Галоўная > Літургікон > Боская Літургія між сьвятымі айца нашага Рыгора Вялікага, Папы - Літургія Раней Аьсвячаных Дароў
Боская Літургія між сьвятымі айца нашага Рыгора Вялікага, Папы - Літургія Раней Аьсвячаных Дароў9 чэрвеня 2010. |
|
Згодна з традыцыяй бізантыйскай Царквы, у Вялікі Пост
эўхарыстычная Літургія ня служыцца, апрача суботаў і нядзеляў, а таксама сьвята
Дабравешчаньня, у які б дзень тыдня яно ня выпала. Каб даць магчымасьць вернікам
прычасьціцца Цела і Крыві Хрыстовай, у некаторыя буднія дні Посту служыцца
Літургія раней асьвячаных дароў, якая па сутнасьці ёсьць Вячэрняй з прычасьцем.
Традыцыя прыпісвае ейнае аўтарства сьв. Рыгору Вялікаму, Папе Рымскаму. Звычайна
Літургія раней асьвячаных дароў служыцца вечарам у серады і пятніцы Вялікага
Посту і ў першыя тры дні Вялікага Тыдня. Падчас нядзельнае Літургіі ў Вялікім Посьце сьвятар асьвячае
адзін або больш Агнцаў у залежнасьці ад таго, колькі разоў на дадзеным тыдні мае
служыцца Літургія раней асьвячаных дароў. Асьвячаныя Агнцы захоўваюцца ў
даразахавальніцы. Літургію раней асьвячаных дароў сьвятар служыць у поўнай
літургічнай вопратцы. Пачынаецца Літургія воклікам: Блаславёнае Валадарства
Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў На што
чытальнік адказвае: Амін. Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу… Усё
далейшае аж да уваходу і гімну "Сьвятло лагоднае…" – як на Вячэрні. Падчас чытаньня Псалтыра (Псалмы 119-134) у алтары пры зачыненых райскіх
дзьвярах сьвятар пераносіць сьвятыя дары (Агнец) з даразахавальніцы на
прыгатавальнік. Пасьля Ўваходу і гімну “Сьвятло лагоднае” бываюць чытаньні са
Старога Запавету (звычайна з кнігі Роду і Прыповесьцяў, а у Вялікі Тыдзень – з
Кнігі Выхаду і Ёва). Паміж чытаньнямі сьвятар з кадзілам і запаленай сьвечкай
бласлаўляе людзей, кажучы: “Сьвятло Хрыстовае прасьвятляе ўсіх!” Пасьля
чытаньняў бывае ўрачыстае каджэньне, падчас якога сьвятар сьпявае першыя вершы
Псалму 140, а людзі пасьля кожнага вершу пяюць: “ Хай малітва мая ўзыдзе да
цябе, быццам кадзіла, і ахвярай вячэрняй будзе ўздыманьне рук маіх”. Пасьля
гэтага ўсе гавораць малітву сьв. Ахрэма Сырына, робячы зямныя паклоны: Госпадзе і Ўладару жыцьця майго, духа ленасьці, нуды, уладалюбства і марнаслоўя ня дай мне. (Усе робяць зямны паклон) Духа чысьціні, пакоры, цярплівасьці і любові дай мне, слузе Твайму. (Зямны паклон) Так, Госпадзе Ўладару! Дай мне бачыць мае правіны і не асуджаць брата майго, бо Ты блаславёны на вякі вякоў. Амін. (Зямны паклон) Далей ідзе Літанія ўзмоцненага маленьня "Скажам усе разам…" (як падчас Літургіі Яна Залатавуснага), а таксама Літаніі за пакліканых і тых што маюць неўзабаве атрымаць прасьвятленьне, г. зн. сьвяты хрост, а таксама дзьве кароткія Літаніі верных з адпаведнымі малітвамі, апошняя з якіх заканчваецца воклікам: Паводле дару Хрыста Твайго, з якім блаславёны Ты, і Твой ўсесьвяты, добры і жыватворчы Дух, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Перанясеньне сьвятых дароў (Вялікі ўваход) Людзі (сьпяваюць): Сёньня сілы нябесныя з намі нябачна служаць, бо вось ідзе Ўладар славы, вось ахвяра тайная, дасканалая ўрачыста прыносіцца. Адчыняюцца райскія дзьверы. Сьвятар кадзіць ахвярнік і сьвятыя дары; пасьля, памаліўшыся, разам з дыяканам ідзе да прыгатавальніка. Сьвятар бярэ сьвятыя дары і пераносіць іх на ахвярнік. Дыякан ідзе наперадзе і кадзіць. Людзі праз увесь час Уваходу ляжаць ніцма на зямлі. Пасьля ўстаюць і пяюць: Людзі: З вераю і любоўю прыступім, каб нам быць удзельнікамі жыцьця вечнага. Алілуя, алілуя, алілуя.
Літанія просьбаў і малітва Гасподняя Дыякан: Дапоўнім вячэрнюю малітву нашу Госпаду. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Дыякан: За прынесеныя і раней асьвячаныя пачэсныя дары Госпаду памолімся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Дыякан: Каб чалавекалюбны Бог наш, прыняўшы іх на свой сьвяты, нябесны і духоўны ахвярнік, як адмысловую духмянасьць духоўную, паслаў нам узамен сваю Боскую ласку і дар Сьвятога Духа, памолімся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Дыякан: Каб нам выбавіцца ад усякага гневу, суму і недастатку, Госпаду памолімся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Сьвятар у міжчасе моліцца ціха: Божа невыказных і нябачных тайнаў, Скарбніца мудрасьці і розуму: Ты навучыў нас выконваць гэтую службу і ў вялікім чалавекалюбстве Тваім паклікаў нас, грэшных, прыносіць Табе дары і ахвяры за нашы грахі і за людзкое няведаньне. Ты сам, нябачны Ўладару, Творца вялікіх і недасьледных, слаўных і значных справаў, якім няма ліку, глянь на нас, Тваіх недастойных слугаў, якія, быццам перад Тваім хэрувімскім пасадам, стаяць перад гэтым ахвярнікам, на якім Твой адзінародны Сын і Бог наш спачывае пад выглядам гэтых страшных Тайнаў; вызваліўшы нас і ўсіх людзей Тваіх ад усякае нячыстасьці, асьвяці нашы душы і целы неад’емным асьвячэньнем, каб мы з чыстым сумленьнем, непасаромленым тварам і прасьветленым сэрцам маглі прыняць гэтыя Боскія сьвятасьці і, ажыўленыя імі, зьяднацца з самым Хрыстом Тваім, праўдзівым Богам нашым, які сказаў: “Хто есьць Маё цела і п’е Маю кроў, той прабывае ўва Мне і Я ў ім”. Такім чынам, Госпадзе, маючы Слова Тваё, што жыве ў нас і прабывае сярод нас, станемся сьвятыняю ўсесьвятога і ўсяхвальнага Духа і, вызваленыя ад усякіх д’ябальскіх падступных дзеяньняў, слоў і думак, атрымаем абяцаныя даброты разам з усімі сьвятымі, што ад пачатку сьвету Табе дагадзілі.
Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Дыякан: Каб увесь гэты вечар быў дасканалы, сьвяты, мірны і бязгрэшны, у Госпада просім. Людзі: Дай нам, Госпадзе. (Так пасьля наступных прашэньняў) Дыякан: Анёла спакою, вернага настаўніка… і г. д. Усё аж да Ойча наш як на Літургіі сьв. Яна Залатавуснага. Сьвятар: Мір усім. Людзі: І твайму духу. Дыякан: Галовы нашы Госпаду схілім. Людзі: Табе, Госпадзе. Сьвятар (ціха): Божа, адзіны добры і добрасардэчны, што жывеш на вышынях і глядзіш на пакорных, глянь спагадлівым вокам на ўсіх людзей Тваіх і захавай іх у бясьпечнасьці; і зрабі нас дастойнымі без асуджэньня прыняць гэтыя Твае жыватворчыя Тайны, бо мы схілілі галовы перад Табою ў спадзяваньні велічы Тваёй міласэрнасьці. (Уголас) Ласкаю, міласэрнасьцю і чалавекалюбствам адзінароднага Сына Твайго, з якім блаславёны Ты і Твой усесьвяты, добры і жыватворчы Дух, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін. Сьвятар (ціха): Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, які сядзіш з Айцом на вышынях і тут з намі нябачна прабываеш, глянь з Твайго сьвятога жыльля і з пасаду славы валадарства Твайго, і прыйдзі асьвяціць нас; будзь ласкавы даць нам магутнай Тваёй рукою Тваё ўсячыстае Цела і пачэсную Кроў, а праз нас усім людзям. Дыякан: Будзьма ўважлівыя! Сьвятар, уклаўшы рукі пад пакравец і падняўшы Агнец, кажа ўголас: Раней асьвячаныя сьвятыя рэчы для сьвятых. Людзі: Адзін Сьвяты, Адзін Госпад, Ісус Хрыстос на славу Бога Айца. Амін. Пакаштуйце і ўбачыце, як добры Госпад. Алілуя алілуя, алілуя. Прычасьце Пакуль сьвятар і дыякан прычашчаюцца ў алтары, людзі гавораць малітву “Веру, Госпадзе, і вызнаю...”. Дыякан з чашаю ў руках выходзіць, кажучы: Са страхам Божым, вераю і любоўю падыходзьце. Людзі: Бласлаўляю Госпада на ўсякі час: хвала Ягоная на вуснах маіх. Сьвятар бярэ чашу з рук дыякана і прычашчае верных. Калі скончыць, адносіць чашу на ахвярнік. Пасьля, павярнуўшыся да людзей, кажа: Сьвятар: Збаў, Божа, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой. (Бласлаўляе людзей) Людзі: Хлеб нябесны і чашу жыцьця прыміце і ўбачыце, як добры Госпад. Алілуя, алілуя, алілуя. Сьвятар кадзіць сьвятыя дары, ціха кажучы тройчы: Узьнясіся на нябёсы, Божа, і хай па ўсёй зямлі разыдзецца слава Твая. Пасьля, зрабіўшы паклон, дае дыскас дыякану, які, павярнуўшыся перш да людзей, адносіць яго на прыгатавальнік; сам сьвятар, пакланіўшыся, бярэ чашу, кажучы ціха: Блаславёны Бог наш. Тады, павярнушыся да людзей, уголас: Сьвятар: На ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. І адносіць сьвятыя Дары на прыгатавальнік. Людзі: Амін. Хай нашы вусны будуць поўныя хвалы Тваёй, Госпадзе, каб нам пяяць славу Тваю, бо Ты зрабіў нас дастойнымі быць удзельнікамі сьвятых Тваіх, Боскіх, несьмяротных і жыватворчых Тайнаў; захавай нас у Тваёй сьвятасьці, каб нам увесь дзень навучацца Тваёй справядлівасьці. Алілуя, алілуя, алілуя.
Падзяка Дыякан: Устаньце, атрымаўшы Боскія, сьвятыя, усячыстыя, несьмяротныя, нябесныя і жыватворчыя страшныя Хрыстовыя тайны, дастойна падзякуем Госпаду. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Дыякан: Папрасіўшы, каб гэты ўвесь вечар быў дасканалы, сьвяты, мірны і бязгрэшны, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма. Людзі: Табе, Госпадзе. Сьвятар (ціха): Дзякуем Табе, Збавіцелю ўсіх і Божа, за ўсё добрае, што Ты нам даў, і за прыняцьце сьвятога Цела і Крыві Хрыста Твайго. Молімся Табе, Уладару Чалавекалюбча: захавай нас пад покрывам крылаў тваіх і дай нам да апошняе хвіліны жыцьця нашага дастойна прымаць сьвятасьці Твае дзеля прасьвятленьня душы і цела і дзеля спадчыны валадарства нябеснага. (Уголас) Бо Ты асьвячэньне наша, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін. Заканчэньне Сьвятар: Пойдзем з мірам. Людзі: У імя Гасподняе. Дыякан: Госпаду памолімся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Сьвятар (перад райскімі дзьвярамі, або іконай Хрыста): Усемагутны Ўладару, які мудрасьцю сваёю стварыў усё, што існуе, і невыказным провідам Тваім прывёў нас да гэтых пачэсных дзён для ачышчэньня душ і целаў, утаймаваньня пажадлівасьцяў і надзеі ўваскрасеньня; Ты, што пасьля сарака дзён даў слузе Твайму Майсею табліцы Закону, напісаныя Боскай рукою, у дабрыні Тваёй дай нам змагацца добрым змаганьнем, час посту добра закончыць, захаваць непарушнай веру, скрышыць галовы нябачных ворагаў, быць пераможцамі граху і без асуджэньня дажыць пакланіцца сьвятому ўваскрасеньню. Бо ўсепачэснае і велічнае імя Тваё, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, блаславёнае і праслаўленае цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін. Хай будзе імя Гасподняе блаславёнае цяпер і давеку. (Тройчы) Сьвятар і дыякан вяртаюцца ў алтар і, схіліўшы галовы, кажуць ціха наступную малітву: Госпадзе, Божа наш, які ўвёў нас у гэтыя пачэсныя дні і ўчыніў удзельнікамі страшных Тваіх тайнаў, прылучы нас да Тваёй духоўнай паствы і зрабі спадкаемцамі валадарства Твайго, цяпер і заўсёды, і на ўсе вякі. Амін.
Чытальнік: Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. (Пс 33) Увесь час бласлаўляць буду Госпада: хвала Ягоная заўжды на вуснах маіх. Госпадам будзе хваліцца душа мая: хай пачуюць пакорныя і ўзрадуюцца. Слаўце Госпада са мною: будзем разам узьвялічваць Яго. Я шукаў Госпада, і Ён пачуў мяне, і адняў ад мяне ўсю тугу маю. Гляньце на Яго і ўзрадуйцеся: хай абліччы вашы ня будуць пасаромленыя. Вось убогі ўсклікнуў, і Госпад пачуў яго, і ад усіх напасьцяў выбавіў яго. Анёл Гасподні стаіць, быццам мур абаронны, вакол тых, што баяцца Яго, і выбаўляе іх. Пакаштуйце, і ўбачыце, як добры Госпад: шчасьлівы той, хто да Яго прыбягае. Бойцеся Бога, усе сьвятыя Яго, бо тыя, што Яго баяцца, не зазнаюць бяды. Багатыя зьбяднелі і церпяць голад; тыя, што шукаюць Госпада, ня будуць мець ні ў чым нястачы. Хадзіце, дзеткі, паслухайце мяне: страху Гасподняга навучу вас. Хто той чалавек, што любіць жыцьцё і што рады бачыць шчасьлівыя дні? Устрымай язык твой ад злога і вусны твае ад словаў крывадушных. Ухіліся ад злога і чыні дабро: шукай супакою і захоўвай яго. Вочы Госпада зьвернутыя да праведных, вушы Яго чуюць кліч іх. Твар Госпада супраць тых, што чыняць благое, каб вынішчыць іх памяць на зямлі. Усклікнулі праведнікі, і Госпад пачуў іх, і ад усіх бедаў выбавіў іх. Блізкі Госпад да скрушлівых сэрцам, прыгнечаных духам Ён выбаўляе. Шмат бедаў у праведніка, і ад усіх іх ратуе яго Госпад. Ён сьцеражэ ўсе ягоныя косьці: ніводная з іх ня скрышыцца. Сьмерць грэшнікаў лютая; грашаць тыя, што ненавідзяць праведніка. Госпад вызваляе душы слугаў сваіх: не зазнае кары той, хто на Яго спадзяецца. Сьвятар: Блаславеньне Гасподняе хай будзе на вас, ласкаю Яго і чалавекалюбствам на ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. (Бласлаўляе людзей) Людзі: Амін. Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея наша, слава Табе. Людзі: Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. Ойча, блаславі. Сьвятар робіць водпуст: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі найчыстае свае Маці і ўсіх сьвятых апосталаў, між сьвятымі айца нашага Рыгора Вялікага, Папы Рымскага; сьвятога (-той) … (імя сьвятога патрона царквы); сьвятога (-той) … (імя сьвятога дня); сьвятых і праведных багаайцоў Якіма і Ганны і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец. Людзі: Амін. Вярнуцца назад |