Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » Боская Літургія між сьвятымі айца нашага Рыгора Вялікага, Папы - Літургія Раней Аьсвячаных Дароў


 

 

Боская Літургія між сьвятымі айца нашага Рыгора Вялікага, Папы - Літургія Раней Аьсвячаных Дароў

Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Каб увесь гэты вечар быў дасканалы, сьвяты, мірны і бязгрэшны, у Госпада просім.

Людзі: Дай нам, Госпадзе. (Так пасьля наступных прашэньняў)

Дыякан: Анёла спакою, вернага настаўніка… і г. д. Усё аж да Ойча наш як на Літургіі сьв. Яна Залатавуснага.

Сьвятар: Мір усім.

Людзі: І твайму духу.

Дыякан: Галовы нашы Госпаду схілім.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар (ціха): Божа, адзіны добры і добрасардэчны, што жывеш на вышынях і глядзіш на пакорных, глянь спагадлівым вокам на ўсіх людзей Тваіх і захавай іх у бясьпечнасьці; і зрабі нас дастойнымі без асуджэньня прыняць гэтыя Твае жыватворчыя Тайны, бо мы схілілі галовы перад Табою ў спадзяваньні велічы Тваёй міласэрнасьці.

(Уголас) Ласкаю, міласэрнасьцю і чалавекалюбствам адзінароднага Сына Твайго, з якім блаславёны Ты і Твой усесьвяты, добры і жыватворчы Дух, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Сьвятар (ціха): Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, які сядзіш з Айцом на вышынях і тут з намі нябачна прабываеш, глянь з Твайго сьвятога жыльля і з пасаду славы валадарства Твайго, і прыйдзі асьвяціць нас; будзь ласкавы даць нам магутнай Тваёй рукою Тваё ўсячыстае Цела і пачэсную Кроў, а праз нас усім людзям.

Дыякан: Будзьма ўважлівыя!

Сьвятар, уклаўшы рукі пад пакравец і падняўшы Агнец, кажа ўголас: Раней асьвячаныя сьвятыя рэчы для сьвятых.

Людзі: Адзін Сьвяты, Адзін Госпад, Ісус Хрыстос на славу Бога Айца. Амін.

Пакаштуйце і ўбачыце, як добры Госпад. Алілуя алілуя, алілуя.

Прычасьце

Пакуль сьвятар і дыякан прычашчаюцца ў алтары, людзі гавораць малітву “Веру, Госпадзе, і вызнаю...”.

Дыякан з чашаю ў руках выходзіць, кажучы: Са страхам Божым, вераю і любоўю падыходзьце.

Людзі: Бласлаўляю Госпада на ўсякі час: хвала Ягоная на вуснах маіх.

Сьвятар бярэ чашу з рук дыякана і прычашчае верных. Калі скончыць, адносіць чашу на ахвярнік. Пасьля, павярнуўшыся да людзей, кажа:

Сьвятар: Збаў, Божа, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой. (Бласлаўляе людзей)

Людзі: Хлеб нябесны і чашу жыцьця прыміце і ўбачыце, як добры Госпад. Алілуя, алілуя, алілуя.

Сьвятар кадзіць сьвятыя дары, ціха кажучы тройчы: Узьнясіся на нябёсы, Божа, і хай па ўсёй зямлі разыдзецца слава Твая.

Пасьля, зрабіўшы паклон, дае дыскас дыякану, які, павярнуўшыся перш да людзей, адносіць яго на прыгатавальнік; сам сьвятар, пакланіўшыся, бярэ чашу, кажучы ціха: Блаславёны Бог наш.

Тады, павярнушыся да людзей, уголас:

Сьвятар: На ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. І адносіць сьвятыя Дары на прыгатавальнік.

Людзі: Амін. Хай нашы вусны будуць поўныя хвалы Тваёй, Госпадзе, каб нам пяяць славу Тваю, бо Ты зрабіў нас дастойнымі быць удзельнікамі сьвятых Тваіх, Боскіх, несьмяротных і жыватворчых Тайнаў; захавай нас у Тваёй сьвятасьці, каб нам увесь дзень навучацца Тваёй справядлівасьці. Алілуя, алілуя, алілуя.


Падзяка

Дыякан: Устаньце, атрымаўшы Боскія, сьвятыя, усячыстыя, несьмяротныя, нябесныя і жыватворчыя страшныя Хрыстовыя тайны, дастойна падзякуем Госпаду.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Папрасіўшы, каб гэты ўвесь вечар быў дасканалы, сьвяты, мірны і бязгрэшны, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар (ціха): Дзякуем Табе, Збавіцелю ўсіх і Божа, за ўсё добрае, што Ты нам даў, і за прыняцьце сьвятога Цела і Крыві Хрыста Твайго. Молімся Табе, Уладару Чалавекалюбча: захавай нас пад покрывам крылаў тваіх і дай нам да апошняе хвіліны жыцьця нашага дастойна прымаць сьвятасьці Твае дзеля прасьвятленьня душы і цела і дзеля спадчыны валадарства нябеснага.

(Уголас) Бо Ты асьвячэньне наша, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Заканчэньне

Сьвятар: Пойдзем з мірам.

Людзі: У імя Гасподняе.

Дыякан: Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Сьвятар (перад райскімі дзьвярамі, або іконай Хрыста): Усемагутны Ўладару, які мудрасьцю сваёю стварыў усё, што існуе, і невыказным провідам Тваім прывёў нас да гэтых пачэсных дзён для ачышчэньня душ і целаў, утаймаваньня пажадлівасьцяў і надзеі ўваскрасеньня; Ты, што пасьля сарака дзён даў слузе Твайму Майсею табліцы Закону, напісаныя Боскай рукою, у дабрыні Тваёй дай нам змагацца добрым змаганьнем, час посту добра закончыць, захаваць непарушнай веру, скрышыць галовы нябачных ворагаў, быць пераможцамі граху і без асуджэньня дажыць пакланіцца сьвятому ўваскрасеньню. Бо ўсепачэснае і велічнае імя Тваё, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, блаславёнае і праслаўленае цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін. Хай будзе імя Гасподняе блаславёнае цяпер і давеку. (Тройчы)

Сьвятар і дыякан вяртаюцца ў алтар і, схіліўшы галовы, кажуць ціха наступную малітву:

Госпадзе, Божа наш, які ўвёў нас у гэтыя пачэсныя дні і ўчыніў удзельнікамі страшных Тваіх тайнаў, прылучы нас да Тваёй духоўнай паствы і зрабі спадкаемцамі валадарства Твайго, цяпер і заўсёды, і на ўсе вякі. Амін.


Чытальнік: Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

(Пс 33) Увесь час бласлаўляць буду Госпада: хвала Ягоная заўжды на вуснах маіх.

Госпадам будзе хваліцца душа мая: хай пачуюць пакорныя і ўзрадуюцца.

Слаўце Госпада са мною: будзем разам узьвялічваць Яго.

Я шукаў Госпада, і Ён пачуў мяне, і адняў ад мяне ўсю тугу маю.

Гляньце на Яго і ўзрадуйцеся: хай абліччы вашы ня будуць пасаромленыя.

Вось убогі ўсклікнуў, і Госпад пачуў яго, і ад усіх напасьцяў выбавіў яго.

Анёл Гасподні стаіць, быццам мур абаронны, вакол тых, што баяцца Яго, і выбаўляе іх.

Пакаштуйце, і ўбачыце, як добры Госпад: шчасьлівы той, хто да Яго прыбягае.

Бойцеся Бога, усе сьвятыя Яго, бо тыя, што Яго баяцца, не зазнаюць бяды.

Багатыя зьбяднелі і церпяць голад; тыя, што шукаюць Госпада, ня будуць мець ні ў чым нястачы.

Хадзіце, дзеткі, паслухайце мяне: страху Гасподняга навучу вас.

Хто той чалавек, што любіць жыцьцё і што рады бачыць шчасьлівыя дні?

Устрымай язык твой ад злога і вусны твае ад словаў крывадушных.

Ухіліся ад злога і чыні дабро: шукай супакою і захоўвай яго.

Вочы Госпада зьвернутыя да праведных, вушы Яго чуюць кліч іх.

Твар Госпада супраць тых, што чыняць благое, каб вынішчыць іх памяць на зямлі.

Усклікнулі праведнікі, і Госпад пачуў іх, і ад усіх бедаў выбавіў іх.

Блізкі Госпад да скрушлівых сэрцам, прыгнечаных духам Ён выбаўляе.

Шмат бедаў у праведніка, і ад усіх іх ратуе яго Госпад.

Ён сьцеражэ ўсе ягоныя косьці: ніводная з іх ня скрышыцца.

Сьмерць грэшнікаў лютая; грашаць тыя, што ненавідзяць праведніка.

Госпад вызваляе душы слугаў сваіх: не зазнае кары той, хто на Яго спадзяецца.

Сьвятар: Блаславеньне Гасподняе хай будзе на вас, ласкаю Яго і чалавекалюбствам на ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. (Бласлаўляе людзей)

Людзі: Амін.

Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея наша, слава Табе.

Людзі: Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. Ойча, блаславі.

Сьвятар робіць водпуст: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі найчыстае свае Маці і ўсіх сьвятых апосталаў, між сьвятымі айца нашага Рыгора Вялікага, Папы Рымскага; сьвятога (-той) … (імя сьвятога патрона царквы); сьвятога (-той) … (імя сьвятога дня); сьвятых і праведных багаайцоў Якіма і Ганны і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.

Людзі: Амін.


Папярэдняя старонка | Старонка 2 з 2
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст