Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Вялікая Субота


 

 

Вялікая Субота

ЮТРАНЬ


Пачатак звычайны. Пасьля "Госпад Бог..." – адчыняюцца райскія дзьверы, сьвятар у фэлоне выходзіць да плашчаніцы і кадзіць падчас сьпяваньня наступных трапароў:
Трапары
(Тон 2): Высакародны Язэп зьняў з дрэва ўсячыстае цела Тваё і, спавіўшы яго ў чыстае палатно з духмянасьцямі, у магіле новай паклаў.
Слава ....
Калі Ты зышоў да сьмерці, Жыцьцё несьмяротнае, Ты зьнішчыў пекла зьзяньнем Боскасьці Тваёй; калі ж Ты і памерлых з апраметнай уваскрасіў, усе сілы нябесныя ўсклікнулі: Жыцьцядаўча, Хрысьце Божа наш, слава Табе!
Цяпер ...
Анёл зьявіўся ля магілы жанчынам–міраносіцам і ўсклікнуў: "Алейкі мёртвым патрэбныя, Хрыстос жа тленнасьці не зазнаў".

ПЕРШАЕ СТАЯНЬНЕ

(Тон 6)
Блаславёны Ты, Госпадзе, навучы мяне Тваім запаветам.
1. Шчасьлівыя тыя, чый шлях беззаганны, што жывуць згодна з законам Гасподнім.
Калі Цябе, Жыцьцядаўча Хрысьце, паклалі ў магілу, анельскія хоры жахнуліся, убачыўшы Тваё паніжэньне.
2. Шчасьлівыя тыя, што выконваюць Ягоныя загады і ўсім сэрцам шукаюць Яго.
Як гэта Ты, Жыцьцё, ляжыш у магіле? Ты ж Той, хто разбурае валадарства сьмерці і выводзіць мёртвых з апраметнай.
3. Яны ня чыняць беззаконьня, і ходзяць па Ягоным шляху.
Узьвялічваем Цябе, Хрысьце Ўладару, і аддаем пашану Твайму пахаваньню і мукам, якімі Ты вызваліў нас ад тленнасьці.
4. Ты загадаў нам пільна захоўваць запаветы Твае.
Ісусе, Уладару ўсіх, Ты меру зямлі ўстанаўляеш і ўзьнімаеш мёртвых, а сёньня Ты сам зыходзіш у цесную магілу.
5. Хай шляхі мае захоўваюць устанаўленьні Твае.
Ісусе Хрысьце, Уладару ўсіх, чаму прыйшоў Ты да тых, што ў пекле? Ці ня хочаш вызваліць род людзкі?
6. Не пасаромеюся, калі зважаць буду на ўсе загады Твае.
Уладар усіх, які апаражніў магілы, сам кладзецца, як мёртвы, у магілу.
7. Буду славіць Цябе ў правасьці сэрца майго, калі пазнаю прысуды справядлівыя Твае.
Ты, Хрысьце–Жыцьцё, Крыніца жыцьця для ўсяго сьвету, быў пакладзены ў магілу
8. Буду захоўваць запаветы Твае: не пакідай мяне ніколі.
Залічаны да злачынцаў, быццам злачынца, Ты, Хрысьце, апраўдаў нас усіх і вызваліў ад віны, учыненай за намоваю старога спакушальніка.
9. Як захаваць юнаку чыстым шлях свой? – Спаўняючы слова Тваё.
Той, хто пераўзыходзіць красою ўсіх людзей, і хто ўпрыгожыў усё, што існуе, сёньня ляжыць мёртвы, пазбаўлены красы.
10. Усім сэрцам маім шукаю Цябе: ня дай мне адысьці ад Тваіх загадаў.
Як пекла вытрымала прыйсьце Тваё, Збавіцелю? Як яно не ўскаланулася і не асьлепла ад зьзяньня сьветласьці Тваёй?
11. У сэрцы маім я захаваў слова Тваё, каб мне не зграшыць перад Табою.
Ісусе салодкі, Сьвятло збаўленьня майго, як Ты схаваўся ў цёмнай магіле? 0 невыказная і бязьмежная веліч доўгацярпеньня Твайго!
12. Блаславёны Ты, Госпадзе: навучы мяне Тваім запаветам.
Духоўныя істоты і мноства анёлаў ня ў стане зразумець невыказную тайну пахаваньня Твайго, Хрысьце.
13. Вуснамі маімі я абвяшчаю ўсе прысуды вуснаў Тваіх.
Страшны і новы цуд! Язэп нясе на пахаваньне, мёртвага і без дыханьня, Таго, хто даў мне подых жыцьця.
14. Цешуся са шляху сьведчаньняў Тваіх, быццам з багацьця.
Ты, Хрысьце, зышоў у магілу, не адышоўшы ад улоньня Айца: вось вялікі цуд!
15. Буду разважаць над загадамі Тваімі, і зважаць на сьцежкі Твае.
Хоць Ты быў зачынены ў цеснай магіле, усё стварэньне пазнала Цябе, Хрысьце, як існага Ўладара неба і зямлі.
16. Буду цешыцца з запаветаў Тваіх, словаў Тваіх не забуду.
Калі Ты, Творца Хрысьце, быў пакладзены ў магілу, асновы пекла пахіснуліся і магілы адчыніліся.
17. Дай узнагароду слузе Твайму, каб мне жыць і захоўваць слова Тваё.
Ты, што ў руцэ Тваёй трымаеш усё, сёньня ляжыш мёртвы целам пад зямлёю і вызваляеш мёртвых ад улады пекла.
18. Адкрый вочы мае, каб мне бачыць цуды закону Твайго.
Калі Ты, Жыцьцё і Збаўца мой, памёр і зышоў да мёртвых, Ты зламаў пякельныя замкі і ўзьняў усіх ад тленнасьці.
19. Я – прыхадзень на зямлі, не хавай ад мяне загадаў Тваіх.
Быццам ліхтар пад посудам, так сёньня цела Бога, схаванае пад зямлёю, разганяе пякельную цемру.
20. Душа мая разьбітая і тужыць няспынна па загадах Тваіх.
Анельскія хоры зьбіраюцца разам з Язэпам і Нікодымам пахаваць Цябе, Незьмяшчальнага, у цеснай магіле.
21. Ты папракнуў гордых: праклятыя тыя, што ўхіляюцца ад загадаў Тваіх.
Ты, Хрысьце Божа, Крыніца жыцьця, дабравольна аддаў сябе на сьмерць і пахаваньне, каб ажывіць мяне, забітага грахом.
22. Адвядзі ад мяне зьдзек і пагарду, бо сьведчаньні Твае я захаваў.
Усё стварэньне перамянілася цярпеньнем Тваім, усе спагадаюць Табе, Слова, які трымаеш усё.
23. Магутныя сядзяць і ладзяць змову супраць мяне, а слуга Твой разважае над запаветамі Тваімі.
Ненасытнае пекла прыняла ў нутро сваё Камень Жыцьця і вывергла ўсіх мёртвых, якіх паглынула ад пачатку веку.
24. Твае сьведчаньні для мяне – асалода, і дарадчыкі мае – запаветы Твае.
Калі Цябе, Хрысьце, паклалі ў новую магілу, Ты абнавіў людзкую прыроду і ўваскрос з мёртвых у славе.
25. Душа мая схілілася да зямлі: ажыві мяне словам Тваім.
Ты, Хрысьце, зышоў да нетраў зямлі, каб збавіць Адама; а пасьля Ты зышоў аж да пекла, шукаючы яго.
26. Я абвясьціў Табе шляхі мае, і Ты выслухаў мяне: навучы мяне ўстанаўленьням Тваім.
Уся зямля, Слова, задрыжэла ў страху, і дзяньніца схавала промні свае, калі вялікае сьвятло Тваё схавалася пад зямлю.
27. Дай мне зразумець шлях запаветаў Тваіх, і буду разважаць пра цуды Твае.
Ты, Збавіцелю, паміраеш з уласнай волі як чалавек, і як Бог узьнімаеш сьмяротных з магілаў і бездані грахоўнае.
28. Душа мая саслабла ад цяжару, умацуй мяне словам Тваім.
Усячыстая Маці Твая, Ісусе, паліла Цябе сьлязьмі і з плачам усклікнула: "Як я пахаваю Цябе?".
29. Устрымай мяне ад шляху няправеднага і дай мне ласкава закон Твой.
Быццам зерне пшанічнае, Ты зышоў да нетраў зямлі і ўзрасьціў багаты колас, узьняўшы нашчадкаў Адама.
30. Я выбраў шлях праведнасьці і трымаўся прысудаў Тваіх.
Сёньня Ты, быццам сонца, схаваўся пад зямлю, і ноч сьмяротная пакрыла Цябе. Але зазьзяй нам ізноў сьвятлом сваім, Збавіцелю.
31. Я моцна трымаюся сьведчаньняў Тваіх, Госпадзе, дык ня дай мне зазнаць сораму.
Як месяц пакрывае сонца, так Цябе, Збавіцелю, пакрыла магіла, калі Ты целам памёр.
32. Я пайду сьцяжынаю запаветаў Тваіх, і Ты напоўніш сэрца маё.
Хрыстос–Жыцьцё, пакаштаваўшы сьмерці, ад сьмерці вызваліў сьмяротных і даў жыцьцё ўсім.
33. Навучы мяне, Госпадзе, шляхом законаў Тваіх, і буду верна трымацца іх заўсёды.
Ты, Хрысьце, стаўся новым Адамам у целе і сьмерцю сваёю ўзьняў да жыцьця Адама, які раней праз зайздрасьць памёр.
34. Навучы мяне трымацца законаў Тваіх, і ўсім сэрцам буду захоўваць іх.
Калі анельскія хоры ўбачылі, як Ты, Хрысьце, памёр дзеля нас, яны ў жаху закрыліся крыламі.
35. Вядзі мяне сьцежкаю запаветаў Тваіх, бо яны – суцяшэньне мне.
Язэп зьняў Цябе, мёртвага, з дрэва і паклаў у магілу. Але Ты, Хрысьце, устань як Бог і збаў нас.
36. Скіруй сэрца маё да загадаў Тваіх, а не да хцівасьці.
Ты, Збавіцелю, радасьць анёлаў, сёньня стаўся прычынаю іхняга суму, калі яны ўбачылі Цябе мёртвым і без дыханьня.
37. Адвярні вочы мае ад марнасьці: дай мне жыць згодна са шляхам Тваім.
Ты быў узьнесены на дрэве і жывых узьняў з сабою; зышоў пад зямлю і тых, што былі там, уваскрасіў.
38. Устанаві слова Тваё слузе Твайму, які баіцца Цябе.
Ты, Збавіцелю, быццам леў, целам заснуў і, быццам львяня, з мёртвых устаеш, адкінуўшы тленнасьць цялесную.
39. Адымі ад мяне зьнявагу, якой баюся, бо прысуды Твае справядлівыя.
Ты, што зрабіў Эву з рабра Адама, быў прабіты ў рабро і праліў адтуль струмені ачышчэньня.
40. Я прагну запаветаў Тваіх, дай мне жыць у Тваёй справядлівасьці.
Некалі ягнё забівалася таемна; Ты ж, добры Збавіцелю, быў забіты яўна і ачысьціў усё стварэньне.
41. Хай зыдзе на мяне міласьць Твая, Госпадзе, і збаўленьне Тваё, згодна са словам Тваім.
Хто можа апісаць тое страшнае, што здарылася? Уладар стварэньня сёньня церпіць і памірае за нас.
42. Адкажу тым, што мяне дакараюць, бо я ўсклаў надзею на слова Тваё.
Як магчыма бачыць мёртвым Скарб жыцьця? – анёлы ў страху ўсклікнулі. – Як гэта Бог зьмяшчаецца ў магіле?
43. Не забірай ад вуснаў маіх словаў праўды, бо я спадзяюся на прысуды Твае.
З боку Твайго, Збавіцелю, прабітага кап'ём, Ты даў жыцьцё для маці жыцьця Эвы, якая мяне пазбавіла жыцьця, і разам з ёю мяне ажывіў.
44. Буду захоўваць закон Твой заўсёды і на вякі вечныя.
Калі Ты распасьцёр рукі на дрэве, Ты зьяднаў усіх людзей; прабіты ў бок, Ты, Ісусе, даў усім жыцьцё і адпушчэньне грахоў.
45. Буду хадзіць шырокай дарогай, бо шукаю запаветаў Тваіх.
Высакародны Язэп пабожна пахаваў Цябе, Збавіцелю, як мёртвага і жахнуўся ад Твайго выгляду.
46. Буду гаварыць пра Твае сьведчаньні перад уладарамі, і не пасаромеюся.
Ты, Ісусе, зышоў дабравольна як мёртвы пад зямлю, і ўзьвёў ад зямлі да неба тых, што ўпалі.
47. Буду цешыцца з загадаў Тваіх, якія я палюбіў.
Хоць Ты, Ісусе, паказаўся мёртвым, Ты жывы як Бог і ўзводзіш ад зямлі да неба тых, што ўпалі.
48. Уздыму рукі мае да запаветаў Тваіх, якія я палюбіў.
Хоць Ты і паказаўся мёртвым, як Бог Ты – жывы. Ты ажывіў амярцьвелых людзей і майго забойцу ўмярцьвіў.
49. Буду разважаць над Тваімі законамі.
Якою радасьцю і слодыччу Ты напоўніў тых, што ў апраметнай, калі Ты зазьзяў ясным сьвятлом у змрочнай бездані.
50. Прыгадай слузе Твайму слова Тваё, бо Ты даў мне надзею на яго.
Пакланяюся цярпеньням, слаўлю пахаваньне, узьвялічваю дзяржаву Тваю, Чалавекалюбча, бо імі я вызваліўся ад згубных страсьцяў.
51. Вось пацеха ў горы маім, што Тваё слова мяне ажыўляе.
Навастрылі меч на Цябе, але меч ступіўся, і меч, што сьцярог рай, быў адхілены.
52. Гордыя зьневажаюць мяне, але я ад закону Твайго не адхіліўся.
Авечка, калі ўбачыла, як забіваюць ейнае Ягнё, болем працятая заплакала і паклікала ўвесь статак плакаць разам з Ёю.
53. Я прыгадаў, Госпадзе, Твае адвечныя прысуды і ўсьцешыўся.
Хоць Ты, Хрысьце, быў пахаваны ў магіле і зышоў да пекла, Ты апаражніў магілы і пекла спустошыў,
54. Жах агарнуў мяне за грэшнікаў, якія пакінулі запаветы Твае.
Калі Ты, Збавіцелю, зышоў дабравольна пад зямлю, Ты ажывіў памерлых і ўзьняў іх да славы Айца.
55. Твае запаветы сталіся як песьні для мяне ў зямлі майго выгнаньня.
Адзін з Тройцы пацярпеў за нас у целе ганебную сьмерць. Сонца тады жахнулася, зямля задрыжэла.
56. Я прыгадаў уночы імя Тваё, Госпадзе, і захаваў закон Твой.
Парасткі з горкай крыніцы, нашчадкі Юды паклалі ў магілу Ісуса, які іх карміў маннаю.
57. Гэта была мая ўзнагарода за тое, што я запаветы Твае захаваў.
Судзьдзя стаў перад судзьдзёю, быццам падсудны, і быў асуджаны няправедна на крыжовую сьмерць.
58. Я сказаў: доля мая – Ты, Госпадзе, бо захоўваю закон Твой.
Горды Ізраілю, людзі–забойцы, чаму вы вызвалілі Вараву, а Хрыста аддалі на ўкрыжаваньне?
59. Ад усяго сэрца малюся перад абліччам Тваім: зьмілуйся нада мною згодна са словам Тваім.
Ты, што стварыў рукою сваёю Адама з зямлі, дзеля яго прыняў людзкую прыроду і аддаў сябе на ўкрыжаваньне.
60. Я разважаў пра шляхі мае і скіроўваў мае крокі да Тваіх сьведчаньняў.
Паслухмяны волі Айца, Ты, Слова, зышоў аж да страшнай апраметнай і ўзьняў з сабою род людзкі.
61. Я быў гатовы і не ўсумніўся захаваць Твае запаветы.
"Гора мне, Сьвятло сьвету! Гора мне, Сьвятло маё, Ісусе мой любы!" – Дзева клікала з плачам.
62. Сеці грэшных аблыталі мяне, але я закону Твайго не забыў.
Людзі–забойцы, поўныя пыхі і зайздрасьці! Пасаромцеся пахавальных палотнаў і хусты ўваскрослага Хрыста!
63. Апоўначы ўстану, каб славіць Цябе за Твае праведныя прысуды.
Прыйдзі, паганы вучань, забойца Госпада, аб'яві твой хцівы нораў і скажы, як ты стаўся Хрыстапрадаўцам.
64. Я сябра ўсіх, хто баіцца Цябе і шануе запаветы Твае.
Асьлеплены нянавісьцю няверны Юда! Чаму ты кажаш, што любіш людзей, прадаўшы Міра, якому няма цаны?
65. Зямля поўная міласэрнасьці Тваёй, Госпадзе: навучы мяне запаветам Тваім.
Якую цану ты дастаў за нябеснае Міра? Што атрымаў узамен? Ты атрымаў шаленства сабе, пракляты шатан.
66. Ты ўчыніў дабро слузе Твайму, Госпадзе, згодна са словам Тваім.
Калі ты так любіш бедных і шкадуеш міра, вылітае для ачышчэньня душы, дык чаму ты за золата прадаў Жыцьцядаўца?
67. Навучы мяне добраму розуму і веданьню, бо пакладаюся на Твае загады.
"Слова Божае, Радасьць мая! Як мне вытрымаць Тваё трохдзённае пахаваньне? Маё матчынае сэрца рвецца ад болю".
68. Я блудзіў, пакуль не скарыўся, а цяпер захоўваю слова Тваё.
"Хто дасьць мне крыніцы сьлёзаў, – Боганявеста Дзева казала, – каб мне плакаць па салодкім Ісусе?".
69. Добры Ты, Госпадзе: у дабрыні Тваёй навучы мяне запаветам Тваім.
"Горы, узгоркі і ўсе людзі, плачце разам са мною, Маці Бога вашага!".
70. Намовы гордых памножыліся супраць мяне: я ж усім сэрцам захоўваю запаветы Твае.
"Калі ўбачу Цябе зноў, Збавіцелю, Сьвятло спрадвечнае, радасьць і асалода сэрца майго?" – Дзева з плачам гукала.
71. Сэрцы іх наліліся тлушчам: я ж знаходжу суцяшэньне ў законах Тваіх.
Бы кутні камень, Ты, Хрысьце, быў абсечаны і, як Крыніца жыцьця, праліў усім струмень жывой вады.
72. Добра, што Ты скарыў мяне, каб я мог спазнаць запаветы Твае.
З боку Твайго, быццам з крыніцы, плыве падвойны струмень. Гэта – напой, што дае нам несьмяротнае жыцьцё.
73. Закон словаў Тваіх лепшы за горы золата і срэбра.
З уласнае волі Ты, Слова, быў пакладзены ў магілу; але жывеш і ўздымаеш людзей, як прадказаў, уваскрасеньнем Тваім.
Слава ...
Хвалім Цябе, Слова і Бога ўсіх, разам з Айцом і Духам Тваім Сьвятым, і славім Боскае пахаваньне Тваё.
Цяпер ...
Славім Цябе, Багародзіца чыстая, і з вераю пакланяемся трохдзённаму пахаваньню Сына Твайго і Бога нашага.
Калі Цябе, Жыцьцядаўча Хрысьце, паклалі ў магілу, анельскія хоры жахнуліся, убачыўшы Тваё паніжэньне.

Сьвятар: Яшчэ і яшчэ ў супакоі Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Сьвятар: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Сьвятар: Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.
Людзі: Табе, Госпадзе.
Сьвятар: Хай будзе блаславёнае імя Тваё і праслаўленае валадарства Тваё, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.

Старонка 1 з 6 | Наступная старонка
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст