Згодна з традыцыяй бізантыйскай Царквы, у Вялікі Пост
эўхарыстычная Літургія ня служыцца, апрача суботаў і нядзеляў, а таксама сьвята
Дабравешчаньня, у які б дзень тыдня яно ня выпала. Каб даць магчымасьць вернікам
прычасьціцца Цела і Крыві Хрыстовай, у некаторыя буднія дні Посту служыцца
Літургія раней асьвячаных дароў, якая па сутнасьці ёсьць Вячэрняй з прычасьцем.
Традыцыя прыпісвае ейнае аўтарства сьв. Рыгору Вялікаму, Папе Рымскаму. Звычайна
Літургія раней асьвячаных дароў служыцца вечарам у серады і пятніцы Вялікага
Посту і ў першыя тры дні Вялікага Тыдня.
Падчас нядзельнае Літургіі ў Вялікім Посьце сьвятар асьвячае
адзін або больш Агнцаў у залежнасьці ад таго, колькі разоў на дадзеным тыдні мае
служыцца Літургія раней асьвячаных дароў. Асьвячаныя Агнцы захоўваюцца ў
даразахавальніцы.
Літургію раней асьвячаных дароў сьвятар служыць у поўнай
літургічнай вопратцы.
Пачынаецца Літургія воклікам: Блаславёнае Валадарства
Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў
На што
чытальнік адказвае: Амін. Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу…
Усё
далейшае аж да уваходу і гімну "Сьвятло лагоднае…" – як на Вячэрні.
Падчас чытаньня Псалтыра (Псалмы 119-134) у алтары пры зачыненых райскіх
дзьвярах сьвятар пераносіць сьвятыя дары (Агнец) з даразахавальніцы на
прыгатавальнік.
Пасьля Ўваходу і гімну “Сьвятло лагоднае” бываюць чытаньні са
Старога Запавету (звычайна з кнігі Роду і Прыповесьцяў, а у Вялікі Тыдзень – з
Кнігі Выхаду і Ёва). Паміж чытаньнямі сьвятар з кадзілам і запаленай сьвечкай
бласлаўляе людзей, кажучы: “Сьвятло Хрыстовае прасьвятляе ўсіх!”
Пасьля
чытаньняў бывае ўрачыстае каджэньне, падчас якога сьвятар сьпявае першыя вершы
Псалму 140, а людзі пасьля кожнага вершу пяюць: “ Хай малітва мая ўзыдзе да
цябе, быццам кадзіла, і ахвярай вячэрняй будзе ўздыманьне рук маіх”.
Пасьля
гэтага ўсе гавораць малітву сьв. Ахрэма Сырына, робячы зямныя паклоны:
Госпадзе і Ўладару жыцьця майго, духа ленасьці, нуды,
уладалюбства і марнаслоўя ня дай мне. (Усе робяць зямны паклон)
Духа чысьціні, пакоры, цярплівасьці і любові дай мне, слузе
Твайму. (Зямны паклон)
Так, Госпадзе Ўладару! Дай мне бачыць мае правіны і не
асуджаць брата майго, бо Ты блаславёны на вякі вякоў. Амін.
(Зямны паклон)
Далей ідзе Літанія ўзмоцненага маленьня "Скажам усе разам…" (як падчас Літургіі Яна Залатавуснага), а таксама
Літаніі за пакліканых і тых што маюць неўзабаве атрымаць
прасьвятленьне, г. зн. сьвяты хрост, а таксама дзьве кароткія Літаніі
верных з адпаведнымі малітвамі, апошняя з якіх заканчваецца воклікам:
Паводле дару Хрыста Твайго, з якім блаславёны Ты, і Твой
ўсесьвяты, добры і жыватворчы Дух, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Перанясеньне сьвятых дароў (Вялікі ўваход)
Людзі (сьпяваюць): Сёньня сілы нябесныя з
намі нябачна служаць, бо вось ідзе Ўладар славы, вось ахвяра тайная, дасканалая
ўрачыста прыносіцца.
Адчыняюцца райскія дзьверы. Сьвятар кадзіць ахвярнік і
сьвятыя дары; пасьля, памаліўшыся, разам з дыяканам ідзе да прыгатавальніка.
Сьвятар бярэ сьвятыя дары і пераносіць іх на ахвярнік. Дыякан ідзе наперадзе і
кадзіць. Людзі праз увесь час Уваходу ляжаць ніцма на зямлі. Пасьля ўстаюць і
пяюць:
Людзі: З вераю і любоўю прыступім, каб нам быць
удзельнікамі жыцьця вечнага. Алілуя, алілуя, алілуя.
Літанія просьбаў і малітва Гасподняя
Дыякан: Дапоўнім вячэрнюю малітву нашу Госпаду.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: За прынесеныя і раней асьвячаныя пачэсныя
дары Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Каб чалавекалюбны Бог наш, прыняўшы іх на
свой сьвяты, нябесны і духоўны ахвярнік, як адмысловую духмянасьць духоўную,
паслаў нам узамен сваю Боскую ласку і дар Сьвятога Духа, памолімся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Каб нам выбавіцца ад усякага гневу, суму і
недастатку, Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Сьвятар у міжчасе моліцца ціха: Божа невыказных і
нябачных тайнаў, Скарбніца мудрасьці і розуму: Ты навучыў нас выконваць гэтую
службу і ў вялікім чалавекалюбстве Тваім паклікаў нас, грэшных, прыносіць Табе
дары і ахвяры за нашы грахі і за людзкое няведаньне. Ты сам, нябачны Ўладару,
Творца вялікіх і недасьледных, слаўных і значных справаў, якім няма ліку, глянь
на нас, Тваіх недастойных слугаў, якія, быццам перад Тваім хэрувімскім пасадам,
стаяць перад гэтым ахвярнікам, на якім Твой адзінародны Сын і Бог наш спачывае
пад выглядам гэтых страшных Тайнаў; вызваліўшы нас і ўсіх людзей Тваіх ад усякае
нячыстасьці, асьвяці нашы душы і целы неад’емным асьвячэньнем, каб мы з чыстым
сумленьнем, непасаромленым тварам і прасьветленым сэрцам маглі прыняць гэтыя
Боскія сьвятасьці і, ажыўленыя імі, зьяднацца з самым Хрыстом Тваім, праўдзівым
Богам нашым, які сказаў: “Хто есьць Маё цела і п’е Маю кроў, той прабывае ўва
Мне і Я ў ім”. Такім чынам, Госпадзе, маючы Слова Тваё, што жыве ў нас і
прабывае сярод нас, станемся сьвятыняю ўсесьвятога і ўсяхвальнага Духа і,
вызваленыя ад усякіх д’ябальскіх падступных дзеяньняў, слоў і думак, атрымаем
абяцаныя даброты разам з усімі сьвятымі, што ад пачатку сьвету Табе дагадзілі.
|