Галоўная > Вялікі тыдзень > Вялікая Субота

Вялікая Субота


20 лютага 2008.
ЮТРАНЬ


Пачатак звычайны. Пасьля "Госпад Бог..." – адчыняюцца райскія дзьверы, сьвятар у фэлоне выходзіць да плашчаніцы і кадзіць падчас сьпяваньня наступных трапароў:
Трапары
(Тон 2): Высакародны Язэп зьняў з дрэва ўсячыстае цела Тваё і, спавіўшы яго ў чыстае палатно з духмянасьцямі, у магіле новай паклаў.
Слава ....
Калі Ты зышоў да сьмерці, Жыцьцё несьмяротнае, Ты зьнішчыў пекла зьзяньнем Боскасьці Тваёй; калі ж Ты і памерлых з апраметнай уваскрасіў, усе сілы нябесныя ўсклікнулі: Жыцьцядаўча, Хрысьце Божа наш, слава Табе!
Цяпер ...
Анёл зьявіўся ля магілы жанчынам–міраносіцам і ўсклікнуў: "Алейкі мёртвым патрэбныя, Хрыстос жа тленнасьці не зазнаў".

ПЕРШАЕ СТАЯНЬНЕ

(Тон 6)
Блаславёны Ты, Госпадзе, навучы мяне Тваім запаветам.
1. Шчасьлівыя тыя, чый шлях беззаганны, што жывуць згодна з законам Гасподнім.
Калі Цябе, Жыцьцядаўча Хрысьце, паклалі ў магілу, анельскія хоры жахнуліся, убачыўшы Тваё паніжэньне.
2. Шчасьлівыя тыя, што выконваюць Ягоныя загады і ўсім сэрцам шукаюць Яго.
Як гэта Ты, Жыцьцё, ляжыш у магіле? Ты ж Той, хто разбурае валадарства сьмерці і выводзіць мёртвых з апраметнай.
3. Яны ня чыняць беззаконьня, і ходзяць па Ягоным шляху.
Узьвялічваем Цябе, Хрысьце Ўладару, і аддаем пашану Твайму пахаваньню і мукам, якімі Ты вызваліў нас ад тленнасьці.
4. Ты загадаў нам пільна захоўваць запаветы Твае.
Ісусе, Уладару ўсіх, Ты меру зямлі ўстанаўляеш і ўзьнімаеш мёртвых, а сёньня Ты сам зыходзіш у цесную магілу.
5. Хай шляхі мае захоўваюць устанаўленьні Твае.
Ісусе Хрысьце, Уладару ўсіх, чаму прыйшоў Ты да тых, што ў пекле? Ці ня хочаш вызваліць род людзкі?
6. Не пасаромеюся, калі зважаць буду на ўсе загады Твае.
Уладар усіх, які апаражніў магілы, сам кладзецца, як мёртвы, у магілу.
7. Буду славіць Цябе ў правасьці сэрца майго, калі пазнаю прысуды справядлівыя Твае.
Ты, Хрысьце–Жыцьцё, Крыніца жыцьця для ўсяго сьвету, быў пакладзены ў магілу
8. Буду захоўваць запаветы Твае: не пакідай мяне ніколі.
Залічаны да злачынцаў, быццам злачынца, Ты, Хрысьце, апраўдаў нас усіх і вызваліў ад віны, учыненай за намоваю старога спакушальніка.
9. Як захаваць юнаку чыстым шлях свой? – Спаўняючы слова Тваё.
Той, хто пераўзыходзіць красою ўсіх людзей, і хто ўпрыгожыў усё, што існуе, сёньня ляжыць мёртвы, пазбаўлены красы.
10. Усім сэрцам маім шукаю Цябе: ня дай мне адысьці ад Тваіх загадаў.
Як пекла вытрымала прыйсьце Тваё, Збавіцелю? Як яно не ўскаланулася і не асьлепла ад зьзяньня сьветласьці Тваёй?
11. У сэрцы маім я захаваў слова Тваё, каб мне не зграшыць перад Табою.
Ісусе салодкі, Сьвятло збаўленьня майго, як Ты схаваўся ў цёмнай магіле? 0 невыказная і бязьмежная веліч доўгацярпеньня Твайго!
12. Блаславёны Ты, Госпадзе: навучы мяне Тваім запаветам.
Духоўныя істоты і мноства анёлаў ня ў стане зразумець невыказную тайну пахаваньня Твайго, Хрысьце.
13. Вуснамі маімі я абвяшчаю ўсе прысуды вуснаў Тваіх.
Страшны і новы цуд! Язэп нясе на пахаваньне, мёртвага і без дыханьня, Таго, хто даў мне подых жыцьця.
14. Цешуся са шляху сьведчаньняў Тваіх, быццам з багацьця.
Ты, Хрысьце, зышоў у магілу, не адышоўшы ад улоньня Айца: вось вялікі цуд!
15. Буду разважаць над загадамі Тваімі, і зважаць на сьцежкі Твае.
Хоць Ты быў зачынены ў цеснай магіле, усё стварэньне пазнала Цябе, Хрысьце, як існага Ўладара неба і зямлі.
16. Буду цешыцца з запаветаў Тваіх, словаў Тваіх не забуду.
Калі Ты, Творца Хрысьце, быў пакладзены ў магілу, асновы пекла пахіснуліся і магілы адчыніліся.
17. Дай узнагароду слузе Твайму, каб мне жыць і захоўваць слова Тваё.
Ты, што ў руцэ Тваёй трымаеш усё, сёньня ляжыш мёртвы целам пад зямлёю і вызваляеш мёртвых ад улады пекла.
18. Адкрый вочы мае, каб мне бачыць цуды закону Твайго.
Калі Ты, Жыцьцё і Збаўца мой, памёр і зышоў да мёртвых, Ты зламаў пякельныя замкі і ўзьняў усіх ад тленнасьці.
19. Я – прыхадзень на зямлі, не хавай ад мяне загадаў Тваіх.
Быццам ліхтар пад посудам, так сёньня цела Бога, схаванае пад зямлёю, разганяе пякельную цемру.
20. Душа мая разьбітая і тужыць няспынна па загадах Тваіх.
Анельскія хоры зьбіраюцца разам з Язэпам і Нікодымам пахаваць Цябе, Незьмяшчальнага, у цеснай магіле.
21. Ты папракнуў гордых: праклятыя тыя, што ўхіляюцца ад загадаў Тваіх.
Ты, Хрысьце Божа, Крыніца жыцьця, дабравольна аддаў сябе на сьмерць і пахаваньне, каб ажывіць мяне, забітага грахом.
22. Адвядзі ад мяне зьдзек і пагарду, бо сьведчаньні Твае я захаваў.
Усё стварэньне перамянілася цярпеньнем Тваім, усе спагадаюць Табе, Слова, які трымаеш усё.
23. Магутныя сядзяць і ладзяць змову супраць мяне, а слуга Твой разважае над запаветамі Тваімі.
Ненасытнае пекла прыняла ў нутро сваё Камень Жыцьця і вывергла ўсіх мёртвых, якіх паглынула ад пачатку веку.
24. Твае сьведчаньні для мяне – асалода, і дарадчыкі мае – запаветы Твае.
Калі Цябе, Хрысьце, паклалі ў новую магілу, Ты абнавіў людзкую прыроду і ўваскрос з мёртвых у славе.
25. Душа мая схілілася да зямлі: ажыві мяне словам Тваім.
Ты, Хрысьце, зышоў да нетраў зямлі, каб збавіць Адама; а пасьля Ты зышоў аж да пекла, шукаючы яго.
26. Я абвясьціў Табе шляхі мае, і Ты выслухаў мяне: навучы мяне ўстанаўленьням Тваім.
Уся зямля, Слова, задрыжэла ў страху, і дзяньніца схавала промні свае, калі вялікае сьвятло Тваё схавалася пад зямлю.
27. Дай мне зразумець шлях запаветаў Тваіх, і буду разважаць пра цуды Твае.
Ты, Збавіцелю, паміраеш з уласнай волі як чалавек, і як Бог узьнімаеш сьмяротных з магілаў і бездані грахоўнае.
28. Душа мая саслабла ад цяжару, умацуй мяне словам Тваім.
Усячыстая Маці Твая, Ісусе, паліла Цябе сьлязьмі і з плачам усклікнула: "Як я пахаваю Цябе?".
29. Устрымай мяне ад шляху няправеднага і дай мне ласкава закон Твой.
Быццам зерне пшанічнае, Ты зышоў да нетраў зямлі і ўзрасьціў багаты колас, узьняўшы нашчадкаў Адама.
30. Я выбраў шлях праведнасьці і трымаўся прысудаў Тваіх.
Сёньня Ты, быццам сонца, схаваўся пад зямлю, і ноч сьмяротная пакрыла Цябе. Але зазьзяй нам ізноў сьвятлом сваім, Збавіцелю.
31. Я моцна трымаюся сьведчаньняў Тваіх, Госпадзе, дык ня дай мне зазнаць сораму.
Як месяц пакрывае сонца, так Цябе, Збавіцелю, пакрыла магіла, калі Ты целам памёр.
32. Я пайду сьцяжынаю запаветаў Тваіх, і Ты напоўніш сэрца маё.
Хрыстос–Жыцьцё, пакаштаваўшы сьмерці, ад сьмерці вызваліў сьмяротных і даў жыцьцё ўсім.
33. Навучы мяне, Госпадзе, шляхом законаў Тваіх, і буду верна трымацца іх заўсёды.
Ты, Хрысьце, стаўся новым Адамам у целе і сьмерцю сваёю ўзьняў да жыцьця Адама, які раней праз зайздрасьць памёр.
34. Навучы мяне трымацца законаў Тваіх, і ўсім сэрцам буду захоўваць іх.
Калі анельскія хоры ўбачылі, як Ты, Хрысьце, памёр дзеля нас, яны ў жаху закрыліся крыламі.
35. Вядзі мяне сьцежкаю запаветаў Тваіх, бо яны – суцяшэньне мне.
Язэп зьняў Цябе, мёртвага, з дрэва і паклаў у магілу. Але Ты, Хрысьце, устань як Бог і збаў нас.
36. Скіруй сэрца маё да загадаў Тваіх, а не да хцівасьці.
Ты, Збавіцелю, радасьць анёлаў, сёньня стаўся прычынаю іхняга суму, калі яны ўбачылі Цябе мёртвым і без дыханьня.
37. Адвярні вочы мае ад марнасьці: дай мне жыць згодна са шляхам Тваім.
Ты быў узьнесены на дрэве і жывых узьняў з сабою; зышоў пад зямлю і тых, што былі там, уваскрасіў.
38. Устанаві слова Тваё слузе Твайму, які баіцца Цябе.
Ты, Збавіцелю, быццам леў, целам заснуў і, быццам львяня, з мёртвых устаеш, адкінуўшы тленнасьць цялесную.
39. Адымі ад мяне зьнявагу, якой баюся, бо прысуды Твае справядлівыя.
Ты, што зрабіў Эву з рабра Адама, быў прабіты ў рабро і праліў адтуль струмені ачышчэньня.
40. Я прагну запаветаў Тваіх, дай мне жыць у Тваёй справядлівасьці.
Некалі ягнё забівалася таемна; Ты ж, добры Збавіцелю, быў забіты яўна і ачысьціў усё стварэньне.
41. Хай зыдзе на мяне міласьць Твая, Госпадзе, і збаўленьне Тваё, згодна са словам Тваім.
Хто можа апісаць тое страшнае, што здарылася? Уладар стварэньня сёньня церпіць і памірае за нас.
42. Адкажу тым, што мяне дакараюць, бо я ўсклаў надзею на слова Тваё.
Як магчыма бачыць мёртвым Скарб жыцьця? – анёлы ў страху ўсклікнулі. – Як гэта Бог зьмяшчаецца ў магіле?
43. Не забірай ад вуснаў маіх словаў праўды, бо я спадзяюся на прысуды Твае.
З боку Твайго, Збавіцелю, прабітага кап'ём, Ты даў жыцьцё для маці жыцьця Эвы, якая мяне пазбавіла жыцьця, і разам з ёю мяне ажывіў.
44. Буду захоўваць закон Твой заўсёды і на вякі вечныя.
Калі Ты распасьцёр рукі на дрэве, Ты зьяднаў усіх людзей; прабіты ў бок, Ты, Ісусе, даў усім жыцьцё і адпушчэньне грахоў.
45. Буду хадзіць шырокай дарогай, бо шукаю запаветаў Тваіх.
Высакародны Язэп пабожна пахаваў Цябе, Збавіцелю, як мёртвага і жахнуўся ад Твайго выгляду.
46. Буду гаварыць пра Твае сьведчаньні перад уладарамі, і не пасаромеюся.
Ты, Ісусе, зышоў дабравольна як мёртвы пад зямлю, і ўзьвёў ад зямлі да неба тых, што ўпалі.
47. Буду цешыцца з загадаў Тваіх, якія я палюбіў.
Хоць Ты, Ісусе, паказаўся мёртвым, Ты жывы як Бог і ўзводзіш ад зямлі да неба тых, што ўпалі.
48. Уздыму рукі мае да запаветаў Тваіх, якія я палюбіў.
Хоць Ты і паказаўся мёртвым, як Бог Ты – жывы. Ты ажывіў амярцьвелых людзей і майго забойцу ўмярцьвіў.
49. Буду разважаць над Тваімі законамі.
Якою радасьцю і слодыччу Ты напоўніў тых, што ў апраметнай, калі Ты зазьзяў ясным сьвятлом у змрочнай бездані.
50. Прыгадай слузе Твайму слова Тваё, бо Ты даў мне надзею на яго.
Пакланяюся цярпеньням, слаўлю пахаваньне, узьвялічваю дзяржаву Тваю, Чалавекалюбча, бо імі я вызваліўся ад згубных страсьцяў.
51. Вось пацеха ў горы маім, што Тваё слова мяне ажыўляе.
Навастрылі меч на Цябе, але меч ступіўся, і меч, што сьцярог рай, быў адхілены.
52. Гордыя зьневажаюць мяне, але я ад закону Твайго не адхіліўся.
Авечка, калі ўбачыла, як забіваюць ейнае Ягнё, болем працятая заплакала і паклікала ўвесь статак плакаць разам з Ёю.
53. Я прыгадаў, Госпадзе, Твае адвечныя прысуды і ўсьцешыўся.
Хоць Ты, Хрысьце, быў пахаваны ў магіле і зышоў да пекла, Ты апаражніў магілы і пекла спустошыў,
54. Жах агарнуў мяне за грэшнікаў, якія пакінулі запаветы Твае.
Калі Ты, Збавіцелю, зышоў дабравольна пад зямлю, Ты ажывіў памерлых і ўзьняў іх да славы Айца.
55. Твае запаветы сталіся як песьні для мяне ў зямлі майго выгнаньня.
Адзін з Тройцы пацярпеў за нас у целе ганебную сьмерць. Сонца тады жахнулася, зямля задрыжэла.
56. Я прыгадаў уночы імя Тваё, Госпадзе, і захаваў закон Твой.
Парасткі з горкай крыніцы, нашчадкі Юды паклалі ў магілу Ісуса, які іх карміў маннаю.
57. Гэта была мая ўзнагарода за тое, што я запаветы Твае захаваў.
Судзьдзя стаў перад судзьдзёю, быццам падсудны, і быў асуджаны няправедна на крыжовую сьмерць.
58. Я сказаў: доля мая – Ты, Госпадзе, бо захоўваю закон Твой.
Горды Ізраілю, людзі–забойцы, чаму вы вызвалілі Вараву, а Хрыста аддалі на ўкрыжаваньне?
59. Ад усяго сэрца малюся перад абліччам Тваім: зьмілуйся нада мною згодна са словам Тваім.
Ты, што стварыў рукою сваёю Адама з зямлі, дзеля яго прыняў людзкую прыроду і аддаў сябе на ўкрыжаваньне.
60. Я разважаў пра шляхі мае і скіроўваў мае крокі да Тваіх сьведчаньняў.
Паслухмяны волі Айца, Ты, Слова, зышоў аж да страшнай апраметнай і ўзьняў з сабою род людзкі.
61. Я быў гатовы і не ўсумніўся захаваць Твае запаветы.
"Гора мне, Сьвятло сьвету! Гора мне, Сьвятло маё, Ісусе мой любы!" – Дзева клікала з плачам.
62. Сеці грэшных аблыталі мяне, але я закону Твайго не забыў.
Людзі–забойцы, поўныя пыхі і зайздрасьці! Пасаромцеся пахавальных палотнаў і хусты ўваскрослага Хрыста!
63. Апоўначы ўстану, каб славіць Цябе за Твае праведныя прысуды.
Прыйдзі, паганы вучань, забойца Госпада, аб'яві твой хцівы нораў і скажы, як ты стаўся Хрыстапрадаўцам.
64. Я сябра ўсіх, хто баіцца Цябе і шануе запаветы Твае.
Асьлеплены нянавісьцю няверны Юда! Чаму ты кажаш, што любіш людзей, прадаўшы Міра, якому няма цаны?
65. Зямля поўная міласэрнасьці Тваёй, Госпадзе: навучы мяне запаветам Тваім.
Якую цану ты дастаў за нябеснае Міра? Што атрымаў узамен? Ты атрымаў шаленства сабе, пракляты шатан.
66. Ты ўчыніў дабро слузе Твайму, Госпадзе, згодна са словам Тваім.
Калі ты так любіш бедных і шкадуеш міра, вылітае для ачышчэньня душы, дык чаму ты за золата прадаў Жыцьцядаўца?
67. Навучы мяне добраму розуму і веданьню, бо пакладаюся на Твае загады.
"Слова Божае, Радасьць мая! Як мне вытрымаць Тваё трохдзённае пахаваньне? Маё матчынае сэрца рвецца ад болю".
68. Я блудзіў, пакуль не скарыўся, а цяпер захоўваю слова Тваё.
"Хто дасьць мне крыніцы сьлёзаў, – Боганявеста Дзева казала, – каб мне плакаць па салодкім Ісусе?".
69. Добры Ты, Госпадзе: у дабрыні Тваёй навучы мяне запаветам Тваім.
"Горы, узгоркі і ўсе людзі, плачце разам са мною, Маці Бога вашага!".
70. Намовы гордых памножыліся супраць мяне: я ж усім сэрцам захоўваю запаветы Твае.
"Калі ўбачу Цябе зноў, Збавіцелю, Сьвятло спрадвечнае, радасьць і асалода сэрца майго?" – Дзева з плачам гукала.
71. Сэрцы іх наліліся тлушчам: я ж знаходжу суцяшэньне ў законах Тваіх.
Бы кутні камень, Ты, Хрысьце, быў абсечаны і, як Крыніца жыцьця, праліў усім струмень жывой вады.
72. Добра, што Ты скарыў мяне, каб я мог спазнаць запаветы Твае.
З боку Твайго, быццам з крыніцы, плыве падвойны струмень. Гэта – напой, што дае нам несьмяротнае жыцьцё.
73. Закон словаў Тваіх лепшы за горы золата і срэбра.
З уласнае волі Ты, Слова, быў пакладзены ў магілу; але жывеш і ўздымаеш людзей, як прадказаў, уваскрасеньнем Тваім.
Слава ...
Хвалім Цябе, Слова і Бога ўсіх, разам з Айцом і Духам Тваім Сьвятым, і славім Боскае пахаваньне Тваё.
Цяпер ...
Славім Цябе, Багародзіца чыстая, і з вераю пакланяемся трохдзённаму пахаваньню Сына Твайго і Бога нашага.
Калі Цябе, Жыцьцядаўча Хрысьце, паклалі ў магілу, анельскія хоры жахнуліся, убачыўшы Тваё паніжэньне.

Сьвятар: Яшчэ і яшчэ ў супакоі Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Сьвятар: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Сьвятар: Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.
Людзі: Табе, Госпадзе.
Сьвятар: Хай будзе блаславёнае імя Тваё і праслаўленае валадарства Тваё, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.

ДРУГОЕ СТАЯНЬНЕ


Дастойна ёсьць узьвялічваць Цябе, Жыцьцядаўча, які на крыжы рукі распасьцёр і скрышыў моц ворага.
74. Рукі Твае стварылі мяне і далі мне выгляд: дай мне розум, каб я мог навучыцца запаветаў Тваіх.
Дастойна ёсьць узьвялічваць Цябе, Творца ўсіх: мукамі Тваімі мы вызваліліся ад цярпеньняў і тленнасьці.
75. Тыя, што баяцца Цябе, убачаць мяне і ўсьцешацца, бо я ўсклаў надзею на слова Тваё.
Зямля жахнулася і сонца схавалася, калі Ты, незаходнае Сонца, Хрысьце Збавіцелю, зышоў целам у магілу.
76. Ведаю, Госпадзе, што справядлівыя прысуды Твае, і што Ты слушна ўпакорыў мяне.
Ты, Хрысьце, заснуў жыцьцядайным сном у магіле і ад цяжкага сну грахоўнага ўзьняў род людзкі.
77. Хай міласэрнасьць Твая будзе суцяшэньнем мне, слузе Твайму, згодна са словам Тваім.
"Адзіная я сярод жанчынаў, што бяз болю нарадзіла Цябе, Дзіця маё. Цяпер бачу мукі Твае, і нясьцерпны боль працінае мяне".
78. Хай Твая міласэрнасьць будзе са мною, і буду жыць, бо Закон Твой – радасьць мая.
Сэрафімы жахнуліся, калі ўбачылі мёртвым тут на зямлі Цябе, Сыне, які ўгары жывеш, неразьдзельны з Айцом.
79. Хай пасаромеюцца гордыя, што няслушна паўсталі супраць мяне; я ж буду разважаць аб запаветах Тваіх.
Заслона царкоўная разарвалася ўкрыжаваньнем Тваім, Слова, і сонца схавала сьвятло сваё, калі Ты, Сонца, зышоў пад зямлю.
80. Хай да мяне прыйдуць тыя, што баяцца Цябе і ведаюць загады Твае.
Той, хто напачатку загадам сваім устанавіў рух зямлі, цяпер мёртвы зыходзіць пад зямлю. Дрыжы, неба, гледзячы на гэта!
81. Хай сэрца маё дасканаліцца ў законах Тваіх, каб мне ня быць пасаромленым.
Ты, які стварыў чалавека рукою Тваёю, зышоў сёньня пад зямлю, каб сваёй усемагутнай сілаю ўзьняць род людзкі.
82. У тузе па збаўленьні Тваім слабне душа мая: спадзяюся на слова Тваё.
Хадзіце, будзем плакаць па памерлым Хрысьце, як некалі плакалі жанчыны–міраносіцы, каб і нам, як ім, пачуць: "Радуйцеся!".
83. Вочы мае саслаблі ў пошуках дапамогі Тваёй: калі ж суцешыш мяне?
Ты, Збавіцелю, сапраўды невычэрпнае Міра: жанчыны ж прынесьлі міра Табе, Жывому, быццам мёртваму.
84. Я ссох, як скураны мех ад дыму, але на запаветы Твае не забыўся.
Пахаваны, Ты, Хрысьце, зьнішчаеш пякельнае валадарства, сьмерцю сьмерць перамагаеш і людзей вызваляеш ад тленнасьці.
85. Колькі дзён засталося ў слугі Твайго? Калі ж Ты ўчыніш суд над тымі, што перасьледуюць мяне?
Струмені жыцьця крынічыць Мудрасьць Божая з магілы і ажыўляе тых, што знаходзяцца ў непраходным пекле.
86. Выкапалі яму для мяне гордыя, што не жывуць згодна з запаветамі Тваімі.
"Каб аднавіць скалечаную людзкую прыроду, Я даў сябе параніць сьмерцю ў целе маім. Дык ня бі сябе ў грудзі і ня плач, Маці мая!".
87. Усе запаветы Твае праўдзівыя. Несправядліва перасьледуюць мяне, але Ты памажы мне.
Ты, сьветлая Заранка справядлівасьці, зышоў пад зямлю і ўзьняў мёртвых, быццам ад сну, разагнаўшы пякельную цемру.
88. Ледзь не зьмялі мяне са сьвету, але я не пакінуў запаветаў Тваіх.
Жыцьцядайнае зерне, падвойнае прыродаю, сёньня са сьлязьмі сеецца ў глыбіні зямлі. Праросшы, яно прынясе радасьць усяму сьвету.
89. У міласэрнасьці Тваёй захавай мне жыцьцё, і я буду захоўваць запаветы Твае.
Адам спалохаўся, калі Бог хадзіў па раі; а цяпер цешыцца, бо Бог сышоў да пекла: тады ён упаў, а цепер ізноў узьнімаецца.
90. Слова Тваё, Госпадзе, вечнае і непарушнае, як нябёсы.
Маці Твая, Хрысьце, прыносіць сьлёзныя ахвяры Табе, які быў пакладзены ў магілу, і кліча: "Устань, Дзіця, як прадказаў!".
91.[.color] Праўда Твая з пакаленьня ў пакаленьне; Ты заснаваў зямлю, і яна ўсьцяж стаіць.
Язэп паклаў Цябе, Збавіцелю, з пашанаю ў магілу, і з плачам пяе адыходныя песьні Табе.
[color=#CC0000]92.
Тваім загадам усё стаіць да сёньня, бо ўсе рэчы служаць Табе.
Калі Маці Твая ўбачыла, як Цябе, Слова, прыбіваюць цьвікамі да крыжа, душа Яе была параненая цьвікамі і стрэламі горкага жалю.
93. Калі б Закон Твой ня быў мне суцяшэньнем, я б загінуў у горы маім.
Маці Твая горкімі сьлязьмі абмыла твар свой, калі ўбачыла, як Цябе, Слодыч усіх, пояць горкім напоем.
94. Давеку не забудуся на запаветы Твае, бо імі Ты мяне ажыўляеш.
"Я моцна параненая, і сэрца маё разрываецца, калі бачу няправеднае забойства Тваё, Слова" – кажа з плачам Усячыстая.
95. Я Твой: збаў мяне, бо я шукаю запаветаў Тваіх.
"Як закрыю салодкія вочы і вусны Твае, Слова, і як з пашанаю пахаваю цела Тваё?" – Язэп са страхам усклікнуў.
96. Грэшнікі шукаюць, як мяне загубіць: я ж імкнуся да законаў Тваіх.
Надмагільныя песьні пяюць Хрысту Язэп з Нікодымам, а з імі пяюць сэрафімы.
97.. Я бачыў мяжу кожнай дасканаласьці: запаветы ж Твае ня ведаюць межаў.
Зыходзіш пад зямлю, Збавіцелю, Сонца справядлівасьці, і месяц – Маці Твая, пазбаўленая віду Твайго, – з жалю цямнее.
98. Як люблю я закон Твой, Госпадзе! Увесь дзень разважаю над ім.
Пекла жахнулася, Збавіцелю, калі ўбачыла, як Ты, Жыцьцядаўча, нішчыш ягонае валадарства і мёртвых спрадвеку ўзьнімаеш.
99. Твае запаветы заўжды са мною: яны робяць мяне мудрэйшым за ворагаў маіх.
Сонца сьвеціць пасьля ночы, а Ты, Слова, зазьзяў пасьля сьмерці, калі ўстаў з магілы, быццам жаніх з хораму.
100. Я разумнейшы за маіх настаўнікаў, бо разважаю над Тваімі законамі.
Зямля, што прыняла Цябе ва ўлоньне сваё, затрымцела, і трымценьнем сваім разбудзіла мёртвых.
101. Я разумею больш за старэйшых ад мяне, бо захоўваю Твае запаветы.
Нікодым з высакародным Язэпам памазалі Цябе, Хрысьце, мірам духмяным і ўсклікнулі: "Жахніся, неба!".
102. Я стрымліваю ногі мае ад кожнага шляху благога, каб захаваць словы Твае.
Ты, Сьветладаўча, зышоў пад зямлю, і з Табою памеркла сонца, усё стварэньне задрыжэла і вызнала Цябе як Творцу ўсіх.
103. Не ўхіляюся ад прысудаў Тваіх, бо Ты навучаеш мяне.
Камень цясаны пакрывае вуглавы Камень, і сьмяротны чалавек хавае сёньня ў магіле Бога. Жахніся, зямля!
104. Якія салодкія для паднябеньня майго словы Твае, для вуснаў маіх яны саладзейшыя за мёд.
Глянь на ўлюбёнага вучня Твайго і на Маці Тваю, Сыне любы мой, і скажы нам слова!" – Усячыстая з плачам усклікнула.
105. Я стаў разумны праз запаветы Твае, таму ненавісны мне кожны шлях няправедны.
Калі Ты, Слова, вісеў на крыжы, Ты не ўмярцьвіў тых, хто Цябе ўкрыжаваў, але як Жыцьцядавец уваскрасіў іхніх памерлых.
106. Закон Твой – сьветач на шляху маім, і сьвятло на маёй сьцежцы.
У Тваіх цярпеньнях Ты, Слова, ня меў ні выгляду ні красы. У Тваім уваскрасеньні Ты зазьзяў у славе і прасьвятліў Боскай красою ўсіх людзей.
107. Я пакляўся захоўваць Твае справядлівыя суды.
Ты, незаходнае Сьвятло, зышоў целам пад зямлю. Ня ў змозе цярпець гэта, сонца памеркла апоўдні.
108. Сумны я бязьмерна. Ажыві мяне, Госпадзе, словам Тваім.
Быццам верныя слугі, што апрануліся ў чорную вопратку жалобы, сонца і месяц разам згасьлі, Збавіцелю.
109. Прашу Цябе, Госпадзе, прымі ахвяру вуснаў маіх і навучы мяне прысудам Тваім.
"Хоць Ты быў мёртвы, сотнік пазнаў у Табе Бога. Дык як жа я, Божа мой, дакрануся рукамі да Цябе?" – Язэп усклікнуў.
110. Жыцьцё маё заўсёды ў небясьпецы, але я не забываюся на закон Твой.
Адам заснуў, і з боку ягонага выйшла сьмерць; цяпер Ты, Госпадзе, заснуў, і з Твайго боку пацякла крыніца жыцьця для ўсяго сьвету.
111. Грэшнікі паставілі пастку на мяне, але я не адхіліўся ад запаветаў Тваіх.
Ты заснуў на хвіліну і мёртвых ажывіў. Ты ўстаў, Добры, і ўзьняў з сабою тых, што заснулі адвеку.
112. Сьведчаньні Твае – спадчына мая давеку: яны – радасьць сэрца майго.
Ты, жыцьцядайная лаза, быў узьняты над зямлёю і даў пацячы віну збаўленьня. Слаўлю цярпеньні Твае і крыж.
113. Я схіліў сэрца маё да выкананьня Тваіх загадаў.
Як гэта нябесныя хоры славяць Цябе, Збавіцелю, – голага, акрываўленага, асуджанага, які церпіш нахабства тых, што ўкрыжавалі Цябе?
114. Я ненавіджу крывадушнікаў і люблю Закон Твой.
Непаслухмяныя і несумленныя людзі, вы ведалі, якая сьвятыня будзе адбудаваная, дык чаму вы асудзілі Хрыста?
115. Ты мой шчыт і абарона, на слова Тваё спадзяюся.
Вы апранулі ў вопратку ганьбы Таго, хто ўладкаваў усё, неба ўмацаваў і зямлю цудоўна ўпрыгожыў.
116. Адыдзіце ад мяне, беззаконныя, і я буду захоўваць загады Бога майго.
Паранены ў бок, Ты, Слова, быццам пэлікан, жыцьцядайнымі кроплямі крыві Тваёй ажывіў мёртвых дзяцей Тваіх.
117. Будзь мне Заступнікам паводле слова Твайго, каб мне жыць; ня дай, каб надзея мая была пасаромленая.
Некалі Ісус Навін затрымаў сонца, калі перамагаў ворагаў. Ты ж схаваўся ад усіх і перамог уладара цемры.
118. Падтрымай мяне, і я збаўлюся і буду зважаць заўжды на загады Твае.
Ты, добры Ісусе, не пакідаючы ўлоньня Айца, захацеў стацца чалавекам і зыйсьці да пекла.
119. Ты зводзіш у нішто тых, што адступаюць ад загадаў Тваіх, бо іхнія думкі хлусьлівыя.
Той, хто на водах зямлю павесіў, быў павешаны на крыжы, мёртвы пакладзены ў зямлю, і яна, ня ў змозе ўстрымацца, затрэслася ад страху.
120. Усе грэшнікі на зямлі для Цябе, быццам жужаль, таму я люблю сьведчаньні Твае.
"Гора мне, Сыне, – Маці з плачам казала. – Я спадзявалася бачыць Цябе Ўладаром, а вось бачу, як вісіш асуджаны на крыжы".
121. Дрыжыць цела маё ад страху перад Табою, бо я баюся прысудаў Тваіх.
"Габрыель, калі ён з неба прыйшоў да мяне, аб'явіў мне, што валадарства Ісуса, Сына майго, будзе трываць вечна".
122. Я ўчыніў суд і справядлівасьць: не аддай мяне тым, што крыўдзяць мяне.
"Гора мне, бо вось спаўняецца прароцтва Сямёна: меч параніў сэрца маё, Эмануэль".
123. Будзь парукаю слузе Твайму на дабро, хай гордыя не прыгнятаюць мяне.
Пасаромцеся, юдэі, Жыцьцядаўца, якога вы забілі і які вас узьняў.
124. Вочы мае саслаблі ў чаканьні збаўленьня Твайго і слова праўды Тваёй.
Калі сонца ўбачыла Цябе, Хрысьце, Нябачнае Сьвятло, мёртвым без дыханьня ў магіле, яно жахнулася і схавала промні свае.
125. Учыні са слугой Тваім паводле ласкі Тваёй, і навучы яго Тваім загадам.
Беззаганная Маці Твая, Слова, горка плакала, калі бачыла ў магіле Цябе, невыказнага і спрадвечнага Бога.
126. Я слуга Твой, настаў мяне на розум, каб мне пазнаць Твае сьведчаньні.
Калі чыстая Маці Твая, Хрысьце, убачыла Цябе мёртвым, Яна ўсклікнула: "Не затрымлівайся, Жыцьцё, сярод мёртвых!".
127. Ужо час Госпаду дзейнічаць, бо яны парушылі закон Твой.
Пекла лютае задрыжэла ў страху, калі ўбачыла Цябе, несьмяротнае Сонца славы, і імгненна адпусьціла вязьняў сваіх.
128. Дзеля гэтага я палюбіў загады Твае больш за золата, золата шчырае.
Страшнае відовішча перад нашымі вачыма, Збавіцелю: Прычына жыцьця сама аддаецца на сьмерць, каб ажывіць усіх.
129. Дзеля гэтага вызнаю ўсе загады Твае справядлівымі, і няправедныя шляхі ненавіджу.
Бок Твой, Збавіцелю, быў прабіты кап'ём, і рукі Твае параненыя цьвікамі, каб залячыць грахоўную рану тае, што выйшла з боку Адама. О непаўстрыманасьць прабацькоў!
130. Годныя подзіву загады Твае: таму душа мая захоўвае іх.
Перш па сынох Рахілі плакалі ва ўсіх дамох; цяпер па Сыне Дзевы плача грамада апосталаў і Ягоная Маці.
131. Тлумачэньне словаў Тваіх прасьвятляе і навучае недасьведчаных.
Рукамі білі па твары Хрыста, які рукою сваёю стварыў чалавека і пашчу зьвера скрышыў.
132. Адкрываю вусны мае і ўздыхаю, бо прагну запаветаў Тваіх.
У песьнях мы, верныя, славім Тваё, Хрысьце, укрыжаваньне і пахаваньне, якім мы былі вызваленыя ад сьмерці.
Слава ...
Беспачатны Ойча, Сыне спрадвечны і Духу Сьвяты, прававерных хрысьціянаў умацуй у дабрыні Тваёй.
Цяпер ...
Беззаганная чыстая Дзева, што нарадзіла Жыцьцё, суцішы разлады ў Царкве, і ў дабрыні Тваёй даруй ёй супакой.

Дастойна ёсьць узьвялічваць Цябе, Жыцьцядаўча, які на крыжы рукі распасьцёр і скрышыў моц ворага.

Малая літанія з воклікам:
Бо Ты сьвяты, Хрысьце Божа наш, які спачываеш на хэрувімскім пасадзе, і мы Табе славу аддаем, разам з адвечным Тваім Айцом, і з усесьвятым, добрым і жыцьцядайным Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

ТРЭЦЯЕ СТАЯНЬНЕ


Усе пакаленьні, Хрысьце, пяюць песьню хвалы Твайму пахаваньню.
133. Глянь на мяне і зьмілуйся нада мною, як звыкла робіш з тымі, хто любіць імя Тваё.
Язэп з Арыматэі зьняў Цябе з дрэва, спавіў у пахавальнае палатно і паклаў у магілу.
134. Накіруй мае крокі паводле словаў Тваіх: хай не валодае мною беззаконьне.
Мудрыя міраносіцы прынесьлі Табе, Хрысьце, духмяныя алейкі.
135. Выбаў мяне ад намоваў людзкіх, і я захаваю Твае запаветы.
Прыйдзі, усё стварэньне, будзем разам сьпяваць пахавальныя песьні Творцу.
136. Пакажы сьветласьць твару Твайго слузе Твайму і навучы мяне Тваім запаветам.
Разам з мудрымі міраносіцамі памажам алейкамі Жывога, быццам мёртвага.
137. Струмені сьлёз пацяклі з вачэй маіх, бо я не захоўваў запаветаў Тваіх.
Тройчы блаславёны Язэпе, пахавай цела Жыцьцядаўца.
138. Праведны Ты, Госпадзе, і справядлівы суд Твой. Узьнялі на Дабрачынца пяту тыя, каго Ён карміў маннаю.
139. Законы, што Ты паклаў, – справядлівыя і праўдзівыя.
Тыя, каго Ён карміў маннаю, прыносяць Збавіцелю жоўць і воцат.
140. Руплівасьць мяне паглынае, бо ворагі мае забыліся на словы Твае. Бязьмежнае шаленства прароказабойцаў, што забілі Хрыста!
141. Слова Тваё выпрабаванае, і таму слуга Твой любіць яго.
Быццам неразумны слуга, вучань прадаў Бездань Мудрасьці.
142. Малы я і ўпакораны: не забываюся на запаветы Твае.
Пакінуўшы Збавіцеля, крывадушны Юда застаўся ў палоне.
143. Справядлівасьць Твая – справядлівасьць вечная, і Закон Твой – праўда.
Як сказаў Саламон: "Вусны беззаконных – яма глыбокая".
144. Нягоды і гора напалі на мяне: Закон Твой – суцяшэньне маё. Пасткі і церне на крывых сьцежках беззаконьнікаў.
145. Вечная справядлівасьць загадаў Тваіх: дай мне разуменьне, і буду жыць.
Язэп з Нікодымам хаваюць з пашанаю мёртвага Творцу.
146. Ад усяго сэрца клічу: Выслухай мяне, Госпадзе, я буду захоўваць запаветы Твае.
Жыцьцядаўча Госпадзе, Ты разбурыў пекла: слава сіле Тваёй!
147. Клічу Цябе: Збаў мяне, і я захаваю запаветы Твае.
Усячыстая па–матчынаму заплакала, калі ўбачыла Цябе, Слова, у магіле.
148. На досьвітку ўстаю і прашу дапамогі; спадзяюся на слова Тваё.
"Салодкая Вясна мая, салодкае Дзіця маё! Дзе падзелася краса Твая?".
149. Вочы мае ня знаюць сну ў начныя варты, каб разважаць аб словах Тваіх.
Калі Ты, Слова, памёр, усячыстая Маці Твая горка заплакала.
150. Пачуй голас мой, Госпадзе, у міласэрнасьці Тваёй і ажыві мяне загадам Тваім.
Жанчыны прыйшлі з мірам памазаць Боскае Міра – Хрыста.
151. Ужо блізка беззаконьнікі, што перасьледуюць мяне; далёкія яны ад закону Твайго.
Калі Ты памёр, Божа мой, Ты ўмярцьвіў сьмерць Боскаю сілаю Тваёю.
152. Блізка Ты, Госпадзе, і ўсе шляхі Твае – праўда.
Ашуканец ашукаўся, і той, каго ён спакусіў, вызваляецца мудрасьцю Тваёю, Божа мой.
153. Здаўна пазнаў з загадаў Тваіх, што Ты іх устанавіў давеку. Здраднік быў скінуты на самае дно пекла, у зьнішчальную яму.
154. Глянь на гора маё і збаў мяне, бо я не забыўся на законы Твае. Церне і пасткі – вось шлях тройчы шалёнага і лютатага Юды.
155. Судзі справу маю і збаў мяне: ажыві мяне словам Тваім. Згінуць усе, што расьпіналі Цебе, Сыне Божы і Ўладару ўсіх.
156. Далёкае збаўленьне ад грэшнікаў, што ня дбаюць пра Твае запаветы.
У яме гібельнай знойдуць свой канец мужы крыві.
157. Шматлікія даброты Твае, Госпадзе: дай мне жыцьцё згодна з прысудам Тваім.
Сыне Божы і Ўладару ўсіх, Божа і Творча мой, як гэта Ты пацярпеў мукі?
158. Шмат тых, што шкодзяць мне і перасьледуюць мяне: я ж ад запаветаў Тваіх не ўхіліўся.
Як авечка ягнё, так Дзева клікала Цябе, калі ўбачыла Цябе на крыжы.
159. Бачу адступнікаў і брыджуся імі, бо яны словаў Тваіх не захоўваюць.
Язэп з Нікодымам хаваюць жыцьцядайнае цела.
160. Глянь, як я палюбіў запаветы Твае, Госпадзе, у міласэрнасьці Тваёй ажыві мяне.
З параненым сэрцам Дзева ліла гарачыя сьлёзы і плакала.
161. Пачатак словаў Тваіх – праўда, і вечныя ўсе прысуды Тваёй справядлівасьці.
"Сьвятло вачэй маіх, Дзіця маё любае, як гэта Ты сёньня кладзешся ў магілу?".
162. Князі перасьледуюць мяне без прычыны, але сэрца маё ў подзіве ад словаў Тваіх.
"Ня плач, мая Маці, бо Я цярплю, каб вызваліць Адама з Эваю".
163. Цешуся са словаў Тваіх як той, хто знайшоў вялікую здабычу.
"Слаўлю, Сыне мой, Тваю бязьмежную добрасардэчнасьць, дзеля якой Ты церпіш".
164. Несправядлівасьць ненавісная і агідная мне, а закон Твой люблю я.
У спагадзе Тваёй Ты пакаштаваў воцату і жоўці, каб адмяніць першы праклён забароненага плоду.
165. Сем разоў на дзень я хвалю Цябе за Твае справядлівыя прысуды.
Ты, што некалі людзей Тваіх пакрываў хмарным стаўпом, быў прыбіты да крыжа.
166. Супакой глыбокі тым, што любяць закон Твой – не спатыкнуцца яны.
Міраносіцы, Збавіцелю, прыйшлі да магілы і прынесьлі духмяныя алейкі.
167. Спадзяюся на збаўленьне Тваё, Госпадзе, і загады Твае выконваю. Устань, Добры, і з бездані апраметнай уздымі мяне.
168. Душа мая захоўвае запаветы Твае і моцна любіць іх.
"Устань, Жыцьцядаўча!" – Маці Твая, якая нарадзіла Цябе, кажа са сьлязьмі.
169. Я захоўваю Твае запаветы і сьведчаньні, і ўсе шляхі мае перад Табою.
Сьпяшайся ўваскрэснуць і суняць сум і боль Маці, якая беззаганна нарадзіла Цябе.
170. Няхай малітва мая дойдзе да Цябе, дай мне разуменьне згодна са словам Тваім.
Нябесныя сілы ў страху сумеліся, калі ўбачылі Цябе мёртвым.
171. Хай просьба мая дойдзе да Цябе, Госпадзе, выбаў мяне згодна са словам Тваім.
Дай адпушчэньне правінаў тым, што з любоўю і страхам шануюць цярпеньні Твае.
172. Хай вусны мае пяюць хвалу Тваю, бо Ты навучаеш мяне Тваім запаветам.
Што за страшныя і дзіўныя рэчы бачым, Слова Божае! Як гэта зямля пакрывае Цябе?
173. Хай язык мой пяе славу словам Тваім, бо ўсе загады Твае справядлівыя.
Некалі адзін Язэп уцякаў з Табою, Збавіцелю, а вось цяпер другі Язэп хавае Цябе.
174. Хай рука Твая будзе са мною і дапамагае мне, бо я выбраў запаветы Твае.
Галосіць Усячыстая Маці Твая, Збавіцелю мой, бо бачыць Цябе мёртвым.
175. Прагну збаўленьня Твайго, Госпадзе; закон Твой – суцяшэньне маё.
Нябесныя сілы жахнуліся ад дзіўнага і страшнага пахаваньня Твайго, Творца ўсіх.
176. Хай жыве душа мая і хай хваліць Цябе, і наказы Твае хай дапамогуць мне.
Міраносіцы прыйшлі на досьвітку, каб паліць магілу духмянымі алейкамі.
177. Блукаю, быццам заблудная авечка: знайдзі слугу Твайго, бо я не забыўся на запаветы Твае.
Дай супакой Царкве і збаўленьне людзям уваскрасеньнем Тваім.
Слава ...
Божа, адзін у Тройцы, Ойча, Сыне і Духу, зьмілуйся над сьветам.
Цяпер ...
Дай слугам Тваім, Багародзіца, бачыць Уваскрасеньне Сына Твайго.
Усе пакаленьні, Хрысьце, пяюць песьню хвалы Твайму пахаваньню.

Людзі адразу пачынаюць сьпяваць песьні Ўваскросныя, а сьвятар кадзіць царкву:
(Тон 3): Блаславёны Ты, Госпадзе, навучы мяне Тваім запаветам.
Хор анёлаў зьдзівіўся... і г. д. (Гл. ютрань нядзельную)

Малая літаніяз воклікам:
Бо Ты –Уладар сьвету, Хрысьце Божа наш, і мы Табе славу аддаем, разам з адвечным Тваім Айцом, і з усесьвятым, добрым і жыцьцядайным Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Сядальная песьня (Тон 1): Выпрасіўшы ў Пілата найчыстае цела Тваё, Язэп агарнуў яго ў чыстае палатно, памазаў духмянымі алейкамі і ў новай магіле пахаваў. А жанчыны міраносіцы, што прыйшлі рана, клікалі: "Пакажы нам, Хрысьце, як прадказаў, Уваскрасеньне Тваё!".
Слава ... Цяпер ...
Анельскія хоры жахнуліся, калі ўбачылі мёртвым у магіле Таго, хто жыве ва ўлоньні Айца; разам з мёртвымі ў падзем'і яны ўславілі Яго, як Несьмяротнага Творцу і Госпада.

Чытальнік (Пс 50): Зьмілуйся нада мною, Божа...

КАНОН (Тон 6)
Песьня 1

Ірмас: Таго, хто некалі прыгнятальніка і мучыцеля пакрыў хваляй марскою, у зямлю хаваюць дзеці тых, каго Ён збавіў; мы ж, як тады жанчыны, славім у песьнях Госпада, бо Ён уславіўся.
Прыпеў: Слава Табе, Божа наш, слава Табе.
Госпадзе Божа мой, разьвітальны гімн і надмагільную песьню пяю Табе, бо Ты пахаваньнем сваім адчыніў мне дзьверы жыцьця і сьмерцю сьмерць і пекла перамог.
Прыпеў: Слава Табе, Божа наш, слава Табе.
Усе стварэньні ў небе і на зямлі жахнуліся, калі ўбачылі Цябе ўгары на пасадзе і долу мёртвым у магіле. Недасяжная для розуму сьмерць Твая, Жыцьцядаўча.
Слава ... Цяпер ...
Каб напоўніць усё славаю Тваёю, Ты зышоў у апраметную зямлі; ад Цябе не схаваўся стан мой, што ад Адама: пахаваны, Ты абнаўляеш мяне, тленнага чалавека.
Ірмас: Таго, хто некалі прыгнятальніка і мучыцеля пакрыў хваляй марскою, у зямлю хаваюць дзеці тых, каго Ён збавіў; мы ж, як тады жанчыны, славім у песьнях Госпада, бо Ён уславіўся.

Заўвага: Такім жа чынам сьпяваюцца ўсе наступныя песьні канона.

Песьня 3

Ірмас: Убачыўшы павешаным на месцы пакараньня Цябе, які на водах павесіў зямлю, усё стварэньне задрыжэла ад вялікага страху і ўсклікнула: "Ніхто не сьвяты, апроч Цябе, Госпадзе".
Ты даў нам знакі і доказы пахаваньня Твайго ў мностве вобразаў; а сёньня Ты, Госпадзе і Ўладару, адкрыў тайну Тваю ў пекле тым, што клічуць: "Ніхто не сьвяты, апроч Цябе, Госпадзе".
Ты распасьцёр рукі на дрэве і сабраў падзеленых; спавіты ў пахавальнае палатно ў магіле, Ты зьнішчыў аковы, што трымалі вязьняў, і тыя ўсклікнулі: "Ніхто не сьвяты, апроч Цябе, Госпадзе".
Калі Ты, Незьмяшчальны, быў з уласнай волі пахаваны ў запячатанай магіле, Ты паказаў сілу Тваю тым, што з удзячнасьцю клічуць: "Ніхто не Сьвяты, апроч Цябе, Госпадзе".
Ірмас: Убачыўшы павешаным на месцы пакараньня Цябе, які на водах павесіў зямлю, усё стварэньне задрыжэла ад вялікага страху і ўсклікнула: "Ніхто не сьвяты, апроч Цябе, Госпадзе".

Малая літанія з воклікам:
Бо Ты Бог наш, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Сядальная песьня (Тон 1): Воі, якія сьцераглі магілу Тваю, Збавіцелю, амярцьвелі ад выгляду сьветлага анёла, які абвясьціў жанчынам уваскрасеньне. Славім Цябе, Зьнішчальніку тленнасьці, і прыпадаем да Цябе, адзінага Бога нашага, які ўваскрос з магілы.

Песьня 4

Ірмас: У прадбачаньні Твайго Боскага спусташэньня на крыжы, Авакум жахнуўся і ўсклікнуў: "Ты, блаславёны і ўсемагутны Госпадзе, зьнішчыў уладу моцных і зышоў да тых, што ў апраметнай".
Ты сёньня асьвяціў сёмы дзень, які некалі блаславіў, калі адпачыў ад працы. Ты, Збавіцелю мой, прыводзіш да быцьця і абнаўляеш усё і, захоўваючы суботу, адбудоўваеш.
Ты перамог сілаю Тваёю: калі душа Твая была аддзеленая ад цела. Ты, Слова, разарваў путы сьмерці і пекла.
Пекла напоўнілася горыччу, калі сустрэла Цябе, Слова: яно ўбачыла абагаўлёнага чалавека, параненага але ўсемагутнага; і, ня ў змозе вытрываць гэта, у страху адступіла.
Ірмас: У прадбачаньні Твайго Боскага спусташэньня на крыжы, Авакум жахнуўся і ўсклікнуў: "Ты, блаславёны і ўсемагутны Госпадзе, зьнішчыў уладу моцных і зышоў да тых, што ў апраметнай".

Песьня 5

Ірмас: Ісая сярод нядрэмнай ночы ўбачыў незаходнае сьвятло прыйсьця Твайго, Хрысьце, дзеля Тваёй любові да нас, і ўсклікнуў голасна: "Мёртвыя ўваскрэснуць, і ўстануць тыя, што ў магілах, і ўсё зямное стварэньне ўзрадуецца".
Ты, Творча, прыняў выгляд стварэньня, і абнаўляеш усіх; пахавальныя палотны і магіла сьведчаць, Слова, аб таямніцы Тваёй. Высакародны дарадца выконвае раду Таго, хто нарадзіў Цябе і ў Табе слаўна абнавіў мяне.
Боскай сілаю Тваёю Ты адмяняеш сьмерцю сьмерць і тленнасьць пахаваньнем. Ты робіш несьмяротнай прыроду, якую Ты ўспрыняў, бо цела Тваё ня бачыла тленнасьці, і душа Твая не засталася ў апраметнай.
Народжаны ад Дзевы і прабіты ў бок, Ты, Творча мой, явіў Яе нам як новую Эву. Сам жа Ты стаўся новым Адамам: заснуў звышпрыродна прыродным сном і як Усемагутны ўзьняў жыцьцё ад сну і тленнасьці.
Ірмас: Ісая сярод нядрэмнай ночы ўбачыў незаходнае сьвятло прыйсьця Твайго, Хрысьце, дзеля Тваёй любові да нас, і ўсклікнуў голасна: "Мёртвыя ўваскрэснуць, і ўстануць тыя, што ў магілах, і ўсё зямное стварэньне ўзрадуецца".

Песьня 6

Ірмас: Узяты, але не ўтрыманы ў нутры кіта, Ёна даў нам вобраз Твайго цярпеньня і пахаваньня. Ён, быццам з хораму, выйшаў з нутра зьвера і крыкнуў вартаўнікам: "Гэй, вы, што пакінулі міласэрнасьць, дарэмна і бескарысна трымаеце варту".
Цябе катавалі, але не разьядналі з целам, якое Ты, Слова, прыняў. Хоць сьвятыня Твая была разбураная цярпеньнямі, зьяднаньне Боскай і чалавечай прыродаў у адной асобе засталося непарушным; бо ў абедзьвюх Ты застаешся адзіным Сынам і Словам Божым, Богам і Чалавекам.
Чалавеказабойчае але не богазабойчае было злачынства Адама. Таму, калі прырода цела Твайго пацярпела, Боства Тваё засталося непадуладным цярпеньням. Ты перамяніў тленнае на нятленнае, і ўваскрасеньнем Тваім адчыніў крыніцу несьмяротнасьці.
Пекла пануе над сьмяротнымі людзьмі, але ня вечна; калі Ты, магутны Збавіцелю, быў пакладзены ў магілу, Ты ключы сьмерці зламаў і прапаведаваў сапраўднае вызваленьне тым, што адвеку спалі ў магілах, сам стаўшыся Першынцам з мёртвых.
Ірмас: Узяты, але не ўтрыманы ў нутры кіта, Ёна даў нам вобраз Твайго цярпеньня і пахаваньня. Ён, быццам з хораму, выйшаў з нутра зьвера і крыкнуў вартаўнікам: "Гэй, вы, што пакінулі міласэрнасьць, дарэмна і бескарысна трымаеце варту".

Малая літанія з воклікам:
Бо Ты – Уладар сьвету і Збавіцель душ нашых, і мы Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Кандак (Тон 6): Той, хто зачыніў бездань, ляжыць мёртвы, і як сьмяротны кладзецца ў магілу. Жанчыны, што прыйшлі памазаць Яго духмянымі алейкамі, горка плакалі і казалі: "Найблаславёная гэтая субота, бо ў яе Хрыстос заснуў, каб уваскрэснуць на трэці дзень".
Ікас: Той, хто трымае ўсё, узьнёсься на Крыж, і ўсё стварэньне плача, бо бачыць Яго голым на дрэве; сонца схавала промні свае, і зоркі памерклі; зямля ў вялікім страху скалынулася, і мора ўцякло, скалы патрэскаліся, многія магілы адчыніліся, і целы сьвятых выйшлі з іх. Пекла ўнізе стогне, гэбрэі раяцца, як схаваць Хрыстова ўваскрасеньне, а жанчыны клічуць: "Найблаславёная гэтая субота, бо ў яе Хрыстос заснуў, каб уваскрэснуць на трэці дзень".

Песьня 7

Ірмас: Цуд, большы за ўсе цуды! Той, хто выбавіў юнакоў з вогненнай печы, у магіле мёртвы ляжыць для нашага збаўленьня; і мы пяём: "Збавіцелю Божа, блаславёны Ты!".
Пекла было параненае, калі прыняла да сябе Параненага ў бок кап'ём. Яно стогне, бо чуе, што яго паглынае Боскі агонь для нашага збаўленьня; і мы пяём: "Збавіцелю, Божа наш, блаславёны Ты!".
Шчасьлівая магіла, што прыняла Творцу, які заснуў. Яна сталася крыніцаю Боскага жыцьця для нашага збаўленьня; і мы пяём: "Збавіцелю, Божа наш, блаславёны Ты!".
Згодна з законам жыцьця, Жыцьцё ўсіх кладзецца ў магілу, і яна стаецца крыніцаю ўваскрасеньня для збаўленьня нас, якія пяём: "Збавіцелю, Божа наш, блаславёны Ты!".
У пекле, у магіле і ў раі Боскасьць Хрыста заставалася неразьдзельна зьяднаная з Айцом і Духам для для нашага збаўленьня; і мы пяём; "Збавіцелю, Божа наш, блаславёны Ты!".
Ірмас: Цуд, большы за ўсе цуды! Той, хто выбавіў юнакоў з вогненнай печы, у магіле мёртвы ляжыць для нашага збаўленьня; і мы пяём: "Збавіцелю Божа, блаславёны Ты!".

На восьмай песьні сьвятар кадзіць царкву.
Песьня 8

Ірмас: Жахніся, неба, узварухніцеся, асновы зямлі, бо вось Той, які жыве на вышынях, сёньня залічаны да мёртвых і пасяляецца, быццам прыхадзень, у цеснай магіле. Юнакі, бласлаўляйце; сьвятары, слаўце ў песьнях; людзі, узьвялічвайце Яго на ўсе вякі.
Разбураная чыстая Сьвятыня ўздымае з сабою заняпалы дом; другі Адам, які жыве ў найвышэйшых нябёсах, зышоў да глыбіняў пекла. Юнакі, бласлаўляйце; сьвятары, слаўце ў песьнях; людзі, узьвялічвайце Яго на ўсе вякі!
У вучняў не хапіла сьмеласьці, а Язэп Арыматэйскі паказаў вялікую мужнасьць. Убачыўшы Бога ўсіх мёртвага і голага, ён папрасіў Ягонае цела і пахаваў Яго, усклікаючы: Юнакі, бласлаўляйце; сьвятары, слаўце ў песьнях; людзі, узьвялічвайце Яго на ўсе вякі!
Хвалім і бласлаўляем Госпада, пакланяемся Яму, сьпяваем і ўзьвялічваем Яго на ўсе вякі.
Новы цуд! Веліч дабрыні! Невыказная спагадлівасьць! Той, хто жыве на вышынях, пад зямлёй з уласнай волі запячатаны ляжыць, і Бога абзываюць ашуканцам. Юнакі, бласлаўляйце; сьвятары, слаўце ў песьнях; людзі, узьвялічвайце Яго на ўсе вякі!
Ірмас: Жахніся, неба, узварухніцеся, асновы зямлі, бо вось Той, які жыве на вышынях, сёньня залічаны да мёртвых і пасяляецца, быццам прыхадзень, у цеснай магіле. Юнакі, бласлаўляйце; сьвятары, слаўце ў песьнях; людзі, узьвялічвайце Яго на ўсе вякі.

Песьня 9

Ірмас: Ня плач па Мне, Маці, угледзеўшы ў магіле Мяне, Сына Твайго, якога Ты зачала бяз семя ва ўлоньні Тваім: Я ўстану і ўслаўлюся і як Бог праслаўлю вечнай славай тых, што з вераю і любоўю ўзьвялічваюць Цябе.
Пры дзівосным нараджэньні Тваім, Сыне спрадвечны, я была шчасьлівая і ня чула болю. Цяпер, калі бачу Цябе, Божа мой, мёртвым і без дыханьня, меч горкага жалю раніць сэрца маё. Але ўваскрэсьні, і я буду ўзьвялічаная.
З волі Маёй, Маці, зямля пакрывае Мяне, а стражнікі пякельныя дрыжаць пры выглядзе Мяне, апранутага ў акрываўленую вопратку адплаты. Я перамог на крыжы ворагаў Маіх, і як Бог уваскрэсну і ўзьвялічу Цябе.
Няхай усё стварэньне цешыцца, і хай радуюцца ўсе людзі на зямлі, бо вораг–пекла ўзяты ў палон. Хадзіце, жанчыны, сустракайце Мяне з духмянымі алейкамі: Я вызваляю Адама з Эваю і ўвесь іхні род, і ўваскрэсну на трэці дзень.
Ірмас: Ня плач па Мне, Маці, угледзеўшы ў магіле Мяне, Сына Твайго, якога Ты зачала бяз семя ва ўлоньні Тваім: Я ўстану і ўслаўлюся і як Бог праслаўлю вечнай славай тых, што з вераю і любоўю ўзьвялічваюць Цябе.

Малая літанія з воклікам:
Бо Цябе хваляць усе сілы нябесныя, і мы Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.

Екзапастыляр

Сьвятар: Сьвяты Госпад Бог наш.
Людзі: Сьвяты Госпад Бог наш.
Сьвятар: Сапраўды сьвяты Госпад Бог наш.
Людзі: Сьвяты Госпад Бог наш.
Сьвятар: Над усімі людзьмі Бог наш.
Людзі: Сьвяты Госпад Бог наш.

Псалмы пахвальныя
Людзі: Усё, што жыве, хай хваліць Госпада.
Хваліце Госпада з нябёсаў, хваліце Яго на вышынях. Табе належыцца хвала.Божа
Хваліце Яго, усе анёлы Яго, хваліце Яго, усе сілы Яго. Табе належыцца хвала, Божа.
Верш: Хваліце Яго за магутныя ўчынкі Яго, хваліце Яго ў бязьмежнай велічы Яго.
(Тон 2): Сёньня магіла трымае Таго, хто ў руцэ сваёй трымае ўсё стварэньне; камень пакрывае Таго, хто пакрыў неба славаю; сьпіць Жыцьцё, а пекла трывожыцца, і Адам вызваляецца ад путаў. Слава провіду Твайму, Добры, паводле якога Ты як Бог споўніў усё і даў нам непрамінальны супакой Тваім усесьвятым Уваскрасеньнем.
Верш: Хваліце Яго граньнем рогу, хваліце яго на ліры і гусьлях.
Што мы бачым? Што за супакой у гэты дзень? Уладар вякоў, які цярпеньнямі сваімі даканаў збаўленьня, у магіле спачывае і дае нам новы супакой. Дык усклікнем Яму: "Устань, Госпадзе, судзі зямлю, бо Ты пануеш вечна, і няма межаў міласэрнасьці Тваёй".
Верш: Хваліце яго звонам бубнаў і карагодамі, хваліце яго на струнах і жалейках.
Прыйдзіце, глянем на Жыцьцё нашае, што ў магіле ляжыць, каб даць жыцьцё тым, што ў магілах. Прыйдзіце сёньня, глянем на Нашчадка Юды, які заснуў, і разам з прарокамі ўсклікнем Яму: "Ты лёг і заснуў як леў: хто ўздыме Цябе, Уладару? Але ўстань, Госпадзе, што дабравольна аддаў сябе за нас, сілаю сваёю. Слава Табе!".
Верш: Хваліце яго на цымбалах мілагучных, хваліце Яго на цымбалах галасістых. Усё, што жыве, хай хваліць Госпада.
(Тон 6): Язэп папрасіў цела Ісуса, і паклаў Яго ў новай магіле: бо належала Яму выйсьці з магілы, быццам з хораму. Госпадзе, які зьнішчыў уладу сьмерці і дзьверы райскія людзям адчыніў, слава Табе!
Слава ...
(Тон 6): Майсей даў нам таемна вобраз гэтага дня, калі сказаў: "І блаславіў Бог дзень сёмы". Гэта ёсьць блаславёная субота, дзень адпачынку, у які адзінародны Сын Божы супачыў пасьля ўсіх працаў сваіх. Памёршы згодна са збавенным провідам, Ён захаваў суботу ў целе сваім. Калі Ён вярнуўся ва Ўваскрасеньні да свайго першаснага стану, Ён даў нам жыцьцё вечнае, як адзіны Добры і Чалавекалюбец.
Цяпер ...
(Тон 2): Найблаславёная Ты, Багародзіца Дзева, бо Той, хто прыняў цела ад Цябе, пекла паланіў, праклён адмяніў, Эву вызваліў і сьмерць умярцьвіў, а нас ажывіў. Дзеля гэтага пяём, усклікаючы: "Блаславёны Ты, Хрысьце Божа наш, які так захацеў: Слава Табе!".

Сьвятар: Слава Табе, які паказаў нам сьвятло.
Людзі: Слава на вышынях Богу і на зямлі супакой... (Гл. нядзельную ютрань)

У міжчасе сьвятар апранае ўсю сьвятарскую вопратку і выходзіць з Евангельлем. Пасьля "Сьвяты Божа..." людзі сьпяваюць наступныя трапары, падчас якіх сьвятар кадзіць плашчаніцу тройчы.

(Тон 2): Высакародны Язэп зьняў з дрэва ўсячыстае цела Тваё і, спавіўшы яго ў чыстае палатно з духмянасьцямі, у магіле новай паклаў.
(Тон 2): Ты, Хрысьце, які трымаеш усё, захацеў, каб Цябе трымалі ў магіле, каб вызваліць людзей ад няволі пякельнай і, уваскросшы як несьмяротны Бог, ажывіць нас усіх.

Пракімен (Пс 43): Устань, Госпадзе, дапамажы нам, і вызвалі нас дзеля імя Твайго.
Верш: Божа, мы чулі на свае вушы, і бацькі нашыя расказалі нам,

Чытаньне кнігі прарока Езекіеля (37:1–14)

На мне спачыла рука Гасподняя, і Ён вывеў мяне ў духу і паставіў сярод поля, якое было поўнае людзкіх касьцей. І абвёў мяне навокал, і было іх там на полі вельмі шмат, і ўсе былі зусім высахлыя. І сказаў мне: "Сыне чалавечы, ці гэтыя косьці ажывуць?". І я адказаў: "Госпадзе, Ты ведаеш". І сказаў мне тады: "Прарочы над імі і кажы: Косьці сухія, слухайце слова Гасподняе! Так кажа Госпад Бог касьцям гэтым: Вось дам вам духа жывога. І дам вам жылы, і вярну вам цела, пакрыю вас скураю і дам духа Майго вам, і вы ажывеце і будзеце ведаць, што Я – Госпад". І я прарочыў, як загадаў мне Госпад, і калі я прарочыў, вось пачуўся шум і трэск, і косьці пачалі злучацца адна з адной, кожная стаўшы на сваё месца. Я глянуў, і вось вярнуліся ім жылы і цела, і скура пакрыла іх, але не было ў іх духа. І сказаў мне (Госпад): "Прарочы аб духу, сыне чалавечы, прарочы і кажы: Так кажа Госпад Бог: Прыйдзі, дух, з чатырох вятроў і дыхні на гэтых мёртвых, каб яны ажылі". І я прарочыў, як мне загадана было. І прыйшоў да іх дух жыцьця, і яны ажылі і ўсталі на ногі свае – вялікае мноства іх. І сказаў мне Госпад Бог: "Сыне чалавечы, гэтыя косьці – гэта дом Ізраіля. Бо яны кажуць: высахлі косьці нашыя, загінула надзея наша, няма ўжо нас. Дзеля гэтага прарочы, сыне чалавечы і кажы: Так кажа Госпад Бог: Вось адчыню магілы вашыя і выведу вас, людзі Мае, з магілаў, і завяду да зямлі Ізраіля. І пазнаеце, што Я – Госпад, калі адчыню магілы вашыя і дастану вас з магілаў, людзі мае. Дам вам духа Майго, і ажывеце. І завяду вас да вашай зямлі, і будзеце ведаць, што Я, Госпад, выканаў тое, што абяцаў". Так кажа Госпад Бог.

Пракімен (Пс 9): Устань, Госпадзе, Божа мой, хай узьнясецца рука Твая, не забудзь убогіх Тваіх да канца.
Верш: Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, апавядаць пра ўсе цуды Твае.

Чытаньне лісту сьвятога апостала Паўла да Карынцянаў

(1 Кар 5:6–8): Браты, крыху закваскі квасіць усё цеста. Дык выкіньце старую закваску, каб стацца новым цестам, бо вы прэсныя: бо Хрыстос быў прынесены ў ахвяру за нас, як наша Пасха. Дзеля гэтага будзем спраўляць сьвята не на старой заквасцы, не на заквасцы злосьці і крывадушнасьці, але на прэсным хлебе чысьціні і праўды.
(Гал 3:13–14): Бо Хрыстос выкупіў нас ад праклёну законнага, стаўшыся за нас праклёнам, – як напісана: "Пракляты кожны, хто вісіць на дрэве", – каб блаславеньне Абрагамава сталася ў Ісусе Хрысьце ўдзелам паганаў, і каб вераю мы атрымалі абяцанага Духа".

Алілуя (Пс 67): Хай уваскрэсьне Бог, і разьбягуцца ворагі Яго.
Верш 1: Хай зьнікнуць так, як зьнікае дым і як тае воск ад агню.
Верш 2: Так хай згінуць грэшнікі ад аблічча Божага, а праведнікі хай узрадуюцца.

Чытаньне Сьвятога Евангельля паводле Мацьвея (27:62–66)

На наступны дзень, што пасьля пятніцы, сабраліся першасьвятары і фарысэі ў Пілата і сказалі: "Спадару, мы прыпомнілі, што гэты ашуканец яшчэ за жыцьця сказаў: На трэці дзень уваскрэсну. Дык загадай ахоўваць магілу да трэцяга дня, каб часам не прыйшлі Ягоныя вучні і ня ўкралі Яго і не сказалі народу: Ён уваскрос з мёртвых. І будзе гэтае апошняе ашуканства горшае за першае. Сказаў ім Пілат: "Маеце варту, дык ідзіце і ахоўвайце магілу, як умееце". Яны пайшлі і забясьпечылі магілу, прыклаўшы пячаткі да каменя і паставіўшы варту.

Сьвятар: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся... і г. д.

Усё апошняе як на нядзельнай ютрані.
Водпуст: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, які дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўленьня страшэнныя мукі, жыцьцядайны крыж і пахаваньне захацеў пацярпець, малітвамі ўсячыстае свае Маці, сьвятых слаўных і годных пахвалы апосталаў Пятра і Паўла і ўсіх сьвятых апосталаў, сьвятых і баганосных айцоў нашых і ўсіх сьвятых хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён Добры і Чалавекалюбец.
Людзі: Амін.

Пасьля водпусту, падчас пакланеньня сьвятой Плашчаніцы, можна сьпяваць наступны трапар:
(Тон 3): Прыйдзіце, верныя, ушануем Язэпа, годнага памяці, што ўночы прыйшоў да Пілата і папрасіў у яго Жыцьцё ўсіх, кажучы: "Дай мне таго Беспрытульнага, што ня меў дзе галавы прыхіліць; дай мне таго Беднага, якога вучань фальшывы выдаў на сьмерць; дай мне таго Ўбогага, Маці якога, убачыўшы Яго на крыжы павешанага, з плачам казала: «Гора мне, Дзіця маё! Гора мне, Сьвятло вачэй маіх і наймілейшы плод улоньня майго. Сёньня спраўдзілася тое, што прадказаў у сьвятыні Сямён, бо сэрца маё меч прабіў. Ты ж замяні на радасьць уваскрасеньня плач мой»". Пакланяемся цярпеньням Тваім, Хрысьце; пакланяемся цярпеньням Тваім, Хрысьце; пакланяемся цярпеньням Тваім, Хрысьце, і сьвятому Твайму ўваскрасеньню.

ВЯЧЭРНЯ І ЛІТУРГІЯ СЬВЯТОГА БАЗЫЛЯ


На "Госпадзе, Цябе клічу ...":
(Тон 1): Вячэрнія нашы малітвы прымі, сьвяты Госпадзе, і дай нам адпушчэньне грахоў, бо Ты Адзіны, які паказаў сьвету ўваскрасеньне.
Абыдзіце, людзі, Сыён і абдыміце яго, і аддайце славу Таму, хто ў ім з мёртвых уваскрос, бо Ён Бог наш, які выбавіў нас ад беззаконьняў нашых.
Прыйдзіце, людзі, усхвалім у песьнях Хрыста і паклонімся Яму, бо Ён Бог наш, які выбавіў нас ад варожай маны.
Весяліцеся, нябёсы, загрыміце, асновы зямлі, горы, радасна ўсклікніце, бо вось Эмануэль грахі нашыя да крыжа прыбіў, жыцьцё дараваў і сьмерць умярцьвіў, і як Чалавекалюбец Адама ўзьняў.
(Тон 8): Сёньня пекла стогне і галосіць: "Лепш мне было не прымаць Народжанага ад Марыі! Ён, прыйшоўшы, зруйнаваў маю ўладу, скрышыў мядзяныя вароты, і душы, якія я дагэтуль трымала, Ён як Бог уваскрасіў". Слава, Госпадзе, крыжу Твайму і ўваскрасеньню Твайму. (Двойчы)
Сёньня пекла стогне і галосіць; "Зьнішчаная мая ўлада! Прыняла нябожчыка, быццам аднаго з памерлых, але не магу ўтрымаць Яго і з Ім трачу ўсіх, што былі пад маёй уладаю. Мела я памерлых адвеку, але вось Той будзіць усіх". Слава, Госпадзе, крыжу Твайму і ўваскрасеньню Твайму.
Сёньня пекла стогне і галосіць: "Прапала валадарства маё! Укрыжавалі Пастыра, а Ён Адама ўваскрасіў. Я ж страціла тых, што былі пад маёй уладаю; каго я сілаю праглынула, цяпер вывергнула вон. Укрыжаваны апаражніў магілы, сьмерць страціла сілу сваю". Слава, Госпадзе, крыжу Твайму і ўваскрасеньню Твайму.
Слава ...
(Тон 6): Майсей даў нам таемна вобраз гэтага дня, калі сказаў: "І блаславіў Бог дзень сёмы". Гэта ёсьць блаславёная субота, дзень адпачынку, у які адзінародны Сын Божы супачыў пасьля ўсіх працаў сваіх. Памёршы згодна са збавенным провідам, Ён захаваў суботу ў целе сваім. Калі Ён вярнуўся ва Ўваскрасеньні да свайго першаснага стану, Ён даў нам жыцьцё вечнае, як адзіны Добры і Чалавекалюбец.
Цяпер ...
(Дагматык, тон 1): Сусьветную славу, што ад людзей нарадзілася і Ўладара нарадзіла, Дзьверы нябесныя, усхвалім Марыю Дзеву, анёлаў песьню і верных красу. Яна, стаўшыся небам і Боскім хорамам, зьнішчыла сьцяну варожасьці, устанавіла мір і адчыніла валадарства. Умацаваныя Ёю ў веры, мы знайшлі абаронцу ў Госпадзе, які нарадзіўся ад Яе. Дык сьмела, людзі Божыя, будзьце добрай думкі, бо Ён як усемагутны ворагаў перамог.

Выхад з Евангельлем. "Сьвятло лагоднае....".
Пракімена няма, але адразу чытаньні.

Чытаньне кнігі Быцьця (1:1–13)

Спачатку Бог стварыў неба і зямлю. Зямля была неўпарадкаваная і пустая, цемра была над безданьню, і дух Божы лётаў над водамі. І сказаў Бог: "Хай будзе сьвятло!". І сталася сьвятло. І Бог убачыў, што сьвятло добрае, і аддзяліў яго ад цемры. І назваў Бог сьвятло днём, а цемру назваў ноччу. І настаў вечар і раніца – дзень першы. А потым Бог сказаў: "Хай паўстане скляпеньне сярод водаў і хай разьдзеліць назаўжды адны воды ад другіх!". І учыніўшы скляпеньне, Бог аддзяліў воды пад скляпеньнем ад водаў над скляпеньнем. І назваў Бог скляпеньне небам. І быў вечар, а за ім раніца – дзень другі. Тады Бог сказаў: "Хай зьбяруцца воды пад скляпеньнем у адно месца і хай пакажацца суша!". І калі гэта сталася, Бог назваў сушу зямлёю, а зборышча водаў – морам. І убачыў Бог, што гэта добра. І сказаў Бог: "Хай зямля прарасьціць зялёныя расьліны: травы, што расьсяваюць насеньне; фруктовыя дрэвы, што прыносяць плады з сямёнамі ў іх, кожнае паводле свайго роду на зямлі!". І сталася так. Зямля вывела з сябе расьліны: траву, што расьсявае насеньне, і фруктовыя дрэвы, што родзяць плады з сямёнамі паводле свайго роду. І убачыў Бог, што гэта добра. І настаў вечар і раніца – дзень трэці.

Чытаньне кнігі прарока Ісаі (60:1–16)

Устань і прасьвятліся, новы Ерусаліме, бо прыйшло сьвятло тваё, і слава Гасподняя зазьзяла над табой. Бо вось цемра пакрывае зямлю, і густы змрок ахутвае народы, а над табою зьзяе Госпад, і хвала Яго зьявілася табе. Народы пойдуць да твайго сьвятла, уладары – да зьзяньня бляску твайго. Падымі вочы і глянь навокал; вось дзеці твае сабраліся, сыны твае прыходзяць здалёк, і дачок тваіх на руках нясуць. Тады ўбачыш і зазьзяеш радасьцю, і сэрца тваё задрыжыць і пашырыцца, бо скарбы заморскія паплывуць да цябе, і багацьці народаў да цябе прыйдуць. Безьліч вярблюдаў пакрые цябе – маладыя вярблюды з Мадыяну і з Эфы. Яны ўсе прыйдуць з Сабы, несучы золата і ладан, і абвяшчаючы хвалу Гасподнюю. Усе чароды Кідару зьбяруцца каля цябе, бараны з Небатаю будуць да тваіх паслугаў. Прыйдуць, каб іх прыняць на ахвярнік Мой, і Я праслаўлю дом хвалы Маёй. Хто яны, што лятуць, як хмары, або як галубы да свайго галубятніка? Так, гэта выспы, якія чакаюць на Мяне, караблі тарсійскія ў першым шэрагу, каб прывезьці здалёку сыноў тваіх, а з імі іх срэбра і золата, з увагі на імя Госпада, каб уславіць Сьвятога Ізраіля. Чужынцы муры твае адбудуюць, а іх уладары служыць табе будуць. Бо хоць Я і ўдарыў цябе ў гневе Маім, але ў ласцы Маёй я паказаў табе Маю спагаду. Вароты твае будуць заўсёды адчыненыя, ня будуць зачыняцца ўдзень і ўночы, каб прапускаць унутр багацьці народаў і ўладароў іх, якія іх прывязуць. Бо народы і дзяржавы іх, якія ня будуць служыць табе, згінуць, і народы зьнікнуць зусім. Хвала Лібану прыйдзе да цябе разам з кіпарысам, вязам і яварам, каб упрыгожыць месца Маё сьвятое. І услаўлю месца, дзе стаяць ногі Мае. І прыйдуць да цябе з паклонам сыны прыгнятальнікаў тваіх, і ўпадуць да ног тваіх усе тыя, што пагарджалі табою. І назавуць цябе "Горадам Госпада", "Сыёнам Сьвятога Ізраіля". За тое, што ты быў апусьцелы і ўзьненавіджаны, без прыхадняў, учыню цябе хвалою давеку, радасьцю ўсіх пакаленьняў. Будзеш смактаць малако народаў, багацьці каралеўскія ўсмокчаш, і зразумееш, што Я, Госпад, – твой Збаўца, і Моцны Якуба – твой Адкупіцель.

Чытаньне кнігі Выхаду (12:1–11)

Сказаў Госпад Майсею і Аарону ў зямлі ягіпскай: "Месяц гэты будзе для вас пачаткам месяцаў, будзе першым месяцам году. Скажыце ўсяму народу Ізраіля: Дзесятага дня гэтага месяца няхай пастараецца кожны набыць для сям'і сваёй, для дому свайго, ягнё. Калі ж сям'я якая замалая, каб спажыць ягнё, хай зробяць гэта разам з суседам, які жыве найбліжэй да ягонага дому, каб быў адпаведны лік асобаў. А лічыць будзеце для спажываньня ягняці паводле таго, колькі кожны можа спажыць. Ягнё павінна быць без заганы, мужчынскага полу, аднагодак; можаце ўзяць ягнё або казьля. Будзеце захоўваць яго аж да чатырнаццатага дня гэтага месяца, а тады хай уся грамада сыноў Ізраіля зарэжа яго пад вечар. І хай возьмуць ад крыві ягняці, і пакропяць ёю дзьверы і парог дому, у якім будуць спажываць. І уночы хай спажывуць мяса печанае на агні, з праснакамі і горкім зельлем. Ня будзеце спажываць ад яго нічога сырога, або варанага ў вадзе, а толькі сьпечанае на агні, разам з галавою, нагамі і вантробамі. І да раніцы не пакінеце нічога на наступны дзень. Калі што застанецца на наступны дзень, дык спаліце яго на агні. Калі ж будзеце яго спажываць, хай паясьніцы вашыя будуць падперазаныя, сандалі на вашых нагах і кій у вашай руцэ. Спажывайце, сьпяшаючыся, са страхам у сэрцы, бо гэта Пасха Гасподняя".

Чытаньне кнігі прарока Ёны

Было слова Гасподняе да Ёны, сына Амітая: "Устань, ідзі ў Ніневу, горад вялікі, і кажы супраць яго, бо злачынствы яго дайшлі да Мяне". Ёна ўстаў, каб уцячы ў Тарсіс, далёка ад Госпада; прыйшоўшы ў Ёппу, знайшоў карабель, што плыў у Тарсіс, заплаціў за пераправу і сеў на яго, каб плысьці разам з імі ў Тарсіс, далёка ад твару Гасподняга. Але Госпад наслаў на мора моцны вецер, і ўзьнялася на моры вялікая бура, што, здавалася, карабель вось–вось разаб'ецца. Матросы спалохаліся, і кожны з іх пачаў клікаць свайго бога; і пачалі кідаць у мора груз з карабля, каб зрабіць яго лягчэйшым. А Ёна зышоў у самую сярэдзіну карабля, лёг і заснуў глыбокім сном. Прыйшоў да яго рулявы карабля і кажа: "Што ты сьпіш? Уставай, кліч твайго Бога, можа Ён гляне на нас ласкава, і мы ня згінем". І казалі адзін аднаму: "Хадзем, кінем жэрабя, каб даведацца, праз каго гэтае няшчасьце на нас". І кінулі жэрабя, і жэрабя ўпала на Ёну. Тады сказалі яму: "Скажы нам, з якой прычыны гэтае няшчасьце на нас. Хто ты, чым займаешся? Адкуль ідзеш? Дзе твая бацькаўшчына і з якога ты народу?". Ён адказаў ім: "Я – гэбрэй, і пакланяюся Госпаду Богу, які стварыў неба і зямлю". Людзі спалохаліся вельмі і сказалі яму: "Што ты зрабіў?". Бо ведалі гэтыя людзі, што ён уцякае ад Госпада, як сам ім прызнаўся. І спыталіся ў яго: "Што нам рабіць з табою, каб мора перастала бушаваць?". Бо мора заставалася бурным. А ён адказаў ім: "Вазьміце мяне і ўкіньце ў мора, і мора суцішыцца, бо ведаю, што праз мяне сталася гэтая вялікая бура". Але людзі гэтыя стараліся, вяслуючы, даплыць да берагу, і не маглі, бо мора не пераставала лютаваць супраць іх. Тады ўсклікнулі яны да Госпада, кажучы: "Просім Цябе, Госпадзе, не дай нам загінуць за душу гэтага чалавека, і не абцяжарвай душы нашай крывёю нявіннага, бо Ты, Госпадзе, чыніш так, як Табе падабаецца". І тады ўзялі Ёну і ўкінулі яго ў мора; і мора перастала бушаваць. І спалохаліся гэтыя людзі вельмі і прынесьлі ахвяру Госпаду, даўшы абяцаньне.
Госпад загадаў вялікай рыбіне праглынуць Ёну. І быў Ёна ў нутры рыбы тры дні і тры ночы. І памаліўся Ёна Госпаду Богу свайму ў чэраве рыбы, кажучы:
"У бядзе маёй я клікаў Госпада, і Ён адгукнуўся мне;
З нутра апраметнай гукаў я, і Ты пачуў голас мой.
Ты ўкінуў мяне ў бездань, у сэрца мора, і воды атачылі мяне.
Усе воды вялікія і хвалі Твае прайшлі нада мною.
І я сказаў: Адкінуты я ад вачэй Тваіх!
А ўсё ж я зноў убачу сьвятыню Тваю.
Воды пакрылі мяне, бездань паглынула мяне, водныя травы спавілі галаву маю.
Я зышоў да асноваў гораў, засовы зямныя засталіся назаўжды за мною,
Але Ты, Госпадзе, вывядзеш душу маю з апраметнай.
Калі душа мая занемагла ўва мне, я згадаў Госпада, і малітва мая дайшла да Цябе, да месца сьвятога Твайго.
Памыляюцца тыя, што пакланяюцца марнасьцям, адхіляюцца ад ласкі Тваёй.
Я ж з голаснай падзякай прынясу ахвяру Табе, выканаю абяцанае, бо збаўленьне ў Госпада".
Госпад загадаў рыбіне, і яна выкінула Ёну на сушу. І вось другі раз прамовіў Госпад да Ёны: "Устань, ідзі ў Ніневу, у горад вялікі, і кажы ім тое, што Я загадаў табе". Ёна ўстаў і пайшоў у Ніневу згодна са словам Гасподнім; а Нінева была вялікім горадам, на тры дні хады. І пачаў Ёна хадзіць па горадзе, колькі можна прайсьці ў адзін дзень, і казаць голасна: "Яшчэ сорак дзён, і Нінева будзе рабураная!". І паверылі жыхары Ніневы Богу, абвясьцілі пост, апрануліся ў зрэб'е, ад найбольшага да найменшага. І дайшло слова гэтае да караля Ніневы. Ён устаў з пасаду свайго, зьняў з сябе каралеўскую вопратку, апрануўся ў зрэб'е і сеў на попеле. І ад імя караля і дастойнікаў яго быў абвешчаны наступны загад: "Няхай людзі і жывёла, валы ўсе і авечкі не ядуць нічога, ня ходзяць на пашу і ня п'юць вады. Хай апрануцца ў зрэб'е – людзі і жывёла, – і хай моцна клічуць Бога, і хай кожны адвернецца ад благога шляху і ад няправеднасьці, якую чыніць рукамі сваімі. Хто ведае, магчыма Бог адпусьціцца і зьлітуецца над намі, адступіць ад палкага гневу свайго, і мы ня згінем". І Бог убачыў учынкі іх, што яны адвярнуліся ад сваіх благіх шляхоў; і зьлітаваўся Бог над імі, і няшчасьця, якое абяцаў паслаць на іх, не паслаў.
Ёна моцна засумаваў ад гэтага і ўгневаўся. І памаліўся ён да Госпада, кажучы: "Ці ж не казаў я гэта, Госпадзе, калі яшчэ быў у маёй краіне? Таму ж я і ўцёк у Тарсіс, бо ведаў, што Ты – Бог добры і міласэрны, доўгацярплівы і шкадуеш грэшных людзей. А цяпер, Госпадзе, вазьмі душу маю, бо лепш мне памерці, чым жыць". І сказаў Госпад: "Ці слушна гневаешся?". Ёна выйшаў з гораду і затрымаўся непадалёку на ўсход ад яго, зрабіў сабе палатку і сеў у цені, каб бачыць, што робіцца ў горадзе. А Госпад узрасьціў высокі куст, каб, узьняўшыся над галавою Ёны, даў яму цень і суняў ягоны гнеў. Ёна ўсьцешыўся вельмі з куста. Але назаўтра раніцай Бог паслаў рабака, каб падтачыць куст, і ён высах. Калі сонца ўзышло, Бог паслаў гарачы ўсходні вецер, і сонца пачало паліць галаву Ёны, так што ён зусім зьнямог і прасіў сабе сьмерці, кажучы: "Лепш мне памерці, чым жыць". І сказаў Бог Ёне: "Няўжо ж ты так засумаваў дзеля куста?". Ёна адказаў: "Вельмі засумаваў, аж да сьмерці". Тады сказаў Госпад: "Ты шкадуеш расьліну, над якой ты не працаваў, якую не гадаваў, якая ў адну ноч вырасла і ў адну ноч прапала. Ці ж Мне не пашкадаваць Ніневы, вялікага гораду, у якім больш за сто дваццаць тысяч людзей, што ня ўмеюць адрозьніваць правай рукі ад левай, і мноства жывёлаў?".

Чытаньне кнігі Ісуса Навіна (5:10–15)

Сыны Ізраіля сталі станам у Гільгалі, і там чатырнаццатага дня месяца вечарам сьвяткавалі Пасху на полі ля Ерыхону. Наступнага дня Пасхі елі з пладоў той краіны – праснакі і пражанае зерне. І у той дзень, калі яны пачалі есьці з пладоў гэтае зямлі, манна перастала падаць. Сыны Ізраіля ня мелі больш манны, але жывіліся з пладоў зямлі ханаанскай.
У той час, калі Ісус быў ля Ерыхону, ён узьнёс вочы і ўбачыў мужа з голым мячом у руцэ. Ісус падышоў і спытаў яго: "Ты наш, ці з варожага стану?". Той адказаў яму: "Я начальнік войскаў Госпада, і вось толькі што прыйшоў сюды". Ісус паў ніцма на зямлю і сказаў яму: "Што загадаеш, уладару, слузе твайму? " Начальнік войскаў Гасподніх адказаў Ісусу: "Скінь абутак з ног тваіх, бо месца, на якім стаіш, сьвятое". Ісус зрабіў так.

Чытаньне кнігі Выхаду (13:20–15:19)

Сыны Ізраіля падняліся і рушылі з Сукоту, і сталі станам у Этам, на ўскраіне пустыні. А Госпад ішоў перад імі ўдзень у выглядзе хмарнага слупа, а ўночы ў выглядзе вогненнага слупа, каб сьвяціць ім, каб яны маглі падарожнічаць удзень і ўначы. Не зьнікаў ад людзей воблачны слуп удзень і слуп вогненны ўначы. І сказаў Госпад Майсею: "Скажы сыном Ізраіля, хай стануць станам перад Пігахіротам, паміж Мігдолам і морам, перад Ваал–Цэфонам; насупраць яго, на ўскраіне мора, станьце станам. Фараон скажа людзям сваім аб сынох Ізраілевых: "Заблудзіліся ў гэтай зямлі, пустыня іх акружыла". Я зраблю цьвёрдым сэрца фараона, каб гнаўся за імі; і праслаўлюся ў фараоне і ва ўсім ягоным войску, і зразумеюць егіпцяне, што Я – Госпад". Так і ўчынілі. І паведамілі караля ягіпскага, што народ уцёк. Тады сэрца фараона і слугаў ягоных зьмянілася, і яны сказалі: "Што мы нарабілі, чаму выпусьцілі Ізраіля з нашага падданства?". І загадаў (фараон) запрэгчы сваю калясьніцу, і ўзяў з сабою сваіх людзей. І узяў шэсьцьсот калясьніцаў выбраных і ўсе іншыя калясьніцы ягіпскія, а на кожнай з іх былі дасьведчаныя жаўнеры. Госпад зрабіў жорсткім сэрца фараона, цара ягіпскага, і ён пагнаўся за сынамі Ізраіля, якія выйшлі, (ведзеныя) магутнай рукою. Егіпцяне ж пагналіся за імі і дагналі іх, – усе коні і калясьніцы фараона, вершнікі і войска, – калі яны стаялі станам ля мора, каля Пігахіроту, насупраць Ваал–Цэфону. Калі наблізіўся фараон, сыны Ізраіля паднялі вочы і бачаць: вось егіпцяне гоняцца сьледам за імі. І спалохаліся вельмі сыны Ізраіля і пачалі клікаць Госпада; і сказалі Майсею: "Няўжо ж няма ў Ягіпце дамавінаў, што ты прывёў нас паміраць у пустыні? Што за паслугу ты нам зрабіў, вывеўшы з Ягіпту? Ці ж не казалі мы табе яшчэ ў Ягіпце: пакінь нас у супакоі! Мы будзем служыць егіпцянам, бо лепш нам жыць у няволі, як згінуць у пустыні". На гэта адказаў Майсей людзям: "Ня бойцеся! Стойце на месцы і ўбачыце, што сёньня ўчыніць Госпад, каб вас збавіць. Бо тых егіпцянаў, якіх сёньня бачыце, ня ўгледзіце больш давеку! Госпад будзе змагацца за вас, будзьце спакойныя!".
І сказаў Госпад Майсею: "Чаго клічаш Мяне? Загадай сыном Ізраілевым ісьці ў дарогу. А ты вазьмі кій твой, працягні руку тваю над морам і разьдзялі яго, і хай сыны Ізраіля пяройдуць сушаю сярод мора. Я ўчыню ўпартым сэрца фараона і слугаў ягоных, і ўсіх егіпцянаў, і яўлю на фараоне, на ягоным войску, на калясьніцах і конях ягоных славу Маю. І калі Я яўлю славу маю на фараоне, на калясьніцах і конях ягоных, тады егіпцяне зразумеюць, што Я – Госпад". І анёл Гасподні, які ішоў перад станам Ізраіля, павярнуўся і стаў ззаду іх, і хмарны слуп, што ішоў перад імі, спыніўся ззаду іх. Ён спыніўся паміж станам ягіпскім і ізраільскім; і хмара была цемраю для аднаго стану і сьвятлом для другога. І не набліжаўся адзін стан да другога праз усю ноч. Майсей працягнуў руку сваю над морам, і Госпад адганяў цэлую ноч мора моцным ветрам паўдзённым і ўчыніў мора сухім. Вада расступілася, і сыны Ізраіля ўвайшлі сярод мора па сушы: вада была ім сьцяною па правай руцэ, і сьцяною па левай руцэ. Егіпцяне пагналіся і ўвайшлі ўсьлед за імі – усе коні фараонавы і калясьніцы, і вершнікі, – сярод мора. У ранішнюю варту Госпад глянуў з хмарнага слупа на стан егіпцянаў і змусіў яго да ўцёкаў. Колы калясьніцаў іх загразьлі, так што з цяжкасьцю перасоўваліся наперад. І закрычалі егіпцяне: "Уцякайма ад Ізраіля, бо Госпад ваюе за іх супраць егіпцянаў!". Тады Госпад сказаў Майсею: "Працягні руку над морам, і няхай воды хлынуць назад на іхнія калясьніцы і вершнікаў". Майсей працягнуў руку над морам, і вада зноў вярнулася на месца сваё, а егіпцяне, уцякаючы, беглі пад вадою. Так вось кінуў Госпад егіпцянаў сярод мора. І вада, вярнуўшыся, патапіла калясьніцы і вершнікаў, і ўсё войска фараона, што ўвайшлі ў мора сьледам за імі; ні адзін з іх не застаўся. Сыны ж Ізраіля перайшлі па сушы сярод мора, і воды для іх стаялі быццам сьцены па правай і левай руцэ. Вось так выратаваў Госпад Ізраіля ад рукі егіпцянаў, і ўбачыў Ізраіль егіпцянаў мёртвымі на беразе мора. І убачылі сыны Ізраіля сілу, з якою пабіў Госпад егіпцянаў; і спалохаліся людзі Госпада, і паверылі Яму і слузе Ягонаму Майсею. Тады Майсей і сыны Ізраіля засьпявалі вось гэтую песьню Госпаду:

Чытальнік: Сьпявайма Госпаду!
Людзі: Бо Ён уславіўся. (Так пасьля наступных вершаў)
Чытальнік: Каня і вершніка скінуў у мора. Сьпявайма Госпаду!
- Памочнік і апякун мой стаўся маім збаўленьнем. Ён – Бог мой, і я ўслаўлю Яго; Бог айца майго – і буду ўзьвялічваць Яго. Сьпявайма Госпаду!
- Госпад магутны ў вайне, Госпад – імя Яго. Сьпявайма Госпаду!
- Калясьніцы фараона і сілу яго ўкінуў у мора. Сьпявайма Госпаду!
- Іхніх выбраных начальнікаў патапіў у Чырвоным моры. Сьпявайма Госпаду!
- Безданьню пакрыў Іх: быццам камень, паляцелі ў глыбіню. Сьпявайма Госпаду!
- Правая рука Твая, Госпадзе, уславілася сілаю. Сьпявайма Госпаду!
- Правая рука Твая, Госпадзе, скрышыла ворагаў, і веліччу славы Тваёй Ты сьцёр праціўнікаў. Сьпявайма Госпаду!
- Паказаў Ты гнеў твой і сьцёр іх, быццам салому. Ад подыху гневу Твайго воды расступіліся. Сьпявайма Госпаду!
- Воды сталі, быццам сьцены, хвалі сярод мора згусьцелі. Сьпявайма Госпаду!
- Сказаў вораг: Паганюся за імі, даганю, падзялю здабычу, насычу душу маю, выну меч мой, панаваць будзе рука мая. Сьпявайма Госпаду!
- Ты паслаў духа Твайго, і мора пакрыла іх; патанулі, быццам волава, у вадзе глыбокай. Сьпявайма Госпаду!
- Хто сярод багоў падобны да Цябе, Госпадзе; хто падобны да Цябе ў зьзяньні сьвятасьці Тваёй? Ты магутны ва ўчынках Тваіх, Ты творыш цуды. Сьпявайма Госпаду!
- Ты працягнуў правую руку Тваю, і зямля паглынула іх. Ласкаю Тваёю Ты правёў людзей Тваіх і выратаваў іх. Сьпявайма Госпаду!
- І прывёў іх сілаю Тваёю да жыльля сьвятога Твайго. Пачулі аб гэтым народы і задрыжэлі, жах агарнуў жыхараў Філістыніі. Сьпявайма Госпаду!
- Спалохаліся тады князі эдомскія і князі маабіцкія, жах напаў на іх: хананейцы ўсе паніклі духам. Сьпявайма Госпаду!
- Хай страх і трывога нападуць на іх, перад веліччу сілы Тваёй хай скамянеюць. Сьпявайма Госпаду!
- Дакуль пяройдзе народ Твой, Госпадзе, дакуль пяройдзе народ твой, які Ты прыдбаў. Сьпявайма Госпаду!
- Увёўшы, пасяліў Ты іх на гары валадарства Твайго, у жыльлі Тваім, якое Ты стварыў, у сьвятыні, якую прыгатавалі рукі Твае, Госпадзе. Сьпявайма Госпаду!
- Госпад пануе вечна і на век вякоў. Сьпявайма Госпаду!
- Калі ўвайшла коньніца фараона з калясьніцамі і вершнікамі ў мора, паслаў на іх Госпад ваду марскую. Сьпявайма Госпаду!
- Сыны ж Ізраіля прайшлі па сушы сярод мора. Сьпявайма Госпаду!
- Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу. Сьпявайма Госпаду!
- Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Сьпявайма Госпаду!
Людзі: Бо Ён уславіўся.

Чытаньне кнігі прарока Сафоніі (3:8–15)

Так кажа Госпад: "Чакайце Мяне ў дзень устаньня Майго на сьвядоцтва; бо Я пастанавіў склікаць усе народы, сабраць валадарствы, каб выліць на іх Маё абурэньне, увесь жар гневу майго, бо агонь жарсьці Маёй паглыне ўсю зямлю. Тады Я дам народам чыстыя вусны, каб клікалі імя Гасподняе і каб служылі Яму аднадушна. Па тым баку рэк этыёпскіх паклоньнікі Мае – нашчадкі Маіх выгнанцаў, – прынясуць Мне ахвяру. У той час ня будзеш саромецца тваіх благіх учынкаў. Тады Я адсуну ад цябе ўсіх пыхлівых і самаўпэўненых, і ня будзеш больш вывышацца на гары сьвятой Маёй. І пакіну сярод цябе народ убогі і пакорлівы, і ён будзе шукаць прытулку ў імю Гасподнім. Рэшта Ізраіля ня будзе чыніць злачынства і ня будзе гаварыць няпраўды, і ня знойдзецца ў вуснах іх языка здрадлівага. Яны будуць пасьвіцца і ляжаць на зямлі, і ня будзе нікога, хто б наводзіў на іх страх. Сьпявай, дачка Сыёну! Кліч радасна, Ізраіль! Радуйся і весяліся ад усяго сэрца, дачка Ерусаліму! Госпад адмяніў прысуд свой на цябе, прагнаў ворага твайго. Цар Ізраіля, Госпад, сярод цябе: не зазнаеш больш бяды.

Чытаньне трэцяй кнігі Царстваў (17:8–23)

Госпад сказаў Ільлі: "Устань і ідзі ў Сарэпту Сыдонскую і заставайся там, бо Я загадаў адной жанчыне ўдаве карміць цябе". І, устаўшы, пайшоў ён у Сарэпту Сыдонскую. Калі ён падыходзіў да брамы гораду, нейкая ўдава зьбірала там сабе дровы; дык ён паклікаў яе і сказаў: "Дай, прашу цябе, крыху вады ў кубку, каб мне напіцца". Яна пайшла, каб прынесьці, а ён клікнуў ёй усьлед: "Прынясі і кусок хлеба ў руцэ тваёй, каб мне зьесьці!". Жанчына адказала: "Як жыве Госпад Бог мой, няма ў мяне больш печыва, а толькі жменя мукі ў посудзе і крыху алівы ў гляку: і вось я назьбіраю дроваў і пайду падрыхтую мне і сыну майму страву, каб нам пад'есьці, а пасьля памерці". Ільля ж кажа ёй: "Ня бойся, але ідзі і не рабі так, як ты казала, але сьпячы перш маленькі праснак і прынясі мне: сабе ж і дзеткам тваім зробіш пазьней. Бо Госпад Бог Ізраіля кажа: Посуд з мукою ня будзе пусты, і гляк з аліваю не апарожніцца, пакуль Госпад не пашле дождж на зямлю". Жанчына пайшла і зрабіла, як сказаў ёй Ільля; і дала яму, і еў ён, і яна, і сын яе. І так было кожны дзень: посуд з мукою не апусьцеў і гляк з аліваю не апаражніўся, згодна з абяцаньнем, якое даў Госпад цераз Ільлю. Хутка пасьля здарылася, што захварэў сын гэтай жанчыны, гаспадыні дому, і хвароба яго была так цяжкая, што ён перастаў дыхаць. Тады сказала яна Ільлі: "Што ты, чалавеча Божы, хочаш ад мяне? Ці ты прыйшоў на тое, каб прыгадаць мне маю віну і ўмарыць сына майго?". І кажа Ільля жанчыне: "Дай мне сына твайго". Тады ўзяў ён яго ад яе, занёс у сьвятліцу, дзе сам жыў, і паклаў на свой ложак,. І усклікнуў Ільля да Госпада, кажучы: "Гора мне, Госпадзе Божа мой! Ці Ты нават на ўдаву, у якое я жыву, наводзіш няшчасьце і дапускаеш сьмерць сына яе?". І дыхнуў на дзіця тройчы і зноў усклікнуў да Госпада, кажучы: "Госпадзе Божа мой! Прашу Цябе, хай душа гэтага дзіцяці вернецца да яго!". І Госпад пачуў голас Ільлі, і душа дзіцяці вярнулася да яго, і яно ажыла. Тады Ільля ўзяў дзіця, вынес са сьвятліцы гэтага дому і аддаў маці. І кажа ёй Ільля: "Глядзі, сын твой жывы". А жанчына кажа Ільлі: "Цяпер ведаю, што ты сапраўды чалавек Божы, і вуснамі тваімі гаворыць Госпад".

Чытаньне кнігі прарока Ісаі (61:10–62:5)

Цешуся ў Госпадзе, бо Ён апрануў мяне ў вопратку справядлівасьці і плашчом радасьці ахінуў мяне; быццам на жаніха, усклаў на мяне вянец, і, быццам нявесту, упрыгожыў мяне дарагімі каменьнямі. Сапраўды, як зямля дае ўраджай, як гарод семя прыносіць, так узросьціць Госпад справядлівасьць і вясельле для ўсіх народаў. Дзеля Сыёну не змаўчу, і дзеля Ерусаліму не спачну, пакуль справядлівасьць Ягоная не зазьзяе як зара і збаўленьне Ягонае не загарыцца як сьветач. Тады ўсе народы ўбачаць тваю справядлівасьць, усе ўладары – хвалу тваю. І назавуць цябе новым імем, якое вымавяць вусны Гасподнія. Будзеш цудоўным вянцом у руках Госпада, каралеўскай каронай у далоні Бога твайго. Ня будуць зваць цябе больш "пакінутым", аб краіне тваёй ня скажуць, што яна "спустошаная", але назавуць цябе "маім упадабаньнем", а зямлю тваю "зашлюбленай"; бо Госпад упадабаў цябе, і зямля твая будзе заселеная. Бо як юнак бярэ сабе дзяўчыну за жонку, так будуць жыць сыны твае з табою; і як цешыцца жаніх нявестаю, так будзе цешыцца Госпад табою.

Чытаньне кнігі Быцьця (22:1–18)

Пасьля тых слоў Бог выпрабоўваў Абрагама. Ён сказаў яму: "Абрагаме!". А той адказаў: "Вось я". Бог сказаў: "Вазьмі сына твайго любага Ісаака, пайдзі ў краіну Морыю і прынясі яго там як цэлапальную ахвяру на адной з гораў, якую Я табе пакажу". Абрагам устаў рана–рана, асядлаў асла, узяў з сабою двух слугаў і сына свайго Ісаака і, нарыхтаваўшы дроваў для цэлапаленьня, пайшоў. На трэці дзень прыйшоў на месца, якое яму вызначыў Госпад Бог. Глянуўшы, Абрагам убачыў здалёку месца. І кажа Абрагам слугам сваім: "Пабудзьце тут з аслом, а я і сын пойдзем туды вось і, пакланіўшыся, вернемся. Узяў Абрагам дровы для цэлапаленьня і ўсклаў іх на Ісаака, сына свайго; узяў у рукі агонь і нож, і пайшлі яны абодва. Кажа Ісаак Абрагаму, бацьку свайму: "Ойча". Ён жа адказвае: "Што табе, дзіця?". Той жа кажа: "Вось агонь і дровы, а дзе ж ягнё для цэлапаленьня?". Абрагам адказаў: "Бог падбае сабе аб ягняці, сыне". І ішлі яны абодва разам. І прыйшлі на месца, якое паказаў яму Бог; і ўладзіў там (Абрагам) ахвярнік і расклаў дровы; і, зьвязаўшы Ісаака, сына свайго, паклаў на ахвярнік паверх дроваў. І працягнуў Абрагам руку сваю па нож, каб зарэзаць сына свайго. Але вось анёл Гасподні з неба ўсклікнуў: "Абрагаме, Абрагаме!". "Вось я", – адказаў ён. А той кажа: "Не працягні рукі тваёй на сына твайго і не зрабі яму нічога! Сёньня Я пазнаў, што ты баішся Бога, і не пашкадаваў сына твайго любага дзеля Мяне". Абрагам узьняў вочы і бачыць – вось баран адзін, заблытаны рагамі ў кустах. Абрагам пайшоў, узяў барана і прынёс яго як цэлапаленьне замест Ісаака, сына свайго. І назваў Абрагам месца гэтае "Госпад бачыць". Адсюль і сёньня кажуць: "Госпад на гары зьявіўся". І паклікаў анёл гасподні Абрагама другі раз, кажучы: "Клянуся Сабою, – кажа Госпад, – што як учыніў ты гэтае і не пашкадаваў сына твайго любага дзеля Мяне, сапраўды пабласлаўлю цябе бласлаўленьнем і дам табе нашчадкаў, як зорак у небе і як пяску на беразе мора; і нашчадкі твае атрымаюць у спадчыну гарады ворагаў; і ў семю тваім будуць блаславёныя ўсе народы зямлі за тое, што ты паслухаў голасу Майго".

Чытаньне кнігі прарока Ісаі (61:1–9)

Дух Гасподні на мне, бо Ён памазаў мяне, паслаў мяне абвяшчаць добрую вестку ўбогім, лячыць раны сэрцаў зьнявераных, прапаведаваць вызваленьне палонным і вязьням свабоду, вяртаць сьляпым зрок, абвяшчаць год ласкі Гасподняй і дзень адплаты Бога нашага, суцяшаць тых, што плачуць на Сыёне, даць ім вянок замест попелу, аліву радасьці замест вопраткі жалобнай; і назавуцца яны пакаленьнем справядлівасьці, насадамі Божымі на славу. І зноў адбудуюць руіны, падымуць з развалінаў старыя будынкі, адновяць разбураны горад, што пустэчаю сьвяціў ад пакаленьняў. І прыйдуць чужынцы, будуць пасьвіць вашыя чароды, яны будуць у вас аратымі і вінаградарамі. Вы ж будзеце называцца сьвятарамі Госпада, слугамі Бога вашага. Будзеце спажываць багацьці народаў, іхняе дабро будзе вашым. Паколькі ганьба іх была падвойная, і ўдзелам іх было паніжэньне і зьнявага, дзеля гэтага на зямлі сваёй яны атрымаюць падвойную спадчыну і будуць мець вечнае шчасьце. Бо Я, Госпад, люблю праведнасьць і ненавіджу грабежніцтва і несправядлівасьць. Дам ім узнагароду праведнікаў і пакіну ім вечны запавет. І будзе вядомым сярод народаў семя іх, і ўсе, хто іх убачыць, прызнаюць, што яны – блаславёнае племя Госпада. І узрадуюцца вялікай радасьцю ў Госпадзе.

Чытаньне чацьвертай кнігі Царстваў (4:8–37)

Аднойчы Елісей праходзіў цераз Сунам. Была там адна заможная жанчына, якая заўсёды запрашала яго зьесьці хлеба. І калі яму надарылася быць там, ён заўсёды затрымліваўся ў яе падсілкавацца. І вось кажа жанчына мужу свайму: "Я ўпэўненая, што гэта сьвяты чалавек Божы, які заўсёды прыходзіць да нас падсілкавацца. Падрыхтуем яму сьвятліцу на гары, паставім для яго ложак і стол, крэсла і лямпу: і калі прыйдзе да нас, хай там адпачывае". І вось аднаго дня Елісей прыйшоў, узышоў на гару ў сьвятліцу і лёг спаць. Пасьля кажа Гехазію, слузе свайму: "Ідзі пакліч сунамітку гэтую". Той паклікаў яе, яна стала перад ім. І кажа яму (Елісей): "Скажы ёй: ты задзівіла нас клопатамі тваімі; што хочаш, каб я зрабіў табе? Можа маеш якую просьбу да караля ці начальніка?". "Нічога мне ня трэба, – адказала яна, –жыву сярод людзей маіх". А той кажа Гехазію: "Што трэба зрабіць ёй?". Гехазі, слуга ягоны, адказаў: "Сапраўды, сына ня мае, і муж у яе ўжо стары". Кажа тады (Елісей): "Пакліч яе". Той паклікаў яе, і яна стала ў дзьвярох. І сказаў ёй: "Ад гэтай хвіліны за год будзеш мець сына". Яна ж адказала: "Не, мой спадару, чалавеча Божы, не ашукоўвай слугі тваёй". Але вось жанчына зачала і нарадзіла сына, якраз у час, які прадказаў Елісей. Калі хлопчык падрос, ён пайшоў аднаго дня да бацькі, да жняцоў. І пажаліўся бацьку: "Ой, галава мая, галава мая". Бацька сказаў слузе: "Адвядзі яго да маці". Той узяў хлапчо і адвёў яго да маці. І сядзеў ён на каленях у яе аж да поўдня, і памёр. Тады пайшла яна ў сьвятліцу і паклала яго на ложак Божага чалавека, зачыніла дзьверы і выйшла. Паклікала свайго мужа і сказала: "Прышлі мне кагось са слугаў з асьліцаю; хутка пайду да чалавека Божага і вярнуся". А ён ёй кажа: "Чаго табе ісьці да яго? Ці ж сёньня маладзік ці субота?". Яна ж адказала: "Будзь спакойны". Асядлаўшы асьліцу, сказала слузе: "Ідзі, вядзі! Не затрымлівайся ў дарозе, пакуль табе не скажу". Паехала яна і прыбыла да Божага чалавека на Кармэльскую гару. Калі чалавек Божы ўбачыў яе, сказаў слузе свайму Гехазію: "Дык гэта ж сунамітка! Бяжы ёй насустрач і спытайся: Ці ўсё добра з табою? Ці муж твой здаровы? Ці ўсё добра з хлопцам тваім?". Яна ж адказала: "Добра". І, прыйшоўшы на гару да чалавека Божага, абняла ногі ягоныя. Гехазі прыступіў, каб адцягнуць яе, але чалавек Божы сказаў: "Пакінь яе, бо душа яе поўная суму, і Госпад схаваў гэта ад мяне, не аб'явіў мне". Яна ж кажа: "Ці ж я прасіла сына ў спадара майго? Ці ж я не казала: Не ашукоўвай мяне?". Тады Елісей загадаў Гехазію: "Падперажы тваю паясьніцу, вазьмі мой кій у рукі і ідзі. Калі сустрэнеш каго, не вітай яго. А калі хто прывітае цябе, не адказвай яму. (Як прыйдзеш) пакладзі кій мой на твар дзіцятку". Але маці хлопца сказала: "Як Госпад жыве, і як жыве душа твая, не пакіну цябе". Елісей устаў і пайшоў сьледам за ёю. Гехазі выперадзіў іх і паклаў кій на хлапца, але не было ні голасу ні руху. І вярнуўся ён насустрач Елісею, кажучы: "Хлапчанё не прачнулася".
Увайшоў Елісей у хату, і вось дзіцятка мёртвае ляжыць на ягонай пасьцелі. Ён увайшоў, зачыніў дзьверы, так што ўнутры было іх двох, і памаліўся Госпаду. Потым падышоў да ложка і расьцягнуўся над хлопчыкам, паклаў твар свой на твар ягоны, вочы свае на вочы ягоныя і далоні свае на ягоныя далоні, і прытуліўся да яго, так што цела хлопчыка сагрэлася. Потым уставаў, хадзіў туды і сюды, клаўся зноў на ложак і прытуляўся да яго. Нарэшце хлопец зяхнуў сем разоў і расплюшчыў вочы. Паклікаў тады ён Гехазія і кажа: "Пакліч сюды сунамітку". Той паклікаў яе. Калі яна ўвайшла, кажа ёй Елісей: "Вазьмі сына твайго". І яна, прыступілася, упала да ног ягоных і пакланілася яму, потым узяла сына свайго і выйшла.

Чытаньне кнігі прарока Ісаі (63:11–64:4)

Так кажа Госпад: "Дзе той, хто вывеў з вады пастыра авец сваіх? Дзе той, хто духа свайго сьвятога ўклаў у яго? Той, чыё магутнае плячо ішло па правай руцэ Майсея, хто разьдзяліў перад імі мора, уславіўшы імя сваё навекі; хто вёў іх цераз глыбіню марскую, быццам каня па стэпе, каб не спатыкнуліся? Быццам чараду, што зыходзіць у нізіну, так Дух Гасподні даў ім супачынак". Вось так Ты вадзіў народ Твой, каб учыніць сабе слаўнае імя. Глянь з неба, зірні са свайго сьвятога і пышнага пасаду! Дзе любоў Твая раўнівая, дзе спагада Твая? Бо Ты – Айцец наш. Сапраўды, Абрагам нас не пазнае і Ізраіль не прызнае нас, але Ты, Госпадзе, – Айцец наш. "Адкупіцель наш" – вось імя Тваё спрадвечнае. Чаму ж, Госпадзе, дазваляеш блудзіць нам далёка ад шляхоў Тваіх, так што сэрца стаецца нячулым да страху Твайго? Павярніся з увагі на слугаў Тваіх і на пакаленьні спадчыны Тваёй. Чаму нязбожныя ўварваліся ў сьвятое месца Тваё, і ворагі патапталі сьвятыню Тваю? Ужо здаўна мы сталіся як тыя, над якімі не пануеш і якія не клікалі ніколі імя Бога. Калі б Ты разарваў неба і зышоў, горы склубіліся б перад Табою. Быццам агонь, што паліць хвораст і ад якога вада кіпіць – вось каб так Ты даў пазнаць ворагам імя Тваё; каб задрыжэлі перад Табою народы, калі будзеш чыніць цуды над усе спадзяваньні, пра якіх ніхто ніколі ня чуў. Горы задрыжаць перад Табою. Вушы нашыя ня чулі і вочы ня бачылі, каб нейкі іншы бог чыніў тое, што Ты чыніш для тых, што ўсклалі надзею на Цябе. Выходзіш насустрач тым, што чыняць справядлівасьць і памятаюць шляхі Твае.

Чытаньне кнігі прарока Ярэмы (31:31–34)

Так кажа Госпад: "Вось прыходзяць дні, калі ўчыню з домам Ізраіля, з домам Юды новы саюз. Ня той саюз, які Я ўчыніў з айцамі іх у дзень, калі Я ўзяў іх за руку, каб вывесьці з Ягіпту. Яны не захавалі саюзу, хоць Я быў іхнім Уладаром – кажа Госпад. – Не, вось які саюз учыню з домам Ізраіля – кажа Госпад, – укладу ў грудзі іх Мой закон і напішу яго ў іхніх сэрцах. І буду ім Богам, а яны будуць народам Маім. Ня будзе больш адзін аднаго навучаць, кажучы: "Пазнай Госпада". Бо ўсе, ад вялікага да малога, будуць знаць Мяне – так кажа Госпад. – Адпушчу ім іхнія правіны і не згадаю больш граху іх".

Чытаньне кнігі прарока Данілы (3: 1–90)

У год васемнаццаты цар Набухаданосар зрабіў залатую статую, вышынёю ў шэсьцьдзесят лакцёў і шырынёю ў шэсьць лакцёў. І паставіў яе на полі Даір у краіне Бабілёнскай. Тады паслаў цар Набухаданосар сабраць князёў, ваяводаў, намесьнікаў, гэтманаў, скарбнікаў, судзьдзяў, райцаў і старастаў, і ўсіх месных урадоўцаў, загадаўшы ім прыйсьці на адкрыцьцё статуі, якую паставіў цар Набухаданосар. І сабраліся ўсе намесьнікі, ваяводы, гэтманы, судзьдзі, скарбнікі, высокія ўрадоўцы і старасты на адкрыцьцё статуі, якую паставіў цар Набухаданосар. І сталі яны перад статуяй, якую паставіў цар Набухаданосар. Тады вястун абвясьціў моцным голасам: "Ведайце, усе расы, народы і плямёны, як толькі пачуеце гук трубы, жалейкі, цымбалаў, гарфы, гусьляў і ўсялякіх музычных прыладаў, паўшы ніцма, пакланіцеся залатой статуі, якую паставіў цар Набухаданосар. А хто не ўпадзе і не паклоніцца, той будзе адразу ўкінуты ў распаленую агнём печ". Дзеля гэтага, калі ўсе народы пачулі гук трубы, жалейкі, цымбалаў, гарфы, гусьляў і ўсялякіх музычных прыладаў, дык усе народы, плямёны і расы, паўшы ніцма, пакланіліся залатой статуі, якую паставіў цар Набухаданосар. У тым часе падышлі некаторыя халдэі са скаргаю на гэбрэяў. Яны сказалі цару Набухаданосару: "Цар, жыві вечна! Ты, цар, даў загад, каб кожны чалавек, калі пачуе гук трубы, жалейкі, цымбалаў, гарфы, гусьляў і ўсялякіх музычных прыладаў, паў ніцма і пакланіўся залатой статуі; а хто не ўпадзе і не паклоніцца, будзе ўкінуты ў распаленую агнём печ. Знайшліся аднак гэбрэі, якіх ты паставіў над справамі краіны Бабілёнскай, Сыдрах, Місах і Абдэнаго, якія не паслухаліся загаду твайго, цар, багом тваім ня служаць і залатой статуі, якую ты паставіў, не пакланяюцца". Тады Набухаданосар загарэўся лютым гневам і загадаў прывесьці Сыдраха, Місаха і Абдэнаго. І прывялі іх да цара. Набухаданосар сказаў ім: "Ці вы, Сыдрах, Місах і Абдэнаго, сапраўды ня хочаце служыць багом маім і пакланіцца залатой статуі, якую я паставіў? Цяпер, калі вы гатовыя, як толькі пачуеце гук трубы, жалейкі, цымбалаў, гарфы, гусьляў і ўсялякіх музычных прыладаў, паўшы ніцма, пакланіцеся залатой статуі, якую я паставіў; калі ж не паклоніцеся, дык у той жа час будзеце ўкінутыя ў распаленую агнём печ: які тады бог выбавіць вас ад маёй рукі?". У адказ Сыдрах, Місах і Абдэнаго сказалі цару Набухаданосару: "Мы ня маем патрэбы адказваць табе на гэта. Бог наш, якому служым, моцны выбавіць нас з распаленай печы і ад тваёй, цару, рукі. Калі ж не, дык хай табе, цару, будзе ведама, што мы тваім багом служыць ня будзем, і не паклонімся залатой статуі, якую ты паставіў". Тады Набухаданосар загарэўся злосьцю на Сыдраха, Місаха і Абдэнаго і загадаў распаліць печ у сем разоў мацней, як звычайна яе распальвалі. І самым дужым мужом з войска загадаў зьвязаць Сыдраха, Місаха і Абдэнаго і ўкінуць іх у распаленую печ.
Тады зьвязалі гэтых мужоў разам з іх ніжняй і верхняй вопраткай, з завоямі на галовах і іншым адзеньнем, і ўкінулі ў распаленую печ. А дзеля таго, што царскі загад быў суровы і печ была цераз меру распаленая, агонь спаліў тых людзей, якія ўкідалі Сыдраха, Місаха і Абдэнаго. І вось тыя тры мужы – Сыдрах, Місах і Абдэнаго, – зьвязаныя, упалі ў печ, распаленую агнём. І хадзілі яны сярод агню, і славілі Бога, і бласлаўлялі Госпада.
І Азарыя, стаўшы з імі сярод печы, памаліўся так; Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых, і імя Тваё ўсяхвальнае і праслаўленае давеку.
Ты праведны ва ўсім, што ўчыніў з намі, і ўсе дзеі Твае праўдзівыя, усе шляхі Твае правыя, і прысуды Твае справядлівыя.
Прысуды Твае слушныя ва ўсім, што Ты наслаў на нас і на сьвятое места айцоў нашых, Ерусалім. Прысуд Твой справядлівы з прычыны грахоў нашых.
Бо мы зграшылі і ўчынілі беззаконьне, адступіўшыся ад Цябе; Мы зграшылі ва ўсім, ня слухаліся запаветаў Тваіх,
Не захоўвалі іх і не рабілі таго, што Ты загадаў нам дзеля нашага дабра.
Усё, што ты наслаў на нас і ўсё, што Ты ўчыніў з намі, зрабіў Ты згодна са справядлівым прысудам Тваім.
Ты аддаў нас у рукі ворагаў беззаконных, адступнікаў мярзотных і несправядлівага і найгоршага на ўсёй зямлі цара.
І цяпер нам няма як раскрыць вусны: ганьба і сорам пакрылі слугаў Тваіх і тых, што Цябе шануюць.
Не адкідай нас да канца дзеля імя Твайго і не разрывай запавету Твайго;
Не адбірай ад нас міласэрнасьці Тваёй дзеля Абрагама, любага Твайго, і Ісаака, слугі Твайго, і Ізраіля, сьвятога Твайго,
Якім Ты абяцаў што памножыш нашчадкаў іх, як зоркі на небе і як пясок на беразе мора.
Госпадзе, мы сталі меншыя за ўсе народы, прыніжаныя на ўсёй зямлі праз нашыя грахі.
Няма ў нас ні князя, ні правадыра, ні прарока, ні цэлапаленьняў, ні ахвяраў, ні прынашэньняў, ні кадзіла, ні месца, куды прыносіць першыя плады – каб здабыць Тваю міласэрнасьць.
Але прымі нас дзеля сэрца скрушлівага і ўпакоранага духа! Як цэлапаленьні бараноў, як тлустыя ягняты,
так хай перад Табою будзе сёньня нашая ахвяра, якую хочам прынесьці Табе, бо тыя, што спадзяюцца на Цябе, не пасаромеюцца.
І цяпер усім сэрцам ідзем сьледам за Табою; мы баімся Цябе і шукаем аблічча Твайго – дык не пасаром нас!
Але ўчыні з намі згодна з Тваёй спагадай і вялікай міласэрнасьцю.
Выратуй нас сілаю Тваёю і дай хвалу імю Твайму, Госпадзе!
Хай пасаромеюцца ўсе тыя, што чыняць зло слугам Тваім; хай будуць пасаромленыя і пазбаўленыя ўсёй сваёй магутнасьці, хай сіла іхняя згіне.
Няхай знаюць, што Ты, Госпадзе – Бог адзіны, слаўны на ўвесь сусьвет!
Царскія слугі, што ўкінулі іх, не пераставалі распальваць печ нафтаю, смалою, шмацьцём і хворастам. І полымя ўздымалася над печчу на сорак дзевяць лакцёў, і выбухала, і паліла тых халдэяў, што былі блізка ля печы. А анёл Гасподні зышоў у печ да Азарыі і яго таварышаў, сьцішыў агонь у печы, і сталася ў нутры печы так, быццам там веяў лагодны росны вецер; і агонь зусім не дакрануўся да іх, не спрычыніў ім болю і ніякай шкоды. Тады тыя трое пачалі ў адзін голас хваліць, славіць і бласлаўляцьБога, кажучы:
Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа айцоў нашых, слаўны і ўсяхвальны на ўсе вякі;
Блаславёнае імя хвалы Тваёй, слаўнае і ўсяхвальнае на ўсе вякі.
Блаславёны Ты ў сьвятыні хвалы Тваёй, слаўны і ўсяхвальны на ўсе вякі.
Блаславёны Ты, што глядзіш у бездань, седзячы на хэрувімах, слаўны і ўсяхвальны на ўсе вякі.
Блаславёны Ты на пасадзе славы валадарства Твайго, слаўны і ўсяхвальны на ўсе вякі.
Блаславёны Ты на цьвярдыні нябеснай, слаўны і ўсяхвальны на ўсе вякі.

Людзі: Госпаду сьпявайце і ўзьвялічвайце Яго на ўсе вякі.
Чытальнік: Блаславіце Госпада, усе творы Гасподнія!
Людзі: Госпаду сьпявайце і ўзьвялічвайце Яго на ўсе вякі. (Так пасьля наступных вершаў)
Сьвятар: Блаславіце Госпада, анёлы Гасподнія і нябёсы.
- Блаславіце Госпада, усе воды, што над нябёсамі, усе сілы Гасподнія.
- Блаславіце Госпада, сонца і месяц, зоркі нябесныя.
- Блаславіце Госпада, дождж і раса, і ўсе вятры.
- Блаславіце Госпада, агонь і жар, холад і сьпёка.
- Блаславіце Госпада, росы і шэрань, ночы і дні.
- Блаславіце Госпада, сьвятло і цемра, лёд і мароз.
- Блаславіце Госпада, крыгі і сьнягі, маланкі і хмары.
- Хай зямля бласлаўляе Госпада, горы і ўзгоркі, і ўсё, што расьце на зямлі.
- Блаславіце Госпада, крыніцы, моры і рэкі, кіты і ўсё, што рухаецца ў вадзе.
- Блаславіце Госпада, усе птушкі нябесныя, зьвяры і жывёлы.
- Блаславіце Госпада, сыны чалавечыя; хай Ізраіль бласлаўляе Госпада.
- Блаславіце Госпада, сьвятары Гасподнія і ўсе слугі Гасподнія.
- Блаславіце Госпада, духі і душы праведных, чыстыя і пакорлівыя сэрцам.
- Блаславіце Госпада, Ананьня, Азарыя і Місаіл.
- БлаславіцеГоспада, апосталы, прарокі і мучанікі Гасподнія.
- Бласлаўляем Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, Госпада.
- Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
- Хвалім, бласлаўляем і пакланяемся Госпаду.
Людзі: Сьпяваем і ўзьвялічваем Яго на ўсе вякі.

Пасьля чытаньняў малая літанія з воклікам:
Бо Ты сьвяты, Божа наш, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.

І далей – Літургія Сьвятога Базыля Вялікага.

Замест "Сьвяты Божа": Усе вы, што ў Хрыста ахрысьціліся, у Хрыста апрануліся. Алілуя.

Пракімен (Пс 65): Уся зямля хай пакланяецца Табе і пяе Табе: хай славіць імя Тваё, Усявышні.
Верш: Усклікніце Госпаду, уся зямля: сьпявайце імю Яго, аддайце славу хвале Яго.

Чытаньне лісту Сьвятога Апостала Паўла да Рымлянаў (6:3–11)

Браты, ці ж ня ведаеце, што ўсе мы, якія ахрысьціліся ў Хрыста Ісуса, у сьмерць Яго ахрысьціліся? Дык мы пахавалі сябе з Ім хрышчэньнем у сьмерць, каб нам увайсьці ў новае жыцьцё – як Хрыстос уваскрос з мёртвых дзякуючы хвале Айца. Бо калі мы злучаныя з Ім сьмерцю, падобнаю да Ягонай сьмерці, дык мы з Ім злучаныя ў адно і падобным уваскрасеньнем. Ведайце, што, каб зьнішчыць грэшнае цела, даўні наш чалавек быў укрыжаваны разам з Ім, каб мы больш не жылі ў граху. Дык калі мы памерлі разам з Хрыстом, верым, што з Ім таксама жыць будзем, ведаючы, што Хрыстос, які ўстаў з мёртвых, больш не памірае, сьмерць ня мае ўлады над Ім. Бо калі Ён памёр, дык памёр для граху толькі адзін раз, а калі жыве, дык жыве для Бога. Так і вы разумейце, што памерлі для граху, а жывеце для Бога ў Хрысьце Ісусе.

Алілуя (Пс 81) Устань, Госпадзе, судзіць зямлю, бо Твая спадчына – усе народы.
Верш 1: Бог стаіць у грамадзе багоў, сярод іх Ён суд правіць.
Верш 2: Дакуль будзеце судзіць няправедна і спрыяць нязбожным?
Верш 3: Заступайцеся за беднага і сірату, чыніце справядлівасьць пакорнаму і ўбогаму,
Верш 4: Вызваляйце беднага і гаротніка, ратуйце іх з рук бязбожных.
Верш 5: Ня ведаюць яны і не разумеюць, блукаюць у цемры; хістаюцца асновы зямлі.
Верш 6: Я сказаў: "Вы багі, і ўсе вы – сыны Найвышэйшага".

Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Мацьвея (28.1–20)

Калі мінула субота, першага дня тыдня на досьвітку прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець магілу. І вось сталася вялікае трасеньне зямлі, бо анёл Гасподні зышоў з неба і, падышоўшы, адваліў камень ад магілы і сеў на ім. Выгляд ягоны быў сьветлы, як маланка, і вопратка яго была белая, як сьнег. Ад страху перад ім задрыжэлі вартаўнікі і зрабіліся як нежывыя. Анёл зьвярнуўся да жанчынаў, кажучы: "Ня бойцеся, ведаю, што шукаеце Ісуса ўкрыжаванага. Яго няма тут: Ён уваскрос, як і сказаў. Хадзіце, гляньце на месца, дзе Ён ляжаў. Дык ідзіце хутка і скажыце вучням: Ён уваскрос з мёртвых і папярэдзіць вас у Галілеі. Там Яго ўбачыце. Вось я сказаў вам". Яны хутка пайшлі ад магілы ў страху і вялікай радасьці, і пабеглі паведаміць вучняў Ягоных. А вось і Ісус стаў перад імі і сказаў: "Радуйцеся". Яны падышлі да Яго, абнялі ногі Ягоныя і пакланіліся Яму. А Ісус сказаў ім: "Ня бойцеся. Ідзіце і скажыце братом маім: хай ідуць у Галілею, там убачаць Мяне".
Калі яны ішлі, некаторыя з вартаўнікоў прыйшлі ў горад і расказалі сьвятаром пра ўсё, што сталася. Тыя ж, сабраўшыся са старэйшымі і зрабіўшы нараду, далі жаўнерам даволі шмат грошай і сказалі: "Скажыце, што вучні Ягоныя прыйшлі ўночы, калі мы спалі і ўкралі Яго. А калі б чутка гэтая дайшла да намесьніка, мы пагутарым з ім і выбавім вас ад клопатаў". Яны ўзялі грошы і зрабілі, як іх навучылі. І разышлася чутка гэтая сярод гэбрэяў і трывае да сёньняшняга дня. А адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды сказаў ім Ісус. І, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму, а іншыя ўсумніліся. Тады Ісус падышоў і зьвярнуўся да іх з наступнымі словамі: "Дадзеная мне ўся ўлада на небе і зямлі. Дык ідзіце, навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, і вучыце іх захоўваць усё, што Я сказаў вам. І вось Я з вамі праз усе дні аж да сканчэньня сьвету. Амін".

Замест Хэрувімскай песьні, "Мы бачылі праўдзівае сьвятло" і "Хай нашы вусны будуць поўныя":
Хай маўчыць усё стварэньне, хай стаіць у страху і хваляваньні, і хай нішто зямное не кранае яго, бо вось Уладар уладароў і Госпад тых, што пануюць, прыходзіць, каб прынесьці ў ахвяру сябе і аддаць сябе на спажыву верным. Перад Ім ідуць хоры анёлаў з усімі пачаткамі і ўладамі, шматвокія хэрувімы і шасьцікрылыя сэрафімы, закрываючы твары свае і сьпяваючы: Алілуя, алілуя, алілуя.

Прычасьнік: Хваліце Госпада з нябёсаў, хваліце Яго на вышынях. Алілуя, алілуя, алілуя.

ПАЎНОЧНІЦА


Сьвятар: Блаславёны Бог наш ...
Чытальнік: Амін. Уладару Нябесны... Сьвяты Божа... Усесьвятая Тройца... Ойча наш...
Сьвятар: Бо Тваё валадарства...
Чытальнік: Амін. Госпадзе, зьмілуйся (12 разоў)
Слава ... Цяпер ... Прыйдзіце, паклонімся ...

Псалом 50

Зьмілуйся нада мною, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці і паводле мноства дабротаў Тваіх адымі беззаконьне маё. Асабліва абмый мяне з віны маёй і ад грахоў маіх ачысьці мяне. Бо беззаконьне маё я знаю і грэх мой заўжды перада мною. Табе адзінаму я зграшыў і зло перад Табою ўчыніў. Ты ж справядлівы ў тваім прыгаворы і правы ў судзе Тваім. Вось я быў зачаты ў беззаконьні і ў граху радзіла мяне мая маці. Але Ты, які любіш шчырасьць сэрца, паказаў мне глыбіню і тайны мудрасьці Тваёй. Акрапі мяне гісопам і буду чысты, абмый мяне і стану бялейшы за сьнег. Дай мне пачуць голас радасьці і вясельля: хай узрадуюцца ўпакораныя косьці. Адвярні твар Твой ад маіх бясчынстваў і ачысьці мяне ад усіх грахоў маіх. Сэрца чыстае ствары ўва мне, Божа, і дух правы абнаві ў нутры маім. Не адкінь мяне ад Твайго аблічча і Духа Твайго Сьвятога не адымі ад мяне. Вярні мне радасьць Твайго збаўленьня і ўмацуй ува мне дух ахвярнасьці. Буду навучаць грэшнікаў сьцежкам Тваім, і грэшнікі зноў вернуцца да Цябе. Вызваль мяне ад крыві пралітай, Божа, Божа майго збаўленьня: хай язык мой у радасьці славіць Тваю справядлівасьць. Адчыні мае вусны, Госпадзе, і вусны мае пачнуць абвяшчаць хвалу Тваю. Калі б Ты захацеў ахвяры, я даў бы яе: на цэлапаленьні, аднак, Ты не глядзіш прыхільна. Ахвяра Богу – дух скрушлівы: сэрцам пакорным і поўным скрухі Ты, Божа, не пагардзіш. Пакажы, Госпадзе, з ласкі Тваёй спагаду Сыёну: хай муры Ерусаліму будуць зноў узьнесеныя. Тады глянеш прыхільна на правыя ахвяры, дары і цэлапаленьні: тады ўскладуць цялят на Твой ахвярнік.

Канон ютрані
(Гл. вышэй)

На 9 песьні сьвятар кадзіць вакол плашчаніцы тройчы, бярэ яе, уносіць у аўтар і кладзе на ахвярнік, дзе яна ляжыць да адданьня Вялікадня. Райскія дзьверы зачыняюцца.

Чытальнік: Сьвяты Божа.... і г. д. Ойча наш...
Сьвятар: Бо Тваё валадарства....
Чытальнік: Амін.
Трапар (Тон 2): Калі Ты зышоў да сьмерці, Жыцьцё несьмяротнае, Ты зьнішчыў пекла зьзяньнем боскасьці Тваёй. Калі ж Ты і памерлых з апраметнай уваскрасіў, усе сілы нябесныя ўсклікнулі: Жыцьцядаўча, Хрысьце Божа наш, слава Табе.

Сьвятар: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.
Чытальнік: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных просьбаў)
Сьвятар: За Сьвятога Айца нашага ... Папу Рымскага і за дастойнага архібіскупа (багалюбнага біскупа) нашага ..., і за ўсіх у Хрысьце братоў нашых, Госпаду памолімся.
- За Богам сьцеражонага караля нашага (або каралеву нашу) ... (або За ўлады нашыя) і за ўсіх на дзяржаўнай службе, Госпаду памолімся.
- За Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, Госпаду памолімся.
- Бо Ты міласэрны і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Чытальнік: Амін.
Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея наша, слава Табе.
Чытальнік: Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. Ойча, блаславі.
Сьвятар: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, які ўваскрос з мёртвых, малітвамі Найчыстае свае Маці, сьвятых слаўных і годных пахвалы апосталаў Пятра і Паўла і ўсіх сьвятых апосталаў; сьвятых і баганосных айцоў нашых і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.
Чытальнік: Амін.
Вярнуцца назад