|
|
|
|

|
|

|
|
|
| Вялікая Субота |
ДРУГОЕ СТАЯНЬНЕ
Дастойна ёсьць узьвялічваць Цябе, Жыцьцядаўча, які на крыжы рукі распасьцёр і скрышыў моц ворага. 74. Рукі Твае стварылі мяне і далі мне выгляд: дай мне розум, каб я мог навучыцца запаветаў Тваіх. Дастойна ёсьць узьвялічваць Цябе, Творца ўсіх: мукамі Тваімі мы вызваліліся ад цярпеньняў і тленнасьці. 75. Тыя, што баяцца Цябе, убачаць мяне і ўсьцешацца, бо я ўсклаў надзею на слова Тваё. Зямля жахнулася і сонца схавалася, калі Ты, незаходнае Сонца, Хрысьце Збавіцелю, зышоў целам у магілу. 76. Ведаю, Госпадзе, што справядлівыя прысуды Твае, і што Ты слушна ўпакорыў мяне. Ты, Хрысьце, заснуў жыцьцядайным сном у магіле і ад цяжкага сну грахоўнага ўзьняў род людзкі. 77. Хай міласэрнасьць Твая будзе суцяшэньнем мне, слузе Твайму, згодна са словам Тваім. "Адзіная я сярод жанчынаў, што бяз болю нарадзіла Цябе, Дзіця маё. Цяпер бачу мукі Твае, і нясьцерпны боль працінае мяне". 78. Хай Твая міласэрнасьць будзе са мною, і буду жыць, бо Закон Твой – радасьць мая. Сэрафімы жахнуліся, калі ўбачылі мёртвым тут на зямлі Цябе, Сыне, які ўгары жывеш, неразьдзельны з Айцом. 79. Хай пасаромеюцца гордыя, што няслушна паўсталі супраць мяне; я ж буду разважаць аб запаветах Тваіх. Заслона царкоўная разарвалася ўкрыжаваньнем Тваім, Слова, і сонца схавала сьвятло сваё, калі Ты, Сонца, зышоў пад зямлю. 80. Хай да мяне прыйдуць тыя, што баяцца Цябе і ведаюць загады Твае. Той, хто напачатку загадам сваім устанавіў рух зямлі, цяпер мёртвы зыходзіць пад зямлю. Дрыжы, неба, гледзячы на гэта! 81. Хай сэрца маё дасканаліцца ў законах Тваіх, каб мне ня быць пасаромленым. Ты, які стварыў чалавека рукою Тваёю, зышоў сёньня пад зямлю, каб сваёй усемагутнай сілаю ўзьняць род людзкі. 82. У тузе па збаўленьні Тваім слабне душа мая: спадзяюся на слова Тваё. Хадзіце, будзем плакаць па памерлым Хрысьце, як некалі плакалі жанчыны–міраносіцы, каб і нам, як ім, пачуць: "Радуйцеся!". 83. Вочы мае саслаблі ў пошуках дапамогі Тваёй: калі ж суцешыш мяне? Ты, Збавіцелю, сапраўды невычэрпнае Міра: жанчыны ж прынесьлі міра Табе, Жывому, быццам мёртваму. 84. Я ссох, як скураны мех ад дыму, але на запаветы Твае не забыўся. Пахаваны, Ты, Хрысьце, зьнішчаеш пякельнае валадарства, сьмерцю сьмерць перамагаеш і людзей вызваляеш ад тленнасьці. 85. Колькі дзён засталося ў слугі Твайго? Калі ж Ты ўчыніш суд над тымі, што перасьледуюць мяне? Струмені жыцьця крынічыць Мудрасьць Божая з магілы і ажыўляе тых, што знаходзяцца ў непраходным пекле. 86. Выкапалі яму для мяне гордыя, што не жывуць згодна з запаветамі Тваімі. "Каб аднавіць скалечаную людзкую прыроду, Я даў сябе параніць сьмерцю ў целе маім. Дык ня бі сябе ў грудзі і ня плач, Маці мая!". 87. Усе запаветы Твае праўдзівыя. Несправядліва перасьледуюць мяне, але Ты памажы мне. Ты, сьветлая Заранка справядлівасьці, зышоў пад зямлю і ўзьняў мёртвых, быццам ад сну, разагнаўшы пякельную цемру. 88. Ледзь не зьмялі мяне са сьвету, але я не пакінуў запаветаў Тваіх. Жыцьцядайнае зерне, падвойнае прыродаю, сёньня са сьлязьмі сеецца ў глыбіні зямлі. Праросшы, яно прынясе радасьць усяму сьвету. 89. У міласэрнасьці Тваёй захавай мне жыцьцё, і я буду захоўваць запаветы Твае. Адам спалохаўся, калі Бог хадзіў па раі; а цяпер цешыцца, бо Бог сышоў да пекла: тады ён упаў, а цепер ізноў узьнімаецца. 90. Слова Тваё, Госпадзе, вечнае і непарушнае, як нябёсы. Маці Твая, Хрысьце, прыносіць сьлёзныя ахвяры Табе, які быў пакладзены ў магілу, і кліча: "Устань, Дзіця, як прадказаў!". 91.[.color] Праўда Твая з пакаленьня ў пакаленьне; Ты заснаваў зямлю, і яна ўсьцяж стаіць. Язэп паклаў Цябе, Збавіцелю, з пашанаю ў магілу, і з плачам пяе адыходныя песьні Табе. [color=#CC0000]92. Тваім загадам усё стаіць да сёньня, бо ўсе рэчы служаць Табе. Калі Маці Твая ўбачыла, як Цябе, Слова, прыбіваюць цьвікамі да крыжа, душа Яе была параненая цьвікамі і стрэламі горкага жалю. 93. Калі б Закон Твой ня быў мне суцяшэньнем, я б загінуў у горы маім. Маці Твая горкімі сьлязьмі абмыла твар свой, калі ўбачыла, як Цябе, Слодыч усіх, пояць горкім напоем. 94. Давеку не забудуся на запаветы Твае, бо імі Ты мяне ажыўляеш. "Я моцна параненая, і сэрца маё разрываецца, калі бачу няправеднае забойства Тваё, Слова" – кажа з плачам Усячыстая. 95. Я Твой: збаў мяне, бо я шукаю запаветаў Тваіх. "Як закрыю салодкія вочы і вусны Твае, Слова, і як з пашанаю пахаваю цела Тваё?" – Язэп са страхам усклікнуў. 96. Грэшнікі шукаюць, як мяне загубіць: я ж імкнуся да законаў Тваіх. Надмагільныя песьні пяюць Хрысту Язэп з Нікодымам, а з імі пяюць сэрафімы. 97.. Я бачыў мяжу кожнай дасканаласьці: запаветы ж Твае ня ведаюць межаў. Зыходзіш пад зямлю, Збавіцелю, Сонца справядлівасьці, і месяц – Маці Твая, пазбаўленая віду Твайго, – з жалю цямнее. 98. Як люблю я закон Твой, Госпадзе! Увесь дзень разважаю над ім. Пекла жахнулася, Збавіцелю, калі ўбачыла, як Ты, Жыцьцядаўча, нішчыш ягонае валадарства і мёртвых спрадвеку ўзьнімаеш. 99. Твае запаветы заўжды са мною: яны робяць мяне мудрэйшым за ворагаў маіх. Сонца сьвеціць пасьля ночы, а Ты, Слова, зазьзяў пасьля сьмерці, калі ўстаў з магілы, быццам жаніх з хораму. 100. Я разумнейшы за маіх настаўнікаў, бо разважаю над Тваімі законамі. Зямля, што прыняла Цябе ва ўлоньне сваё, затрымцела, і трымценьнем сваім разбудзіла мёртвых. 101. Я разумею больш за старэйшых ад мяне, бо захоўваю Твае запаветы. Нікодым з высакародным Язэпам памазалі Цябе, Хрысьце, мірам духмяным і ўсклікнулі: "Жахніся, неба!". 102. Я стрымліваю ногі мае ад кожнага шляху благога, каб захаваць словы Твае. Ты, Сьветладаўча, зышоў пад зямлю, і з Табою памеркла сонца, усё стварэньне задрыжэла і вызнала Цябе як Творцу ўсіх. 103. Не ўхіляюся ад прысудаў Тваіх, бо Ты навучаеш мяне. Камень цясаны пакрывае вуглавы Камень, і сьмяротны чалавек хавае сёньня ў магіле Бога. Жахніся, зямля! 104. Якія салодкія для паднябеньня майго словы Твае, для вуснаў маіх яны саладзейшыя за мёд. Глянь на ўлюбёнага вучня Твайго і на Маці Тваю, Сыне любы мой, і скажы нам слова!" – Усячыстая з плачам усклікнула. 105. Я стаў разумны праз запаветы Твае, таму ненавісны мне кожны шлях няправедны. Калі Ты, Слова, вісеў на крыжы, Ты не ўмярцьвіў тых, хто Цябе ўкрыжаваў, але як Жыцьцядавец уваскрасіў іхніх памерлых. 106. Закон Твой – сьветач на шляху маім, і сьвятло на маёй сьцежцы. У Тваіх цярпеньнях Ты, Слова, ня меў ні выгляду ні красы. У Тваім уваскрасеньні Ты зазьзяў у славе і прасьвятліў Боскай красою ўсіх людзей. 107. Я пакляўся захоўваць Твае справядлівыя суды. Ты, незаходнае Сьвятло, зышоў целам пад зямлю. Ня ў змозе цярпець гэта, сонца памеркла апоўдні. 108. Сумны я бязьмерна. Ажыві мяне, Госпадзе, словам Тваім. Быццам верныя слугі, што апрануліся ў чорную вопратку жалобы, сонца і месяц разам згасьлі, Збавіцелю. 109. Прашу Цябе, Госпадзе, прымі ахвяру вуснаў маіх і навучы мяне прысудам Тваім. "Хоць Ты быў мёртвы, сотнік пазнаў у Табе Бога. Дык як жа я, Божа мой, дакрануся рукамі да Цябе?" – Язэп усклікнуў. 110. Жыцьцё маё заўсёды ў небясьпецы, але я не забываюся на закон Твой. Адам заснуў, і з боку ягонага выйшла сьмерць; цяпер Ты, Госпадзе, заснуў, і з Твайго боку пацякла крыніца жыцьця для ўсяго сьвету. 111. Грэшнікі паставілі пастку на мяне, але я не адхіліўся ад запаветаў Тваіх. Ты заснуў на хвіліну і мёртвых ажывіў. Ты ўстаў, Добры, і ўзьняў з сабою тых, што заснулі адвеку. 112. Сьведчаньні Твае – спадчына мая давеку: яны – радасьць сэрца майго. Ты, жыцьцядайная лаза, быў узьняты над зямлёю і даў пацячы віну збаўленьня. Слаўлю цярпеньні Твае і крыж. 113. Я схіліў сэрца маё да выкананьня Тваіх загадаў. Як гэта нябесныя хоры славяць Цябе, Збавіцелю, – голага, акрываўленага, асуджанага, які церпіш нахабства тых, што ўкрыжавалі Цябе? 114. Я ненавіджу крывадушнікаў і люблю Закон Твой. Непаслухмяныя і несумленныя людзі, вы ведалі, якая сьвятыня будзе адбудаваная, дык чаму вы асудзілі Хрыста? 115. Ты мой шчыт і абарона, на слова Тваё спадзяюся. Вы апранулі ў вопратку ганьбы Таго, хто ўладкаваў усё, неба ўмацаваў і зямлю цудоўна ўпрыгожыў. 116. Адыдзіце ад мяне, беззаконныя, і я буду захоўваць загады Бога майго. Паранены ў бок, Ты, Слова, быццам пэлікан, жыцьцядайнымі кроплямі крыві Тваёй ажывіў мёртвых дзяцей Тваіх. 117. Будзь мне Заступнікам паводле слова Твайго, каб мне жыць; ня дай, каб надзея мая была пасаромленая. Некалі Ісус Навін затрымаў сонца, калі перамагаў ворагаў. Ты ж схаваўся ад усіх і перамог уладара цемры. 118. Падтрымай мяне, і я збаўлюся і буду зважаць заўжды на загады Твае. Ты, добры Ісусе, не пакідаючы ўлоньня Айца, захацеў стацца чалавекам і зыйсьці да пекла. 119. Ты зводзіш у нішто тых, што адступаюць ад загадаў Тваіх, бо іхнія думкі хлусьлівыя. Той, хто на водах зямлю павесіў, быў павешаны на крыжы, мёртвы пакладзены ў зямлю, і яна, ня ў змозе ўстрымацца, затрэслася ад страху. 120. Усе грэшнікі на зямлі для Цябе, быццам жужаль, таму я люблю сьведчаньні Твае. "Гора мне, Сыне, – Маці з плачам казала. – Я спадзявалася бачыць Цябе Ўладаром, а вось бачу, як вісіш асуджаны на крыжы". 121. Дрыжыць цела маё ад страху перад Табою, бо я баюся прысудаў Тваіх. "Габрыель, калі ён з неба прыйшоў да мяне, аб'явіў мне, што валадарства Ісуса, Сына майго, будзе трываць вечна". 122. Я ўчыніў суд і справядлівасьць: не аддай мяне тым, што крыўдзяць мяне. "Гора мне, бо вось спаўняецца прароцтва Сямёна: меч параніў сэрца маё, Эмануэль". 123. Будзь парукаю слузе Твайму на дабро, хай гордыя не прыгнятаюць мяне. Пасаромцеся, юдэі, Жыцьцядаўца, якога вы забілі і які вас узьняў. 124. Вочы мае саслаблі ў чаканьні збаўленьня Твайго і слова праўды Тваёй. Калі сонца ўбачыла Цябе, Хрысьце, Нябачнае Сьвятло, мёртвым без дыханьня ў магіле, яно жахнулася і схавала промні свае. 125. Учыні са слугой Тваім паводле ласкі Тваёй, і навучы яго Тваім загадам. Беззаганная Маці Твая, Слова, горка плакала, калі бачыла ў магіле Цябе, невыказнага і спрадвечнага Бога. 126. Я слуга Твой, настаў мяне на розум, каб мне пазнаць Твае сьведчаньні. Калі чыстая Маці Твая, Хрысьце, убачыла Цябе мёртвым, Яна ўсклікнула: "Не затрымлівайся, Жыцьцё, сярод мёртвых!". 127. Ужо час Госпаду дзейнічаць, бо яны парушылі закон Твой. Пекла лютае задрыжэла ў страху, калі ўбачыла Цябе, несьмяротнае Сонца славы, і імгненна адпусьціла вязьняў сваіх. 128. Дзеля гэтага я палюбіў загады Твае больш за золата, золата шчырае. Страшнае відовішча перад нашымі вачыма, Збавіцелю: Прычына жыцьця сама аддаецца на сьмерць, каб ажывіць усіх. 129. Дзеля гэтага вызнаю ўсе загады Твае справядлівымі, і няправедныя шляхі ненавіджу. Бок Твой, Збавіцелю, быў прабіты кап'ём, і рукі Твае параненыя цьвікамі, каб залячыць грахоўную рану тае, што выйшла з боку Адама. О непаўстрыманасьць прабацькоў! 130. Годныя подзіву загады Твае: таму душа мая захоўвае іх. Перш па сынох Рахілі плакалі ва ўсіх дамох; цяпер па Сыне Дзевы плача грамада апосталаў і Ягоная Маці. 131. Тлумачэньне словаў Тваіх прасьвятляе і навучае недасьведчаных. Рукамі білі па твары Хрыста, які рукою сваёю стварыў чалавека і пашчу зьвера скрышыў. 132. Адкрываю вусны мае і ўздыхаю, бо прагну запаветаў Тваіх. У песьнях мы, верныя, славім Тваё, Хрысьце, укрыжаваньне і пахаваньне, якім мы былі вызваленыя ад сьмерці. Слава ... Беспачатны Ойча, Сыне спрадвечны і Духу Сьвяты, прававерных хрысьціянаў умацуй у дабрыні Тваёй. Цяпер ... Беззаганная чыстая Дзева, што нарадзіла Жыцьцё, суцішы разлады ў Царкве, і ў дабрыні Тваёй даруй ёй супакой.
Дастойна ёсьць узьвялічваць Цябе, Жыцьцядаўча, які на крыжы рукі распасьцёр і скрышыў моц ворага.
Малая літанія з воклікам: Бо Ты сьвяты, Хрысьце Божа наш, які спачываеш на хэрувімскім пасадзе, і мы Табе славу аддаем, разам з адвечным Тваім Айцом, і з усесьвятым, добрым і жыцьцядайным Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. |
|
|
|
|
|

|
|

|
|
|
|
|