На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 1). Дзьверы, дзе сабраліся вучні, былі
зачыненыя, калі Ты, Усемагутны Ісусе, Божа наш, неспадзявана стаў сярод іх і
сказаў: "Мір вам". І напоўніліся яны Духам Сьвятым. Ты загадаў ім заставацца ў
Ерусаліме, пакуль не атрымаюць сілы з вышыні. Дзеля гэтага славім Цябе і пяем:
"Прасьвятленьне, уваскрасеньне і супакой наш, слава Табе!"
На восьмы дзень пасьля ўваскрасеньня Твайго, Госпадзе, Ты
зьявіўся сабраным вучням Тваім і сказаў: "Мір вам". Вучню, які раней не паверыў,
Ты паказаў свае ўсячыстыя рукі і ўсячысты бок. Упэўніўшыся, той усклікнуў:
"Госпад мой і Бог мой, слава Табе!"
Калі Ты, Хрысьце, увайшоў праз зачыненыя дзьверы, Тамаш,
празваны Блізьнюком, ня быў з іншымі вучнямі і таму не паверыў, калі яму пра
гэта сказалі. Каб перамяніць ягонае няверства на веру, Ты, Міласэрны, дазволіў
яму дакрануцца да ўсячыстага боку Твайго і да ранаў на руках і нагах. Уклаўшы
руку сваю ў раны Твае, ён упэўніўся, што Ты ня прывід і не звычайны чалавек і,
вызнаўшы Цябе як Бога, усклікнуў: "Госпад мой і Бог мой, слава Табе!"
На восьмы дзень зьявіўся Збавіцель сабраным вучням, што ўсё
яшчэ сумняваліся, і, прывітаўшы іх, сказаў Тамашу: "Хадзі, апостале, дакраніся
да далоняў, прабітых цьвікамі!" О шчасьлівае няверства Тамаша, што змусіла яго ў
страху ўсклікнуць і разагнаць сумненьні ў сэрцах верных: "Госпад мой і Бог мой,
слава Табе!"
(Тон 2). Пасьля ўваскрасеньня Твайго, Госпадзе,
калі сабраліся вучні і дзьверы былі зачыненыя, Ты стаў сярод іх, даючы ім
супакой. Агледзеўшы Твае рукі і бок, Тамаш паверыў і вызнаў Цябе як Госпада і
Бога, і Збаўцу тых, што спадзяюцца на Цябе, Чалавекалюбча.
Пры зачыненых дзьвярох стаў Ісус сярод вучняў і даў ім
мужнасьць і супакой. Ён сказаў Тамашу: "Чаму ня верыш, што Я ўваскрос з мёртвых?
Дай руку тваю і ўкладзі яе ў Мой бок, каб праз няверства тваё ўсе дазналіся пра
Мае цярпеньні і ўваскрасеньне, і каб з табою ўсклікнулі: Госпад мой і Бог мой,
слава Табе!"
Слава... цяпер...
(Тон 6). Хоць дзьверы былі зачыненыя, Ты, Хрысьце,
прыйшоў да вучняў Тваіх. Тамаш тады ня быў разам з імі, і таму ён, прыйшоўшы,
сказаў: "Не паверу, пакуль не пабачу Ўладара, і не дакрануся да Ягонага боку, з
якога пацякла кроў і вада хросту; і ранаў, якія вылечылі чалавека ад вялікай
раны граху, і не пераканаюся, што Ён - ня дух, але мае цела і косьці". Госпадзе,
які перамог сьмерць і Тамаша да веры прывёў, слава Табе!
Ліцьця
(Тон 4). У нясьцерпным зьзяньні Боскасьці Ты,
Госпадзе, увайшоў праз зачыненыя дзьверы і, стаўшы сярод вучняў, паказаў ім бок
Твой і струпы ад ранаў на руках і нагах. Ты адмяніў іхні сум і жаль, і ўсклікнуў
голасна: "Я ня прывід, вы бачыце Мяне ў целе". Вучню, які сумняваўся, Ты загадаў
дакрануцца да Цябе, і сказаў: "Пераканаўшыся, ідзі і больш не сумнявайся". Ён
дакрануўся рукою да Тваёй падвойнай прыроды з вераю і ў страху ўсклікнуў: "Ты –
Госпад мой і Бог мой: Слава Табе!"
(Тон 8). "Дакраніся, Тамаш, да Майго боку – кажа
Хрыстос, – і агледзь раны ад цьвікоў: вераю дасьледуй і будзь верным, а не
няверным". Тамаш дакрануўся да Ўладара і голасна ўсклікнуў: "Ты, Добрасардэчны,
– мой Бог і Госпад. Слава Табе!"
Слава... цяпер...
(Тон 8). Збавіцель прыйшоў пры зачыненых дзьвярох
да сабраных вучняў і, стаўшы сярод іх, сказаў Тамашу: "Хадзі, пабач знакі ад
цьвікоў, працягні руку і дакраніся да боку Майго, і ня будзь няверным, але вер і
прапаведуй Маё ўваскрасеньне з мёртвых!"
Вершапесьні
(Тон 4). Слаўны цуд! Няверства нарадзіла
непахісную веру. Тамаш сказаў: "Не паверу, пакуль не пабачу!" Ён дакрануўся да
боку Ўцелаўлёнага і праславіў Яго як Сына Божага, бо пазнаў Таго, хто целам
пацярпеў. Ён вызнаў Яго як уваскрослага Бога і ўсклікнуў узрушаным голасам:
"Госпад мой і Бог мой, слава Табе!"
Верш. Хвалі, Ерусаліме, Госпада; слаў Бога твайго,
Сыёне.
Слаўны цуд! Сена дакранулася да агню і засталося цэлым! Тамаш
уклаў руку ў рэбры Ісуса Хрыста-Бога, быццам у вагонь, і не згарэў, але,
усхваляваны, перамяніў няверства на веру непахісную і ўсклікнуў з глыбіні душы:
"Ты мой Уладар і Бог, які ўваскрос з мёртвых, слава Табе!"
Верш. Бо Ён умацаваў замкі варотаў тваіх, і
блаславіў у табе сыноў тваіх.
Слаўны цуд! Ян прыхіліўся да грудзей Збавіцеля, Тамаш
удастоіўся дакрануцца да Ягонага боку; першы з іх атрымаў разуменьне глыбіняў
багаслоўя; другі стаўся годным прапаведнікам тайны і даў нам доказ Ягонага
ўваскрасеньня, калі ўсклікнуў: "Госпад мой і Бог мой, слава Табе!"
Слава... цяпер...
(Тон 5). Вялікае і бяспрыкладнае багацьце
міласэрнасьці Тваёй, Чалавекалюбча! Ты паказаў Тваю доўгацярплівасьць, калі
мучыцелі Твае білі Цябе па твары, вучань дакрануўся да Цябе, а недаверкі
выпытвалі Цябе, як гэта Ты прыняў цела і як, сам бязгрэшны, быў укрыжаваны.
Настаў нас на розум, як некалі Тамаша, каб нам усклікнуць: "Госпад мой і Бог
мой, слава Табе!"
Адпушчальны трапар
(Тон 7). Хоць магіла была запячатаная, Ты, Хрысьце
Божа, зазьзяў з магілы; і хоць дзьверы былі зачыненыя, Ты, Уваскрасеньне ўсіх,
прыйшоў і стаў сярод вучняў Тваіх, абнаўляючы ў нас праз іх дух правы ў вялікай
міласэрнасьці Тваёй. (Тройчы). |