Галоўная > нядзеля Тамаша > Нядзеля Тамаша (Антыпасха) - Вячэрня ў суботу

Нядзеля Тамаша (Антыпасха) - Вячэрня ў суботу


18 траўня 2010.

На "Госпадзе, Цябе клічу...":

(Тон 1). Дзьверы, дзе сабраліся вучні, былі зачыненыя, калі Ты, Усемагутны Ісусе, Божа наш, неспадзявана стаў сярод іх і сказаў: "Мір вам". І напоўніліся яны Духам Сьвятым. Ты загадаў ім заставацца ў Ерусаліме, пакуль не атрымаюць сілы з вышыні. Дзеля гэтага славім Цябе і пяем: "Прасьвятленьне, уваскрасеньне і супакой наш, слава Табе!"

На восьмы дзень пасьля ўваскрасеньня Твайго, Госпадзе, Ты зьявіўся сабраным вучням Тваім і сказаў: "Мір вам". Вучню, які раней не паверыў, Ты паказаў свае ўсячыстыя рукі і ўсячысты бок. Упэўніўшыся, той усклікнуў: "Госпад мой і Бог мой, слава Табе!"

Калі Ты, Хрысьце, увайшоў праз зачыненыя дзьверы, Тамаш, празваны Блізьнюком, ня быў з іншымі вучнямі і таму не паверыў, калі яму пра гэта сказалі. Каб перамяніць ягонае няверства на веру, Ты, Міласэрны, дазволіў яму дакрануцца да ўсячыстага боку Твайго і да ранаў на руках і нагах. Уклаўшы руку сваю ў раны Твае, ён упэўніўся, што Ты ня прывід і не звычайны чалавек і, вызнаўшы Цябе як Бога, усклікнуў: "Госпад мой і Бог мой, слава Табе!"

На восьмы дзень зьявіўся Збавіцель сабраным вучням, што ўсё яшчэ сумняваліся, і, прывітаўшы іх, сказаў Тамашу: "Хадзі, апостале, дакраніся да далоняў, прабітых цьвікамі!" О шчасьлівае няверства Тамаша, што змусіла яго ў страху ўсклікнуць і разагнаць сумненьні ў сэрцах верных: "Госпад мой і Бог мой, слава Табе!"

(Тон 2). Пасьля ўваскрасеньня Твайго, Госпадзе, калі сабраліся вучні і дзьверы былі зачыненыя, Ты стаў сярод іх, даючы ім супакой. Агледзеўшы Твае рукі і бок, Тамаш паверыў і вызнаў Цябе як Госпада і Бога, і Збаўцу тых, што спадзяюцца на Цябе, Чалавекалюбча.

Пры зачыненых дзьвярох стаў Ісус сярод вучняў і даў ім мужнасьць і супакой. Ён сказаў Тамашу: "Чаму ня верыш, што Я ўваскрос з мёртвых? Дай руку тваю і ўкладзі яе ў Мой бок, каб праз няверства тваё ўсе дазналіся пра Мае цярпеньні і ўваскрасеньне, і каб з табою ўсклікнулі: Госпад мой і Бог мой, слава Табе!"

Слава... цяпер...

(Тон 6). Хоць дзьверы былі зачыненыя, Ты, Хрысьце, прыйшоў да вучняў Тваіх. Тамаш тады ня быў разам з імі, і таму ён, прыйшоўшы, сказаў: "Не паверу, пакуль не пабачу Ўладара, і не дакрануся да Ягонага боку, з якога пацякла кроў і вада хросту; і ранаў, якія вылечылі чалавека ад вялікай раны граху, і не пераканаюся, што Ён - ня дух, але мае цела і косьці". Госпадзе, які перамог сьмерць і Тамаша да веры прывёў, слава Табе!

Ліцьця

(Тон 4). У нясьцерпным зьзяньні Боскасьці Ты, Госпадзе, увайшоў праз зачыненыя дзьверы і, стаўшы сярод вучняў, паказаў ім бок Твой і струпы ад ранаў на руках і нагах. Ты адмяніў іхні сум і жаль, і ўсклікнуў голасна: "Я ня прывід, вы бачыце Мяне ў целе". Вучню, які сумняваўся, Ты загадаў дакрануцца да Цябе, і сказаў: "Пераканаўшыся, ідзі і больш не сумнявайся". Ён дакрануўся рукою да Тваёй падвойнай прыроды з вераю і ў страху ўсклікнуў: "Ты – Госпад мой і Бог мой: Слава Табе!"

(Тон 8). "Дакраніся, Тамаш, да Майго боку – кажа Хрыстос, – і агледзь раны ад цьвікоў: вераю дасьледуй і будзь верным, а не няверным". Тамаш дакрануўся да Ўладара і голасна ўсклікнуў: "Ты, Добрасардэчны, – мой Бог і Госпад. Слава Табе!"

Слава... цяпер...

(Тон 8). Збавіцель прыйшоў пры зачыненых дзьвярох да сабраных вучняў і, стаўшы сярод іх, сказаў Тамашу: "Хадзі, пабач знакі ад цьвікоў, працягні руку і дакраніся да боку Майго, і ня будзь няверным, але вер і прапаведуй Маё ўваскрасеньне з мёртвых!"

Вершапесьні

(Тон 4). Слаўны цуд! Няверства нарадзіла непахісную веру. Тамаш сказаў: "Не паверу, пакуль не пабачу!" Ён дакрануўся да боку Ўцелаўлёнага і праславіў Яго як Сына Божага, бо пазнаў Таго, хто целам пацярпеў. Ён вызнаў Яго як уваскрослага Бога і ўсклікнуў узрушаным голасам: "Госпад мой і Бог мой, слава Табе!"

Верш. Хвалі, Ерусаліме, Госпада; слаў Бога твайго, Сыёне.

Слаўны цуд! Сена дакранулася да агню і засталося цэлым! Тамаш уклаў руку ў рэбры Ісуса Хрыста-Бога, быццам у вагонь, і не згарэў, але, усхваляваны, перамяніў няверства на веру непахісную і ўсклікнуў з глыбіні душы: "Ты мой Уладар і Бог, які ўваскрос з мёртвых, слава Табе!"

Верш. Бо Ён умацаваў замкі варотаў тваіх, і блаславіў у табе сыноў тваіх.

Слаўны цуд! Ян прыхіліўся да грудзей Збавіцеля, Тамаш удастоіўся дакрануцца да Ягонага боку; першы з іх атрымаў разуменьне глыбіняў багаслоўя; другі стаўся годным прапаведнікам тайны і даў нам доказ Ягонага ўваскрасеньня, калі ўсклікнуў: "Госпад мой і Бог мой, слава Табе!"

Слава... цяпер...

(Тон 5). Вялікае і бяспрыкладнае багацьце міласэрнасьці Тваёй, Чалавекалюбча! Ты паказаў Тваю доўгацярплівасьць, калі мучыцелі Твае білі Цябе па твары, вучань дакрануўся да Цябе, а недаверкі выпытвалі Цябе, як гэта Ты прыняў цела і як, сам бязгрэшны, быў укрыжаваны. Настаў нас на розум, як некалі Тамаша, каб нам усклікнуць: "Госпад мой і Бог мой, слава Табе!"

Адпушчальны трапар

(Тон 7). Хоць магіла была запячатаная, Ты, Хрысьце Божа, зазьзяў з магілы; і хоць дзьверы былі зачыненыя, Ты, Уваскрасеньне ўсіх, прыйшоў і стаў сярод вучняў Тваіх, абнаўляючы ў нас праз іх дух правы ў вялікай міласэрнасьці Тваёй. (Тройчы).


Вярнуцца назад