ЮТРАНЬ
Пахвальныя псалмы
(Тон 6). Крыж Твой, Госпадзе, для людзей ёсьць
жыцьцём і ўваскрошаньнем; мы ўсе на яго спадзяемся і славім Цябе, Бога нашага,
які ўваскрос з мёртвых. Зьмілуйся над намі!
Пахаваньне Тваё, Уладару, адчыніла рай чалавечаму роду, і мы,
вызваленыя ад тленнасьці, славім у песьнях Цябе, Бога нашага, які ўваскрос з
мёртвых. Зьмілуйся над намі!
Разам з Айцом і Духам уславім Хрыста, які ўваскрос з мёртвых,
і ўсклікнем Яму: "Ты нашае жыцьцё і ўваскрасеньне; зьмілуйся над намі!"
На трэці дзень Ты, Хрысьце, уваскрос з магілы і, як было
напісана, узьняў нашага праайца. Дзеля гэтага род людзкі ў песьнях славіць Тваё
ўваскрасеньне.
Хай уваскрэсьне Бог... і г. д.
(Гл. вершапесьні вячэрні нядзелі Вялікадня.
ЛІТУРГІЯ
Пракімен: Якое багацьце твораў Тваіх, Госпадзе: Ты
ўсё мудра стварыў.
Верш: Блаславі, душа мая, Госпада: Госпадзе, Божа
мой, Ты вялікі наўзьдзіў.
Чытаньне Апостальскіх Дзеяньняў
У той час Пётра і Ян ішлі разам у сьвятыню на малітву а
дзевятай гадзіне. А быў там чалавек, кульгавы ад улоньня маці сваёй, якога
прыносілі і саджалі штодня ля дзьвярэй сьвятыні, што называліся Краснымі,
прасіць міласьціну ў тых, што ішлі ў сьвятыню. Убачыўшы Пётру і Яна перад
уваходам у сьвятыню, ён папрасіў у іх міласьціну. Пётра і Ян глянулі на яго і
сказалі: "Глянь на нас!" Ён уважліва глянуў на іх, спадзеючыся атрымаць ад іх
нешта. Але Пётра сказаў: "Срэбра і золата ў мяне няма; што маю, тое і даю табе:
у імя Ісуса Хрыста Назарэя ўстань і хадзі!" I, узяўшы за правую руку, падняў
яго, і ў тую хвіліну акрэплі ягоныя ногі і ступні. Ускочыўшы, ён устаў і пачаў
хадзіць, і ўвайшоў з імі ў сьвятыню, і хадзіў там, падскокваючы і хвалячы Бога.
(Дз 3:1-8)
Алілуя: Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх, і аж да
канцоў сьвету словы іх.
Верш: Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук
Ягоных расказвае небасхіл.
Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Яна
У той час Ісус пайшоў у Капэрнаум, Ён сам і ягоная Маці, і
браты Ягоныя, і вучні Ягоныя, і там заставаліся некалькі дзён. Набліжалася
гэбрэйская Пасха, і Ісус прыйшоў у Ерусалім. У сьвятыні Ён сустрэў прадаўцоў
валоў, авечак і галубоў, і мяняльнікі грошаў сядзелі там. Зрабіўшы з вяровак
біч, Ён павыганяў усіх са сьвятыні, разам з авечкамі і валамі, а грошы
мяняльнікаў парассыпаў і сталы іхнія перавярнуў. Прадаўцом галубоў Ён сказаў:
"Забярыце гэта адсюль і не рабіце Дому Айца Майго домам гандлю". Вучні Ягоныя
тады прыгадалі, што было напісана: "Рупнасць пра дом Твой зьядае мяне". Тады
юдэі сказалі Яму: "Які знак дасі нам, што маеш уладу рабіць такое?" Ісус сказаў
ім у адказ: "Разбурыце гэтую сьвятыню, і Я яе за тры дні адбудую". Юдэі ж
адказалі: "Гэтую сьвятыню будавалі сорак шэсьць гадоў, а ты яе адбудуеш за тры
дні?" А Ён гаварыў пра сьвятыню цела свайго. Калі Ён уваскрос, вучні Ягоныя
прыгадалі, што Ён так гаварыў, і паверылі Пісаньню і слову, якое казаў Ісус.
(Ян 2:12-22)
|