Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Вялікая Субота


 

 

Вялікая Субота

ТРЭЦЯЕ СТАЯНЬНЕ


Усе пакаленьні, Хрысьце, пяюць песьню хвалы Твайму пахаваньню.
133. Глянь на мяне і зьмілуйся нада мною, як звыкла робіш з тымі, хто любіць імя Тваё.
Язэп з Арыматэі зьняў Цябе з дрэва, спавіў у пахавальнае палатно і паклаў у магілу.
134. Накіруй мае крокі паводле словаў Тваіх: хай не валодае мною беззаконьне.
Мудрыя міраносіцы прынесьлі Табе, Хрысьце, духмяныя алейкі.
135. Выбаў мяне ад намоваў людзкіх, і я захаваю Твае запаветы.
Прыйдзі, усё стварэньне, будзем разам сьпяваць пахавальныя песьні Творцу.
136. Пакажы сьветласьць твару Твайго слузе Твайму і навучы мяне Тваім запаветам.
Разам з мудрымі міраносіцамі памажам алейкамі Жывога, быццам мёртвага.
137. Струмені сьлёз пацяклі з вачэй маіх, бо я не захоўваў запаветаў Тваіх.
Тройчы блаславёны Язэпе, пахавай цела Жыцьцядаўца.
138. Праведны Ты, Госпадзе, і справядлівы суд Твой. Узьнялі на Дабрачынца пяту тыя, каго Ён карміў маннаю.
139. Законы, што Ты паклаў, – справядлівыя і праўдзівыя.
Тыя, каго Ён карміў маннаю, прыносяць Збавіцелю жоўць і воцат.
140. Руплівасьць мяне паглынае, бо ворагі мае забыліся на словы Твае. Бязьмежнае шаленства прароказабойцаў, што забілі Хрыста!
141. Слова Тваё выпрабаванае, і таму слуга Твой любіць яго.
Быццам неразумны слуга, вучань прадаў Бездань Мудрасьці.
142. Малы я і ўпакораны: не забываюся на запаветы Твае.
Пакінуўшы Збавіцеля, крывадушны Юда застаўся ў палоне.
143. Справядлівасьць Твая – справядлівасьць вечная, і Закон Твой – праўда.
Як сказаў Саламон: "Вусны беззаконных – яма глыбокая".
144. Нягоды і гора напалі на мяне: Закон Твой – суцяшэньне маё. Пасткі і церне на крывых сьцежках беззаконьнікаў.
145. Вечная справядлівасьць загадаў Тваіх: дай мне разуменьне, і буду жыць.
Язэп з Нікодымам хаваюць з пашанаю мёртвага Творцу.
146. Ад усяго сэрца клічу: Выслухай мяне, Госпадзе, я буду захоўваць запаветы Твае.
Жыцьцядаўча Госпадзе, Ты разбурыў пекла: слава сіле Тваёй!
147. Клічу Цябе: Збаў мяне, і я захаваю запаветы Твае.
Усячыстая па–матчынаму заплакала, калі ўбачыла Цябе, Слова, у магіле.
148. На досьвітку ўстаю і прашу дапамогі; спадзяюся на слова Тваё.
"Салодкая Вясна мая, салодкае Дзіця маё! Дзе падзелася краса Твая?".
149. Вочы мае ня знаюць сну ў начныя варты, каб разважаць аб словах Тваіх.
Калі Ты, Слова, памёр, усячыстая Маці Твая горка заплакала.
150. Пачуй голас мой, Госпадзе, у міласэрнасьці Тваёй і ажыві мяне загадам Тваім.
Жанчыны прыйшлі з мірам памазаць Боскае Міра – Хрыста.
151. Ужо блізка беззаконьнікі, што перасьледуюць мяне; далёкія яны ад закону Твайго.
Калі Ты памёр, Божа мой, Ты ўмярцьвіў сьмерць Боскаю сілаю Тваёю.
152. Блізка Ты, Госпадзе, і ўсе шляхі Твае – праўда.
Ашуканец ашукаўся, і той, каго ён спакусіў, вызваляецца мудрасьцю Тваёю, Божа мой.
153. Здаўна пазнаў з загадаў Тваіх, што Ты іх устанавіў давеку. Здраднік быў скінуты на самае дно пекла, у зьнішчальную яму.
154. Глянь на гора маё і збаў мяне, бо я не забыўся на законы Твае. Церне і пасткі – вось шлях тройчы шалёнага і лютатага Юды.
155. Судзі справу маю і збаў мяне: ажыві мяне словам Тваім. Згінуць усе, што расьпіналі Цебе, Сыне Божы і Ўладару ўсіх.
156. Далёкае збаўленьне ад грэшнікаў, што ня дбаюць пра Твае запаветы.
У яме гібельнай знойдуць свой канец мужы крыві.
157. Шматлікія даброты Твае, Госпадзе: дай мне жыцьцё згодна з прысудам Тваім.
Сыне Божы і Ўладару ўсіх, Божа і Творча мой, як гэта Ты пацярпеў мукі?
158. Шмат тых, што шкодзяць мне і перасьледуюць мяне: я ж ад запаветаў Тваіх не ўхіліўся.
Як авечка ягнё, так Дзева клікала Цябе, калі ўбачыла Цябе на крыжы.
159. Бачу адступнікаў і брыджуся імі, бо яны словаў Тваіх не захоўваюць.
Язэп з Нікодымам хаваюць жыцьцядайнае цела.
160. Глянь, як я палюбіў запаветы Твае, Госпадзе, у міласэрнасьці Тваёй ажыві мяне.
З параненым сэрцам Дзева ліла гарачыя сьлёзы і плакала.
161. Пачатак словаў Тваіх – праўда, і вечныя ўсе прысуды Тваёй справядлівасьці.
"Сьвятло вачэй маіх, Дзіця маё любае, як гэта Ты сёньня кладзешся ў магілу?".
162. Князі перасьледуюць мяне без прычыны, але сэрца маё ў подзіве ад словаў Тваіх.
"Ня плач, мая Маці, бо Я цярплю, каб вызваліць Адама з Эваю".
163. Цешуся са словаў Тваіх як той, хто знайшоў вялікую здабычу.
"Слаўлю, Сыне мой, Тваю бязьмежную добрасардэчнасьць, дзеля якой Ты церпіш".
164. Несправядлівасьць ненавісная і агідная мне, а закон Твой люблю я.
У спагадзе Тваёй Ты пакаштаваў воцату і жоўці, каб адмяніць першы праклён забароненага плоду.
165. Сем разоў на дзень я хвалю Цябе за Твае справядлівыя прысуды.
Ты, што некалі людзей Тваіх пакрываў хмарным стаўпом, быў прыбіты да крыжа.
166. Супакой глыбокі тым, што любяць закон Твой – не спатыкнуцца яны.
Міраносіцы, Збавіцелю, прыйшлі да магілы і прынесьлі духмяныя алейкі.
167. Спадзяюся на збаўленьне Тваё, Госпадзе, і загады Твае выконваю. Устань, Добры, і з бездані апраметнай уздымі мяне.
168. Душа мая захоўвае запаветы Твае і моцна любіць іх.
"Устань, Жыцьцядаўча!" – Маці Твая, якая нарадзіла Цябе, кажа са сьлязьмі.
169. Я захоўваю Твае запаветы і сьведчаньні, і ўсе шляхі мае перад Табою.
Сьпяшайся ўваскрэснуць і суняць сум і боль Маці, якая беззаганна нарадзіла Цябе.
170. Няхай малітва мая дойдзе да Цябе, дай мне разуменьне згодна са словам Тваім.
Нябесныя сілы ў страху сумеліся, калі ўбачылі Цябе мёртвым.
171. Хай просьба мая дойдзе да Цябе, Госпадзе, выбаў мяне згодна са словам Тваім.
Дай адпушчэньне правінаў тым, што з любоўю і страхам шануюць цярпеньні Твае.
172. Хай вусны мае пяюць хвалу Тваю, бо Ты навучаеш мяне Тваім запаветам.
Што за страшныя і дзіўныя рэчы бачым, Слова Божае! Як гэта зямля пакрывае Цябе?
173. Хай язык мой пяе славу словам Тваім, бо ўсе загады Твае справядлівыя.
Некалі адзін Язэп уцякаў з Табою, Збавіцелю, а вось цяпер другі Язэп хавае Цябе.
174. Хай рука Твая будзе са мною і дапамагае мне, бо я выбраў запаветы Твае.
Галосіць Усячыстая Маці Твая, Збавіцелю мой, бо бачыць Цябе мёртвым.
175. Прагну збаўленьня Твайго, Госпадзе; закон Твой – суцяшэньне маё.
Нябесныя сілы жахнуліся ад дзіўнага і страшнага пахаваньня Твайго, Творца ўсіх.
176. Хай жыве душа мая і хай хваліць Цябе, і наказы Твае хай дапамогуць мне.
Міраносіцы прыйшлі на досьвітку, каб паліць магілу духмянымі алейкамі.
177. Блукаю, быццам заблудная авечка: знайдзі слугу Твайго, бо я не забыўся на запаветы Твае.
Дай супакой Царкве і збаўленьне людзям уваскрасеньнем Тваім.
Слава ...
Божа, адзін у Тройцы, Ойча, Сыне і Духу, зьмілуйся над сьветам.
Цяпер ...
Дай слугам Тваім, Багародзіца, бачыць Уваскрасеньне Сына Твайго.
Усе пакаленьні, Хрысьце, пяюць песьню хвалы Твайму пахаваньню.

Людзі адразу пачынаюць сьпяваць песьні Ўваскросныя, а сьвятар кадзіць царкву:
(Тон 3): Блаславёны Ты, Госпадзе, навучы мяне Тваім запаветам.
Хор анёлаў зьдзівіўся... і г. д. (Гл. ютрань нядзельную)

Малая літаніяз воклікам:
Бо Ты –Уладар сьвету, Хрысьце Божа наш, і мы Табе славу аддаем, разам з адвечным Тваім Айцом, і з усесьвятым, добрым і жыцьцядайным Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Сядальная песьня (Тон 1): Выпрасіўшы ў Пілата найчыстае цела Тваё, Язэп агарнуў яго ў чыстае палатно, памазаў духмянымі алейкамі і ў новай магіле пахаваў. А жанчыны міраносіцы, што прыйшлі рана, клікалі: "Пакажы нам, Хрысьце, як прадказаў, Уваскрасеньне Тваё!".
Слава ... Цяпер ...
Анельскія хоры жахнуліся, калі ўбачылі мёртвым у магіле Таго, хто жыве ва ўлоньні Айца; разам з мёртвымі ў падзем'і яны ўславілі Яго, як Несьмяротнага Творцу і Госпада.

Чытальнік (Пс 50): Зьмілуйся нада мною, Божа...

 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст