піліп: "Госпадзе, пакажы нам Айца, і нам будзе даволі". Адказаў яму Ісус: "Столькі часу Я з вамі, Піліпе, і ты яшчэ Мяне не пазнаў? Хто бачыў Мяне, бачыў і Айца. Як жа ты кажаш: «Пакажы нам Айца»? Ці ж ня верыш, што Я ў Айцу, і Айцец ува Мне? Словы, якія кажу вам, не ад сябе кажу: Айцец, што ўва Мне, Ён сам робіць свае справы. Верце Мне, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне. Калі ж не – дык прынамсі верце дзеля самых учынкаў. Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, будзе рабіць учынкі, якія Я раблю, і большыя за іх учыніць, бо Я да Айца іду. І калі нешта будзеце прасіць у імя Маё, зраблю, каб Айцец быў праслаўлены ў Сыне. І усё, пра што папросіце Мяне ў імя Маё, зраблю. Калі любіце Мяне, будзеце захоўваць Мае прыказаньні. Я ж папрашу Айца, і Ён пашле вам іншага Суцяшальніка, які будзе з вамі заўсёды – Духа Праўды, якога сьвет прыняць ня можа, бо Яго ня бачыць і ня ведае. Але вы Яго ведаеце, бо Ён у вас прабывае і ў вас будзе. Не пакіну вас сіротамі: прыйду зноў да вас. Яшчэ нядоўга, і сьвет Мяне ня ўбачыць. Але вы ўбачыце Мяне, бо Я жыву і вы жыць будзеце. У той дзень вы пазнаеце, што Я ў Айцу Маім, а вы ўва Мне і Я ў вас. Хто захоўвае Мае прыказаньні, той любіць Мяне. А хто любіць Мяне, таго Айцец мой будзе любіць, і Я таксама буду любіць яго і аб'яўлюся яму". Сказаў Яму Юда, не Іскарыёт: "Госпадзе, што гэта, што хочаш аб'явіць сябе нам, а ня сьвету?". Ісус сказаў яму ў адказ: "Калі хто любіць Мяне, захавае Мае словы, і Айцец Мой будзе любіць яго, і да яго прыйдзем і ў яго будзем прабываць. Хто ня любіць Мяне, не захоўвае слоў Маіх. А словы, якія чуеце, не Мае, але Айца, які паслаў Мяне. Гэта сказаў Я вам, будучы з вамі. А Суцяшальнік, Дух Сьвяты, якога Айцец пашле вам у Маё імя, Ён навучыць вас усяму і нагадае вам усё, што Я казаў. Супакой пакідаю вам, супакой Мой даю вам. Даю вам ня так, як дае сьвет. Хай не трывожыцца сэрца ваша і не баіцца. Вы чулі, што Я вам сказаў: Адыходжу і зноў прыйду да вас. Калі б вы любілі Мяне, вы б цешыліся, што іду да Айца, бо Айцец Мой большы за Мяне. А цяпер Я сказаў вам раней, чым гэта спраўдзіцца. Ужо ня буду вам шмат гаварыць, бо вось ідзе князь гэтага сьвету. Ён ня мае нічога свайго ўва Мне. Але хай сьвет даведаецца, што Я люблю Айца і раблю, як Мне Айцец загадаў. Устаньце, пойдзем адсюль!
Я сапраўдная вінаградная лаза, а Мой Айцец – вінаградар. Кожную галінку, што ўва Мне не прыносіць плоду, Ён адцінае, а кожную, што прыносіць плод, ачышчае, каб прыносіла большы плод. Вы ўжо чыстыя, дзякуючы слову, якое Я вам сказаў. Заставайцеся ўва Мне, і Я буду ў вас. Як галінка ня можа прыносіць плоду сама з сябе, калі не застанецца на вінаграднай лазе, гэтак і вы ня можаце, калі не застанецеся ўва Мне. Я – вінаградная лаза, вы – галінкі. Хто ўва Мне застаецца, а Я ў ім, той прыносіць шмат плоду, бо без Мяне ня можаце нічога рабіць. Той, хто не прабывае ўва Мне, будзе, як вінаградная галінка, выкінуты вон, і засохне. І зьбіраюць іх і кідаюць у вагонь, і яны згараюць. Калі прабудзеце ўва Мне, і слова Маё ў вас, чаго хочаце прасіце, і будзе вам. Айцец Мой будзе ўслаўлены тым, што прынесяце багаты плён і будзеце Маімі вучнямі. Як Мяне палюбіў Айцец, так Я палюбіў вас. Трывайце ў Маёй любові! Калі будзеце захоўваць мае прыказаньні, будзеце заставацца ў Маёй любові, як Я захаваў прыказаньні Айца і застаюся ў Ягонай любові. Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасьць была ў вас, і каб вашая радасьць была поўная. Вось Маё прыказаньне: каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Няма большай любові, як тая, калі хто жыцьцё сваё аддае за прыяцеляў. Вы мае прыяцелі, калі выконваеце тое, што Я загадаў. Ужо не называю вас слугамі, бо слуга ня ведае, што робіць ягоны гаспадар, але Я назваў вас прыяцелямі, бо Я абвясьціў вам усё, што пачуў ад Майго Айца. Ня вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў, і прызначыў на тое, каб вы ішлі і прыносілі плод, і каб плод ваш заставаўся, каб Айцец Мой даў вам усё, чаго ні папросіце ў Маё імя. Гэта загадваю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Калі сьвет вас ненавідзіць, ведайце, што Мяне ён раней узьненавідзеў. Калі б вы былі ад сьвету, сьвет любіў бы вас, як сваё. Але як вы не ад сьвету, бо Я выбраў вас сабе ад сьвету, то сьвет ненавідзіць вас. Памятайце слова, якое Я вам сказаў: «Слуга ня большы за гаспадара». Калі Мяне перасьледавалі, то і вас будуць перасьледаваць. Калі Маё слова захавалі, то і ваша будуць захоўваць. Але ўсё гэта будуць рабіць вам дзеля Майго імя, бо ня ведаюць Таго, хто Мяне паслаў. Калі б Я не прыйшоў і не казаў ім, ня мелі б граху; а цяпер яны ня маюць апраўданьня за свой грэх. Хто ненавідзіць Мяне, ненавідзіць і Айца Майго. Калі б Я не зрабіў сярод іх учынкаў, якіх ніхто не зрабіў, ня мелі б граху. Цяпер жа яны бачылі і ўзьненавідзелі і Мяне і Майго Айца. Але гэта сталася, каб спраўдзілася напісанае ў Законе: «Узьненавідзелі Мяне без прычыны». Калі ж прыйдзе Суцяшальнік, якога Я вам пашлю ад Айца, Дух праўды, які ад Айца паходзіць, Ён будзе сьведчыць пра Мяне. А вы таксама будзеце сьведчыць, бо ад пачатку вы са Мною.
Гэта Я сказаў вам, каб вы ня ўсумніліся. Адлучаць вас ад сынагогі. Нават прыходзіць гадзіна, калі кожны, хто вас заб'е, будзе думаць, што робіць паслугу Богу. Будуць так рабіць, бо не пазналі ні Айца, ні Мяне. Але Я сказаў вам гэта, каб, калі надыдзе тая гадзіна, вы памяталі, што Я вам сказаў. Спачатку Я не казаў вам пра гэта, бо быў з вамі. А цяпер іду да Таго, хто паслаў Мяне, і ніхто не пытаецца ў Мяне: «Куды ідзеш?». Але ад таго, што Я вам гэта сказаў, смутак напоўніў сэрца ваша. Аднак кажу вам праўду: лепш для вас, каб Я адышоў. Бо калі не адыду, Суцяшальнік ня прыйдзе да вас. Калі ж адыду, пашлю Яго вам. А Ён, калі прыйдзе, пераканае сьвет у граху, у справядлівасьці, і ў судзе. У граху – бо ня вераць у Мяне; у справядлівасьці – бо іду да Айца, і больш ня ўбачыце Мяне; у судзе – бо князь гэтага сьвету ўжо асуджаны. Яшчэ шмат чаго маю сказаць вам, але цяпер вы ня зможаце ўмясьціць. Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, дык давядзе вас да ўсёй праўды, бо Ён ня будзе казаць ад сябе, але скажа ўсё, што пачуе, і абвесьціць вам тое, што мае быць. Ён Мяне ўславіць, бо ад Майго возьме і абвесьціць вам. Усё, што мае Айцец – Маё. Дзеля гэтага Я сказаў, што ад Майго возьме і абвесьціць вам. Яшчэ хвіліна, і ня ўбачыце Мяне, і зноў хвіліна, і ўбачыце Мяне". Тады некаторыя з Ягоных вучняў сказалі адзін аднаму: "Што гэта значыць, што Ён нам кажа: Яшчэ хвіліна, і ня ўбачыце Мяне; і зноў хвіліна, і ўбачыце Мяне; таксама: Іду да Айца?". І казалі: "Што значыць гэтая хвіліна, пра якую Ён кажа? Не разумеем, што Ён гаворыць". Ісус пазнаў, што хацелі спытацца ў Яго, і сказаў ім: "Ці не пра тое разважаеце між сабою, што Я сказаў: Яшчэ хвіліна, і ня ўбачыце Мяне, і зноў хвіліна, і ўбачыце Мяне? Сапраўды, сапраўды кажу вам, што будзеце плакаць і галасіць, а сьвет будзе цешыцца; будзеце тужыць, але смутак ваш у радасьць абернецца. Жанчына, калі родзіць, адчувае тугу, бо прыйшла яе гадзіна; калі ж народзіць дзіця, не памятае болю з радасьці, што чалавек нарадзіўся на сьвет. І вы цяпер адчуваеце смутак, але Я зноў убачу вас і ўзрадуецца сэрца ваша, і радасьці вашай ніхто не адыме ад вас. У той дзень ні пра што ня будзеце пытацца ў Мяне. Сапраўды, сапраўды кажу вам: чаго папросіце Айца ў імя Маё, дасьць вам. Дагэтуль вы нічога не прасілі ў Маё імя: прасіце, і атрымаеце, каб радасьць вашая была поўная. Я казаў вам аб гэтых рэчах прыповесьцямі. Надыходзіць час, калі ўжо ня буду казаць вам у прыповесьцях, але абвяшчу вам адкрыта пра Айца. У той дзень будзеце прасіць у імя Маё, і не кажу, што Я буду прасіць за вас Айца. Сам Айцец любіць вас, бо вы палюбілі Мяне і ўверылі, што Я ад Бога выйшаў. Я выйшаў ад Айца і прыйшоў на сьвет; цяпер зноў пакідаю сьвет і іду да Айца". Ягоныя вучні сказалі: "Вось цяпер Ты гаворыш адкрыта і не кажаш ніякай прыповесьці. Цяпер ведаем, што ўсё ведаеш і няма патрэбы, каб нехта ў Цябе пытаўся. Таму верым, што Ты выйшаў ад Бога". Ісус адказаў ім: "Цяпер верыце? Вось надыходзіць гадзіна, дый ужо прыйшла, калі разьбяжыцеся кожны ў свой бок, і пакінеце Мяне самога; але Я не адзін, бо Айцец са Мною. Гэта Я сказаў вам, каб вы мелі супакой ува Мне. На сьвеце будзеце цярпець гора, але будзьце сьмелыя: Я перамог сьвет".
Так гаварыў Ісус, і, падняўшы вочы да неба, сказаў: "Ойча, надышла гадзіна! Услаў Сына Твайго, каб Сын уславіў Цябе, і каб сілаю ўлады, дадзенай Яму ад Цябе над кожным чалавекам, даў жыцьцё вечнае ўсім тым, каго Ты даў Яму. А гэта ёсьць вечнае жыцьцё: каб пазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і Таго, каго Ты паслаў, Ісуса Хрыста. Я ўславіў Цябе на зямлі, споўніўшы тое, што Ты Мне даручыў. А цяпер Ты, Ойча, услаў Мяне сам той славаю, якую Я меў у Цябе перад тым, як паўстаў сьвет. Я аб'явіў імя Тваё людзям, якіх Ты Мне даў. Яны былі Тваімі, і Ты даў іх Мне, і яны захавалі слова Тваё. Цяпер пазналі яны, што ўсё, што Ты Мне даў, паходзіць ад Цябе. Словы, якія Ты мне даў, Я перадаў ім, і яны прынялі іх і пазналі сапраўды, што Я ад Цябе выйшаў; і ўверылі, што Ты Мяне паслаў. Я за іх прашу, не прашу за сьвет, але за тых, каго Ты Мне даў, бо яны Твае. Бо ўсё Маё – Тваё, і Тваё – Маё, і ў іх Я ўславіўся. Я ўжо не на сьвеце, але яны яшчэ на сьвеце, а Я да Цябе іду. Ойча сьвяты, захавай іх у імені Тваім, якое Ты Мне даў, каб яны былі адно, як Мы. Пакуль Я быў на сьвеце, Я захаваў іх у імені Тваім, якое Ты Мне даў; і ўсьцярог іх, і ніхто з іх ня згінуў, апроч сына загубы, каб спраўдзілася Пісаньне. Але цяпер іду да Цябе, і кажу гэта, будучы яшчэ на сьвеце, каб Мая радасьць у іх была поўная. Я перадаў ім слова Тваё, і сьвет іх узьненавідзеў за тое, што яны не ад сьвету, як і Я не ад сьвету. Не прашу, каб Ты забраў іх са сьвету, але каб зьбярог ад злога. Яны не ад сьвету, як і Я не ад сьвету. Асьвяці іх праўдаю. Слова Тваё – праўда. Як Ты паслаў Мяне на сьвет, так Я іх паслаў на сьвет. За іх Я пасьвячаю сябе, каб і яны былі асьвячаныя ў праўдзе. Ня толькі за іх прашу, але і за тых, што дзякуючы іхняму слову ўвераць у Мяне; каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, і каб яны былі адно ў нас, каб сьвет уверыў, што Ты паслаў Мяне. І славу, якую Ты Мне даў, Я даў ім, каб былі адно, як і Мы адно. Я ў іх, а Ты ўва Мне! Каб яны сталіся адно, каб сьвет пазнаў, што Ты паслаў Мяне і што Ты палюбіў іх так, як Ты палюбіў Мяне. Ойча, хачу, каб тыя, якіх Ты Мне даў, былі са Мною там, дзе Я, і каб бачылі славу Маю, якую Ты Мне даў перад заснаваньнем сьвету. Ойча справядлівы! Сьвет не пазнаў Цябе, але Я пазнаў Цябе, і яны пазналі, што Ты паслаў Мяне. Я аб'явіў ім Тваё імя і буду аб'яўляць, каб любоў, якою Ты Мяне палюбіў, у іх была і Я ў іх".
Сказаўшы гэта, Ісус са сваімі вучнямі выйшаў за ручай Кедрон. Там быў сад, у які ўвайшоў Ён і Ягоныя вучні.
Людзі: Слава доўгацярпеньню Твайму, Госпадзе!

Увага: Такі парадак захоўваецца пры чытаньні ўсіх наступных Евангельляў. Адразу пасьля Евангельля людзі пяюць (або чытаюць) антыфаны.

Антыфан 1

(Тон 1): Кіраўнікі народу змовіліся супраць Госпада і супраць памазанца Яго.
Яны беспадстаўна абвінавацілі мяне; Госпадзе, Госпадзе, не пакінь мяне.
Прынясем Хрысту чыстыя пачуцьці і, як прыяцелі Ягоныя, ахвяруем жыцьцё наша дзеля Яго. Не паддамося, як Юда празе багацьця, але з глыбіні сэрцаў нашых усклікнем: Ойча наш, што ў небе, выбаў нас ад злога.
Слава ... Цяпер ...
Багародзічны: Беззаганная Дзева, Багародзіца Марыя, Ты, стаўшыся маці, засталася Дзеваю. Малі Хрыста Бога нашага збавіць душы нашыя.

Антыфан 2

(Тон 6): Юда пабег да беззаконных кніжнікаў і сказаў: "Што дасьце мне за тое, што выдам вам Яго?". Ты ж сам стаяў нябачна сярод іх, калі яны чынілі змову супраць Цябе. Сэрцазнаўца, пашкадуй душы нашыя.
З любоўю і спагадаю будзем служыць Богу, як Марыя на вячэры. Не паддамося любові да грошай, як Юда, каб нам заўсёды быць з Хрыстом Богам.
Слава ... Цяпер ...
Багародзічны: Малі няспынна, Дзева, Сына Твайго, якога Ты невыказна нарадзіла, каб Ён у чалавекалюбстве сваім выбавіў ад бедаў тых, што прыбягаюць да Цябе.

Антыфан 3

(Тон 2): Калі Ты, чалавекалюбны Госпадзе, Лазара ўваскрасіў, дзеці гэбрэйскія пяялі славу Табе. Але беззаконны Юда не хацеў зразумець.
На вячэры Тваёй, Хрысьце, Ты сказаў вучням Тваім: "Адзін з вас прадасьць мяне". Але беззаконны Юда не хацеў зразумець.
Калі Ян спытаўся ў Цябе: "Хто прадасьць Цябе, Госпадзе?", Ты паказаў яго, даючы яму хлеб. Але беззаконны Юда не хацеў зразумець.
Калі Ты памыў ногі вучням Тваім, Ты, Хрысьце Божа, загадаў ім: "Рабіце і вы тое, што бачылі". Але беззаконны Юда не хацеў зразумець.
"Ня сьпіце і маліцеся, каб ня ўпасьці ў спакусу", – Ты, Хрысьце Божа наш, сказаў вучням сваім. Але беззаконны Юда не хацеў зразумець.
Слава ... Цяпер ...
Багародзічны: Збаў ад бедаў слуг Тваіх, Багародзіца, бо мы ўсе пасьля Бога да Цябе прыбягаем, як да нашай надзейнай сьцяны і заступніцы.

Малая літанія "Яшчэ і яшчэ ...".
Воклік: Бо Ты добры і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Сядальная песьня (Тон 7): На вячэры з вучнямі, ведаючы пра дамоўленую за Цябе цану, Ты выкрыў Юду. Ведаючы яго нераскаяным, Ты хацеў, каб усе зналі, што Ты дабравольна аддаеш сябе за вызваленьне сьвету. Доўгацярплівы Госпадзе, слава Табе.

Дыякан: І каб нам быць дастойнымі слухаць Сьвятое Евангельле Госпада Бога молім.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Мудрасьць, устаньце, будзем слухаць Сьвятое Евангельле.
Сьвятар: Мір усім.
Людзі: І твайму духу.
Сьвятар: Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Яна.
Людзі: Слава мукам Тваім, Госпадзе!
Дыякан: Слухайма ўважліва!

ДРУГОЕ ЕВАНГЕЛЬЛЕ

(Ян 18:1-28): У той час Ісус са сваімі вучнямі выйшаў за ручай Кедрон. Там быў сад, у які ўвайшоў Ён і Ягоныя вучні. Юда, які выдаў Яго, ведаў таксама гэтае месца, бо Ісус і Ягоныя вучні часта зьбіраліся там. Узяўшы роту жаўнераў і слугаў першасьвятароў і фарысэяў, Юда прыйшоў туды з ліхтарамі, сьветачамі і зброяю. Ісус жа, ведаючы ўсё, што мае адбыцца з Ім, выйшаў насустрач і сказаў ім: "Каго шукаеце?". Адказалі Яму: "Ісуса Назарэя". Сказаў ім Ісус: "Гэта Я". Сярод іх быў таксама Юда, які выдаў Яго. Як толькі сказаў Ён ім: "Гэта Я", яны адступілі назад і ўпалі на зямлю. Другі раз спытаўся ў іх: "Каго шукаеце?". І яны адказалі Яму: "Ісуса Назарэя". Ісус адказаў: "Сказаў вам, што гэта Я. Калі Мяне шукаеце, дык пакіньце гэтых, хай ідуць". Сталася гэта, каб спраўдзілася слова, якое Ён сказаў: "З тых, каго Ты Мне даў, Я ня страціў нікога". Тады Сымон Пётра, у якога быў меч, выхапіў яго, ударыў слугу першасьвятара і адсек яму правае вуха. Імя слугі таго было Малх. Сказаў тады Ісус Пятру: "Схавай меч твой у похву. Ці ж Мне ня піць чашу, якую даў Мне Айцец?". Тады рота і тысячнік разам са слугамі гэбрэйскімі схапілі Ісуса, зьвязалі Яго і адвялі сьпярша да Анны. Ён быў цесьцем Каяфы, які быў на той год першасьвятаром. Гэта быў той Каяфа, які параіў гэбрэям, што лепш, каб адзін чалавек памёр за народ. А Сымон Пётра і другі вучань ішлі ўсьлед за Ісусам. Той другі вучань быў знаёмы першасьвятару, і ён увайшоў разам з Ісусам у двор першасьвятара, а Пётра затрымаўся перад брамаю знадворку. Увайшоўшы, той другі вучань, ведамы першасьвятару, пагутарыў з брамніцаю і ўвёў Пётру ў сярэдзіну. А служанка брамніца сказала Пятру: "Ці і ты не адзін з вучняў гэтага Чалавека?". Ён адказаў: "Не". А так як было холадна, вартаўнікі і слугі, расклаўшы агонь, стаялі вакол яго і грэліся. Сярод іх стаяў таксама Пётра і грэўся. А першасьвятар запытаўся ў Ісуса пра Ягоных вучняў і Ягонае вучэньне. Ісус адказаў яму: "Я ўсё адкрыта гаварыў перад усім сьветам. Я заўсёды вучыў у сынагозе і ў сьвятыні, дзе зьбіраюцца ўсе гэбрэі, і патаемна не гаварыў нічога. Што ты ў Мяне пытаешся? Спытайся ў тых, што чулі, што Я гаварыў. Яны ведаюць, што Я казаў". Калі Ён сказаў гэта, адзін са слугаў, што стаялі побач, ударыў Ісуса ў твар і сказаў: "Гэтак адказваеш першасьвятару?". Ісус адказаў яму: "Калі Я дрэнна сказаў, дык дакажы, што дрэнна. А калі добра, дык за што Мяне б'еш?". Тады Анна паслаў Яго, зьвязанага, да першасьвятара Каяфы. А Сымон Пётра стаяў і грэўся. Сказалі тады яму: "Ці і ты ня з вучняў Ягоных?". А ён запярэчыў, кажучы: "Не!". Адзін са слугаў першасьвятара, сваяк таго, якому Пётра адсек вуха, сказаў: "Ці не цябе я бачыў з Ім у садзе?". Пётра зноў запярэчыў, і ў той час прапяяў певень. Ад Каяфы завялі Ісуса ў прэторыю. Была раніца, і яны самі не ўвайшлі ў прэторыю, каб не апаганіцца і каб магчы есьці пасху.

Антыфан 4

(Тон 5): Сёньня Юда пакідае Настаўніка і прымае д'ябла. Асьлеплены прагаю да грошай, ён адпадае ад сьвятла ў цемру, бо як можа бачыць той, хто прадаў Сьвятло за трыццаць срэбранікаў? Але Той, хто за сьвет пацярпеў, зазьзяў для нас. Дык усклікнем Яму: "Госпадзе, які ў спагадлівасьці да людзей пацярпеў за іх, слава Табе!".
Сёньня Юда пад выглядам багабойнасьці адкідае дар ласкі; вучань стаецца здраднікам, крывадушнік прыкідваецца прыяцелем. У бяздумнасьці сваёй больш за любоў Уладара ён упадабаў грошы і стаўся правадніком злачыннага зборышча. Мы ж праслаўляем Хрыста, які даў нам збаўленьне.
(Тон 1): Як браты ў Хрысьце, будзем браталюбнымі, спагадлівымі да бліжніх, каб ня быць асуджанымі, як неміласэрны слуга з-за любові да грошай, і бескарысна каяцца, як Юда.
Слава ... Цяпер ...
Багародзічны: Слаўныя рэчы гавораць пра Цябе, Багародзіца Марыя, бо Ты, усяслаўная і беззаганная, нарадзіла ў целе Творцу ўсіх.

Антыфан 5

(Тон 6): Вучань дамаўляецца аб цане за Настаўніка, і за трыццаць срэбранікаў прадае Госпада; няшчырым пацалункам выдае Яго беззаконным на сьмерць.
Сёньня Творца неба і зямлі кажа вучням сваім: "Ужо блізка час. Вось ідзе Юда, які выдаў Мяне. Хай ніхто не адрачэцца ад Мяне, калі ўбачыць Мяне на крыжы паміж двух разбойнікаў: Я цярплю як чалавек, але як Чалавекалюбец збаўляю тых, хто верыць у Мяне".
Слава ... Цяпер ...
Багародзічны: Ты, што ў апошні час невыказна зачала і нарадзіла Творцу свайго, малі Яго за збаўленьне душаў нашых.

Антыфан 6

(Тон 7): Сёньня Юда ня сьпіць, ён думае, як выдаць Госпада, спрадвечнага Збаўцу сьвету, які пяцьцю хлябамі насыціў вялікую грамаду. Сёньня праступнік выракаецца Настаўніка: стаўшыся вучнем, ён за грошы выдае Ўладара, і прадае Таго, хто маннаю карміў людзей сваіх.
Сёньня няўдзячныя людзі прыбілі да крыжа Госпада, які жэзлам разьдзяліў мора і правёў іх праз пустыню. Сёньня кап'ём прабілі бок Таму, хто дзеля іх параніў Ягіпет язвамі; жоўцю напаілі Таго, хто карміў іх маннаю.
Прыйшоўшы на дабравольныя мукі, Ты, Госпадзе, дакараў вучняў сваіх: "Калі ня можаце нават адной гадзіны пабыць са Мною, дык як жа кажаце, што вы гатовыя памерці за Мяне? Дзівіцеся на Юду: ён ня сьпіць, а ўсё думае, як прадаць Мяне. Устаньце і маліцеся, каб ніхто з вас не адрокся ад Мяне, калі ўбачыць Мяне на крыжы". Доўгацярплівы Госпадзе, слава Табе!
Слава ... Цяпер ...
Багародзічны: Радуйся, Багародзіца, што зьмясьціла ва ўлоньні Таго, каго неба зьмясьціць ня можа; радуйся, Дзева, прарокаў прапаведаваньне, бо з Цябе зазьзяў нам Эмануэль. Радуйся, Маці Хрыста Бога!

Малая літанія з воклікам:
Бо Ты Бог наш, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў.

Сядальная песьня (Тон 7): Што змусіла цябе, Юда, стацца здраднікам Збавіцеля? Ці ж Ён адлучыў цябе ад грамады апосталаў? Няўжо ж адабраў ад цябе дар ацаленьняў? А можа адкінуў цябе ад стала, калі ты з іншымі вячэраў? Або, калі іншым абмываў ногі, цябе абмінуў? Колькі ласкаў Ягоных ты забыў! Цяпер сталася яўнай уся твая няўдзячная істота, і Ягонае бязьмежнае доўгацярпеньне і вялікая міласэрнасьць.

ТРЭЦЯЕ ЕВАНГЕЛЬЛЕ

(Мц 26.57-75): У той час жаўнеры схапілі Ісуса, завялі Яго да першасьвятара Каяфы, дзе сабраліся кніжнікі і старэйшыя. А Пётра ішоў за Ім здалёку аж да дому першасьвятара. Там, увайшоўшы ў двор, сеў сярод слугаў, каб пабачыць канец. А першасьвятары і старэйшыя, і ўся Высокая Рада, шукалі сьведчаньня супраць Ісуса, каб пакараць Яго сьмерцю. І не знайшлі, хоць шмат хлусьлівых сьведкаў прыходзіла. У канцы два хлусьлівыя сьведкі, прыйшоўшы, сказалі: "Гэты казаў: Магу зруйнаваць хорам Божы і ў тры дні адбудаваць". Тады першасьвятар, устаўшы, сказаў Яму: "Нічога не адказваеш на тое, што яны кажуць супраць Цябе?". Але Ісус маўчаў. А першасьвятар сказаў Яму: "Заклінаю Цябе Богам жывым, скажы нам: ці Ты Хрыстос, Сын Божы?". Ісус кажа яму: "Я Той, як ты сказаў. І яшчэ скажу вам: ад цяпер убачыце Сына Чалавечага, які будзе сядзець па правай руцэ Ўсемагутнага і прыйдзе на хмарах нябесных". Тады першасьвятар разарваў сваё адзеньне, кажучы: "Ён блюзьніць! Нашто нам яшчэ сьведкі: вы чулі Ягонае блюзьнерства. Як вам здаецца?". Яны адказалі: "Варты сьмерці". Тады пачалі пляваць Яму ў твар і біць кулакамі; іншыя білі Яго па шчоках, прыгаворваючы: "Скажы нам, Хрысьце, хто ўдарыў Цябе?". А Пётра сядзеў на двары. Аж тут падышла да яго адна служанка і кажа: "І ты быў з Ісусам Галілейцам". Ён жа перад усімі выракся, кажучы: "Ня ведаю, што гаворыш". А калі ён падыходзіў да брамы, убачыла яго іншая служанка і кажа тым, што там былі: "Ён быў з Ісусам з Назарэту". Ён зноў запярэчыў з клятваю: "Ня ведаю гэтага Чалавека". Крыху пазьней тыя, што стаялі, падышлі і сказалі Пятру: "Ты сапраўды адзін з іх, бо і гаворка твая выдае цябе". Тады Пётра пачаў клясьціся і бажыцца: "Ня ведаю гэтага Чалавека". І у тую хвіліну запяяў певень. Пётра згадаў слова, якое Ісус сказаў яму: "Перш, як запяе певень, тройчы адрачэшся ад Мяне". І, выйшаўшы адтуль, горка заплакаў.

Антыфан 7

(Тон 8): Калі беззаконныя схапілі Цябе, Госпадзе, Ты ўсё сьцярпеў і так усклікнуў: "Хоць вы паранілі пастыра і разагналі дванаццаць авечак – вучняў Маіх, – Я мог бы выставіць больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў. Але цярплю, каб споўнілася ўсё тайнае і нязьведанае, што Я аб'явіў вам праз прарокаў Маіх". Госпадзе, слава Табе!
Тройчы Пётра адрокся ад Цябе і, зразумеўшы сказанае яму, прынёс Табе сьлёзы жалю. Божа, ачысьці і збаў мяне!
Слава ... Цяпер ...
Багародзічны: Як браму збаўленьня, і цудоўны рай, і хмару непрамінальнага сьвятла, існую Сьвятую Дзеву ўсхвалім, кажучы Ёй: "Радуйся!".

Антыфан 8

(Тон 2): Скажыце, беззаконьнікі, што чулі вы ад Збавіцеля вашага? Хіба ж ня выясьніў Ён вам закон і сказаньні прарокаў? Як жа тады вы наважыліся выдаць Пілату ад Бога Бога-Слова і Збавіцеля душ нашых?
"Хай будзе ўкрыжаваны!" – крычалі забойцы праведнікаў, што карысталіся з Тваіх дароў, і замест Дабрачынца прасілі разбойніка. Ты ж Хрысьце, маўчаў, ціха пераносячы іхнюю злосьць, бо хацеў у чалавекалюбстве Тваім пацярпець, каб збавіць нас.
Слава ... Цяпер ...
Багародзічны: Ня маем сьмеласьці з прычыны шматлікасьці нашых грахоў, але Ты, Багародзіца Дзева, малі Таго, хто нарадзіўся ад Цябе: многа можа малітва Маці да міласэрнасьці Ўладара. Не пагардзі просьбамі грэшных, Усячыстая, бо міласэрны і здольны нас збавіць Той, хто захацеў дабравольна пацярпець за нас.

Антыфан 9

(Тон 3): Далі трыццаць срэбранікаў за Ацэненага, бо на столькі ацанілі Яго сыны Ізраіля. Чувайце і маліцеся, каб ня ўпасьці ў спакусу, бо дух бадзёры, але цела нямоглае. Дык чувайце!
Далі мне замест хлеба жоўць, а замест вады напаілі мяне воцатам. Але Ты, Госпадзе, уздымі мяне, і Я адплачу ім.
Слава ... Цяпер ...
Багародзічны: Мы, што ад паганаў паходзім, славім Цябе, Багародзіца чыстая, бо Ты нарадзіла Хрыста Бога нашага, які праз Цябе вызваліў людзей ад праклёну.

Малая літанія з воклікам:
Бо Ты міласэрны і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Сядальная песьня (Тон 8): Як гэта Юда, які раней быў вучнем Тваім, наважыўся выдаць Цябе? Паклёпнік і злачынца, узяўшы крывадушна ўдзел у вячэры, пайшоў і сказаў сьвятаром: "Што дасьцё мне, і я выдам вам Таго, хто разбурыў закон і апаганіў суботу?". Доўгацярплівы Госпадзе, слава Табе!

ЧАЦЬВЁРТАЕ ЕВАНГЕЛЬЛЕ

(Ян 18:28–19:16): У той час ад Каяфы павялі Ісуса ў прэторыю. Была раніца, і яны самі не ўвайшлі ў прэторыю, каб не апаганіцца, але магчы есьці Пасху. Таму Пілат выйшаў да іх навонкі і сказаў: "Якое абвінавачваньне прыносіце супраць гэтага Чалавека?". А яны сказалі яму ў адказ: "Калі б ня быў Ён злачынцам, мы б ня выдалі Яго табе". Кажа ім Пілат: "Вазьміце сабе Яго і судзіце згодна з вашым законам". Юдэі ж яму ў адказ: "Нам нельга нікога караць сьмерцю!" – каб зьдзейсьнілася слова Ісуса, калі казаў, даючы зразумець, якой сьмерцю мае памерці. Пілат увайшоў зноў у прэторыю, паклікаў Ісуса і кажа Яму: "Ці Ты кароль Юдэйскі?". Ісус адказаў: "Ці ты гэта ад сябе гаворыш, ці іншыя сказалі табе аба Мне?". Пілат адказаў: "Ці ж я гэбрэй? Народ твой і першасьвятары перадалі Цябе мне. Што Ты такое ўчыніў?". Ісус кажа: "Валадарства Маё ня з гэтага сьвету. Калі б Маё валадарства было з гэтага сьвету, слугі мае баранілі б Мяне, каб Я ня быў выданы юдэям. Але Маё валадарства не адсюль". "То Ты ўсё ж кароль?" – кажа Пілат. Ісус адказаў: "Ты кажаш, што Я кароль. Я на тое нарадзіўся, і прыйшоў на сьвет, каб сьведчыць аб праўдзе. Кожны, хто з праўды, слухае голас Мой". "Што такое праўда?" – азваўся да Яго Пілат. Сказаўшы гэта, выйшаў зноў да людзей і кажа ім: "Я не знаходжу ў Ім ніякай віны. Ёсьць у вас, аднак, звычай, што на Пасху адпушчаю вам аднаго (вязьня): Ці хочаце, каб я вам адпусьціў караля Юдэйскага?". Але яны зноў закрычалі: "Не, не Яго, а Вараву!". А Варава быў разбойнік.
Тады Пілат узяў Ісуса і загадаў бічаваць Яго. А жаўнеры, сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву, надзелі на Яго пурпуровы плашч і, падыходзячы да Яго, казалі: "Радуйся, кароль Юдэйскі!", і білі Яго ў твар. Пілат выйшаў зноў да іх на двор, кажучы: "Вось выводжу вам Яго, каб вы ведалі, што не знаходжу ў Ім ніякай віны". І выйшаў Ісус у цярновым вянку і пурпуровым плашчы. І сказаў Пілат: "Вось Чалавек!". Як толькі пабачылі Яго, першасьвятары і слугі закрычалі: "Укрыжый, укрыжуй!". Пілат кажа ім: "Бярыце Яго і ўкрыжуйце самі, бо я ніякай віны не знаходжу ў Ім". А юдэі яму: "У нас такі закон, і згодна з законам Ён павінен памерці, бо зрабіў сябе Сынам Божым". Пачуўшы гэта, Пілат яшчэ больш устрывожыўся. Ён увайшоў зноў у прэторыю і спытаўся ў Ісуса: "Адкуль Ты?". Але Ісус ня даў яму адказу. Пілат сказаў Яму: "Ня хочаш размаўляць са мною? Ці ж ня ведаеш, што маю ўладу Цябе адпусьціць і ўладу ўкрыжаваць Цябе?". Ісус адказаў: "Ты ня меў бы нада Мною ніякай улады, калі б табе не было дадзена згары. Таму большы грэх мае той, хто Мяне выдаў табе". Ад гэтай хвіліны Пілат шукаў спосабу адпусьціць Яго. Але гэбрэі крычалі: "Калі адпусьціш Яго, ня будзеш прыяцелем кесара. Кожны, хто з сябе робіць караля, праціўнік кесара!". Пачуўшы гэтыя словы, Пілат вывеў Ісуса і сеў на судзе, на месцы, якое завецца па-грэцку Літостратон, а па-гэбрэйску Гавата. А быў дзень прыгатаваньня Пасхі, каля шостай гадзіны. І сказаў гэбрэям: "Вось кароль ваш!". А яны крычалі: "Далоў, далоў, укрыжуй Яго!". Пілат сказаў ім: "Ці ж маю вашага караля ўкрыжаваць?". І адказалі першасьвятары: "Няма ў нас караля, апроч кесара!". Тады аддаў ён Яго ім на ўкрыжаваньне.

Антыфан 10

(Тон 6): Той, хто апранаецца ў сьвятло, быццам у плашч, стаяў голы на судзе і прымаў аплявухі ад рук, якія Ён стварыў. І вось беззаконныя людзі да крыжа прыбілі Госпада славы. Тады завеса ў сьвятыні разарвалася на двое, сонца памеркла, ня могучы глядзець, як зьневажаюць Бога, перад якім усё дрыжыць. Дык паклонімся Яму!
Вучань адрокся, а разбойнік усклікнуў: "Успомні мяне, Госпадзе, у валадарстве Тваім!".
Слава ... Цяпер ...
Багародзічны: Госпадзе, які захацеў ад Дзевы прыняць цела дзеля слугаў сваіх, даруй супакой сьвету, каб нам згодна славіць чалавекалюбства Тваё.

Антыфан 11

(Тон 6): За дабро, якое Ты, Хрысьце, учыніў людзям Тваім, засудзілі Цябе на ўкрыжаваньне і напаілі воцатам і жоўцю. Адплаці ім, Госпадзе, паводле ўчынкаў іх, бо яны не зразумелі міласэрнасьці Тваёй.
Не здаволіўшыся тым, што яны здрадзілі Табе, Хрысьце, людзі ківалі галовамі, зьневажалі Цябе і насьміхаліся. Але Ты, Госпадзе, дай ім паводле ўчынкаў іх, бо яны не зразумелі провіду Твайго.
Ні землятрус, ні патрэсканыя скалы, ні разарваная заслона ў сьвятыні, ні нават уваскрасеньне памерлых не пераканалі людзей. Але Ты, Госпадзе, аддай ім паводле ўчынкаў іх, бо яны задумалі марнае супраць Цябе.
Слава ... Цяпер ...
Багародзічны: Мы пазналі Бога, які прыняў цела ад Цябе, Багародзіца Дзева, адзіная чыстая і блаславёная. Дзеля гэтага Цябе няспынна ў песьнях узьвялічваем.

Антыфан 12

(Тон 8): Так кажа Госпад: "Людзі мае! Што Я зрабіў вам, або чым выклікаў ваша нездавальненьне? Сьляпым вашым Я зрок вяртаў, пракажоных ачышчаў, расслабленага чалавека з пасьцелі ўзьняў. Людзі мае! Што я зрабіў вам? І як вы Мне адплацілі? Узамен за манну вы далі Мне жоўць, а замест вады – воцат; замест любові, вы прыбілі мяне да крыжа. Дык вось не сьцярплю больш і паклічу паганаў: хай яны ўславяць Мяне з Айцом і Духам. Я ж дам ім жыцьцё вечнае".
Сёньня царкоўная заслона разьдзіраецца на асуджэньне беззаконных, і сонца хавае промні свае, убачыўшы Ўладара ўсіх на крыжы.
Хор апостальскі зьвяртаецца да вас, заканадаўцы Ізраіля, гэбрэі і фарысеі, кажучы: "Вось вам Сьвятыня, якую вы разбурылі; вось Ягнё, якое вы ўкрыжавалі і паклалі ў магілу. Але Ён уваскрэсьне ў сіле. Не ашуквайце сябе: Ён той, які збавіў вас у моры і карміў у пустыні; Ён – жыцьцё, сьвятло і супакой сьвету".
Слава ... Цяпер ...
Багародзічны: Радуйся, брама Ўладара славы, праз якую адзін Найвышэйшы прайшоў і зноў яе запячатаў, на збаўленьне душ нашых.

Малая літанія з воклікам:
Хай моц валадарства Твайго, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, будзе блаславёная і праслаўленая цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Сядальная песьня (Тон 8): Калі Ты, Божа, Судзьдзя сьвету, стаў перад Каяфаю і быў аддадзены Пілату, сілы нябесныя жахнуліся. Ты быў укрыжаваны на крыжы паміж двух разбойнікаў і, бязгрэшны, да злачынцаў залічаны, каб такім чынам збавіць людзей. Міласэрны Госпадзе, слава Табе!

ПЯТАЕ ЕВАНГЕЛЬЛЕ

(Мц 27:3–32): У той час Юда, які выдаў Яго, убачыўшы, што Яго засудзілі, пакаяўся і вярнуў трыццаць срэбранікаў сьвятаром і старэйшым, кажучы: "Зграшыў я, прадаўшы кроў нявінную". Яны ж сказалі яму: "Што нам да таго? Гэта твая справа". Кінуўшы срэбранікі ён выйшаў вон і павесіўся. Сьвятары ж, узяўшы срэбранікі, сказалі: "Нельга класьці іх у скарбніцу сьвятыні, бо гэта заплата за кроў". І, параіўшыся, купілі за іх Поле Ганчара для пахаваньня чужынцаў. Таму і сёньня поле гэтае завецца Полем Крыві. Тады споўнілася тое, што сказаў прарок Ярэма: "Узялі трыццаць срэбранікаў, заплату за Таго, каго ацанілі сыны Ізраіля. І далі іх за Поле Ганчара, як сказаў Госпад".
Ісус жа стаў перад намесьнікам. Намесьнік спытаўся ў Яго: "Ці Ты кароль гэбрэйскі?". Ісус адказаў: "Я той, як ты кажаш". І калі Яго абвінавачвалі сьвятары і старэйшыя, Ён не адказваў нічога. Тады спытаўся ў Яго Пілат: "Ці чуеш, як многа сьведчаць супраць Цябе?". Ён аднак не адказаў яму на ніводнае пытаньне, так што намесьнік дзівіўся вельмі. А быў звычай, што на кожнае сьвята намесьнік адпускаў аднаго вязьня паводле іхняга выбару. У тым часе быў адзін вядомы вязень, на імя Варава. Калі ўсе сабраліся, Пілат спытаўся: "Каго хочаце, каб я звольніў: Вараву ці Ісуса, названага Хрыстом?". Бо ведаў ён, што выдалі Яго праз зайздрасьць. А калі ён засядаў на судзе, жонка ягоная прыслала сказаць яму: "Ня мей ніякай справы з гэтым Праведнікам, бо сёньня ўночы я шмат цярпела ў сьне дзеля Яго". Тымчасам сьвятары і старэйшыя падбухторылі натоўп прасіць Вараву і дамагацца сьмерці Ісуса. І калі спытаў іх намесьнік: "Каторага з двух хочаце, каб я вызваліў?", яны закрычалі: "Вараву!". Тады сказаў ім Пілат: "Што ж мне зрабіць з Ісусам, якога завуць Хрыстом?". Закрычалі ўсе: "На крыж Яго!". Намесьнік адказаў: "Што ж Ён вам дрэннага зрабіў?". Але яны яшчэ мацней крычалі: "На крыж Яго!". Пілат, убачыўшы, што нічога ня здолее, а закалот расьце, узяў ваду і памыў рукі перад народам, кажучы: "Я не вінаваты ў крыві гэтага Праведніка. Гэта ваша справа". А ўвесь народ закрычаў: "Кроў Ягоная на нас і на нашых дзецях". Тады ён вызваліў Вараву, а Ісуса аддаў на ўкрыжаваньне. Жаўнеры намесьніка ўзялі Ісуса ў казарму і сабралі вакол Яго цэлую роту. Разьдзеўшы Яго, накінулі Яму на плечы чырвоны плашч; і, сплёўшы вянок з цярніны, усклалі Яму на галаву, а ў правую руку далі трысьціну. Потым, стаўшы перад Ім на калені, насьміхаліся з Яго, кажучы: "Радуйся, кароль гэбрэйскі!". Пры гэтым яны плявалі на Яго і, узяўшы трысьціну, білі Яго па галаве. Назьдзекаваўшыся, яны зьнялі з Яго плашч, апранулі зноў у Ягонае адзеньне і павялі на ўкрыжаваньне. Выходзячы, яны сустрэлі аднаго чалавека, Сымона кірынэйца, і загадалі яму несьці крыж.

Антыфан 13

(Тон 6): Натоўп дамагаўся ад Пілата ўкрыжаваць Цябе, Госпадзе, хоць ён не знайшоў у Табе ніякай віны. Злодзея Вараву вызвалілі, а Цябе, праведнага, засудзілі, узяўшы на сябе віну за забойства. Аддай ім, Госпадзе, паводле заслугаў іх, бо яны задумалі марнае супраць Цябе.
Таго, перад кім у страху дрыжаць усе стварэньні, і каго кожны язык славіць – Хрыста, Божую сілу і мудрасьць, – сьвятары білі па твары і давалі яму піць жоўць. Але Ён дабравольна цярпеў усё, бо хацеў як Чалавекалюбец, крывёю сваёю вызваліць нас ад грахоў.
Слава ... Цяпер ...
Багародзічны: Ты, Багародзіца, праз слова невыказна нарадзіла Творцу свайго. Малі Яго збавіць душы нашыя.

Антыфан 14

(Тон 8): Ты, Госпадзе, узяў сабе за таварыша разбойніка, які запляміў крывёю рукі свае: далучы і нас да яго, бо Ты міласэрны і Чалавекалюбец.
Разбойнік на крыжы сказаў мала, але праявіў вялікую веру. У адно імгненьне ён быў збаўлены і першы ўвайшоў у адчыненую райскую браму. Госпадзе, які прыняў ягонае каяньне, слава Табе!
Слава ... Цяпер ...
Багародзічны: Радуйся, Ты, што праз анёла прыняла радасьць сьвету; радуйся, што нарадзіла свайго Творцу і Госпада! Радуйся, Ты, што ўдастоілася быць Маці Божаю!

Антыфан 15

(Тон 6): Сёньня вісіць на крыжы Той, хто на водах зямлю павесіў. (Тройчы)
Анёлаў Уладар вянчаецца цярновай каронаю.
Той, хто пакрывае хмарамі неба, апранаецца на зьдзек у пурпуру.
Біцьцё прымае Той, хто ачысьціў Адама ў Ярдане.
Цьвікамі прыбіваецца Жаніх Царквы.
Кап'ём прабіваецца Сын Дзевы.
Пакланяемся мукам Тваім, Хрысьце. (Тройчы)
Пакажы нам Тваё слаўнае ўваскрасеньне!
Ня будзем сьвяткаваць, як гэбрэі, бо Хрыстос, наш Бог і наша Пасха, прыносіцца ў ахвяру за нас. Дык ачысьцім сябе ад усякай погані і шчыра памолімся Яму: "Устань, Госпадзе і збаў нас, як Чалавекалюбец!".
Крыж Твой, Госпадзе, – жыцьцё і абарона для людзей Тваіх; спадзеючыся на яго, пяём Табе, укрыжаванаму Богу нашаму: "Зьмілуйся над намі!".
Слава ... Цяпер ...
Багародзічны: Убачыўшы Цябе павешанага на Крыжы, Маці Твая ўсклікнула: "Што гэта за страшную тайну бачу Я, Сыне мой? Як гэта Ты, Жыцьцядаўца, паміраеш на дрэве?".

Малая літанія з воклікам:
Хай будзе блаславёнае імя Тваё і праслаўленае валадарства Тваё, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Сядальная песьня (Тон 4): Укрыжаваны на Крыжы і прабіты кап'ём, Ты выкупіў нас ад праклёну законнага крывёю сваёю і стаўся для нас крыніцай несьмяротнасьці. Збавіцелю наш, слава Табе!

ШОСТАЕ ЕВАНГЕЛЬЛЕ

(Мк 15:16-32): У той час жаўнеры адвялі Ісуса ўнутр двара, або ў прэторыю, і склікалі ўсю роту. Апранулі Яго ў пурпуру і, сплёўшы з церняў вянок, надзелі на Яго. І пачалі вітаць Яго: "Радуйся, кароль гэбрэйскі!". І білі Яго па галаве трысьцінаю і, стаўшы на калені, пакланяліся Яму. А калі назьдзекаваліся з Яго, зьнялі з Яго пурпуру і апранулі Яго ў ягонае ўласнае адзеньне. Тады павялі Яго на ўкрыжаваньне. І змусілі нейкага Сымона Кірынэйца, бацьку Аляксандра і Руфа, які ў той час вяртаўся з поля, несьці Ягоны крыж. І прывялі Яго на месца Галготу, што значыць "Месца чэрапу". І далі яму віна, зьмяшанага са сьмірнаю, але Ён ня прыняў. Укрыжавалі Яго і разьдзялілі вопратку Ягоную між сабою, кідаючы жэрабя, каму што дастанецца. Была ж трэцяя гадзіна, калі Яго ўкрыжавалі. Быў і надпіс з указаньнем Ягонай віны: "Кароль Юдэйскі". Разам з Ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднога па правай руцэ, а другога па левай. Так спраўдзілася слова Пісаньня, якое кажа: "І да злачынцаў быў залічаны". Тыя, што праходзілі міма, зьневажалі Яго, ківаючы галовамі і кажучы: "Гэй Ты, што разбураеш сьвятыню і ў тры дні адбудоўваеш яе, зыдзі з крыжа і ўратуй самога сябе!". Гэтаксама і першасьвятары з кніжнікамі насьміхаліся між сабою і казалі адзін адному: "Іншых выбаўляў, а сябе ня можа выбавіць! Хрыстос, кароль Ізраіля, хай цяпер зыдзе з крыжа, каб мы ўбачылі і ўверылі!".

Людзі пяюць Блаславенствы:
(Тон 8): У валадарстве Тваім успомні нас, Госпадзе.
Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іх ёсьць валадарства нябеснае.
Шчасьлівыя тыя, што тужаць, бо яны суцешацца.
Шчасьлівыя ціхія, бо яны атрымаюць у спадчыну зямлю.
Праз дрэва Адам быў выгнаны з раю, праз дрэва разбойнік рай атрымаў. Адзін, пакаштаваўшы, парушыў запавет Творцы; другі, вісеўшы побач з Табою, вызнаў Цябе сапраўдным Богам. Успомні і нас у валадарстве Тваім!
Шчасьлівыя тыя, што маюць голад і смагу справядлівасьці, бо яны насыцяцца.
Беззаконныя купілі ў вучня Творцу закону і, як злачынцу, павялі на суд да Пілата з крыкам: "Укрыжуй Яго", хоць Ён быў той, хто карміў іх маннаю ў пустыні. Мы ж бярэм прыклад з разумнага разбойніка і з вераю клічам: "Успомні нас, Збавіцелю, у валадарстве Тваім!".
Шчасьлівыя міласэрныя, бо яны зьведаюць міласьць.
Богазабойцы, людзі беззаконныя, крычалі перад Пілатам у шале: "Укрыжуй нявіннага Хрыста!", і прасілі адпусьціць Вараву. Мы ж, пераймаючы разумнага разбойніка, клічам: "Успомні нас, Збавіцелю, у валадарстве Тваім!".
Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны ўбачаць Бога.
Жыцьцядайны бок Твой, быццам райская крыніца, поіць духоўны рай – Царкву Тваю; і, разьдзяліўшыся на чатыры струмені Евангельскія, навадняе сьвет, цешыць усё стварэньне і навучае людзей пакланяцца з вераю валадарству Твайму.
Шчасьлівыя міратворцы, бо яны будуць звацца сынамі Божымі.
Ты быў укрыжаваны дзеля мяне, каб стацца для мяне крыніцай адпушчэньня. Бок Твой прабіты быў, каб Ты мог выліць на мяне ваду жыцьця. Ты быў прыбіты цьвікамі, каб я мог праз глыбіню цярпеньняў Тваіх усьведаміць веліч магутнасьці Тваёй, Хрысьце Жыцьцядаўца, і клікаць: "Слава, Збавіцелю, крыжу Твайму і цярпеньням Тваім!".
Шчасьлівыя тыя, каго перасьледуюць за праўду, бо іх ёсьць валадарства нябеснае.
Калі Ты, Хрысьце, быў укрыжаваны, усё стварэньне, убачыўшы, задрыжэла. Асновы зямлі ўскалыхнуліся ў страху перад Тваёй сілаю, сьветачы нябесныя схаваліся, заслона ў сьвятыні разарвалася, і камяні патрэскаліся. Мы ж усьлед за верным разбойнікам клічам: "Успомні нас, Збавіцелю, у валадарстве Тваім!".
Шчасьлівыя вы, калі вас крыўдзяць і перасьледуюць, і кажуць усякую няпраўду на вас дзеля Мяне.
Ты, чалавекалюбны Госпадзе, разарваў на Крыжы прысуд за грахі і, залічаны да памерлых, пякельнага мучыцеля ланцугамі скаваў, вызваліўшы людзей ад путаў сьмерці ўваскрасеньнем Тваім, якім мы ўсе прасьвятліліся і клічам: "Успомні нас, Збавіцелю, у валадарстве Тваім!".
Радуйцеся і цешцеся, бо ўзнагарода ваша ў небе вялікая.
Узьняты на Крыжы, Ты, Госпадзе, зьнішчыў уладу сьмерці і, як Бог, адмяніў наш прысуд за грахі. Дай нам, Хрысьце Божа, адзіны Чалавекалюбча, ласку каяньня, як некалі разбойніку, каб нам у веры служыць Табе і клікаць: "Успомні нас, Збавіцелю, у валадарстве Тваім!"
Слава ...
Будзем, верныя, разам маліцца, каб нам належна славіць Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, адно ў трох асобах Боства, нязьлітнае, простае, неразьдзельнае і недаступнае, якім мы ўсе збаўляемся.
Цяпер ...
Маці Тваю, Хрысьце, якая нарадзіла Цябе цялесна бяз семя, Дзеву існую, што засталася Дзеваю пасьля родаў, прыводзім да Цябе, як заступніцу і малельніцу за нас, просячы Цябе, Шматміласэрны Ўладару, дараваць правіны тым, што клічуць: "Успомні нас, Збавіцелю, у валадарстве Тваім!".

Малая літанія з воклікам:
Бо Ты міласэрны, шчодры і чалавекалюбны Бог, і мы Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Пракімен (Пс 21): Разьдзялілі вопратку маю між сабою, і аб маім адзеньні кідалі жэрабя.
Верш: Божа, Божа мой, пачуй мяне: чаму Ты мяне пакінуў?

СЁМАЕ ЕВАНГЕЛЬЛЕ

(Мц 27:33-54): Жаўнеры намесьніка ўзялі Ісуса ў казарму і сабралі вакол Яго ўсю роту. Зьняўшы з Яго вопратку, накінулі Яму на плечы чырвоны плашч; і, сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву, а ў правую руку далі трысьціну. Потым, стаўшы перад Ім на калені, насьміхаліся з Яго, кажучы: "Радуйся, кароль гэбрэйскі!". Пры гэтым яны плявалі на Яго і, узяўшы трысьціну, білі Яго па галаве. Назьдзекаваўшыся, яны зьнялі з Яго плашч, адзелі зноў у Ягоную вопратку і павялі на ўкрыжаваньне. Выходзячы, яны сустрэлі аднаго чалавека, Сымона Кірынэйца, і загадалі яму несьці крыж. Калі ж прыйшлі на месца, названае Галгота, гэта значыць "Месца Чэрапу", жаўнеры далі Ісусу піць воцат, зьмешаны з жоўцю. Пакаштаваўшы, Ён не захацеў піць. Калі Яго ўкрыжавалі, разьдзялілі між сабою Ягоную вопратку, кідаючы жэрабя. І, седзячы там, сьцераглі Яго. А над галавой Ягонай зьмясьцілі напіс з віной Яго: "Гэта Ісус, кароль Гэбрэйскі". Тады таксама ўкрыжавалі разам з Ім двух разбойнікаў, аднога з правага, а другога з левага боку. Тыя, што праходзілі міма, зьневажалі Яго, ківаючы галовамі і кажучы: "Ты, што разбураеш сьвятыню і ў тры дні адбудоўваеш, збаў сябе самога. Калі Ты Сын Божы, дык зыйдзі з крыжа!". У падобны спосаб сьвятары з кніжнікамі і старэйшымі насьміхаліся з Яго і казалі: "Іншых збаўляў, а цяпер сябе самога збавіць ня можа! Калі Ён кароль Ізраільскі, хай зыйдзе з крыжа і мы паверым Яму. Спадзяваўся на Бога, дык няхай жа цяпер Той выбавіць Яго, калі Яго любіць. Бо Ён казаў: Я Сын Божы". Таксама і разбойнікі, укрыжаваныя разам з Ім, зьневажалі Яго. Ад шостае гадзіны сталася цемра па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзевятае, А каля дзевятай гадзіны ўсклікнуў Ісус моцным голасам: "Элі, Элі, ляма сабахтані?", што значыць: "Божа мой, Божа мой, чаму Ты пакінуў Мяне?". Некаторыя з тых, што там стаялі, пачуўшы гэтае, казалі: "Ён кліча Ільлю". І ураз адзін з іх пабег і, узяўшы губку і памачыўшы ў воцат, насадзіў на трысьціну і даў Яму піць. А другія казалі: "Пачакай! Дай паглядзім, ці прыйдзе Ільля збавіць Яго". Ісус жа, зноў закрычаў моцным голасам і аддаў духа. І вось заслона ў царкве разарвалася надвое ад верху да нізу; і зямля затрэслася і скалы патрэскаліся; і магілы расчыніліся і шмат целаў сьвятых, што памерлі, устала. І, выйшаўшы з магіл, пасьля ўваскрасеньня Ягонага ўвайшлі ў сьвяты горад і паказаліся многім. Сотнік жа і тыя, што разам з ім сьцераглі Ісуса, убачыўшы землятрус і ўсё, што здарылася, спалохаліся моцна і казалі: "Сапраўды, Ён быў Сынам Божым".

Чытальнік (Псалом 50): Зьмілуйся нада мною, Божа... (Гл. парадак штодзённай ютрані)

ВОСЬМАЕ ЕВАНГЕЛЬЛЕ

(Лк 23:32-49): У той час вялі з Ісусам на сьмерць двух іншых злачынцаў. І калі прыйшлі на месца, званае "Чэрапавым", там укрыжавалі Яго і двух злачынцаў, аднаго па правай, а другога па левай руцэ Ягонай. А Ісус казаў: "Ойча, прабач ім, бо ня ведаюць, што робяць". Потым разьдзялілі між сабою Ягоную вопратку, кідаючы жэрабя. А людзі стаялі і глядзелі. Начальнікі таксама насьміхаліся з Яго, кажучы: "Іншых збаўляў, хай збавіць самога сябе, калі Ён Хрыстос, Выбраньнік Божы". Зьдзекаваліся з Яго і жаўнеры, падыходзілі да Яго, давалі воцат і казалі: "Калі Ты кароль гэбрэйскі, збаў сябе сам". Быў таксама напіс над Ім грэцкімі, лацінскімі і гэбрэйскімі літарамі: "Гэта кароль гэбрэйскі". Адзін з павешаных злачынцаў зьневажаў Яго, кажучы: "Калі Ты Хрыстос, збаў сябе і нас". Другі ж, наадварот, сунімаў яго: "Ці ж ты не баішся Бога, сам асуджаны на тое самае пакараньне? Дый мы засуджаныя справядліва, бо атрымалі належнае за нашыя ўчынкі; а Ён нічога благога не зрабіў". І сказаў Ісусу: "Успомні мяне, Госпадзе, калі прыйдзеш у валадарства Тваё". Ісус адказаў яму: "Сапраўды кажу табе, што яшчэ сёньня будзеш са Мною ў раі". Было каля гадзіны шостай, і цемра агарнула ўсю зямлю аж да гадзіны дзевятай. Сонца памеркла і заслона ў сьвятыні разарвалася пасярэдзіне. Тады Ісус усклікнуў моцным голасам: "Ойча, у Твае рукі аддаю дух Мой!". Пасьля гэтых словаў аддаў духа. Убачыўшы, што здарылася, сотнік уславіў Бога, кажучы: "Сапраўды чалавек гэты быў Праведнік". І увесь народ, што прыйшоў паглядзець, што здарылася, вяртаўся, б'ючы сябе ў грудзі. А ўсе знаёмыя Яго стаялі воддаль; таксама жанчыны, што прыйшлі з Ім з Галілеі, глядзелі на гэта.

Сьвятар ідзе ў аўтар. Людзі пачынаюць сьпяваць Трысьпеў.

Трысьпеў (Тон 6)
Песьня 5

Ірмас: Сярод ночы шукаю Цябе, Слова Божае, што ў міласэрнасьці Тваёй спустошыў сябе, застаўшыся нязьменным, і, сам непадуладны цярпеньням, аддаў сябе на мукі. Даруй супакой мне, упаламу, Чалавекалюбча.
Слава Табе, Божа наш, слава Табе.
З абмытымі нагамі, і ачышчаныя прыняцьцем Боскіх Тваіх тайнаў, слугі Твае пайшлі з Табою з Сыёну на Аліўную гару, славячы Цябе, Хрысьце Чалавекалюбча.
Слава ... Цяпер ...
"Глядзіце, ня бойцеся, прыяцелі мае – сказаў Ты, – бо вось ужо блізка час, калі Я буду ўзяты і замучаны рукамі злачынцаў. Усе вы разьбяжыцеся, пакінуўшы Мяне, але Я зноў зьбяру вас у чалавекалюбстве Маім, каб вы прапаведавалі Мяне".
Ірмас: Сярод ночы шукаю Цябе, Слова Божае, што ў міласэрнасьці Тваёй спустошыў сябе, застаўшыся нязьменным, і, сам непадуладны цярпеньням, аддаў сябе на мукі. Даруй супакой мне, упаламу, Чалавекалюбча.

Малая літанія з воклікам:
Бо Ты – Уладар сьвету і Збавіцель душ нашых, і мы Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Кандак (Тон 8): Прыйдзіце, будзем славіць у песьнях Укрыжаванага за нас. Марыя, убачыўшы Яго на дрэве, усклікнула: "Хоць Ты і церпіш расьпяцьце, Ты Сын мой і Бог!".
Ікас: Убачыўшы Ягнё сваё, калі Яго вялі на сьмерць, Марыя, Маці Ягоная, пайшла за Ім разам з іншымі жанчынамі і з плачам казала: "Куды ідзеш, Дзіця маё? Чаму так сьпяшаешся? Ці зноў вясельле ў Кане Галілейскай, і Ты ідзеш перамяніць ваду ў віно? Скажы мне слова, Слова, не мінай моўчкі Мяне, якую Ты захаваў беззаганнаю, бо Ты – Сын мой і Бог!".

Падчас восьмай песьні дыякан кадзіць царкву і людзей.
Песьня 8

Ірмас: Сьвятыя юнакі выкрылі агіднага Богу паганага ідала; а злачыннае зборышча ў ярасьці ўчыніла змову супраць Хрыста, каб забіць Таго, хто трымае жыцьцё ў руцэ сваёй. Усё стварэньне бласлаўляе Яго і пяе хвалу Яму праз усе вякі.
Слава Табе, Божа наш, слава Табе.
"Атрасіце сон з павекаў вашых, – Ты, Хрысьце, сказаў вучням сваім. – Трывайце ў малітве, каб не паддацца спакусе. Асабліва ты, Сымоне, бо выпрабаваньне цяжэйшае для моцных. Зразумей, Пётра, што ўсё стварэньне бласлаўляе і славіць Мяне праз усе вякі".
Слава Табе, Божа наш, слава Табе.
"Кепскае слова на Цябе ніколі не апаганіць вуснаў маіх, Уладару! – Пётра ўсклікнуў. – І хай усе адракуцца ад Цябе, я гатовы памерці з Табою. Ня цела і кроў, але Айцец Твой аб'явіў мне Цябе, якога ўсё стварэньне бласлаўляе і славіць праз усе вякі".
Слава Табе, Божа наш, слава Табе.
"Ты не спасьціг усёй глыбіні Божае мудрасьці, – кажа Госпад. – Ты – чалавек, і ня можаш усьведаміць бездані Маіх судоў. Не хваліся, бо, будучы цялесным, тройчы адрачэшся ад Мяне, хоць усё стварэньне бласлаўляе і славіць Мяне праз усе вякі".
Хвалім, бласлаўляем Госпада і пакланяемся Яму, сьпяваем Яму і ўзьвялічваем Яго праз усе вякі.
"Хоць ты, Пётра, пярэчыш Мне, хутка сам спалохаешся служанкі, якая падыдзе да цябе, і зробіш, як Я прадказаў, – Госпад сказаў. – Потым горка заплачаш і, навярнуўшыся, знойдзеш міласьць у Мяне, якога ўсё стварэньне бласлаўляе і славіць праз усе вякі".
Ірмас: Сьвятыя юнакі выкрылі агіднага Богу паганага ідала; а злачыннае зборышча ў ярасьці ўчыніла змову супраць Хрыста, каб забіць Таго, хто трымае жыцьцё ў руцэ сваёй. Усё стварэньне бласлаўляе Яго і пяе хвалу Яму праз усе вякі.

Песьня 9

Ірмас: Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.
Слава Табе, Божа наш, слава Табе.
Ганебнае зборышча паганых людзей, грамада богазабойцаў прыблізілася да Цябе, Хрысьце, і, схапіўшы, павяла як злачынцу Цябе, Творцу ўсіх, якога мы ўзьвялічваем.
Слава Табе, Божа наш, слава Табе.
Няздольныя зразумець Закон у сваёй нязбожнасьці, дарма вывучаюць словы прарокаў: як Ягнё на зарэз, павялі Цябе, Уладара ўсіх, якога мы ўзьвялічваем.
Слава Табе, Божа наш, слава Табе.
Кніжнікі і сьвятары, поўныя зайздрасьці і злосьці, аддалі на сьмерць Жыцьцё, існага Жыцьцядаўца, якога мы ўзьвялічваем.
Слава ... Цяпер ...
Шматлікія сабакі акружылі Цябе, Уладару, і білі Цябе па твары; дапытвалі Цябе і хлусьліва сьведчылі супраць Цябе. Але Ты ўсё цярпеў, каб збавіць нас.
Ірмас: Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.

Малая літанія з воклікам:
Бо Цябе хваляць усе сілы нябесныя, і мы Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Экзапастыляр (Тон 3): Разбойніка разважлівага ў адно імгненьне Ты, Госпадзе, зрабіў дастойным раю: і мяне прасьвятлі дрэвам Крыжовым, і збаў мяне.
Слава ...: Тое самае.
Цяпер ...: Тое самае.

ДЗЕВЯТАЕ ЕВАНГЕЛЬЛЕ

(Ян 19:25-37): У той час ля крыжа стаяла Ягоная Маці, і сястра Ягонай Маці, Марыя, жонка Кляопы, і Марыя Магдалена. Калі Ісус убачыў Маці і вучня, якога Ён любіў, што стаяў побач з Ёю, сказаў Маці: "Жанчына, вось сын Твой". А вучню сказаў: "Вось Маці твая". З таго часу вучань узяў Яе да сябе. Потым Ісус, ведаючы, што ўсё ўжо споўнілася, каб спраўдзілася Пісаньне, сказаў: "Сьмягну". Там стаяў посуд поўны воцату. Дык вось, наклаўшы на трысьціну губку, прасякнутую воцатам, паднесьлі яе да Ягоных вуснаў. Ісус, пакаштаваўшы воцату, прамовіў: "Збылося!". І, схіліўшы галаву, аддаў духа. А так як гэта была пятніца, дык гэбрэі, каб не пакінуць целаў на крыжы ў суботу – бо гэты дзень суботні быў вялікім сьвятам, – прасілі Пілата прабіць ім галёнкі і зьняць іх. І вось прыйшлі жаўнеры і прабілі галёнкі першаму і другому, што былі з Ім укрыжаваныя. Падышоўшы ж да Ісуса, яны ўбачылі, што Ён ужо памёр, дык не прабівалі Яму галёнкаў. Толькі адзін з жаўнераў прабіў Яму кап'ём бок, і адразу пацякла кроў і вада. І той, хто бачыў, пасьведчыў, і сьведчаньне яго праўдзівае. Ён ведае, што кажа праўду, каб вы паверылі. Усё гэта сталася, каб збылося пісаньне: "Косьць Яго не пераломіцца". І у іншым месцы пісаньне кажа: "Будуць глядзець на Таго, каго прабілі".

Пахвальныя псалмы
(Тон 3): Усё, што жыве, хай хваліць Госпада.
Хваліце Госпада з нябёсаў, хваліце Яго на вышынях. Табе належыцца хвала, Госпадзе.
Хваліце Яго, усе анёлы Яго; хваліце Яго, усе сілы Яго. Табе належыцца хвала, Госпадзе.
Хваліце Яго за магутныя ўчынкі Яго, хваліце Яго ў бязьмежнай велічы Яго.
Верш: Хваліце Яго граньнем рогу, хваліце яго на леры і гусьлях.
Два злачынствы зрабіў мой першародны сын Ізраіль: пакінуў Мяне, крыніцу вады жывой, і выкапаў сабе разьбітую студню; расьпяў Мяне на крыжы, а Вараву прасіў вызваліць. Убачыўшы гэта, неба жахнулася і сонца схавала промні свае, а ты, народзе мой, не збаяўся і не засаромеўся, але выдаў мяне на сьмерць. Прабач ім, Ойча сьвяты, бо яны ня ведаюць, што робяць.
Верш: Хваліце яго звонам бубнаў і карагодамі, хваліце яго на струнах і жалейках.
Кожны член цела Твайго пацярпеў паніжэньне дзеля нас: галава – цярновы вянец; твар – пляваньне; шчокі – аплявухі; вусны – жоўць, зьмяшаную з воцатам; вушы – богазьняважлівыя праклёны; сьпіна – бічаваньне; плечы – зьдзеклівую накідку; рука – трысьціну; усё цела – расьпяцьце; рукі і ногі – цьвікі; бок – кап'ё. Усемагутны Збавіцелю, што ў чалавекалюбстве Тваім панізіўся і пацярпеў дзеля нас, каб вызваліць нас ад цярпеньняў, зьмілуйся над намі.
Верш: Хваліце яго на цымбалах мілагучных, хваліце Яго на цымбалах галасістых. Усё, што жыве, хай хваліць Госпада.
Угледзеўшы Цябе, Хрысьце, укрыжаванага, усё стварэньне задрыжэла, і асновы зямлі ўскалыхнуліся ў страху перад сілаю Тваёю. Калі Ты быў узьнесены, народ гэбрэйскі згінуў. Заслона ў сьвятыні разарвалася надвое, мёртвыя ўсталі з магілаў; сотнік, убачыўшы цуд, жахнуўся. Маці ж Твая, стоячы там, заплакала горка і казала: "Як мне ня плакаць і ня біць сябе ў грудзі, калі бачу Цябе голага, павешанага, як злачынца, на крыжы?". Госпадзе, які быў укрыжаваны і пахаваны, і ўваскрос з мёртвых, слава Табе!
Слава ...
(Тон 6): Сарвалі з Мяне маю вопратку і накінулі на мяне пурпуровы плашч, на галаву ўсклалі вянец цярновы, і ў правую руку далі трысьціну, каб Я разьбіў іх, быццам гліняны посуд.
Цяпер ...
(Тон 6): Плечы Мае Я аддаў на катаваньне, твару Майго не адвярнуў ад аплявухаў, стаў на судзе перад Пілатам і Крыж пацярпеў для збаўленьня сьвету.

ДЗЕСЯТАЕ ЕВАНГЕЛЬЛЕ

(Мк 15:43-47): У той час прыйшоў Язэп з Арыматэі, паважаны сябра Высокай Рады, які таксама чакаў валадарства Божага; ён пайшоў сьмела да Пілата і папрасіў цела Ісусавага. Пілат зьдзівіўся, што ўжо памёр. Ён загадаў паклікаць сотніка і спытаўся ў яго, ці даўно памёр. Даведаўшыся ад сотніка, аддаў цела Язэпу. Той купіў палатна, зьняў Ісуса, абвіў палатном, паклаў у магілу, што была высечаная ў скале, і прываліў вялікі камень да ўваходу ў магілу. А Марыя Магдалена і Марыя Ёсіева глядзелі, дзе Яго паклалі.
Сьвятар: Слава Табе, які паказаў нам сьвятло.
Чытальнік: Слава на вышынях Богу... (Малое ўслаўленьне. Гл. парадак штодзённай ютрані)
Дыякан: Дапоўнім ранішнюю малітву... і г.д. (Гл. парадак штодзённай ютрані)

АДЗІНАЦЦАТАЕ ЕВАНГЕЛЬЛЕ

(Ян 19:38-42): У той час Язэп з Арыматэі, які быў вучнем Ісусавым, але тайным, са страху перад гэбрэямі, папрасіў Пілата, каб узяць цела Ісуса. Пілат дазволіў. Дык ён пайшоў і ўзяў Ягонае цела. Прыйшоў і Нікодым, што першы раз прыходзіў да Ісуса ўночы, і прынёс каля ста фунтаў сумесі сьмірны і алою. Яны ўзялі цела Ісуса і абвілі палатном з духмянасьцямі, згодна са звычаем пахаваньня сярод гэбрэяў. Быў сад на тым месцы, дзе Ён быў укрыжаваны, а ў садзе новая магіла, у якой яшчэ ніхто ня быў пахаваны. Там, дзеля пятніцы, паклалі Ісуса, бо магіла была блізка.

Вершапесьні
(Тон 1): Увесь сьвет зьмяніўся ад страху, убачыўшы Цябе, Хрысьце, на крыжы павешанага. Сонца памеркла і асновы зямлі ўскалыхнуліся, і ўсё стварэньне спачувала Творцы сьвету, які дзеля нас дабравольна пацярпеў. Госпадзе, Слава Табе.
Верш: Разьдзялілі маё адзеньне між сабою, і аб маім плашчы кідалі жэрабя.
Беззаконныя і нязбожныя людзі, чаму задумалі вы рэчы нягодныя? Нашто Жыцьцё ўсіх на сьмерць засудзілі? Вялікі цуд! Творца сусьвету аддаецца ў рукі беззаконных, і Чалавекалюбец на крыж узнімаецца, каб вызваліць з пекла вязьняў, якія клічуць: "Госпадзе, слава Табе!".
Верш: Замест хлеба далі Мне жоўць; і калі меў смагу, напаілі Мяне воцатам.
Чыстая Дзева, убачыўшы Цябе, Збавіцелю, сёньня на крыжы, па-матчынаму зайшлася ад плачу, маючы ў сэрцы нясьцерпны боль; плачучы наўзрыд і ўздыхаючы з глыбіні душы, з вачыма поўнымі сьлёз, так казала яна: "Гора мне, Боскае Дзіця маё, сьвету Сьвятло! Чаму схаваўся Ты, Ягнё Божае, ад вачэй маіх?". І анельскія хоры жахнуліся, усклікаючы: "Невыказны Госпадзе, слава Табе!".
Верш: Бог – Уладар наш спрадвеку: Ён учыніў збаўленьне пасярод зямлі.
Калі Дзева, што бяз семя нарадзіла Цябе, Хрысьце Божа і Творча сьвету, убачыла Цябе павешанага на крыжы, Яна горка заплакала і ўсклікнула: "Сыне мой! Дзе падзелася краса твару Твайго? Не магу глядзець, як несправядліва ўкрыжоўваюць Цябе. Але ўстань хутка, каб Мне бачыць Тваё ўваскрасеньне на трэці дзень".
Слава ...
(Тон 8): Калі Ты, Госпадзе, узыходзіў на Крыж, страх і трапятаньне агарнулі ўсё стварэньне. Ты ж не дазволіў зямлі праглынуць тых, што Цябе ўкрыжоўвалі; і, для адраджэньня людзей, загадаў пеклу выпусьціць вязьняў. Бо Ты, Судзьдзя жывых і мёртвых, прыйшоў даць жыцьцё, а ня сьмерць. Чалавекалюбча, слава Табе!
Цяпер ...
(Тон 8): Вось ужо няправедныя судзьдзі абмакнулі пяро ў атрамант, і падсудны Ісус асуджаецца на крыж. Усё стварэньне церпіць, гледзячы на Госпада на крыжы. Міласэрны Госпадзе, які ў целе пацярпеў дзеля мяне, слава Табе!

ДВАНАЦЦАТАЕ ЕВАНГЕЛЬЛЕ

(Мц 27:62-66): На наступны дзень пасьля пятніцы, сабраліся першасьвятары і фарысэі ў Пілата і сказалі: "Спадару, мы згадалі, што гэты ашуканец яшчэ за жыцьця сказаў: На трэці дзень уваскросну. Дык загадай ахоўваць магілу да трэцяга дня, каб часам не прыйшлі Ягоныя вучні і ня ўкралі Яго і не сказалі народу: Ён уваскрос з мёртвых. І будзе гэтае апошняе ашуканства горшае за першае". Сказаў ім Пілат: "Маеце варту, дык ідзіце і ахоўвайце магілу, як умееце". Яны пайшлі і забясьпечылі магілу, прыклаўшы пячаткі да каменя і паставіўшы варту.

Сьвятар адносіць Евангельле ў аўтар і кладзе на ахвярнік.
Чытальнік: Добра ёсьць славіць Госпада і пець хвалу імю Твайму, Усявышні, абвяшчаць раніцай міласэрнасьць Тваю, і праўду Тваю ўночы.
Сьвяты Божа... Усесьвятая Тройца... Ойча наш...
Сьвятар: Бо Тваё валадарства...
Людзі: Амін.

Трапар (Тон 4) Ты выкупіў нас ад праклёну законнага Тваёй пачэснай крывёю: прыбіты да Крыжа і прабіты кап'ём, Ты, Чалавекалюбча, дараваў людзям несьмяротнасьць. Збавіцелю наш, слава Табе!
Дыякан: Зьмілуйся над намі, Божа... і г. д.
(Звычайнае заканчэньне штодзённай ютрані).
Водпуст: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, які пацярпеў пляваньні, біцьцё і аплявухі, крыж і сьмерць для збаўленьня сьвету, малітвамі найчыстае свае Маці, сьвятых слаўных і годных пахвалы апосталаў Пятра і Паўла і ўсіх сьвятых апосталаў, сьвятых праведных багаайцоў Якіма і Ганны і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.
Людзі: Амін.


ВЯЛІКІЯ ГАДЗІНЫ

ГАДЗІНА ПЕРШАЯ


Сьвятар:
Блаславёны Бог наш спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Чытальнік: Амін. Слава Табе, Божа наш, слава Табе.
Уладару нябесны, Суцяшальніку, Духу праўды, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра і жыцьця Падаўча, прыйдзі і пасяліся ў нас, і ачысьці нас ад усяго благога, і збаў, Добры, душы нашы.
Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды і на вякі вякоў. Амін.
Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя.
Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.
Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Чытальнік: Амін.
Госпадзе, зьмілуйся. (12 разоў)
Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу.
Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.
Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага.

Псалом 5

Пачуй, Госпадзе, словы мае, да ўздыханьняў маіх прыслухайся.
Будзь уважлівы да малітвы маёй, Уладару мой і Божа мой!
Бо да Цябе, Госпадзе, малюся: раніцай голас мой пачуй, раніцай буду маліцца Табе і чакаць.
Бо Ты Бог не такі, што любіць беззаконьне: крывадушнікам няма месца ў Цябе.
Нязбожныя не ўстаяць перад Табою, Ты ненавідзіш усіх, што робяць беззаконьне;
Губіш усіх, што кажуць няпраўду. Госпаду агідныя крыважэрныя і няшчырыя.
Я ж з вялікай ласкі Тваёй увайду ў дом Твой, пакланюся сьвятыні Тваёй у страху перад Табою.
Госпадзе, у справядлівасьці Тваёй будзь мне правадыром, насуперак ворагам маім выраўняй шлях перада мною.
Бо ў вуснах іх няма шчырасьці, сэрцы іх пустыя, горлы іх – магілы адкрытыя, языкі іх лісьлівыя.
Судзі іх, Божа, хай абернуцца ў нішто намеры іх, дзеля безьлічы бясчынстваў іх адкінь іх, бо яны паўсталі супраць Цябе.
Хай узрадуюцца ўсе, што спадзяюцца на Цябе, хай цешацца давеку.
Ахоўвай іх: хай цешацца з Табою тыя, што любяць імя Тваё.
Бо Ты, Госпадзе, бласлаўляеш праведніка: быццам шчытом, пакрываеш яго.

Псалом2

Чаму мітусяцца народы і людзі думаюць марнае?
Уладары зямлі паўстаюць, і князі змаўляюцца разам з імі супраць Госпада і Ягонага памазаньніка:
"Парвем іхнія путы і скінем з сябе кайданы".
Сьмяецца Той, хто жыве ў небе, Госпад насьміхаецца з іх,
А потым гаворыць да іх у гневе сваім і ў абурэньні сваім бянтэжыць іх:
"Гэта Я паставіў Караля майго на Сыёне, гары сьвятой Маёй!".
Абвяшчаю тое, што Госпад пастанавіў; Госпад сказаў мне: "Ты – Сын мой, сёньня Я нарадзіў Цябе.
Пажадай, і дам Табе ў спадчыну народы, і канцы зямлі ў валоданьне Табе,
Жэзлам жалезным будзеш кіраваць імі, і, быццам посуд гліняны, скрышыш іх".
Дык апамятайцеся, уладары, навучыцеся, вы, што пануеце над зямлёй.
Служыце Госпаду са страхам, слаўце Яго радасна, у трапятаньні аддайце пашану Яму,
Каб Ён не ўгнявіўся, бо згінеце ў дарозе, калі раптоўна загарыцца гнеў ягоны:
Шчасьлівыя ўсе, што шукаюць прытулку ў Яго.

Псалом 21

Божа мой, Божа мой, чаму Ты мяне пакінуў? Далёкі Ты ад просьбаў, ад голасу кліканьня майго.
Божа мой, клічу ўдзень, і Ты ня чуеш, уночы – і не адказваеш.
Ты ж у сьвятыні жывеш, Хвала Ізраіля!
На Цябе спадзяваліся бацькі нашыя, спадзяваліся, і Ты вызваліў іх;
Клікалі Цябе, і былі збаўленыя, Табе верылі, і не пасаромеліся.
Я ж – рабак, а не чалавек, сьмех для людзей, пагарда народу.
Сьмяюцца з мяне ўсе, што глядзяць на мяне, расчыняюць вусны, галовамі ківаюць:
"Верыў Госпаду, дык хай Ён вызваліць яго, хай уратуе, калі любіць яго".
Ты мяне вывеў з матчынага ўлоньня, Ты даў мне бясьпеку пры грудзях маці.
Табе ад нараджэньня я быў аддадзены, ад улоньня маці маёй Ты быў маім Богам.
Ня стой далёка ад мяне, бо я пакутую. Блізка будзь, бо ня маю памочніка.
Мноства быкоў акружыла мяне, шалёныя быкі навокал мяне паўсталі.
Разьзяўляюць на мяне свае пашчы, быццам леў разьюшаны, рыкаюць.
Я стаўся як вада разьлітая, косьці мае павыходзілі з суставаў, сэрца маё зрабілася як воск, мягчэе ў нутры маім.
Як чарапок, высахла горла маё, язык мой прыліпнуў да паднябеньня: Ты абярнуў мяне ў пыл сьмерці.
Бо сабакі мяне абселі, зграя злачынцаў абкружыла мяне; працялі рукі і ногі мае,
Усе косьці мае магу палічыць. А яны дзівяцца і радасна пазіраюць;
Падзялілі між сабою ўсю вопратку маю і аб адзеньні маім кідалі жэрабя.
Ты ж, Госпадзе, ня стой далёка: Памочнік мой, пасьпяшайся на ратунак.
Выратуй ад мяча душу маю, і жыцьцё маё з сабачых кіпцюроў;
Выбаў мяне, убогага, ад пашчы льва, ад рогаў быка.
Абвяшчу братом маім імя Тваё і буду славіць Цябе ў грамадзе:
Усе, што баіцёся Госпада, хваліце Яго; нашчадкі Якуба, слаўце Яго; шануйце Яго, усе нашчадкі Ізраіля!
Бо Ён не пагардзіў і не брыдзіўся галечай убогага, і не схаваў перад ім твару свайго, але пачуў, калі той клікаў Яго.
Да Яго мая песьня хвалы на вялікім зборы; выканаю абяцаньні мае перад тымі, што баяцца Яго.
Хай бедныя ядуць і насыцяцца, і хай хваляць Госпада тыя, што шукаюць Яго. Хай сэрцы вашыя жывуць давеку.
Успомняць і вернуцца да Госпада ўсе канцы зямлі; і ўсе плямёны людзкія падуць ніц перад абліччам Яго.
Бо Гасподняе валадарства, і Ён пануе над народамі.
Яму адзінаму пакланяюцца ўсе тыя, што ў зямлі спачываюць, перад Ім схіляюцца ўсе тыя, што зыходзяць у магілу.
Нашчадкі мае служыць Яму будуць,
Раскажуць пра Госпада наступным пакаленьням, а справядлівасьць Яго абвесьцяць будучым родам: Так учыніў Госпад.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа. (Тройчы)
Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся.
Слава ...
Трапар (Тон 1): Калі Ты, Хрысьце, быў укрыжаваны, улада мучыцеля была зьнішчаная і варожая сіла пераможаная: не анёл і не чалавек, але сам Ты, Госпадзе, збавіў нас. Слава Табе!
Цяпер ...
Багародзічны: Як нам назваць Цябе, Поўная ласкі: небам, бо з Цябе зазьзяла Сонца Справядлівасьці? раем, бо Ты вырасьціла Кветку нятленнасьці? Дзеваю, бо Ты засталася непарушнаю? Чыстаю Маці, бо Ты мела ў абдымках Тваіх Сына, Бога ўсіх? Малі Яго за збаўленьне душ нашых.
(Тон 8): Сёньня царкоўная заслона на дакор беззаконным разрываецца, сонца промні свае хавае, убачыўшы, як укрыжавалі Ўладара. (Двойчы)
Верш: Чаму мітусяцца народы і людзі думаюць марнае?
Як авечка на зарэз, так Ты, Хрысьце Ўладару, быў ведзены, і як Ягнё бязьвіннае, Ты быў прыбіты да Крыжа злачынцамі дзеля нас, грэшных.
Верш: Каралі зямлі паўстаюць і князі змаўляюцца разам з імі супраць Госпада і Ягонага Памазаньніка.
Тое самае
Слава ...
Калі беззаконныя схапілі Цябе, Госпадзе, Ты ўсё сьцярпеў і так усклікнуў: "Хоць вы паранілі пастыра і разагналі дванаццаць авечак – вучняў Маіх, – Я мог бы выставіць больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў. Але цярплю, каб споўнілася ўсё тайнае і нязьведанае, што Я аб'явіў вам праз прарокаў Маіх". Госпадзе, слава Табе!
Цяпер ...: тое самае

Дыякан: Мудрасьць. Слухайма ўважліва.
Чытальнік:
Пракімен (Пс 40:7,1): У сэрцы сваім зьбірае зло; выйшаўшы, апавядае аб ім.
Верш: Шчасьлівы той, хто дбае пра беднага і ўбогага.

Дыякан: Мудрасьць.
Чытальнік: Чытаньне кнігі прарока Захара.
Дыякан: Слухайма ўважліва.
Чытальнік: Так кажа Госпад: "Вазьму мой жэзл добры і зламаю яго на знак зламанага саюзу, які Я заключыў з усімі людзьмі. І будзе зламаны ў той дзень, і зразумеюць хананейскія купцы авечак, што гэта слова Гасподняе". І сказаў я ім: "Калі палічыце гэта слушным, дайце мне заплату, а калі не – пакіньце сабе". І вызначылі цану трыццаць срэбранікаў. Але Госпад сказаў мне: "Пакладзі ў скарбонку гэтую заплату, якой Я паводле іх быў варты". І я ўзяў трыццаць срэбранікаў і паклаў іх у скарбонку ў сьвятыні Гасподняй. (11:10-13)

Дыякан: Мудрасьць.
Чытальнік: Чытаньне лісту сьвятога Апостала Паўла да Галятаў.
Дыякан: Слухайма ўважліва.
Чытальнік: Браты, ня буду хваліцца, як толькі Крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста, якім сьвет укрыжаваны для мяне і я для сьвету. У Хрысьце ж Ісусе нічога ня значыць абрэзаньне ці неабрэзаньне, але новы твор. І усе тыя, што жывуць згодна з гэтым правілам, мір ім і ласка, і Ізраілю Божаму. Дый хай ніхто ня чыніць мне цяжкасьцяў, бо я нашу раны Госпада Ісуса на целе маім. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста хай будзе з духам вашым, браты. Амін. (6:14-18)

Сьвятар: Мір табе.
Чытальнік: І твайму духу.
Дыякан: Мудрасьць, устаньце, будзем слухаць Сьвятое Евангельле.
Сьвятар: Мір усім.
Людзі: І твайму духу.
Сьвятар: Чытаньне Сьвятога Евангельля паводле Мацьвея.
Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.
Дыякан: Слухайма ўважліва
Сьвятар: У той час раніцай сьвятары і старэйшыя народу прывялі Ісуса да намесьніка, Понцыя Пілата. Тады Юда, які выдаў Яго, убачыўшы, што Яго засудзілі, пакаяўся і вярнуў трыццаць срэбранікаў сьвятаром і старэйшым, кажучы: "Зграшыў я, прадаўшы кроў нявінную". Яны ж сказалі яму: "Што нам да таго? Гэта твая справа". Кінуўшы срэбранікі, ён выйшаў вон і павесіўся. Сьвятары ж, узяўшы срэбранікі, сказалі: "Нельга класьці іх у скарбніцу сьвятыні, бо гэта заплата за кроў". І, параіўшыся, купілі за іх Поле Ганчара для пахаваньня чужынцаў. Таму і сёньня поле гэтае завецца Полем Крыві. Тады споўнілася тое, што сказаў прарок Ярэма: "Узялі трыццаць срэбранікаў, заплату за Таго, каго ацанілі сыны Ізраіля. І далі іх за Поле Ганчара, як сказаў Госпад".
Ісус жа стаў перад намесьнікам. Намесьнік спытаўся ў Яго: "Ці Ты кароль гэбрэйскі?". Ісус адказаў: "Я той, як ты кажаш". І калі Яго абвінавачвалі сьвятары і старэйшыя, Ён не адказваў нічога. Тады спытаўся ў Яго Пілат: "Ці чуеш, як многа сьведчаць супраць Цябе?". Ён аднак не адказаў яму на ніводнае пытаньне, так што намесьнік дзівіўся вельмі. А быў звычай, што на кожнае сьвята намесьнік адпускаў аднаго вязьня паводле іхняга выбару. У тым часе быў адзін вядомы вязень, на імя Варава. Калі ўсе сабраліся, Пілат спытаўся: "Каго хочаце, каб я звольніў: Вараву ці Ісуса, названага Хрыстом?". Бо ведаў ён, што выдалі Яго праз зайздрасьць. А калі ён засядаў на судзе, жонка ягоная прыслала сказаць яму: "Ня мей ніякай справы з гэтым Праведнікам, бо сёньня ўночы я шмат цярпела ў сьне дзеля Яго". Тымчасам сьвятары і старэйшыя падбухторылі натоўп прасіць Вараву і дамагацца сьмерці Ісуса. І калі спытаў іх намесьнік: "Каторага з двух хочаце, каб я вызваліў?", яны закрычалі: "Вараву!". Тады сказаў ім Пілат: "Што ж мне зрабіць з Ісусам, якога завуць Хрыстом?". Закрычалі ўсе: "На крыж Яго!". Намесьнік адказаў: "Што ж Ён вам дрэннага зрабіў?". Але яны яшчэ мацней крычалі: "На крыж Яго!". Пілат, убачыўшы, што нічога ня здолее, а закалот расьце, узяў ваду і памыў рукі перад народам, кажучы: "Я не вінаваты ў крыві гэтага Праведніка. Гэта ваша справа". А ўвесь народ закрычаў: "Кроў Ягоная на нас і на нашых дзецях". Тады ён вызваліў Вараву, а Ісуса аддаў на ўкрыжаваньне. Жаўнеры намесьніка ўзялі Ісуса ў казарму і сабралі вакол Яго цэлую роту. Разьдзеўшы Яго, накінулі Яму на плечы чырвоны плашч, і, сплёўшы вянок з цярніны, усклалі Яму на галаву, а ў правую руку далі трысьціну. Потым, стаўшы перад Ім на калені, насьміхаліся з Яго, кажучы: "Радуйся, кароль гэбрэйскі!". Пры гэтым яны плявалі на Яго і, узяўшы трысьціну, білі Яго па галаве. Назьдзекаваўшыся, яны зьнялі з Яго плашч, апранулі зноў у Ягонае адзеньне і павялі на ўкрыжаваньне. Выходзячы, яны сустрэлі аднаго чалавека, Сымона кірынэйца, і загадалі яму несьці крыж. Калі ж прыйшлі на месца, названае Галгота, гэта значыць "Месца чэрапу", жаўнеры далі Ісусу піць воцат, зьмешаны з жоўцю. Пакаштаваўшы, Ён не захацеў піць. Калі Яго ўкрыжавалі, разьдзялілі між сабою Ягоную вопратку, кідаючы жэрабя. І, седзячы там, сьцераглі Яго. А над галавой Ягонай зьмясьцілі напіс з віной Яго: "Гэта Ісус, кароль Гэбрэйскі". Тады таксама ўкрыжавалі разам з Ім двух разбойнікаў, аднога з правага, а другога з левага боку. Тыя, што праходзілі міма, зьневажалі Яго, ківаючы галовамі і кажучы: "Ты, што разбураеш сьвятыню і ў тры дні адбудоўваеш, збаў сябе самога. Калі Ты Сын Божы, дык зыйдзі з крыжа!". У падобны спосаб сьвятары з кніжнікамі і старэйшымі насьміхаліся з Яго і казалі: "Іншых збаўляў, а цяпер сябе самога збавіць ня можа! Калі Ён кароль Ізраільскі, хай зыйдзе з крыжа і мы паверым Яму. Спадзяваўся на Бога, дык няхай жа цяпер Той выбавіць Яго, калі Яго любіць. Бо Ён казаў: Я Сын Божы". Таксама і разбойнікі, укрыжаваныя разам з Ім, зьневажалі Яго. Ад шостае гадзіны сталася цемра па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзевятае. А каля дзевятай гадзіны ўсклікнуў Ісус моцным голасам: "Элі, Элі, ляма сабахтані?", што значыць: "Божа мой, Божа мой, чаму Ты пакінуў Мяне?". Некаторыя з тых, што там стаялі, пачуўшы гэтае, казалі: "Ён кліча Ільлю". І ураз адзін з іх пабег і, узяўшы губку і памачыўшы ў воцат, насадзіў на трысьціну і даў Яму піць. А другія казалі: "Пачакай! Дай паглядзім, ці прыйдзе Ільля збавіць Яго". Ісус жа, зноў закрычаў моцным голасам і аддаў духа. І вось заслона ў царкве разарвалася надвое ад верху да нізу; і зямля затрэслася і скалы патрэскаліся; і магілы расчыніліся і шмат целаў сьвятых, што памерлі, устала. І, выйшаўшы з магіл, пасьля ўваскрасеньня Ягонага ўвайшлі ў сьвяты горад і паказаліся многім. Сотнік жа і тыя, што разам з ім сьцераглі Ісуса, убачыўшы землятрус і ўсё, што здарылася, спалохаліся моцна і казалі: "Сапраўды, Ён быў Сынам Божым". Было там таксама шмат жанчынаў, якія прыглядаліся здалёк. Яны ішлі за Ісусам з Галілеі і паслугоўвалі Яму. Сярод іх былі Марыя Магдалена, Марыя, маці Якуба і Язэпа, і маці сыноў Забэдэявых. (Мц 27:1-56)
Людзі: Слава доўгацярпеньню Твайму, Госпадзе.
Увага: такі парадак чытаньняў ва ўсіх наступных гадзінах.

Чытальнік: Настаў мае крокі на выкананьне прыказаньняў Тваіх: хай не апануе мною беззаконьне. Вызваль мяне ад намоваў людзкіх, каб мне захаваць Твае запаветы.
Дай бачыць слузе Твайму сьветласьць твару Твайго, і навучы мяне Тваёй справядлівасьці.
Хай мае вусны будуць поўныя хвалы Тваёй, Госпадзе, каб мне пяяць славу Тваю, праз увесь дзень веліч Тваю.
Сьвяты Божа... Усесьвятая Тройца... Ойча наш...
Сьвятар: Бо Тваё валадарства...
Чытальнік: Амін.

Кандак (Тон 8): Прыйдзіце, будзем славіць у песьнях Укрыжаванага за нас. Марыя, убачыўшы Яго на дрэве, усклікнула: "Хоць Ты і церпіш укрыжаваньне, Ты Сын мой І Бог!".

Госпадзе, зьмілуйся. (40 разоў)
Доўгацярплівы, шматміласэрны, і ўсеспагадлівы Хрысьце Божа, што ўвесь час і ў кожную хвіліну, на небе і на зямлі прымаеш хвалу і пакланеньне, любіш праведнікаў і мілуеш грэшнікаў, і клічаш усіх да збаўленьня абяцаньнем дабротаў, якія чакаюць нас: прымі, Госпадзе, і ў гэтую хвіліну нашыя малітвы, і накіруй жыцьцё наша да запаветаў Тваіх; душы нашыя асьвяці, целы ачысьці, думкі выправі, дай ясны розум; выбаў нас ад усякага суму, жалю і злосьці; ахіні нас сваімі анёламі, каб мы, пад іхняй аховаю і кіраўніцтвам, маглі дасягнуць еднасьці веры і пазнаньня недаступнае Твае славы, бо Ты блаславёны на вякі вякоў. Амін.
Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.
Імем Гасподнім блаславі, ойча.
Сьвятар: Божа, будзь ласкавы да нас і блаславі нас: прасьвятлі нас зьзяньнем твару Твайго і зьмілуйся над намі.
Малітва: Хрысьце, Сьвятло праўдзівае, што прасьвятляе і асьвячае кожнага чалавека, які прыходзіць на сьвет, хай зазьзяе нам сьветласьць твару Твайго, каб нам убачыць сьвятло недаступнае; накіруй крокі нашы да выкананьня Тваіх запаветаў, малітвамі найчыстае Твае Маці і ўсіх сьвятых. Амін.

ГАДЗІНА ТРЭЦЯЯ

Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу.
Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.
Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага.

Псалом 34

Ваюй, Госпадзе, супраць тых, што з боем ідуць на мяне, паразі напасьнікаў маіх.
Вазьмі шчыт і панцыр, і ўстань мне на дапамогу.
Замахніся кап'ём і ўтаймуй тых, што перасьледуюць мяне, скажы душы маёй: "Я збаўленьне тваё".
Хай сумеюцца і пасаромеюцца тыя, што палююць на жыцьцё маё;
Хай адступяць з ганьбаю тыя, што думаюць шкодзіць мне;
Хай будуць, як мякіна на ветры, анёл Гасподні хай іх прагоніць.
Хай дарога іх будзе цёмная і сьлізкая, калі анёл Гасподні будзе гнацца за імі.
Бо яны без прычыны паставілі пастку на мяне, капаюць яму, хочучы майго жыцьця.
Хай згуба прыйдзе на іх зьнячэўку, і пастка, якую паставілі, зловіць іх; хай самі ўпадуць у яму, якую выкапалі.
А мая душа будзе цешыцца ў Госпадзе, будзе радавацца з Ягонай дапамогі.
Уся мая істота скажа: "Хто падобны да Цябе, Госпадзе, які вызваляеш беднага з рук магутнага, з рук рабаўніка – убогага і жабрака".
Усталі няправедныя сьведкі: пытаюцца ў мяне, чаго ня ведаю.
За дабро адплацілі мне злом: да роспачы давялі душу маю.
А я, калі яны гаварылі, надзяваў валасяную кашулю, упакорваў пастом душу маю, і маліўся ў сэрцы маім.
Хадзіў я сумны, быццам па сябру ці брату; я быў як той, што плача па маці, з жалю ўвесь схіліўся.
Але калі я пахіснуўся, яны радасна прыбеглі, супраць мяне зышліся, б'ючы мяне зьнянацку, рвалі мяне на шматкі безупынку.
Насьміхаліся з мяне і нападалі на мяне, скрыгочучы супраць мяне зубамі.
Дакуль будзеш глядзець, Госпадзе? Ад тых, што рыкаюць, вырві душу маю, ад львоў – жыцьцё маё!
На вялікім сходзе буду дзякаваць Табе, у вялікай грамадзе буду славіць Цябе.
Хай нікчэмныя ворагі не пацяшаюцца з мяне, хай ня жмураць вачэй тыя, што без прычыны мяне ненавідзяць.
Бо яны не гавораць пра мір, а для ціхіх у краіне задумваюць здраду.
Раскрываюць супраць мяне вусны свае і крычаць: "Ага, ага! Мы бачылі на ўласныя вочы!"
Ты бачыў, Госпадзе? Дык не змаўчы! Госпадзе, не аддаляйся ад мяне!
Прачніся і ўстань на абарону маю, Божа і Госпадзе мой!
Судзі мяне, Госпадзе, у справядлівасьці Тваёй, няхай не пацяшаюцца злосна з мяне, Божа мой.
Хай не падумаюць у сэрцы сваім: "Ага! Мы дамагліся свайго". Хай ня скажуць: "Мы яго зьелі".
Хай сумеюцца і засаромеюцца, што цешацца з майго няшчасьця; хай пакрыюцца сорамам і ганьбаю ўсе, што горда ўздымаюцца супраць мяне.
Хай цешацца і радуюцца тыя, што спрыяюць справе маёй і хай гавораць заўсёды: "Хай узьвялічыцца Госпад, якому любае шчасьце слугі Яго".
А язык мой будзе абвяшчаць праведнасьць Тваю і няспынна славіць Цябе.

Псалом 108

Божа, якога хвалю, не змаўчы!
Бо вось крывадушныя і нязбожныя раскрылі на мяне вусны свае, гавораць са мною языком хлусьлівым.
Адусюль акружаюць мяне ненавіснымі словамі, нападаюць на мяне без прычыны.
За любоў маю яны абвінавачваюць мяне, а я малюся.
Аддаюць мне злом за дабро, за любоў – нянавісьцю.
Пастаў супраць яго грэшніка, і хай абвінаваўца стане па правай руцэ яго.
Калі будзе судзіцца, хай будзе прызнаны вінаватым, і просьба ягоная хай будзе дарэмнаю.
Хай дні ягоныя будуць кароткія, а ягоную годнасьць хай зойме іншы.
Хай сыны ягоныя будуць сіротамі, а жонка – удавою.
Хай туляюцца дзеці ягоныя і жабруюць,
І хай будуць выгнаныя з раскіданых дамоў сваіх.
Хай ня будзе нікога, хто б спагадаў яму, і каб ніхто не зьлітаваўся над дзецьмі ягонымі;
Хай патомства ягонае згіне, і хай зьнікне імя іх у другім пакаленьні;
Хай бясчынствы айцоў яго будуць прыгаданыя перад Госпадам, і грэх маці яго хай не загладзіцца.
Хай стаяць яны заўсёды перад вачыма Госпада, і хай памяць іх будзе выкараненая з зямлі,
За тое, што ён ня думаў, каб аказаць міласэрнасьць, але перасьледаваў беднага і ўбогага, і скрушлівага сэрцам, і хацеў забіць яго.
Ён палюбіў праклён, дык хай той падзе на яго; не жадаў блаславеньня, дык хай яно аддаліцца ад яго.
Хай праклён будзе яму вопраткаю, і хай увойдзе ў ягонае нутро, быццам вада, і, як алей, у косьці ягоныя.
Хай будзе ён яму вопраткай, у якую адзяецца, і поясам, якім падпярэзваецца.
Такая заплата ад Госпада ворагам маім і тым, што гавораць дрэннае супраць душы маёй.
Але Ты, Госпадзе, Госпадзе, заступіся за мяне дзеля імя Твайго; збаў мяне, бо добрая міласэрнасьць Твая.
Я бедны і няшчасны, і сэрца маё параненае.
Я зьнікаю, як цень, што схіляецца; гоняць мяне, быццам саранчу.
Калені мае дрыжаць ад посту, і схуднелае цела маё сохне.
Я стаў для іх прадметам насьмешак: убачыўшы мяне, яны ківаюць галовамі.
Памажы мне, Госпадзе Божа мой, збаў мяне ў міласэрнасьці Тваёй,
Каб пазналі, што гэта Твая рука і што Ты, Госпадзе, гэта ўчыніў.
Хай яны праклінаюць, а Ты блаславі; хай пасаромеюцца тыя, што паўстаюць на мяне, а слуга Твой хай усьцешыцца.
Хай абвінаваўцы мае пакрыюцца ганьбаю, хай пакрыюцца сорамам, быццам плашчом.
А я буду на ўвесь голас славіць Госпада, у грамадзе буду хваліць Яго.
Бо ён стаіць па правай руцэ беднага, каб збавіць яго ад тых, што хочуць улавіць ягоную душу.

Псалом 50

Зьмілуйся нада мною, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці і паводле мноства дабротаў Тваіх адымі беззаконьне маё.
Асабліва абмый мяне з віны маёй і ад грахоў маіх ачысьці мяне.
Бо беззаконьне маё я знаю, і грэх мой заўжды перада мною.
Табе адзінаму я зграшыў і зло перад Табою ўчыніў. Ты ж справядлівы ў Тваім прыгаворы і правы ў судзе Тваім.
Вось я быў зачаты ў беззаконьні, і ў граху нарадзіла мяне мая маці.
Але Ты, які любіш шчырасьць сэрца, паказаў мне глыбіню і тайны мудрасьці Тваёй.
Акрапі мяне гісопам, і ачышчуся, абмый мяне, і стану бялейшым за сьнег.
Дай мне пачуць голас радасьці і вясельля: хай узрадуюцца ўпакораныя косьці.
Адвярні твар Твой ад маіх бясчынстваў і ачысьці мяне ад усіх грахоў маіх.
Сэрца чыстае ствары ўва мне, Божа, і дух правы абнаві ў нутры маім.
Не адкінь мяне ад Твайго аблічча і Духа Твайго Сьвятога не адымі ад мяне.
Вярні мне радасьць Твайго збаўленьня і ўмацуй ува мне дух ахвярнасьці.
Буду навучаць грэшнікаў шляхом Тваім, і грэшнікі зноў вернуцца да Цябе.
Вызвалі мяне ад крыві пралітай, Божа, Божа майго збаўленьня, хай язык мой у радасьці славіць Тваю справядлівасьць.
Адчыні мае вусны, Госпадзе, і вусны мае пачнуць абвяшчаць хвалу Тваю.
Калі б Ты захацеў ахвяры, я даў бы яе: на цэлапаленьні, аднак, Ты не глядзіш прыхільна.
Ахвяра Богу – дух скрушлівы: сэрцам пакорным і поўным скрухі Ты, Божа, не пагардзіш.
Пакажы, Госпадзе, з ласкі Тваёй спагаду Сыёну: хай муры Ерусаліму будуць зноў узьнесеныя.
Тады глянеш прыхільна на правыя ахвяры, дары і цэлапаленьні, тады ўскладуць цялят на Твой ахвярнік.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа. (Тройчы)
Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся.

Слава ...
(Тон 6): Гэбрэі асудзілі на сьмерць Цябе, Жыцьцё ўсіх; да крыжа прыбілі Цябе тыя, каго Ты жэзлам Майсея праз Чырвонае мора правёў; жоўць далі піць Табе тыя, што з каменя мёд пілі. Усё гэта перацярпеў Ты дабравольна, каб нас вызваліць з варожай няволі. Хрысьце Божа, слава Табе.
Цяпер ...
Багародзічны: Багародзіца, Ты – існая вінаградная лаза, што ўзрасьціла нам плод жыцьця. Просім Цябе, Уладарка; разам са сьвятымі апосталамі маліся за збаўленьне душ нашых.

(Тон 8): У страху перад гэбрэямі Твой прыяцель і вучань Пётра адрокся ад Цябе, Госпадзе, і, плачучы горка, усклікнуў: "Сьлёзаў маіх не адкінь, бо я сказаў, што захаваю веру і не захаваў". Прымі і наша каяньне, і зьмілуйся над намі (Двойчы)
Верш: Пачуй, Госпадзе, словы мае, да ўздыханьняў маіх прыслухайся.
Перад Тваім пачэсным укрыжаваньнем, калі жаўнеры зьдзекаваліся з Цябе, Госпадзе, нябесныя сілы дзівіліся: Ты, што ўпрыгожыў кветкамі ўсю зямлю, надзеў вянец сораму; Ты, што нябеснае скляпеньне пакрыў хмарамі, быў апрануты на зьдзек у пурпуру. Так Ты, Хрысьце, у провідзе Тваім паказаў Тваю дабрыню. Вялікая Твая міласэрнасьць: Слава Табе!
Верш: Будзь уважлівы да малітвы маёй, Уладару мой і Божа мой!
Тое самае.
Слава ...
(Тон 5): Ведзены на ўкрыжаваньне, Ты Госпадзе, казаў: "За што хочаце ўкрыжаваць Мяне, гэбрэі? Ці за тое, што нямоглых вашых ацаляў, мёртвых уздымаў, быццам ад сну, хворую на крывацечу аздаравіў, хананейку памілаваў? Дык за што хочаце Мяне забіць, юдэі? Але ведайце, беззаконныя, што ўбачыце Хрыста, якога сёння вы прабілі".
Цяпер: тое самае.

Пракімен (Пс 37): Прызнаюся ў віне маёй, і сумую з прычыны грэху майго.
Верш: Госпадзе, у строгасьці Тваёй не судзі мяне, і ў гневе Тваім не карай мяне.

Чытаньне кнігі прарока Ісаі (50:4-11)

Госпад Бог надзяліў мяне красамоўным языком, каб я словам пацехі мог падтрымаць зьнясіленых. Шторанку будзіць Ён вуха маё, каб я, як вучань, слухаў. Госпад Бог адкрыў мне вуха, і я не супраціўляўся, не падаўся назад. Я аддаў плечы мае на раны і шчокі мае на біцьцё, і твару майго не адвярнуў ад зьнявагі і пляваньня. Госпад Бог дапамагае мне, таму я нячулы на зьнявагі; твар мой быццам камень зрабіўся, і ведаю, што не пасаромлюся. Блізка ўжо Той, хто мяне апраўдае. Хто адважыцца спрачацца са мною? Станьма разам! Хто мой абвінаваўца? Хай наблізіцца да мяне! Бо вось Госпад Бог дапамагае мне! Хто асудзіць мяне? Усе яны, быццам вопратка, будуць разарваныя на кавалкі, моль зьесьць іх. Хто баіцца Госпада, хай слухае голасу Слугі Ягонага! Хто прабывае ў цемры, у каго няма сьвятла, хай спадзяецца на Госпада, і ў Богу знойдзе апору. Усе вы, што раскладаеце агонь, што запальваеце вогненныя стрэлы, ідзеце ў полымя вашага агню, між стрэлаў, якія вы запалілі. Дзеля мяне гэта будзе вам: у пакутах засьнеце.

Чытаньне лісту сьвятога Апостала Паўла да Рымлянаў (5:6-10)

Браты, Хрыстос памёр за нас, грэшнікаў, у назначаны час, калі мы былі яшчэ слабымі. А ці наважыцца хто памерці (нават) за праведніка? Хіба што можа за дабрачынцу нехта адважыцца памерці. Але Бог сваю любоў да нас даказвае тым, што Хрыстос памёр за нас, калі мы былі яшчэ грэшнікамі. Тым больш цяпер, калі мы апраўданыя Ягонай Крывёю, будзем вызваленыя і ад пакаральнага гневу. Бо калі мы, будучы ворагамі, прымірыліся з Богам праз сьмерць Сына Ягонага, то тым болей, прымірыўшыся, атрымаем збаўленьне праз жыцьцё Ягонае.

Чытаньне Сьвятога Евангельля паводле Марка (15:16-41)

У той час жаўнеры адвялі Ісуса ўнутр двара, або ў прэторыю, і склікалі ўсю роту. Апранулі Яго ў пурпуру і, сплёўшы з церняў вянок, надзелі на Яго. І пачалі вітаць Яго: "Радуйся, кароль гэбрэйскі!". І білі Яго па галаве трысьцінаю і, стаўшы на калені, пакланяліся Яму. А калі назьдзекаваліся з Яго, зьнялі з Яго пурпуру і апранулі Яго ў ягонае ўласнае адзеньне. Тады павялі Яго на ўкрыжаваньне. І змусілі нейкага Сымона Кірынэйца, бацьку Аляксандра і Руфа, які ў той час вяртаўся з поля, несьці Ягоны крыж. І прывялі Яго на месца Галготу, што значыць "Месца чэрапу". І далі яму віна, зьмяшанага са сьмірнаю, але Ён ня прыняў. Укрыжавалі Яго, і разьдзялілі вопратку Ягоную між сабою, кідаючы жэрабя, каму што дастанецца. Была ж трэцяя гадзіна, калі Яго ўкрыжавалі. Быў і надпіс з указаньнем Ягонай віны: "Кароль Юдэйскі". Разам з Ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднога па правай руцэ, а другога па левай. Так спраўдзілася слова Пісаньня, якое кажа: "І да злачынцаў быў залічаны". Тыя, што праходзілі міма, зьневажалі Яго, ківаючы галовамі і кажучы: "Гэй Ты, што разбураеш сьвятыню і ў тры дні адбудоўваеш яе, зыдзі з крыжа і ўратуй самога сябе!". Гэтаксама і першасьвятары з кніжнікамі насьміхаліся між сабою і казалі адзін адному: "Іншых выбаўляў, а сябе ня можа выбавіць! Хрыстос, кароль Ізраіля, хай цяпер зыдзе з крыжа, каб мы ўбачылі і ўверылі!". І укрыжаваныя разам з Ім зьневажалі Яго. І калі настала шостая гадзіна, цемра агарнула ўсю зямлю аж да дзевятай гадзіны. І а дзевятай гадзіне ўскрыкнуў Ісус моцным голасам: "Элі, Элі! Ляма сабахтані", што значыць: "Божа мой, Божа мой! Чаму Ты пакінуў Мянё!". Некаторыя з тых, што стаялі побач, казалі: "Вось Ільлю кліча". А нехта, пабегшы і памачыўшы губку ў воцат, насадзіў яе на трысьціну і даў Яму, кажучы: "Давайце, паглядзім, ці прыйдзе Ільля зьняць Яго". А Ісус усклікнуў моцным голасам і аддаў духа. І вось заслона ў сьвятыні разарвалася надвое ад верху аж да нізу. А сотнік, што стаяў насупраць, убачыўшы, што Ён так аддаў духа, сказаў: "Сапраўды гэты чалавек быў Сын Божы!". Былі і жанчыны, што назіралі здалёк, між іх Марыя Магдалена, і Марыя, маці Якуба Меншага і Язэпа, і Салямея. Калі Ён быў у Галілеі, яны хадзілі ўсьлед за Ім і паслугоўвалі Яму. Было і шмат іншых, якія разам з Ім прыйшлі з Галілеі.

Чытальнік: Госпад Бог блаславёны, блаславёны Госпад з дня ў дзень; памагае нам Бог збаўленьня нашага, Бог наш, Бог, які збаўляе.
Сьвяты Божа... Усесьвятая Тройца... Ойча наш...
Сьвятар: Бо Тваё валадарства...
Чытальнік: Амін.

Кандак (Тон 8): Прыйдзіце, будзем славіць у песьнях Укрыжаванага за нас. Марыя, убачыўшы Яго на дрэве, усклікнула: "Хоць Ты і церпіш укрыжаваньне, Ты Сын мой І Бог!".

Госпадзе, зьмілуйся. (40 разоў)
Доўгацярплівы, шматміласэрны, і ўсеспагадлівы Хрысьце Божа, што ўвесь час і ў кожную хвіліну, на небе і на зямлі прымаеш хвалу і пакланеньне, любіш праведнікаў і мілуеш грэшнікаў, і клічаш усіх да збаўленьня абяцаньнем дабротаў, якія чакаюць нас: прымі, Госпадзе, і ў гэтую хвіліну нашыя малітвы, і накіруй жыцьцё наша да запаветаў Тваіх; душы нашыя асьвяці, целы ачысьці, думкі выправі, дай ясны розум; выбаў нас ад усякага суму, жалю і злосьці; ахіні нас сваімі анёламі, каб мы, пад іхняй аховаю і кіраўніцтвам, маглі дасягнуць еднасьці веры і пазнаньня недаступнае Твае славы, бо Ты блаславёны на вякі вякоў. Амін.
Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.
Імем Гасподнім блаславі, ойча.
Сьвятар: Малітвамі сьвятых айцоў нашых Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, зьмілуйся над намі.
Малітва: Уладару Божа Ойча ўсемагутны, Госпадзе Сыне Адзінародны, і Сьвяты Духу, адзінае боства, адзіная сіла, зьмілуйся нада мною, грэшным, і ў ведамы Табе спосаб збаў мяне, нягоднага слугу Твайго, бо Ты блаславёны на вякі вякоў. Амін.

ГАДЗІНА ШОСТАЯ


Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу.
Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.
Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага.

Псалом 53

Божа, дзеля імя Твайго збаў мяне, і сілаю Тваёю судзі мяне.
Пачуй, Божа, малітву маю, прыхілі вуха Тваё да голасу вуснаў маіх.
Бо вось гордыя паўсталі супраць мяне і гвалтаўнікі шукаюць душы маёй, і ня маюць Бога перад сабою.
Але Бог памагае мне, і Госпад – заступнік душы маёй.
Ты адплоціш за зло ворагам маім: у справядлівасьці Тваёй зьнішчы іх.
Ахвотна прынясу ахвяру Табе, і буду славіць імя Тваё добрае, Госпадзе.
Бо Ты выбавіў мяне ад усялякай бяды, і вочы мае бачылі сорам ворагаў маіх.

Псалом 139

Збаў мяне, Госпадзе, ад злога чалавека, сьцеражы мяне ад гвалтаўніка;
Ад тых, што ў сэрцы хаваюць благія намеры, кожны дзень усчыняюць сваркі.
Яны востраць, як гадзюка, свае языкі, пад вуснамі іх яд зьмяіны.
З рук грэшніка выбаў мяне, Госпадзе, сьцеражы мяне ад гвалтаўнікоў, бо яны надумаліся пахіснуць ногі мае.
Гордыя паставілі петлі, раскінулі сець на дарозе, расставілі пасткі на мяне.
Я сказаў Госпаду: Ты – Бог мой; пачуй, Госпадзе, голас малітвы маёй.
Госпадзе Божа, Ты магутная дапамога мая; у дзень бітвы ты ахоўваеш галаву маю.
Ня споўні, Божа, жаданьня нязбожнага, ня дай посьпеху намерам яго.
Хай злосьць іхніх уласных вуснаў пакрые тых, што акружаюць мяне.
Хай падзе на іх дождж з гарачых вугольляў, хай паваліць іх так, каб яны ня ўсталі.
Чалавек з паганым языком не ўстаіць на зямлі: гвалтаўніка хутка сустрэнуць няшчасьці.
Ведаю, што Госпад чыніць суд прыгнечанаму і справядлівасьць убогаму.
Толькі справядлівыя будуць хваліць імя Тваё, і праведныя будуць жыць перад абліччам Тваім.

Псалом 90

Ты, што жывеш пад апекаю Ўсявышняга і ў ценю, Ўсемагутнага прабываеш,
Скажаш Госпаду: Ты – маё прыстанішча, мая абарона, Бог мой, і на Цябе спадзяюся.
Ён выбавіць цябе ад сецяў лаўца і ад наглай загубы.
Ён пакрые цябе пёрамі сваімі і пад крыламі Яго ты знойдзеш прытулак.
Не збаішся жахаў начных, ні стралы, што ляціць удзень;
Ні страху, што крыецца поцемкам; ні мору, што ў поўдзень пустошыць.
І хоць бы тысячы палі побач з табою, і дзесяткі тысяч па правай руцэ тваёй,
Цябе нішто не кране, бо вернасьць Яго – твой шчыт і панцыр.
Ты толькі глянеш навокал, і ўбачыш адплату грэшнікам.
Бо ты сказаў: Госпад мая абарона, – і Ўсявышняга выбраў сваім прыстанкам.
Ніякая бяда не сустрэне цябе, і пошасьць не наблізіцца да жыльля твайго.
Ён загадае анёлам сваім, каб сьцераглі цябе, куды б ты не ішоў.
На руках сваіх панясуць цябе, каб не спатыкнуцца аб камень назе тваёй.
На аспіда і вужа наступіш і патопчаш льва і зьмяю.
"Таму, што ён палюбіў Мяне, Я выбаўлю яго і абараню яго, бо ён спазнаў імя Маё.
Будзе клікаць Мяне, і Я адгукнуся яму; буду з ім у дзень суму, выбаўлю яго і ўслаўлю яго.
Доўгім жыцьцём напоўню яго і дам яму ўбачыць збаўленьне Маё".
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа. (Тройчы)
Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся.

Слава ...
(Тон 8): Хрысьце Божа, што ў дзевятую гадзіну дзеля нас прыняў сьмерць цялесную, умярцьві цела нашага пажаданьні і збаў нас.
Цяпер ...
Багародзічны: Ня маем сьмеласьці з прычыны шматлікасьці нашых грахоў, але Ты, Багародзіца Дзева, малі Таго, хто нарадзіўся ад Цябе: многа можа малітва Маці да міласэрнасьці Ўладара. Не пагардзі просьбамі грэшных, Усячыстая, бо міласэрны і здольны нас збавіць Той, хто захацеў дабравольна пацярпець за нас.

(Тон 8): Так кажа Госпад: "Людзі мае! Што Я зрабіў вам, або чым выклікаў ваша нездавальненьне? Сьляпым вашым я зрок вяртаў, пракажоных ачышчаў, расслабленага чалавека з пасьцелі ўзьняў. Людзі мае! Што я зрабіў вам? І як вы Мне адплацілі? Узамен за манну вы далі Мне жоўць, а замест вады – воцат; замест любові, вы прыбілі мяне да крыжа. Дык вось не сьцярплю больш і паклічу паганаў: хай яны ўславяць Мяне з Айцом і Духам. Я ж дам ім жыцьцё вечнае". (Двойчы)
Верш: Замест ежы далі мне жоўць, а калі меў смагу, напаілі мяне воцатам.
Хор апостальскі зьвяртаецца да вас, заканадаўцы Ізраіля, гэбрэі і фарысеі, кажучы: "Вось вам Сьвятыня, якую вы разбурылі; Вось Ягнё, якое вы ўкрыжавалі і паклалі ў магілу. Але Ён уваскрэсьне ў сіле. Не ашуквайце сябе: Ён той, які збавіў вас у моры і карміў у пустыні; Ён – жыцьцё, сьвятло і мір сьвету".
Верш: Збаў мяне, Божа, бо воды дайшлі да душы маёй.
Слава ...
(Тон 5): Прыйдзіце, хрыстаносныя людзі, пабачыць, што задумаў здраднік Юда са злачыннымі сьвятарамі супраць Збаўцы нашага; сёньня яны прызналі Несьмяротнае Слова вартым сьмерці, аддалі Пілату і ўкрыжавалі на месцы пакараньня; і Збаўца наш, церпячы ўсё гэта, усклікнуў: "Адпусьці ім, Ойча, іхні грэх, каб усе народы маглі зразумець Маё ўваскрасеньне з мёртвых".
Цяпер ...: тое самае.

Пракімен (Пс 8): Госпадзе, Госпадзе наш, як цудоўнае імя Тваё па ўсёй зямлі.
Верш: Веліч Твая ўзнялася вышэй за нябёсы.

Чытаньне кнігі прарока Ісаі (52:13-54:1)

Сказаў Госпад: "Пашчасьціцца Слузе майму: Ён узьнясецца, узьвялічыцца і ўславіцца вельмі! І як жахаліся многія, гледзячы на Яго – так нялюдзка зьнявечаны Ён быў, і выгляд ягоны ня меў нічога чалавечага ў сабе, – так здумеюцца ўсе народы, і ўладары іх закрыюць вусны свае перад ім, бо ўбачаць нешта, пра што ніхто ім не казаў, і пачуюць дасюль нечуванае. Госпадзе, хто паверыў чутаму ад нас? Каму плячо Гасподняе аб'явілася? Ён вырас перад намі, як парастак, як корань з сухой зямлі. Не было ў Ім ні велічы, ні красы – мы бачылі Яго, – ні выгляду прывабнага не было ў Ім. Ён быў зьняважаны, адкінуты людзьмі – чалавек журботны, што зьведаў цярпеньні, – і мы адварочвалі твары нашыя ад Яго; Ён быў пагарджаны, і мы Яго мелі за нішто. Але Ён нашы немачы ўзяў на сябе, Ён панёс нашы хворасьці; а мы Яго лічылі за пакаранага, думалі, што Бог Яго б'е і топча. Але Ён быў паранены за нашы грахі, мучаны за нашы правіны. Дзеля нас кара збавенная была на Ім, ягонымі ранамі мы ацаліліся. Усе заблудзілі, быццам авечкі, кожны з нас хадзіў сваёй дарогаю. Госпад паклаў на Яго ўсе нашы правіны. Катавалі Яго, але Ён упакорыўся і не адчыняў вуснаў сваіх. Быццам Ягнё, якое вядуць на зарэз, быццам авечка нямая перад тымі, што стрыгуць яе, так і Ён не адкрываў вуснаў сваіх. Сілаю, хуткім судом схапілі Яго: хто скажа лёс Ягоны? Ад зямлі жывых Ён быў адарваны, за грахі народу майго Ён пацярпеў сьмерць. Магілу Яму вызначылі разам з нязбожнымі, але Ён быў пахаваны ў багатага, бо не ўчыніў нічога благога, і вусны Яго ня зналі няпраўды. Госпад захацеў прыціснуць Яго цярпеньнямі. Калі аддасьць Ён жыцьцё сваё ў ахвяру за грахі, Ён убачыць патомства даўгавечнае, і воля Гасподняя споўніцца пасьпяхова ў Ім. Пасьля цярпеньняў душы сваёй Ён убачыць сьвятло і напоўніцца ім. Ён, Слуга мой, апраўдае многіх, іхнія беззаконьні панясе на сабе. Дзеля гэтага, як узнагароду, дам яму частку з вялікімі; з моцнымі будзе дзяліць Ён здабычу за тое, што ахвяраваў сябе на сьмерць і быў залічаны да злачынцаў, калі ў сапраўднасьці Ён узяў грахі многіх і за грэшнікаў заступаўся. Узрадуйся, няплодная, што не радзіла; цешся і весяліся ты, што не знала родавых боляў! Бо больш сыноў у пакінутай, чым у той, якая мае мужа.

Чытаньне лісту апостала Паўла да Гэбрэяў (2-.11-18)

Браты, той, хто асьвячае і тыя, што асьвячаюцца, – усе ад аднаго. Дзеля гэтага Ён не саромеецца назваць іх сваімі братамі, кажучы: "Абвяшчу імя Тваё братом маім, пасярод царквы буду славіць Цябе". І яшчэ: "Вось дзеці мае, якіх даў мне Бог". А таму што дзеці прычашчаюцца крыві і целу, так і Ён успрыняў іх, каб праз сьмерць перамагчы таго, хто мае ўладу над сьмерцю, гэта значыць д'ябла; і каб вызваліць усіх, каго страх сьмерці праз усё жыцьцё трымаў у няволі. Бо сапраўды не анёлаў бярэ да сябе, але бярэ да сябе нашчадкаў Абрагама. Таму Ён павінен быў ва ўсім стацца падобным да братоў, каб быць міласэрным і верным Найвышэйшым Сьвятаром перад Богам, каб ачысьціць грахі народу. Бо як Ён сам цярпеў і быў выпрабоўваны, дык можа тым, што выпрабоўваюцца, дапамагчы.

Чытаньне Сьвятога Евангельля паводле Лукі (23:32-49)

У той час вялі з Ісусам на сьмерць двух іншых злачынцаў. І калі прыйшлі на месца, званае "Чэрапавым", там укрыжавалі Яго і двух злачынцаў, аднаго па правай, а другога па левай руцэ Ягонай. А Ісус казаў: "Ойча, прабач ім, бо ня ведаюць, што робяць". Потым разьдзялілі між сабою Ягоную вопратку, кідаючы жэрабя. А людзі стаялі і глядзелі. Начальнікі таксама насьміхаліся з Яго, кажучы: "Іншых збаўляў, хай збавіць самога сябе, калі Ён Хрыстос, Выбраньнік Божы". Зьдзекаваліся з Яго і жаўнеры, падыходзілі да Яго, давалі воцат і казалі: "Калі Ты кароль гэбрэйскі, збаў сябе сам". Быў таксама напіс над Ім грэцкімі, лацінскімі і гэбрэйскімі літарамі: "Гэта кароль гэбрэйскі". Адзін з павешаных злачынцаў зьневажаў Яго, кажучы: "Калі Ты Хрыстос, збаў сябе і нас". Другі ж, наадварот, сунімаў яго: "Ці ж ты не баішся Бога, сам асуджаны на тое самае пакараньне? Дый мы засуджаныя справядліва, бо атрымалі належнае за нашыя ўчынкі; а Ён нічога благога не зрабіў". І сказаў Ісусу: "Успомні мяне, Госпадзе, калі прыйдзеш у валадарства Тваё". Ісус адказаў яму: "Сапраўды кажу табе, што яшчэ сёньня будзеш са Мною ў раі". Было каля гадзіны шостай, і цемра агарнула ўсю зямлю аж да гадзіны дзевятай. Сонца памеркла і заслона ў сьвятыні разарвалася пасярэдзіне. Тады Ісус усклікнуў моцным голасам: "Ойча, у Твае рукі аддаю дух Мой!". Пасьля гэтых словаў аддаў духа. Убачыўшы, што здарылася, сотнік уславіў Бога, кажучы: "Сапраўды чалавек гэты быў Праведнік". І увесь народ, што прыйшоў паглядзець, што здарылася, вяртаўся, б'ючы сябе ў грудзі. А ўсе знаёмыя Яго стаялі воддаль; таксама жанчыны, што прыйшлі з Ім з Галілеі, глядзелі на гэта.

Чытальнік: Хутка пашлі даброты Твае, Госпадзе, бо мы вельмі зьбяднелі. Памажы нам, Божа Збавіцелю наш, дзеля славы імя Твайго; Госпадзе, збаў нас і ачысьці грахі нашы дзеля Твайго імя.
Сьвяты Божа... Усесьвятая Тройца... Ойча наш...
Сьвятар: Бо Тваё валадарства...
Чытальнік: Амін.

Кандак (Тон 8): Прыйдзіце, будзем славіць у песьнях Укрыжаванага за нас. Марыя, убачыўшы Яго на дрэве, усклікнула: "Хоць Ты і церпіш укрыжаваньне, Ты Сын мой І Бог!".

Госпадзе, зьмілуйся. (40 разоў)
Доўгацярплівы, шматміласэрны, і ўсеспагадлівы Хрысьце Божа, што ўвесь час і ў кожную хвіліну, на небе і на зямлі прымаеш хвалу і пакланеньне, любіш праведнікаў і мілуеш грэшнікаў, і клічаш усіх да збаўленьня абяцаньнем дабротаў, якія чакаюць нас: прымі, Госпадзе, і ў гэтую хвіліну нашыя малітвы, і накіруй жыцьцё наша да запаветаў Тваіх; душы нашыя асьвяці, целы ачысьці, думкі выправі, дай ясны розум; выбаў нас ад усякага суму, жалю і злосьці; ахіні нас сваімі анёламі, каб мы, пад іхняй аховаю і кіраўніцтвам, маглі дасягнуць еднасьці веры і пазнаньня недаступнае Твае славы, бо Ты блаславёны на вякі вякоў. Амін.
Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.
Імем Гасподнім блаславі, ойча.
Сьвятар: Малітвамі сьвятых айцоў нашых Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, зьмілуйся над намі.

Малітва: Божа і Госпадзе сілаў і Творча ўсяго, што існуе! Ты дзеля бяспрыкладнай міласэрнасьці Тваёй паслаў адзінароднага Сына Твайго, Госпада нашага Ісуса Хрыста на збаўленьне роду нашага і пачэсным Яго крыжам рукапісаньне грахоў нашых разарваў і перамог моц і ўладу цемры: Дык, чалавекалюбны Ўладару, прымі і ад нас, грэшных, гэтыя ўдзячныя і благальныя малітвы і вызвалі нас ад усякага згубнага і змрочнага граху, і ад усіх бачных і нябачных ворагаў, якія жадаюць учыніць нам зло. Прыгвазьдзі да страху Твайго целы нашы, і ня дай ухіліцца сэрцам нашым да слоў і думак нячыстых, але любоўю Тваёю парань душы нашы: каб мы, узіраючыся ўсьцяж на Цябе і Табою прасьветленыя, гледзячы на Тваё недаступнае і вечнае сьвятло, безустанна хвалу і падзяку аддавалі Табе, спрадвечнаму Айцу, разам з адзінародным Тваім Сынам і з усесьвятым, добрым і жыцьцядайным Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.


ГАДЗІНА ДЗЕВЯТАЯ


Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу.
Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.
Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага.

Псалом 68

Збаў мяне, Божа, бо воды дайшлі да душы маёй.
Я заграз у глыбокай твані, і ня маю дзе паставіць ногі мае; увайшоў у глыбіню водную, і хвалі заліваюць мяне.
Я зьнямогся ад крыку, горла маё ахрыпла, вочы аслаблі ад чаканьня Бога майго.
Тыя, што ненавідзяць мяне без прычыны, больш шматлікія за валасы галавы маёй; ворагі мае, што няправедна перасьледуюць мяне, дужэйшыя за мяне: ці ж мне трэба аддаць тое, чаго ня браў?
Божа, Ты ведаеш нярозум мой, мае правіны не схаваныя ад Цябе.
Хай не пасаромеюцца дзеля мяне ўсе, што спадзяюцца на Цябе, Госпадзе Божа сіл: хай не пасаромеюцца ўсе, што шукаюць Цябе, Божа Ізраіля.
Бо для Цябе цярплю зьнявагі, і ганьба пакрывае твар мой.
Я стаў чужым для братоў маіх, і чужынцам для сыноў маці маёй.
Бо рупнасць па доме Тваім зьядае мяне, і праклёны тых, што праклінаюць Цябе, падаюць на мяне.
Пастом я стаміў душу маю, і гэта ставяць мне ў ганьбу.
Замест вопраткі апранаюся ў зрэб'е, і стаўся дзеля гэтага прадметам насьмешак для іх.
Пра мяне пляткараць тыя, што сядзяць у браме, і з мяне насьміхаюцца тыя, што п'юць віно.
А я, Госпадзе, да Цябе з маёй малітваю: у дзень прыемны выслухай мяне ў вялікай дабрыні Тваёй, згодна з Тваёй вернасьцю прыйдзі з дапамогай.
Выцягні мяне з твані, каб мне не патануць: збаў мяне ад тых, што ненавідзяць мяне, і выратуй мяне з глыбіні воднай.
Няхай хвалі водныя не затопяць мяне, хай глыбіня не праглыне мяне; хай бездань не зачыніць нада мною пашчы сваёй.
Пачуй мяне, Госпадзе, бо ласкавая міласьць Твая; дзеля мноства дабротаў Тваіх глянь на мяне.
Не хавай аблічча Твайго ад слугі Твайго, бо я вельмі прыгноблены: хутка пачуй мяне.
Прыблізься да душы маёй і збаў яе; дзеля ворагаў маіх уратуй мяне.
Ты ведаеш ганьбу маю, мой сорам і маю няславу: перад вачыма Тваімі ўсе ворагі мае.
Ганьба скрышыла сэрца маё, і мне не стае сілаў; я чакаў спагады, але яе няма; пацехі – і той не знаходжу.
За ежу далі мне жоўць, а калі сьмягнуў, напаілі мяне воцатам.
Хай іхні стол станецца для іх пасткаю, а мірная бяседа – сілом.
Хай вочы іхнія зацьмяцца, каб ім ня бачыць, хай паясьніцы іхнія саслабнуць назаўсёды.
Вылі на іх абурэньне Тваё, і полымя гневу Твайго хай абдыме іх.
Хай дом іх будзе пусты, і ў палатках іхніх хай не застанецца жывога.
Бо яны перасьледвалі таго, каго Ты паразіў, і павялічвалі боль тых, каго Ты параніў.
Да віны іхняй дадай віну, і хай ня знойдуць у Цябе апраўданьня.
Хай будуць сьцёртыя з кнігі жывых, і з праведнымі хай ня будуць запісаныя.
А я бедны, і моцна цярплю: дапамога Твая, Госпадзе, хай уздыме мяне.
Буду славіць у песьні Бога, буду ўзьвялічваць Яго з удзячнасьцю.
І гэта будзе Богу больш прыемнае, як вол, або як цяля з рагамі і капытамі.
Убачаць гэта бедныя і ўсьцешацца, і ажыве сэрца тых, што шукаюць Бога.
Бо Бог выслухоўвае бедных, і не пагарджае вязьнямі сваімі.
Хай аддадуць Яму хвалу неба і зямля, мора, і ўсё, што жыве ў іх.
Бо Бог збавіць Сыён, адбудуе гарады Юды: там будуць жыць, і атрымаюць у спадчыну зямлю.
І патомства слугаў Ягоных насьледуе яе; тыя, што любяць імя Ягонае, будуць жыць там.

Псалом 69

Божа, ратуй мяне; Божа, прыйдзі хутчэй на дапамогу мне.
Хай будуць пасаромленыя і хай чырванеюць тыя, што робяць засаду на маё жыцьцё;
Хай адступяць з сорамам тыя, што цешацца з майго няшчасьця;
Хай адступяць пакрытыя ганьбаю тыя, што кажуць: Ага, так яму трэба!
Хай радуюцца і цешацца ў Табе ўсе, што Цябе шукаюць,
І кажуць заўсёды: Хай уславіцца Госпад! – тыя, што жадаюць Тваёй дапамогі.
Я ж бедны і няшчасны: Божа, прыйдзі да мяне з дапамогаю.
Ты – мая помач і мой вызваліцель: Госпадзе, не пазьніся!

Псалом 85

Нахілі, Госпадзе, вуха Тваё, і пачуй мяне, бо я бедны і ўбогі.
Сьцеражы душу маю, бо я Табе адданы; збаў слугу Твайго, які спадзяецца на Цябе.
Зьмілуйся нада мною, Госпадзе, бо Цябе клічу ўвесь дзень.
Узрадуй душу слугі Твайго, бо да Цябе, Госпадзе, узношу сэрца маё.
Бо Ты, Госпадзе, добры і ласкавы, і шматміласэрны да тых, што клічуць Цябе.
Пачуй, Божа, малітву маю, будзь уважлівы да голасу просьбы маёй.
У дзень суму майго клічу Цябе, і Ты пачуеш мяне.
Між багоў няма роўнага Табе, Госпадзе, няма ўчынкаў падобных да Тваіх.
Усе народы, створаныя Табою, прыйдуць і паклоняцца Табе, Госпадзе, і славу аддадуць імю Твайму.
Бо Ты вялікі і творыш цуды, Ты – Бог адзіны.
Навучы мяне, Госпадзе, шляхом Тваім, каб мне жыць згодна з Тваёй праўдаю, і каб сэрца маё ўсцешылася ў страху імя Твайго.
Буду хваліць Цябе, Госпадзе Божа мой, ад усяго сэрца майго і буду славіць імя Тваё на ўсе вякі.
Бо міласэрнасьць Твая да мяне вялікая: Ты ўзьняў душу маю з бездані апраметнай.
Божа, гордыя паўсталі супроць мяне, і бунтаўнікі шукаюць душы маёй, не маючы Цябе перад вачамі сваімі.
Але Ты, Госпадзе Божа, шчодры і дабратлівы, доўгацярплівы, шматміласэрны і праведны.
Глянь на мяне і зьмілуйся нада мною; дай сілу Тваю слузе Твайму, і збаў сына слугі Тваёй.
Дай мне знак Тваёй спагадлівасьці, каб ненавісьнікі мае ўбачылі і засаромеліся, бо Ты, Госпадзе, дапамог мне і ўсьцешыў мяне.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа. (Тройчы)
Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе; зьмілуйся.

Слава ...
(Тон 8): Убачыўшы Ўладара жыцьця, што вісеў на крыжы, разбойнік сказаў: "Калі б укрыжаваны з намі ня быў Богам, сонца не схавала бы промняў сваіх, і зямля не затрэслася б у трапятаньні. Але Ты, Госпадзе, што ўсё церпіш, успомні мяне ў валадарстве Тваім".
Цяпер ...
Багародзічны (Тон 8): Ты, што дзеля нас нарадзіўся ад Дзевы і на крыжы пацярпеў, сьмерцю зьнішчыўшы сьмерць і паказаўшыся Богам ва ўваскрасеньні, не пагардзі творамі рук Тваіх, пакажы чалавекалюбства Тваё, Міласэрны, прымі малітвы за нас Багародзіцы, якая нарадзіла Цябе, і збаў, Збавіцелю добры наш, людзей бездапаможных.

(Тон 7): Жахліва было бачыць, як Творца неба і зямлі вісеў на крыжы: сонца памеркла, дзень перамяніўся ў ноч, і зямля аддала з магілаў целы мёртвых. З імі разам пакланяемся Табе, Збавіцелю наш. (Двойчы)
Верш: Разьдзялілі маю вопратку між сабою, і аб маім плашчы кідалі жэрабя.
(Тон 2): Калі беззаконныя прыбілі да крыжа Госпада Славы, Ён усклікнуў да іх: "Чым Я вас засмуціў, чым прагнявіў? Раней за Мяне хто калі выбавіў вас ад вашых бедаў? А сёньня чаму аддаеце Мне злом за дабро? За вогненны слуп, вы прыбілі Мяне да крыжа; за хмару, вы выкапалі Мне магілу; за манну даеце Мне жоўць; за ваду напаілі Мяне воцатам. Дык вось паклічу ўсе народы, і яны праславяць Мяне разам з Айцом і Сьвятым Духам".
Верш: Далі Мне пакаштаваць жоўці, і калі меў смагу, напаілі Мяне воцатам.
Тое самае.
Слава ...
(Тон 6): Сёньня вісіць на крыжы Той, хто на водах зямлю павесіў. (Тройчы)
Уладар анёлаў вянчаецца цярновай каронаю.
Той, хто пакрывае хмарамі неба, апранаецца на зьдзек у пурпуру.
Біцьцё прымае Той, хто ачысьціў Адама ў Ярдане.
Цьвікамі прыбіваецца Жаніх Царквы.
Кап'ём прабіваецца Сын Дзевы.
Пакланяемся мукам Тваім, Хрысьце. (Тройчы)
Пакажы нам Тваё слаўнае ўваскрасеньне!
Цяпер ...: тое самае.

Пракімен (Пс 13): Сказаў неразумны ў сэрцы сваім: Няма Бога.
Верш: Няма нікога, хто б рабіў дабро, не засталося ніводнага.

Чытаньне кнігі прарока Ярэмы (11:18-12:5;9-11;14-15)

Госпад аб'явіў мне і так я даведаўся пра гэта. Ты паказаў тады мне іхнія падкопы. Я ж быў як ягнё лагоднае, якое вядуць на зарэз, і ня ведаў, што ліхія думкі задумалі супраць мяне: "Зьнішчым дрэва разам з плодам яго, вырвем яго з зямлі жывых, каб імя ягонае больш ня згадвалася". Ты, Госпадзе сіл, судзіш справядліва, выпрабоўваеш нутро і сэрца. Дай мне пабачыць Тваю адплату ім, бо на Цябе я паклаўся ў справах маіх. Дзеля гэтага так кажа Госпад супраць мужоў Анатот, якія наступаюць на маё жыцьцё, кажучы: "Не прароч у імя Госпада, каб табе ня згінуць ад нашых рук". Дзеля гэтага так кажа Госпад сіл: "Вось пакараю іх. Юнакі загінуць ад мяча, сыны і дочкі памруць з голаду. І ня будзе ў іх астатку, бо Я навяду няшчасьце на мужоў Анатот у год іхняга наведаньня".
Ты, Госпадзе, маеш слушнасьць, калі спрачаюся з Табою; тым ня менш хачу зрабіць Табе закід. Чаму доля нязбожных шчасьлівая, і ўсім вераломным добра жывецца? Ты іх насадзіў, і яны растуць, пускаюць карані і нават прыносяць плады. Ты блізкі да вуснаў іхніх, але далёкі ад іхніх сэрцаў. Мяне ж, Госпадзе, Ты бачыш наскрозь, Ты выпрабаваў мяне: сэрца маё з Табою. Адлучы іх, быццам тых авечак, прызначаных на зарэз, і падрыхтуй іх на дзень іхняга канца. Дакуль будзе зямля сумаваць, а трава сохнуць на ўсіх палях? З прычыны злосьці яе жыхароў гінуць зьвяры і птушкі. Бо яны кажуць: "Ён нашага канца ня бачыць". Калі ты бег з пешымі, і яны цябе замучылі, дык як пабяжыш навыперадкі з коньмі?
Хадзіце, зьбірайцеся, усе драпежныя зьверы, кідайцеся на пажыву! Гурт пастухоў спустошыў мой вінаграднік, нагамі патаптаў маю частку, маю любую частку зрабіў пустым стэпам. Ператвараюць усё ў пустыню.
Так кажа Госпад: "Усіх маіх паганых суседзяў, што шарпаюць спадчыну, якую Я даў людзям Маім Ізраілю, Я павырываю з іхняй зямлі, і дом Юды вырву спасярод іх. А калі вырву, зьмілуюся над імі, і вярну іх, кожнага на сваю спадчыну і ў сваю краіну".

Чытаньне лісту сьвятога Апостала Паўла да Гэбрэяў (10:19-31)

Браты, мы маем пэўнасьць, што ўвойдзем у Сьвятыню дзякуючы крыві Ісуса. Ён адкрыў нам дарогу новую, жывую, праз заслону, гэта значыць праз сваё цела. Дык маючы Вялікага Сьвятара над Домам Божым, прыступім са шчырым сэрцам, у поўні веры, ачысьціўшы душы ад усякага сьвядомага зла, і абмыўшы целы чыстай вадою. Трымаймася непахісна надзеі, якую вызнаем, бо верны Той, хто даў абяцаньне. Уважайма адзін на аднаго, заахвочваючы да любові і добрых учынкаў; не пакідайма нашых супольных зборак, як гэта сталася звычаем у некаторых, але заахвочвайма адзін аднаго, і то тым балей, чым ясьней бачыце, што ўжо блізкі дзень. Бо калі, пасьля пазнаньня праўды, сьвядома грашым, то няма ўжо для нас ахвяры (за грахі), але нейкае жахлівае чаканьне суду і жар агню, які мае пажэрці супраціўнікаў. Калі нехта адкідаў закон Майсея, ён неміласэрна гінуў сьмерцю пры двух ці трох сьведках. Падумайце самі, наколькі горшага пакараньня заслужыць той, хто патаптаў Сына Божага, а Кроў Запавету, якою быў збаўлены, уважаў за звычайную, і зьняважыў Духа ласкі? Ведаем Таго, хто сказаў: "Помста належыць Мне, Я адплачу", і яшчэ: "Госпад будзе судзіць свой народ". Страшна патрапіць у рукі Бога жывога.

Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Яна (18:28-19.37)

У той час ад Каяфы павялі Ісуса ў прэторыю. Была раніца, і яны самі не ўвайшлі ў прэторыю, каб не апаганіцца, але магчы есьці Пасху. Таму Пілат выйшаў да іх навонкі і сказаў: "Якое абвінавачваньне прыносіце супраць гэтага Чалавека?". А яны сказалі яму ў адказ: "Калі б ня быў Ён злачынцам, мы б ня выдалі Яго табе". Кажа ім Пілат: "Вазьміце сабе Яго і судзіце згодна з вашым законам". Юдэі ж яму ў адказ: "Нам нельга нікога караць сьмерцю!" – каб зьдзейсьнілася слова Ісуса, калі казаў, даючы зразумець, якой сьмерцю мае памерці. Пілат увайшоў зноў у прэторыю, паклікаў Ісуса і кажа Яму: "Ці Ты кароль Юдэйскі?". Ісус адказаў: "Ці ты гэта ад сябе гаворыш, ці іншыя сказалі табе аба Мне?". Пілат адказаў: "Ці ж я гэбрэй? Народ твой і першасьвятары перадалі Цябе мне. Што Ты такое ўчыніў?". Ісус кажа: "Валадарства Маё ня з гэтага сьвету. Калі б Маё валадарства было з гэтага сьвету, слугі мае баранілі б Мяне, каб Я ня быў выданы юдэям. Але Маё валадарства не адсюль". "То Ты ўсё ж кароль?" – кажа Пілат. Ісус адказаў: "Ты кажаш, што Я кароль. Я на тое нарадзіўся, і прыйшоў на сьвет, каб сьведчыць аб праўдзе. Кожны, хто з праўды, слухае голас Мой". "Што такое праўда?" – азваўся да Яго Пілат. Сказаўшы гэта, выйшаў зноў да людзей і кажа ім: "Я не знаходжу ў Ім ніякай віны. Ёсьць у вас, аднак, звычай, што на Пасху адпушчаю вам аднаго (вязьня): Ці хочаце, каб я вам адпусьціў караля Юдэйскага?". Але яны зноў закрычалі: "Не, не Яго, а Вараву!". А Варава быў разбойнік.
Тады Пілат узяў Ісуса і загадаў бічаваць Яго. А жаўнеры, сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву, надзелі на Яго пурпуровы плашч і, падыходзячы да Яго, казалі: "Радуйся, кароль Юдэйскі!", і білі Яго ў твар. Пілат выйшаў зноў да іх на двор, кажучы: "Вось выводжу вам Яго, каб вы ведалі, што не знаходжу ў Ім ніякай віны". І выйшаў Ісус у цярновым вянку і пурпуровым плашчы. І сказаў Пілат: "Вось Чалавек!". Як толькі пабачылі Яго, першасьвятары і слугі закрычалі: "Укрыжый, укрыжуй!". Пілат кажа ім: "Бярыце Яго і ўкрыжуйце самі, бо я ніякай віны не знаходжу ў Ім". А юдэі яму: "У нас такі закон, і згодна з законам Ён павінен памерці, бо зрабіў сябе Сынам Божым". Пачуўшы гэта, Пілат яшчэ больш устрывожыўся. Ён увайшоў зноў у прэторыю і спытаўся ў Ісуса: "Адкуль Ты?". Але Ісус ня даў яму адказу. Пілат сказаў Яму: "Ня хочаш размаўляць са мною? Ці ж ня ведаеш, што маю ўладу Цябе адпусьціць і ўладу ўкрыжаваць Цябе?". Ісус адказаў: "Ты ня меў бы нада Мною ніякай улады, калі б табе не было дадзена згары. Таму большы грэх мае той, хто Мяне выдаў табе". Ад гэтай хвіліны Пілат шукаў спосабу адпусьціць Яго. Але гэбрэі крычалі: "Калі адпусьціш Яго, ня будзеш прыяцелем кесара. Кожны, хто з сябе робіць караля, праціўнік кесара!". Пачуўшы гэтыя словы, Пілат вывеў Ісуса і сеў на судзе, на месцы, якое завецца па-грэцку Літостратон, а па-гэбрэйску Гавата. А быў дзень прыгатаваньня Пасхі, каля шостай гадзіны. І сказаў гэбрэям: "Вось кароль ваш!". А яны крычалі: "Далоў, далоў, укрыжуй Яго!". Пілат сказаў ім: "Ці ж маю вашага караля ўкрыжаваць?". І адказалі першасьвятары: "Няма ў нас караля, апроч кесара!". Тады аддаў ён Яго ім на ўкрыжаваньне. І узялі Ісуса. І, несучы сам крыж свой, Ён прыйшоў на месца, званае Чэрапавым, якое па-гэбрайску завецца "Галгота", дзе Яго ўкрыжавалі, а з Ім двух іншых, па два бакі ад Яго, а пасярэдзіне Ісуса. А Пілат загадаў зрабіць надпіс і павесіць яго на крыжы. Было напісана: "Ісус Назарэй, Кароль Юдэйскі". Гэты напіс на дошцы чыталі многія з юдэяў, бо тое месца, дзе быў укрыжаваны Ісус, было блізка гораду; і было напісана па-гэбрайску, па-рымску і па-грэцку. Першасьвятары юдэйскія казалі Пілату: "Не пішы «Кароль юдэйскі», але што Ён казаў: «Я кароль юдэйскі»". Адказаў Пілат: "Што я напісаў, тое напісаў". Жаўнеры ж, калі ўкрыжавалі Ісуса, узялі Ягоную вопратку і падзялілі на чатыры часткі, кожнаму жаўнеру па частцы, і верхняе адзеньне. Было ж верхняе адзеньне ня шытае, але тканае суцэльна ад самага верху. Сказалі яны адзін аднаму: "Ня будзем рваць яго, але кінем на яго жэрабя, чыё будзе". Так мелі споўніцца словы Пісаньня: "Падзялілі вопратку маю між сабою, і аб адзеньні маім кінулі жэрабя". Так і зрабілі жаўнеры. Ля крыжа стаяла Ягоная Маці, і сястра Ягонай Маці, Марыя, жонка Кляопы, і Марыя Магдалена. Калі Ісус убачыў Маці і вучня, якога Ён любіў, што стаяў побач з Ёю, сказаў Маці: "Жанчына, вось сын Твой". А вучню сказаў: "Вось Маці твая". З таго часу вучань узяў Яе да сябе. Потым Ісус, ведаючы, што ўсё ўжо споўнілася, каб спраўдзілася Пісаньне, сказаў: "Сьмягну". Там стаяў посуд поўны воцату. Дык вось, наклаўшы на трысьціну губку, прасякнутую воцатам, паднесьлі яе да Ягоных вуснаў. Ісус, пакаштаваўшы воцату, прамовіў: "Збылося!". І, схіліўшы галаву, аддаў духа. А так як гэта была пятніца, дык гэбрэі, каб не пакінуць целаў на крыжы ў суботу – бо гэты дзень суботні быў вялікім сьвятам, – прасілі Пілата прабіць ім галёнкі і зьняць іх. І вось прыйшлі жаўнеры і прабілі галёнкі першаму і другому, што былі з Ім укрыжаваныя. Падышоўшы ж да Ісуса, яны ўбачылі, што Ён ужо памёр, дык не прабівалі Яму галёнкаў. Толькі адзін з жаўнераў прабіў Яму кап'ём бок, і адразу пацякла кроў і вада. І той, хто бачыў, пасьведчыў, і сьведчаньне яго праўдзівае. Ён ведае, што кажа праўду, каб вы паверылі. Усё гэта сталася, каб збылося пісаньне: "Косьць Яго не пераломіцца". І у іншым месцы пісаньне кажа: "Будуць глядзець на Таго, каго прабілі".

Чытальнік: Не пакінь нас да канца дзеля імя Твайго сьвятога, не разбуры запавету Твайго і не аддалі міласьці Тваёй ад нас, дзеля Абрагама любага Твайго, і Ісаака слугі Твайго, і Ізраіля сьвятога Твайго.
Сьвяты Божа... Усесьвятая Тройца... Ойча наш
Сьвятар: Бо Тваё валадарства...
Чытальнік: Амін.

Кандак (Тон 8): Прыйдзіце, будзем славіць у песьнях Укрыжаванага за нас. Марыя, убачыўшы Яго на дрэве, усклікнула: "Хоць Ты і церпіш укрыжаваньне, Ты Сын мой І Бог!".

Госпадзе, зьмілуйся. (40 разоў)
Доўгацярплівы, шматміласэрны, і ўсеспагадлівы Хрысьце Божа, што ўвесь час і ў кожную хвіліну, на небе і на зямлі прымаеш хвалу і пакланеньне, любіш праведнікаў і мілуеш грэшнікаў, і клічаш усіх да збаўленьня абяцаньнем дабротаў, якія чакаюць нас: прымі, Госпадзе, і ў гэтую хвіліну нашыя малітвы, і накіруй жыцьцё наша да запаветаў Тваіх; душы нашыя асьвяці, целы ачысьці, думкі выправі, дай ясны розум; выбаў нас ад усякага суму, жалю і злосьці; ахіні нас сваімі анёламі, каб мы, пад іхняй аховаю і кіраўніцтвам, маглі дасягнуць еднасьці веры і пазнаньня недаступнае Твае славы, бо Ты блаславёны на вякі вякоў. Амін.
Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.
Імем Гасподнім блаславі, ойча.
Сьвятар: Божа, будзь ласкавы да нас і блаславі нас: прасьвятлі нас зьзяньнем твару Твайго і зьмілуйся над намі.

Малітва: Уладару Госпадзе Ісусе Хрысьце, доўгацярплівы да нашых правінаў, Ты прывёў нас аж да гэтай хвіліны, калі, вісячы на жыцьцядайным дрэве, Ты разумнаму разбойніку адчыніў уваход у рай і разбурыў сьмерцю сьмерць. Ачысьці нас грэшных і недастойных слугаў Тваіх, бо мы зграшылі і чынілі благое; і цяпер мы недастойныя ўзьняць вочы нашы і глянуць на вышыню нябесную, бо мы пакінулі дарогу праўды Тваёй і хадзілі, куды вяло нас сэрца наша. Але вось молім Тваю бязьмерную дабрату: пашкадуй.нас, Госпадзе, у Тваёй вялікай міласэрнасьці і збаў нас дзеля імя Твайго сьвятога, бо дні нашыя прапалі ў марнасьці. Вызвалі нас з рукі праціўніка, адпусьці нам грахі нашы, і ўмярцьві цялеснае нашае мудраваньне, каб, адклаўшы старога чалавека, у новага апрануліся і жылі дзеля Цябе, Уладара і Дабрачынца; і, ідучы ўсьлед за Тваімі прыказаньнямі, дасягнулі вечнага супакою, дзе для ўсіх праведных радаснае жыльлё. Бо Ты сапраўдная радасьць і вясельле для тых, што любяць Цябе, Хрысьце Божа наш, і Табе славу аддаем, разам з адвечным Тваім Айцом і з усесьвятым, добрым і жыцьцядайным Тваім Духам цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

АБЕДНІЦА

У валадарстве Тваім успомні нас, Госпадзе.
Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іх ёсьць валадарства нябеснае.
Шчасьлівыя тыя, што тужаць, бо яны суцешацца.
Шчасьлівыя ціхія, бо яны атрымаюць у спадчыну зямлю.
Шчасьлівыя тыя, што маюць голад і смагу справядлівасьці, бо яны насыцяцца.
Шчасьлівыя міласэрныя, бо яны зьведаюць міласьць.
Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны ўбачаць Бога.
Шчасьлівыя міратворцы, бо яны будуць звацца сынамі Божымі.
Шчасьлівыя тыя, каго прасьледуюць за праўду, бо іх ёсьць валадарства нябеснае.
Шчасьлівыя вы, калі вас крыўдзяць і прасьледуюць, і кажуць усякую няпраўду на вас дзеля мяне: радуйцеся і цешцеся, бо ўзнагарода ваша ў небе вялікая.
Слава ... Цяпер ...
Успомні мяне, Госпадзе, калі прыйдзеш у валадарства Тваё.
Успомні мяне, Уладару, калі прыйдзеш у валадарства Тваё.
Успомні мяне, Сьвяты, калі прыйдзеш у валадарства Тваё.

Хор нябесны пяе Табе і кажа: Сьвяты, сьвяты, сьвяты Госпад сіл, неба і зямля поўныя хвалы Тваёй.
Верш: Прыступіцеся да Яго і прасьвятліцеся, і твар ваш ня будзе пасаромлены.
Хор нябесны пяе Табе і кажа: Сьвяты, сьвяты, сьвяты Госпад сіл, неба і зямля поўныя хвалы Тваёй.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Хор сьвятых анёлаў і арханёлаў, з усімі нябеснымі сіламі пяе Табе і кажа: Сьвяты, сьвяты, сьвяты Госпад сіл, неба і зямля поўныя хвалы Тваёй.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Веру ў адзінага Бога Айца, усемагутнага, Творцу неба і зямлі, бачнага ўсяго і нябачнага.
І у адзінага Госпада Ісуса Хрыста, Сына Божага, адзінароднага, ад Айца народжанага перад усімі вякамі; Сьвятло ад Сьвятла, праўдзівага Бога ад праўдзівага Бога, народжанага, нястворанага, адзінасутнага з Айцом, праз якога ўсё стала быць. Ён дзеля нас людзей і дзеля нашага збаўленьня зышоў з неба, прыняў цела ад Духа Сьвятога і Марыі Дзевы і стаўся чалавекам. Быў укрыжаваны за нас пры Понцкім Пілаце, цярпеў і быў пахаваны. І на трэці дзень уваскрос згодна з Пісаньнямі; і ўзышоў на неба, і сядзіць па правай руцэ Айца; і зноў прыйдзе ў славе судзіць жывых і мёртвых, і Яго валадарству ня будзе канца.
Веру ў Духа Сьвятога, Госпада, жыватворчага, які ад Айца паходзіць; якому належыцца пакланеньне і слава разам з Айцом і Сынам; які гаварыў праз прарокаў.
У адзіную, сьвятую, паўсюдную і апостальскую Царкву. Вызнаю адзіны хрост для адпушчэньня грахоў. Чакаю ўваскрасеньня мёртвых і жыцьця будучага веку. Амін.

Прабач, адпусьці і даруй, Божа, усе мае правіны, вольныя і міжвольныя, якія я ўчыніў словам і ўчынкам, у думках і намерах, удзень і ўночы, сьведама і нясьведама: усё мне прабач, бо Ты добры і Чалавекалюбец.

Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая, як у небе так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня. І адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым. І ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.
Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Кандак (Тон 8): Прыйдзіце, усхвалім усе Таго, хто дзеля нас быў укрыжаваны. Бачачы Яго на крыжы, Марыя сказала: "Хоць і церпіш укрыжаваньне, Ты – Сын і Бог мой".
Госпадзе, зьмілуйся. (40 разоў)
Усесьвятая Тройца, адзінасутная дзяржава, неразьдзельнае валадарства, крыніца ўсяго добрага, спагадай і мне, грэшнаму, умацуй і настаў на розум сэрца маё, і адымі ад мяне ўсё маё благоцьце, прасьвятлі мае думкі, каб мне заўжды славіць і хваліць у песьнях Цябе, і пакланяцца Табе, кажучы: Адзін сьвяты, адзін Госпад, Ісус Хрыстос, на славу Бога Айца. Амін.

Хай будзе імя Гасподняе блаславёнае цяпер і давеку. (Тройчы)
Слава ... Цяпер ...
Псалом 33

Увесь час бласлаўляць буду Госпада: хвала Ягоная заўжды на вуснах маіх.
Госпадам будзе хваліцца душа мая: хай пачуюць пакорныя і ўзрадуюцца.
Слаўце Госпада са мною: будзем разам узьвялічваць Яго.
Я шукаў Госпада, і Ён пачуў мяне і адняў ад мяне ўсю тугу маю.
Гляньце на Яго і ўзрадуйцеся: хай абліччы вашы ня будуць пасаромленыя.
Вось убогі ўсклікнуў, і Госпад пачуў яго і ад усіх напасьцяў выбавіў яго.
Анёл Гасподні стаіць, быццам мур абаронны, вакол тых, што баяцца Яго, і выбаўляе іх.
Пакаштуйце і ўбачыце, як добры Госпад: шчасьлівы той, хто да Яго прыбягае.
Бойцеся Бога, усе сьвятыя Яго, бо тыя, што Яго баяцца, не зазнаюць бяды.
Багатыя зьбяднелі і церпяць голад; тыя, што шукаюць Госпада, ня будуць мець ні ў чым нястачы.
Хадзіце, дзеці, паслухайце мяне: страху Гасподняму навучу вас.
Хто той чалавек, што любіць жыцьцё і што рады бачыць шчасьлівыя дні?
Устрымай язык твой ад злога і вусны твае ад словаў крывадушных.
Ухіліся ад злога і чыні дабро: шукай супакою і захоўвай яго.
Вочы Госпада зьвернутыя да праведных, вушы Яго чуюць кліч іх.
Твар Госпада супраць тых, што чыняць зло, каб вынішчыць іх памяць на зямлі.
Усклікнулі праведнікі, і Госпад пачуў іх і ад усіх бедаў выбавіў іх.
Блізкі Госпад да скрушлівых сэрцам, прыгнечаных духам Ён выбаўляе.
Шмат бедаў у праведніка, і ад усіх іх ратуе яго Госпад.
Ён сьцеражэ ўсе ягоныя косьці: ніводная з іх ня скрышыцца.
Сьмерць грэшнікаў лютая; грашаць тыя, што ненавідзяць праведніка.
Госпад вызваляе душы слуг сваіх: не зазнае кары той, хто на Яго спадзяецца.

Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея наша, слава Табе.
Чытальнік: Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся.
Ойча, блаславі.
Сьвятар: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі найчыстае свае Маці, сьвятых і баганосных айцоў нашых, і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.
Чытальнік: Амін.

ВЯЧЭРНЯ

На "Госпадзе, Цябе клічу ..."

(Тон 1): Увесь сьвет зьмяніўся са страху, убачыўшы Цябе, Хрысьце, на крыжы павешанага. Сонца памеркла, і асновы зямлі ўскалыхнуліся, і ўсё стварэньне спачувала Тварцу сьвету, які дзеля нас дабравольна пацярпеў. Госпадзе, Слава Табе! (Двойчы)
(Тон 2): Беззаконныя і нязбожныя людзі, чаму задумалі вы нягоднае? Нашто Жыцьцё ўсіх на сьмерць засудзілі? Вялікі цуд! Творца сусьвету аддаецца ў рукі беззаконных, і Чалавекалюбец на крыж узнімаецца, каб вызваліць з пекла вязьняў, якія клічуць: "Госпадзе, слава Табе!".
Чыстая Дзева, убачыўшы Цябе, Збавіцелю, сёньня на крыжы, па-матчынаму зайшлася ад плачу. Маючы ў сэрцы нясьцерпны боль, Яна плакала наўзрыд і ўздыхала з глыбіні душы, і, з вачамі поўнымі сьлёз, казала: "Гора мне, Боскае Дзіця маё, сьвету Сьвятло! Чаму схаваўся Ты, Ягнё Божае, ад вачэй маіх?". І анельскія хоры жахнуліся, усклікаючы: "Невыказны Госпадзе, слава Табе!".
Калі Дзева, што бяз семя нарадзіла Цябе, Хрысьце Божа і Творча сьвету, убачыла Цябе, павешанага на крыжы, яна горка заплакала: "Сыне мой! Дзе падзелася краса твару Твайго? Не магу глядзець, як неправедна ўкрыжоўваюць Цябе. Але ўстань хутка, каб мне бачыць Тваё ўваскрасеньне на трэці дзень".
(Тон 6): Сёньня Ўладар стварэньня стаіць перад Пілатам, і на ўкрыжаваньне аддаецца Творца ўсіх; Той, хто пасылаў манну з неба, быццам Ягнё, дабравольна вядзецца, цьвікамі прыбіваецца, у рэбры прабіваецца і губкаю поіцца; па твары б'ецца Збаўца сьвету, ад слуг церпіць насьмешкі Творца ўсіх. О, чалавекалюбства Ўладара: Ён моліць Айца за тых, што ўкрыжоўваюць Яго, кажучы: "Ойча, прабач ім грэх гэты, бо яны, беззаконныя, ня ведаюць, што робяць злое".
Слава ...
(Тон 6): Як гэта беззаконнае зборышча магло засудзіць на сьмерць Уладара ўсяго стварэньня, і не засаромелася, калі Ён прыгадаў ім усе дабрадзействы, пытаючыся ў іх: "Народзе мой, што Я табе дрэннага зрабіў? Ці ж не напоўніў Я ўсю Юдэю цудамі? Ці ж не ўваскарашаў памерлых словам Маім адным? Ці ж не лячыў усякую хворасьць і немач? Як вы Мне адплацілі, чаму забыліся на Мяне? Узамен за ацаленьні, вы паранілі мяне; за жыцьцё засудзілі на сьмерць; павесілі на дрэве Заканадаўцу, быццам разбойніка; як падсуднага, асудзілі Ўладара ўсіх". Доўгацярплівы Госпадзе, слава Табе!
Цяпер ...
(Тон 6): Страшная і дзіўная тайна дзеецца сёньня на вачох нашых; схапілі Недасяжнага; зьвязалі Таго, хто разьвязаў ад праклёну Адама; судзяць няправедна Таго, хто ведае ўсе тайны сэрцаў і думак людзкіх; замыкаюць у вязьніцы Таго, хто зачыніў бездань; Перад Пілатам стае той, перад кім з трапятаньнем стаяць нябесныя сілы; рука стварэньня б'е па твары Тварца; на крыж засуджаны Той, хто судзіць жывых і мёртвых; у магілу кладзецца Той, хто разбурыў пекла. Госпадзе, што ўсё перацярпеў і вызваліў усіх ад праклёну, слава Табе.

Пракімен (Пс 21): Разьдзялілі вопратку маю між сабою, і аб маім адзеньні кідалі жэрабя.
Верш: Божа, Божа мой, пачуй мяне: чаму Ты мяне пакінуў?

Чытаньне кнігі Выхаду (33:11-23)

У тыя дні Госпад размаўляў з Майсеем твар у твар, як размаўляюць з прыяцелем. Пасьля Майсей вяртаўся ў стан, а слуга ягоны, Ісус Навін, не адлучаўся ад шатра. Майсей сказаў Госпаду; "Вось Ты загадаў мне вывесьці гэтых людзей, але ня даў мне знаць, каго пашлеш са мною, а толькі сказаў: "Ведаю цябе па іменьні, і ты знайшоў ласку ў вачох Маіх". Дык калі я знайшоў ласку ў вачох Тваіх, дай мне ведаць Твае намеры, каб я ведаў, што знайшоў ласку ў вачох Тваіх. Глянь на гэтых людзей, бо яны Твае людзі". Госпад сказаў: "Калі Я сам пайду, дык ці гэта здаволіць цябе?". Майсей адказаў: "Калі сам ня пойдзеш, дык лепш ня дай нам ісьці адсюль. Бо па чым мы пазнаем, што знайшлі ласку ў вачох Тваіх – я і людзі мае, – калі не па тым, што пойдзеш з намі? Тады будзем адрозьнівацца ад усіх народаў зямлі". Госпад адказаў Майсею: "Зраблю так, як просіш, бо ты знайшоў ласку ў вачох Маіх і я знаю цябе па іменьню". І сказаў Майсей: "Дай мне бачыць хвалу Тваю". Госпад адказаў: "Я пакажу табе славу Маю і аб'яўлю табе імя Госпада, бо Я абдорваю ласкаю, каго хачу і яўляю міласьць, каму Мне падабаецца". І сказаў зноў: "Твару Майго ня ўбачыш, бо ніякі чалавек ня можа бачыць твар Мой і застацца жывым". І яшчэ сказаў Госпад: "Вось месца побач са Мною: стань ля скалы. Калі Мая хвала будзе праходзіць міма, пастаўлю цябе ў шчыліне скалы і пакрыю рукою Маёю аж пакуль не перайду. Калі ж адыму руку Маю, пабачыш Мяне ззаду, а твару Майго табе не пакажу".

Пракімен (Пс 34:1,12): Судзі, Госпадзе, тых, што крыўдзяць мяне; паўстань супраць тых, што з боем ідуць на мяне.
Верш: Яны адплацілі мне злом за дабро.

Чытаньне кнігі Ёва (42:12-17)

Госпад блаславіў Ёва, больш, чым раней, і ён займеў чатырнаццаць тысяч авечак, шэсьць тысяч вярблюдаў, тысячу пар валоў і тысячу асьліцаў. І меў яшчэ сем сыноў і тры дачкі. Першую назваў Галубкай, другую Касіяй, а трэцюю Рогам Антымона. Ва ўсёй краіне ня было жанчын прыгажэйшых за дачок Ёва. І даў ім бацька іх спадчыну сярод братоў іх. І жыў Ёў яшчэ пасьля пошасьці сто семдзесят гадоў, а ўсяго пражыў ён дзьвесьце сорак восем, і бачыў сыноў сваіх і сыноў сыноў сваіх аж да чацьвертага пакаленьня. І памёр Ёў у старасьці, калі споўніліся дні ягоныя; і напісана аб ім, што ён устане, калі Госпад узьніме яго з усімі.

Чытаньне кнігі прарока Ісаі (52:13-54:1)

Сказаў Госпад: "Пашчасьціцца Слузе майму: Ён узьнясецца, узьвялічыцца і ўславіцца вельмі! І як жахаліся многія, гледзячы на Яго – так нялюдзка зьнявечаны Ён быў, і выгляд ягоны ня меў нічога чалавечага ў сабе, – так здумеюцца ўсе народы, і ўладары іх закрыюць вусны свае перад ім, бо ўбачаць нешта, пра што ніхто ім не казаў, і пачуюць дасюль нечуванае. Госпадзе, хто паверыў чутаму ад нас? Каму плячо Гасподняе аб'явілася? Ён вырас перад намі, як парастак, як корань з сухой зямлі. Не было ў Ім ні велічы, ні красы – мы бачылі Яго, – ні выгляду прывабнага не было ў Ім. Ён быў зьняважаны, адкінуты людзьмі – чалавек журботны, што зьведаў цярпеньні, – і мы адварочвалі твары нашыя ад Яго; Ён быў пагарджаны, і мы Яго мелі за нішто. Але Ён нашы немачы ўзяў на сябе, Ён панёс нашы хворасьці; а мы Яго лічылі за пакаранага, думалі, што Бог Яго б'е і топча. Але Ён быў паранены за нашы грахі, мучаны за нашы правіны. Дзеля нас кара збавенная была на Ім, ягонымі ранамі мы ацаліліся. Усе заблудзілі, быццам авечкі, кожны з нас хадзіў сваёй дарогаю. Госпад паклаў на Яго ўсе нашы правіны. Катавалі Яго, але Ён упакорыўся і не адчыняў вуснаў сваіх. Быццам Ягнё, якое вядуць на зарэз, быццам авечка нямая перад тымі, што стрыгуць яе, так і Ён не адкрываў вуснаў сваіх. Сілаю, хуткім судом схапілі Яго: хто скажа лёс Ягоны? Ад зямлі жывых Ён быў адарваны, за грахі народу майго Ён пацярпеў сьмерць. Магілу Яму вызначылі разам з нязбожнымі, але Ён быў пахаваны ў багатага, бо не ўчыніў нічога благога, і вусны Яго ня зналі няпраўды. Госпад захацеў прыціснуць Яго цярпеньнямі. Калі аддасьць Ён жыцьцё сваё ў ахвяру за грахі, Ён убачыць патомства даўгавечнае, і воля Гасподняя споўніцца пасьпяхова ў Ім. Пасьля цярпеньняў душы сваёй Ён убачыць сьвятло і напоўніцца ім. Ён, Слуга мой, апраўдае многіх, іхнія беззаконьні панясе на сабе. Дзеля гэтага, як узнагароду, дам яму частку з вялікімі; з моцнымі будзе дзяліць Ён здабычу за тое, што ахвяраваў сябе на сьмерць і быў залічаны да злачынцаў, калі ў сапраўднасьці Ён узяў грахі многіх і за грэшнікаў заступаўся. Узрадуйся, няплодная, што не радзіла; цешся і весяліся ты, што не знала родавых боляў! Бо больш сыноў у пакінутай, чым у той, якая мае мужа.
Пракімен (Яс 87:7,1): Паклалі мяне ў рове глыбокім, у цемры і ценю сьмерці.
Верш: Госпадзе, Божа збаўленьня майго, я клічу Цябе ўдзень і ўночы.


Чытаньне лісту сьвятога Апостала Паўла да Карынцянаў (1 Кар 1:18-2:2)

Браты, вучэньне пра крыж ёсьць дурасьцю для тых, што ідуць да загубы, для нас жа, якія збаўляемся – сілаю Божаю. Бо напісана: "Загублю мудрасьць мудрацоў і розум разумных зьніштожу". Дзе мудрэц? Дзе вучоны? Дзе дасьледчык гэтага веку? Ці ж не ўчыніў Бог мудрасьць сьвету дурасьцю? Бо калі сьвет сваёй мудрасьцю не пазнаў мудрасьці Божай, захацеў Бог дурасьцю прапаведаваньня збавіць тых, што вераць. Дык вось, калі гэбрэі чакаюць знакаў, а грэкі шукаюць мудрасьці, мы абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага, які зьяўляецца спакусаю для гэбрэяў, дурасьцю для паганаў, а для пакліканых – гэбрэяў і грэкаў, – Хрыстом, Божай сілаю і Божай мудрасьцю. Бо тое, што зьяўляецца дурасьцю ў Бога, перавышае мудрасьць людзей, а тое, што слабое ў Бога, дужэйшае за людзей. Дзеля гэтага прыгледзьцеся, браты, да нашага пакліканьня! Няшмат сярод нас мудрых паводле цела, няшмат дужых, няшмат высока народжаных. Але Бог якраз выбраў тое, што здаецца дурасьцю ў вачох сьвету, каб пасароміць мудрацоў; выбраў слабое, каб дужых панізіць; бязроднае, пагарджанае, неістотнае выбраў Бог, каб зьніштожыць істотнае, каб ніякае стварэньне не хвалілася перад Богам. Цераз Яго і вы ёсьць у Хрысьце Ісусе, які стаўся для нас мудрасьцю Божаю і справядлівасьцю, і асьвячэньнем, і адкупленьнем, каб, як напісана, той, хто хваліцца, хваліўся ў Госпадзе. Так вось і я прыйшоў да вас, браты, не на тое, каб зіхацець красамоўнымі словамі і мудрасьцю, абвяшчаючы вам сьведчаньне Божае. Я вырашыў сярод вас ня ведаць нічога іншага, як толькі Ісуса Хрыста, і то ўкрыжаванага.

Алілуя (Пс 68:2,21,24): Збаў мяне, Божа, бо воды дайшлі да душы маёй.
Верш 1: Зьнявага зламала сэрца маё, і я зьнямог.
Верш 2: Хай памеркнуць вочы іх, каб ім ня бачыць.

Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Мацьвея

(Мц 27:1-38): У той час раніцай сьвятары і старэйшыя народу прывялі Ісуса да намесьніка, Понцыя Пілата. Тады Юда, які выдаў Яго, убачыўшы, што Яго засудзілі, пакаяўся і вярнуў трыццаць срэбранікаў сьвятаром і старэйшым, кажучы: "Зграшыў я, прадаўшы кроў нявінную". Яны ж сказалі яму: "Што нам да таго? Гэта твая справа". Кінуўшы срэбранікі, ён выйшаў вон і павесіўся. Сьвятары ж, узяўшы срэбранікі, сказалі: "Нельга класьці іх у скарбніцу сьвятыні, бо гэта заплата за кроў". І, параіўшыся, купілі за іх Поле Ганчара для пахаваньня чужынцаў. Таму і сёньня поле гэтае завецца Полем Крыві. Тады споўнілася тое, што сказаў прарок Ярэма: "Узялі трыццаць срэбранікаў, заплату за Таго, каго ацанілі сыны Ізраіля. І далі іх за Поле Ганчара, як сказаў Госпад".
Ісус жа стаў перад намесьнікам. Намесьнік спытаўся ў Яго: "Ці Ты кароль гэбрэйскі?". Ісус адказаў: "Я той, як ты кажаш". І калі Яго абвінавачвалі сьвятары і старэйшыя, Ён не адказваў нічога. Тады спытаўся ў Яго Пілат: "Ці чуеш, як многа сьведчаць супраць Цябе?". Ён аднак не адказаў яму на ніводнае пытаньне, так што намесьнік дзівіўся вельмі. А быў звычай, што на кожнае сьвята намесьнік адпускаў аднаго вязьня паводле іхняга выбару. У тым часе быў адзін вядомы вязень, на імя Варава. Калі ўсе сабраліся, Пілат спытаўся: "Каго хочаце, каб я звольніў: Вараву ці Ісуса, названага Хрыстом?". Бо ведаў ён, што выдалі Яго праз зайздрасьць. А калі ён засядаў на судзе, жонка ягоная прыслала сказаць яму: "Ня мей ніякай справы з гэтым Праведнікам, бо сёньня ўночы я шмат цярпела ў сьне дзеля Яго". Тымчасам сьвятары і старэйшыя падбухторылі натоўп прасіць Вараву і дамагацца сьмерці Ісуса. І калі спытаў іх намесьнік: "Каторага з двух хочаце, каб я вызваліў?", яны закрычалі: "Вараву!". Тады сказаў ім Пілат: "Што ж мне зрабіць з Ісусам, якога завуць Хрыстом?". Закрычалі ўсе: "На крыж Яго!". Намесьнік адказаў: "Што ж Ён вам дрэннага зрабіў?". Але яны яшчэ мацней крычалі: "На крыж Яго!". Пілат, убачыўшы, што нічога ня здолее, а закалот расьце, узяў ваду і памыў рукі перад народам, кажучы: "Я не вінаваты ў крыві гэтага Праведніка. Гэта ваша справа". А ўвесь народ закрычаў: "Кроў Ягоная на нас і на нашых дзецях". Тады ён вызваліў Вараву, а Ісуса аддаў на ўкрыжаваньне. Жаўнеры намесьніка ўзялі Ісуса ў казарму і сабралі вакол Яго цэлую роту. Разьдзеўшы Яго, накінулі Яму на плечы чырвоны плашч, і, сплёўшы вянок з цярніны, усклалі Яму на галаву, а ў правую руку далі трысьціну. Потым, стаўшы перад Ім на калені, насьміхаліся з Яго, кажучы: "Радуйся, кароль гэбрэйскі!". Пры гэтым яны плявалі на Яго і, узяўшы трысьціну, білі Яго па галаве. Назьдзекаваўшыся, яны зьнялі з Яго плашч, апранулі зноў у Ягонае адзеньне і павялі на ўкрыжаваньне. Выходзячы, яны сустрэлі аднаго чалавека, Сымона кірынэйца, і загадалі яму несьці крыж. Калі ж прыйшлі на месца, названае Галгота, гэта значыць "Месца чэрапу", жаўнеры далі Ісусу піць воцат, зьмешаны з жоўцю. Пакаштаваўшы, Ён не захацеў піць. Калі Яго ўкрыжавалі, разьдзялілі між сабою Ягоную вопратку, кідаючы жэрабя. І, седзячы там, сьцераглі Яго. А над галавой Ягонай зьмясьцілі напіс з віной Яго: "Гэта Ісус, кароль Гэбрэйскі". Тады таксама ўкрыжавалі разам з Ім двух разбойнікаў, аднога з правага, а другога з левага боку.
(Лк 23:39-43): Адзін з павешаных злачынцаў зьневажаў Яго, кажучы: "Калі Ты Хрыстос, збаў сябе і нас". Другі ж, наадварот, сунімаў яго: "Ці ж ты не баішся Бога, сам асуджаны на тое самае пакараньне? Дый мы засуджаныя справядліва, бо атрымалі належнае за нашыя ўчынкі; а Ён нічога благога не зрабіў". І сказаў Ісусу: "Успомні мяне, Госпадзе, калі прыйдзеш у валадарства Тваё". Ісус адказаў яму: "Сапраўды кажу табе, што яшчэ сёньня будзеш са Мною ў раі".
(Мц 27:39-54): Тыя, што праходзілі міма, зьневажалі Яго, ківаючы галовамі і кажучы: "Ты, што разбураеш сьвятыню і ў тры дні адбудоўваеш, збаў сябе самога. Калі Ты Сын Божы, дык зыйдзі з крыжа!". У падобны спосаб сьвятары з кніжнікамі і старэйшымі насьміхаліся з Яго і казалі: "Іншых збаўляў, а цяпер сябе самога збавіць ня можа! Калі Ён кароль Ізраільскі, хай зыйдзе з крыжа і мы паверым Яму. Спадзяваўся на Бога, дык няхай жа цяпер Той выбавіць Яго, калі Яго любіць. Бо Ён казаў: Я Сын Божы". Таксама і разбойнікі, укрыжаваныя разам з Ім, зьневажалі Яго. Ад шостае гадзіны сталася цемра па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзевятае. А каля дзевятай гадзіны ўсклікнуў Ісус моцным голасам: "Элі, Элі, ляма сабахтані?", што значыць: "Божа мой, Божа мой, чаму Ты пакінуў Мяне?". Некаторыя з тых, што там стаялі, пачуўшы гэтае, казалі: "Ён кліча Ільлю". І ураз адзін з іх пабег і, узяўшы губку і памачыўшы ў воцат, насадзіў на трысьціну і даў Яму піць. А другія казалі: "Пачакай! Дай паглядзім, ці прыйдзе Ільля збавіць Яго". Ісус жа, зноў закрычаў моцным голасам і аддаў духа. І вось заслона ў царкве разарвалася надвое ад верху да нізу; і зямля затрэслася і скалы патрэскаліся; і магілы расчыніліся і шмат целаў сьвятых, што памерлі, устала. І, выйшаўшы з магіл, пасьля ўваскрасеньня Ягонага ўвайшлі ў сьвяты горад і паказаліся многім. Сотнік жа і тыя, што разам з ім сьцераглі Ісуса, убачыўшы землятрус і ўсё, што здарылася, спалохаліся моцна і казалі: "Сапраўды, Ён быў Сынам Божым".
(Ян 19:31-37): А так як гэта была пятніца, дык гэбрэі, каб не пакінуць целаў на крыжы ў суботу – бо гэты дзень суботні быў вялікім сьвятам, – прасілі Пілата прабіць ім галёнкі і зьняць іх. І вось прыйшлі жаўнеры і прабілі галёнкі першаму і другому, што былі з Ім укрыжаваныя. Падышоўшы ж да Ісуса, яны ўбачылі, што Ён ужо памёр, дык не прабівалі Яму галёнкаў. Толькі адзін з жаўнераў прабіў Яму кап'ём бок, і адразу пацякла кроў і вада. І той, хто бачыў, пасьведчыў, і сьведчаньне яго праўдзівае. Ён ведае, што кажа праўду, каб вы паверылі. Усё гэта сталася, каб збылося пісаньне: "Косьць Яго не пераломіцца". І у іншым месцы пісаньне кажа: "Будуць глядзець на Таго, каго прабілі".
(Мц 27:55-61): Было там таксама шмат жанчынаў, якія прыглядаліся здалёк. Яны ішлі за Ісусам з Галілеі і паслугоўвалі Яму. Сярод іх былі Марыя Магдалена, Марыя, маці Якуба і Язэпа, і маці сыноў Забэдэявых. Калі ж настаў вечар, прыйшоў адзін багаты чалавек з Арыматэі, на імя Язэп, які быў таксама вучнем Ісуса. Ён пайшоў да Пілата і папрасіў цела Ісусавага. Пілат загадаў аддаць яму цела. Язэп, узяўшы цела, спавіў Яго ў чыстае палатно і паклаў у сваёй новай магіле, якую загадаў высекчы ў скале, і, прываліўшы вялікі камень да ўваходу ў магілу, пайшоў адтуль. Марыя ж Магдалена і другая Марыя засталіся там, седзячы насупраць магілы.

Вершапесьні
(Тон 2): Калі Арыматэй зьняў Цябе, Жыцьцё ўсіх, мёртвага з дрэва, ён спавіў Цябе, Хрысьце, у чыстае палатно з духмянасьцямі, і сэрцам і вуснамі з любоўю цалаваў нятленнае цела Тваё; і, агорнуты страхам, радасна ўсклікнуў: "Слава міласэрнасьці Тваёй, Чалавекалюбча".
Верш: Госпад пануе, Ён апрануўся ў красу.
Калі Ты, Збавіцелю ўсіх, быў пакладзены ў новай магіле, пекла, абсьмеянае, убачыўшы Цябе, жахнулася; ланцугі былі разьбітыя, вароты зьнішчаныя, магілы адчыненыя, і мёртвыя ўсталі. Тады Адам радасна з удзячнасьцю ўсклікнуў Табе: "Слава міласэрнасьці Тваёй, Чалавекалюбча!".
Верш: Ён умацаваў сусьвет, што не зварухнецца.
Калі Ты, бязьмежны і неўмяшчальны Хрысьце Божа, у магіле целам дабравольна за ўсіх зьмясьціўся, Ты адчыніў сьмерці замкі, і спустошыў уладарства пекла, і гэтую суботу ўшанаваў блаславеньнем і зьзяньнем славы Тваёй.
Верш: Дому Твайму належыцца сьвятасьць, Госпадзе, праз усе дні.
Калі сілы нябесныя ўбачылі, як беззаконьнікі ўзводзілі паклёп на Цябе, быццам на ашуканца, і запячаталі магілу сваімі рукамі, якімі пракалолі Твой нятленны бок, ускалыхнуліся яны ад твайго невыказнага доўгацярпеньня і, радуючыся нашаму збаўленьню, усклікнулі: "Слава міласэрнасьці Тваёй, Чалавекалюбча".
Слава ... Цяпер ...
(Тон 5): Цябе, які апранаешся ў сьвятло, быццам у вопратку, Язэп разам з Нікадымам зьняў з крыжа і, убачыўшы Цябе голага і непахаванага, заплакаў ад глыбіні сэрца і сказаў: "Гора мне, наймілейшы Ісусе! Убачыўшы Цябе на крыжы павешанага, сонца памеркла, зямля ў страху ўскалыхнулася, і заслона царкоўная разарвалася. Вось гляджу цяпер на Цябе, які дзеля мяне са сваёй волі прыняў сьмерць: як я Цябе пахаваю, Божа мой, якім палатном спаўю Цябе? Якімі рукамі дакрануся да нятленнага цела Твайго, і якія песьні пяяць буду на адыход Твой, Усядобры? Узьвялічваю цярпеньні Твае, слаўлю пахаваньне, а з ім і ўваскрасеньне Тваё, і клічу: Госпадзе, слава Табе!".
Падчас сьпеву вершапесьняў сьвятар, у суправаджэньні дыякана, кадзіць тройчы ахвярнік і плашчаніцу, што на ім. У міжчасе іншыя сьвятары, калі ёсьць, уваходзяць у аўтар і апранаюць епітрахілі і фэлоны. Калі людзі пачынаюць сьпяваць адпушчальныя трапары, сьвятары робяць тры зямныя паклоны, бяруць плашчаніцу за канцы. Першы сьвятар з Евангельлем ідзе пад плашаніцаю, дыякан сьпераду кадзіць. Такім чынам выносяць плашчаніцу ("нагамі ўперад"), праз паўночныя або, калі няма месца, райскія дзьверы і кладуць плашчаніцу на асобна прыгатаваным месцы пасярод царквы. Першы сьвятар кадзіць тройчы вакол плашчаніцы. Тады ўсе сьятары робяць тры зямныя паклоны, і цалуюць плашчаніцу і Евангельле, што ляжыць на ёй.

Адпушчальныя трапары
(Тон 2): Высакародны Язэп зьняў з дрэва ўсячыстае цела Тваё і, спавіўшы яго ў чыстае палатно з духмянасьцямі, у магіле новай паклаў.
Анёл зьявіўся ля магілы жанчынам-міраносіцам і ўсклікнуў: "Алейкі мёртвым патрэбныя, Хрыстос жа тленнасьці не зазнаў".
Пасьля трапароў сьвятар звычайна гаворыць казань.
Водпуст: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, які дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўленьня страшэнныя мукі, жыцьцядайны крыж і дабравольнае пахаваньне захацеў пацярпець, малітвамі Найчыстае свае Маці, сьвятых слаўных і годных пахвалы апосталаў Пятра і Паўла і ўсіх сьвятых апосталаў, сьвятых і баганосных айцоў нашых і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.

Пасьля водпусту бывае пакланеньне сьвятой Плашчаніцы, падчас якога людзі сьпяваюць
(Тон 3): Прыйдзіце, верныя, ушануем Язэпа, годнага памяці, што ўночы прыйшоў да Пілата і папрасіў у яго Жыцьцё ўсіх, кажучы: "Дай мне таго Беспрытульнага, што ня меў дзе галавы прыхіліць; дай мне таго Беднага, якога вучань фальшывы выдаў на сьмерць; дай мне таго Ўбогага, Маці якога, убачыўшы Яго на крыжы павешанага, з плачам казала: «Гора мне, Дзіця маё! Гора мне, Сьвятло вачэй маіх і наймілейшы плод улоньня майго. Сёньня спраўдзілася тое, што прадказаў у сьвятыні Сямён, бо сэрца маё меч прабіў. Ты ж замяні на радасьць уваскрасеньня плач мой»". Пакланяемся цярпеньням Тваім, Хрысьце; пакланяемся цярпеньням Тваім, Хрысьце; пакланяемся цярпеньням Тваім, Хрысьце, і сьвятому Твайму ўваскрасеньню.

МАЛАЯ ПАВЯЧЭРНІЦА

КАНОН (Тон 6)
Песьня 1

Ірмас: Ізраіль, ідучы па дне марскім, быццам па сушы, убачыў, як фараон, што гнаўся за ім, патануў у бездані, і ўсклікнуў: "Пяём Богу пераможную песьню!".
Слава Табе, Божа наш, Слава Табе.
Убачыўшы да крыжа прыбітага Сына і Госпада, Чыстая Дзева, працятая болем, горка плачучы разам з другімі жанчынамі, казала: "Гора Мне!".
Слава Табе, Божа наш, Слава Табе.
"Бачу Цябе, дарагое і любае Дзіця маё, як Ты вісіш на дрэве, і рана адкрывецца ў сэрцы маім, – кажа Ўсячыстая. – Але скажы хоць слова слузе Тваёй".
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
"Сыне і Творча Мой, Ты церпіш на крыжы дабравольна лютую сьмерць", – Кажа Дзева, стоячы з любым вучнем ля крыжа.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
"Гора Мне: цяпер я пазбаўленая Сына Майго і Госпада, маёй адзінай надзеі, радасьці і вясельля", – Усячыстая з плачам казала.
Увага: у падобны спосаб сьпяваюцца ўсе наступныя песьні

ІІесьня 3

Ірмас: Ніхто не сьвяты, апроч Цябе, Госпадзе, які ўзьнёс рог верных Тваіх і ўмацаваў нас на камені веры Тваёй.
"З-за страху перад гэбрэямі Пётра схаваўся, і ўсе верныя разьбегліся, пакінуўшы Хрыста аднаго", – Дзева з плачам казала.
"У дзівосным і страшным нараджэньні Тваім, Сыне Мой, я была ўзьвялічаная больш за ўсіх маці. Але гора мне, бо вось бачу Цябе на дрэве, і ўсё нутро маё гарыць".
"Хачу зьняць з крыжа Сына Майго і ўзяць на рукі, як некалі, калі Ён быў малым дзіцяткам. Але гора мне: няма нікога, хто б мне зьняў Яго". – Усячыстая ўсклікнула.
"Маё мілае Сьвятло, Надзея і Жыцьцё маё добрае, мой Бог памірае на Крыжы, і ўсё нутро маё гарыць", – Дзева са стогнам казала.

Песьня 4

Ірмас: Хрыстос – мая Сіла, Бог і Госпад!" – сьвятая Царква пабожна пяе і кліча, і з чыстым сэрцам славіць Госпада.
"Сонца незаходнае, Божа спрадвечны, Творча ўсіх і Госпадзе, як гэта Ты церпіш на крыжы?" – Усячыстая з плачам казала.
Дзева, што мужа ня знала, казала высакароднаму: "Сьпяшайся, Язэпе, да Пілата і прасі, каб ён дазволіў зьняць з крыжа цела Настаўніка твайго".
Язэп сумеўся, калі ўбачыў, як Усячыстая залівалася горкімі сьлязьмі. Ён пайшоў да Пілата і ўсклікнуў з плачам: "Дай мне цела Бога майго!".
"Бачу Цябе, Дзіця маё, параненым, зьняслаўленым і голым на дрэве, і нутро маё гарыць". – Плачучы па-матчынаму, Дзева казала.

Песьня 5

Ірмас: Малюся Табе, Добры, дай Боскаму сьвятлу Твайму зазьзяць любоўю ў душах тых, што, устаўшы зранку, імкнуцца пазнаць Цябе, Слова Божае, сапраўднага Бога, які кліча ўсіх з грахоўнае цемрадзі.
Тужачы і плачучы, Язэп з Нікадымам зьнялі са страхам з крыжа ўсячыстае Цела і, пацалаваўшы, уславілі Яго як Бога.
Прыняўшы Яго на свае рукі, Дзева Маці паклала Яго на калені, паліваючы сваімі сьлязьмі і цалуючы.
"Уладару, Сыне і Божа мой, Ты быў адзінай надзеяй маёй, маім жыцьцём і сьвятлом вачэй маіх; а цяпер я пазбаўленая Цябе, маё дарагое і любае Дзіця".
"Гора мне, – Усячыстая, плачучы горка, казала. – Боль, смутак і жаль агарнулі мяне, калі я ўбачыла, як Ты, любае Дзіця маё, ляжыш мёртвы, голы і адзінокі, памазаны духмянымі алейкамі".

Песьня 6

Ірмас: Уведаўшы жыцьцёвае мора, усхваляванае бураю спакусаў, я ўцёк да ціхага прыстанішча Твайго, усклікаючы: "Выбаві ад тленнасьці жыцьцё маё, Шматлітасьцівы!".
"Гляджу на Цябе мёртвага, Чалавекалюбча, які мёртвым вяртаў жыцьцё, і сэрца маё пакрываецца ранамі, – Усячыстая казала. – Я жадала б памерці з Табою, бо не магу глядзець на Цябе мёртвага і без дыханьня".
"Я поўнюся жахам, калі бачу Цябе, Божа ўсядобры, Госпадзе ўсеміласэрны, зьняслаўленым, без жыцьця, без красы; і плачу, трымаючы Цябе, бо не спадзявалася ніколі бачыць Цябе, Сыне мой, у такім стане".
"Ці ж Ты, Слова Божае, ня маеш слова для слугі Тваёй? Ці ж Ты, Госпадзе, ня маеш літасьці для маці Тваёй?" – Усячыстая казала, заходзячыся ад плачу і цалуючы бязгрэшнае цела Сына Свайго.
"З жахам думаю, Уладару, што не пачую больш мілага голасу Твайго, і слуга Твая не пабачыць больш ранейшай красы Твару Твайго: бо Ты, Сыне мой, зышоў з вачэй маіх".

Кандак (Тон 8): Прыйдзіце, будзем славіць у песьнях Укрыжаванага за нас. Марыя, убачыўшы Яго на дрэве, усклікнула: "Хоць Ты і церпіш расьпяцьце, Ты Сын мой і Бог!".
Ікас: Убачыўшы Ягнё сваё, калі Яго вялі на сьмерць, Марыя, Маці Ягоная, пайшла за Ім разам з іншымі жанчынамі і з плачам казала: "Куды ідзеш, Дзіця маё? Чаму так сьпяшаешся? Ці зноў вясельле ў Кане Галілейскай, і Ты ідзеш перамяніць ваду ў віно? Скажы мне слова, Слова; не мінай моўчкі Мяне, якую Ты захаваў беззаганнаю, бо Ты – Сын мой і Бог!".

Песьня 7

Ірмас: Анёл арасіў печ для юнакоў, і загад Божы хальдэйцаў спаліў, а мучыцеля змусіў усклікнуць: "Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!"
"Дзе, Сыне Мой, Дабравешчаньне, якое некалі Габрыель мне абвясьціў? Ён назваў Цябе Ўладаром, Богам і Сынам Найвышэйшага; а цяпер бачу Цябе, Сьвятло маё мілае, голага, параненага і мёртвага".
"Вызвалі мяне ад нясьцерпнага болю майго, Сыне і Божа мой, і вазьмі мяне з сабою: хай і я зыду з Табою, Уладару, у апраметную. Не пакідай мяне самотнаю, бо не магу жыць без Цябе, мілае Сьвятло маё!".
З іншымі жанчынамі, што прынесьлі духмяныя алейкі, Усесьвятая Дзева горка плакала, калі бачыла, як клалі Цябе ў магілу, і казала: "Гора мне! Што гэта бачу я? Куды гэта ідзеш, Сыне мой, і пакідаеш мяне самотнаю?".
Поўная роспачы і суму, Беззаганная Дзева казала жанчынам-міраносіцам: "Плачце і галасіце са мною, бо вось Сьвятло маё і Настаўнік ваш кладзецца ў магілу".

Песьня 8

Ірмас: З полымя Ты даў расу для набожных юнакоў і ахвяру праведнага вадою спаліў. Ты ўсё чыніш як хочаш, Хрысьце, і мы ўзьвялічваем Цябе праз усе вякі.
Пачуўшы горкі плач Дзевы, Язэп, поўны суму і хваляваньня, усклікнуў: "Як мне, слузе Твайму, Госпадзе, прыгатаваць цела Тваё на пахаваньне? Як спаўю Цябе ў пахавальнае палатно?".
Гэтае страшнае відовішча пераўзыходзіць наша разуменьне: Госпада, які трымае ўсё стварэньне, Язэп з Нікодымам нясуць мёртвага на руках сваіх на пахаваньне.
"Страшную і жахлівую тайну бачу я, – Дзева ўсклікнула. – Як гэта Ты, Сыне мой, што загадам сваім мёртвых з магілаў уздымаеш, сам пасяліўся ў цеснай магіле?".
"Не адыду ад магілы Тваёй, Дзіця маё, і не перастану я, слуга Твая, праліваць горкія сьлёзы, пакуль таксама не зыду ў апраметную: бо не магу цярпець разлукі з Табою, Сыне мой".

Песьня 9

Ірмас: Бога людзям немагчыма бачыць, на Яго хоры анельскія глянуць ня сьмеюць; дзякуючы Табе, Усячыстая, Слова, што сталася чалавекам, зьявілася людзям. Дзеля гэтага разам з нябеснымі сіламі ўзьвялічваем Яго і Цябе шчасьліваю завем.
"Радасьць ужо ніколі ня будзе маёю, – усклікнула Беззаганная, горка плачучы, – бо Сьвятло і радасьць мая ў магіле ляжыць; але не пакіну Яго самотным: памру, і буду пахаваная разам з Ім".
"Вылячы рану душы маёй, – Усячыстая з плачам усклікнула. – Устань і сунімі мой боль і сум, бо Ты, Госпадзе, можаш усё, што хочаш: Ты ж дабравольна аддаў сябе на пахаваньне".
"Як Ты не магла бачыць глыбіню Маёй дабрыні? – Госпад сказаў Чыстай Дзеве. – Каб збавіць Маё стварэньне, Я аддаў сябе на сьмерць. Але ўваскросну зноў і, як Бог, узьвялічу Цябе ў небе і на зямлі".
"Слаўлю Тваю спагадлівасьць, дабрасардэчны Госпадзе, і пакланяюся велічы міласэрнасьці Тваёй. Як Бог, Ты дабравольна прыняў сьмерць, каб збавіць стварэньне, – Усячыстая Дзева адказала. – Дык, Збавіцелю, зьмілуйся над усімі намі ўваскрасеньнем Тваім".
Вярнуцца назад