Галоўная > Сьветлы тыдзень > Сьветлая Пятніца

Сьветлая Пятніца


24 красавіка 2008.

ЮТРАНЬ


Пахвальныя псалмы

(Тон 6). Крыж Твой, Госпадзе, для людзей ёсьць жыцьцём і ўваскрошаньнем; мы ўсе на яго спадзяемся і славім Цябе, Бога нашага, які ўваскрос з мёртвых. Зьмілуйся над намі!

Пахаваньне Тваё, Уладару, адчыніла рай чалавечаму роду, і мы, вызваленыя ад тленнасьці, славім у песьнях Цябе, Бога нашага, які ўваскрос з мёртвых. Зьмілуйся над намі!

Разам з Айцом і Духам уславім Хрыста, які ўваскрос з мёртвых, і ўсклікнем Яму: "Ты нашае жыцьцё і ўваскрасеньне; зьмілуйся над намі!"

На трэці дзень Ты, Хрысьце, уваскрос з магілы і, як было напісана, узьняў нашага праайца. Дзеля гэтага род людзкі ў песьнях славіць Тваё ўваскрасеньне.

Хай уваскрэсьне Бог... і г. д. (Гл. вершапесьні вячэрні нядзелі Вялікадня.


ЛІТУРГІЯ


Пракімен: Якое багацьце твораў Тваіх, Госпадзе: Ты ўсё мудра стварыў.

Верш: Блаславі, душа мая, Госпада: Госпадзе, Божа мой, Ты вялікі наўзьдзіў.


Чытаньне Апостальскіх Дзеяньняў


У той час Пётра і Ян ішлі разам у сьвятыню на малітву а дзевятай гадзіне. А быў там чалавек, кульгавы ад улоньня маці сваёй, якога прыносілі і саджалі штодня ля дзьвярэй сьвятыні, што называліся Краснымі, прасіць міласьціну ў тых, што ішлі ў сьвятыню. Убачыўшы Пётру і Яна перад уваходам у сьвятыню, ён папрасіў у іх міласьціну. Пётра і Ян глянулі на яго і сказалі: "Глянь на нас!" Ён уважліва глянуў на іх, спадзеючыся атрымаць ад іх нешта. Але Пётра сказаў: "Срэбра і золата ў мяне няма; што маю, тое і даю табе: у імя Ісуса Хрыста Назарэя ўстань і хадзі!" I, узяўшы за правую руку, падняў яго, і ў тую хвіліну акрэплі ягоныя ногі і ступні. Ускочыўшы, ён устаў і пачаў хадзіць, і ўвайшоў з імі ў сьвятыню, і хадзіў там, падскокваючы і хвалячы Бога. (Дз 3:1-8)


Алілуя: Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх, і аж да канцоў сьвету словы іх.

Верш: Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук Ягоных расказвае небасхіл.


Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Яна


У той час Ісус пайшоў у Капэрнаум, Ён сам і ягоная Маці, і браты Ягоныя, і вучні Ягоныя, і там заставаліся некалькі дзён. Набліжалася гэбрэйская Пасха, і Ісус прыйшоў у Ерусалім. У сьвятыні Ён сустрэў прадаўцоў валоў, авечак і галубоў, і мяняльнікі грошаў сядзелі там. Зрабіўшы з вяровак біч, Ён павыганяў усіх са сьвятыні, разам з авечкамі і валамі, а грошы мяняльнікаў парассыпаў і сталы іхнія перавярнуў. Прадаўцом галубоў Ён сказаў: "Забярыце гэта адсюль і не рабіце Дому Айца Майго домам гандлю". Вучні Ягоныя тады прыгадалі, што было напісана: "Рупнасць пра дом Твой зьядае мяне". Тады юдэі сказалі Яму: "Які знак дасі нам, што маеш уладу рабіць такое?" Ісус сказаў ім у адказ: "Разбурыце гэтую сьвятыню, і Я яе за тры дні адбудую". Юдэі ж адказалі: "Гэтую сьвятыню будавалі сорак шэсьць гадоў, а ты яе адбудуеш за тры дні?" А Ён гаварыў пра сьвятыню цела свайго. Калі Ён уваскрос, вучні Ягоныя прыгадалі, што Ён так гаварыў, і паверылі Пісаньню і слову, якое казаў Ісус. (Ян 2:12-22)


ВЯЧЭРНЯ

На "Госпадзе, Цябе клічу...":

(Тон 7). Прыйдзіце, будзем радавацца ў Госпадзе, які зьнішчыў сьмерці дзяржаву і прасьвятліў род людзкі. Разам з анёламі ўсклікнем: "Творча і Збавіцелю наш, слава Табе!"

Ты, Збавіцелю, пацярпеў крыж і пахаваньне і, як Бог, сьмерцю сьмерць умярцьвіў. Дзеля гэтага пакланяемся Твайму трохдзённаму ўваскрасеньню. Госпадзе, слава Табе!

Апосталы, убачыўшы ўваскрасеньне Творцы, дзіву даліся і разам з анёламі засьпявалі песьню хвалы: "Вось слава царкоўная, вось скарбніца валадарства!" Госпадзе, які пацярпеў за нас, слава Табе!

Хоць беззаконныя людзі схапілі Цябе, Хрысьце, не саромлюся вызнаваць, што Ты – мой Бог; білі Цябе па плячох, і я не адракаюся; не хаваю і таго, што Ты быў прыбіты да крыжа. Уваскрасеньнем Тваім хвалюся, бо Твая сьмерць – для мяне жыцьцё. Усемагутны і чалавекалюбны Госпадзе, слава Табе!

Спаўняючы Давідава прароцтва, Хрыстос адкрыў сваю веліч вучням Ягоным у Сыёне, явіўшы сябе роўным славаю з Айцом і Духам Сьвятым. Спрадвечны, як Слова бесьцялеснае, Ён у апошні час прыняў цела дзеля нас і, памёршы як чалавек, уваскрос у сіле як Чалавекалюбец.

Ты зышоў да пекла, Хрысьце, як сам захацеў, і, як Бог і Ўладар, зьнішчыў сьмерць і ўваскрос на трэці дзень, узьняўшы з сабою Адама; і той, вызвалены ад аковаў пякельных і ад тленнасьці, усклікнуў, кажучы: "Слава ўваскрасеньню Твайму, адзіны Чалавекалюбча!"

Слава...: Ты быў пакладзены ў магілу, Госпадзе, быццам заснуўшы, і ўваскрос на трэці дзень у сіле і славе, і, як усемагутны, узьняў з сабою Адама ад сьмяротнай тленнасьці.

Цяпер...: (Дагматык). Ты, Багародзіца, сталася Маці ў надпрыродны спосаб, застаўшыся невыказна і невытлумачальна Дзеваю, і язык няздольны перадаць цуд мацярынства Твайго. Дзівоснае было зачацьце Тваё, Усячыстая, бо калі Бог хоча, адмяняецца прыродны лад. Дзеля гэтага мы ўсе горача просім Цябе як Маці Божую: "Маліся за збаўленьне душаў нашых".


Вялікі пракімен (Пс 60:6,3,5,9): Ты, Госпадзе, даў спадчыну тым, што баяцца Цябе.

Верш 1: Ад краёў зямлі я клікаў Цябе.

Верш 2: Пакрыюся покрывам крылаў Тваіх.

Верш 3: Буду славіць у песьнях імя Тваё давеку.


Вершапесьні

Ты ўваскрос з магілы, Збаўца сьвету, і разам з целам Тваім уваскрасіў род людзкі. Госпадзе, слава Табе!

Хай уваскрэсьне Бог... і г. д. (Гл. вершапесьні вячэрні нядзелі Вялікадня).


Вярнуцца назад