Галоўная > Мінэя - Сьнежань > 6 сьнежня - між сьвятымі айца нашага Міколы Цудатворца, арцыбіскупа Мірлікійскага
6 сьнежня - між сьвятымі айца нашага Міколы Цудатворца, арцыбіскупа Мірлікійскага5 чэрвеня 2008. |
|
ВЯЧЭРНЯ На "Госпадзе, Цябе клічу...": (Тон 2). Родам з Міраў, памазаны духоўным мірам, ты, сьвятаначальнік Хрыстовы Мікола, сам паказаўся сапраўдным мірам, што напаўняе духмянасьцю ўсіх, хто з вераю і любоўю сьвяткуе слаўную тваю, ойча, памяць, і малітвамі тваімі да Бога выбаўляеш іх ад бедаў, суму і напасьцяў. Названы нездарма "пераможцам", ты, сьвяты ойча Мікола, явіўся надзейным памочнікам верных у напасьцях. Ты сьпяшыш з дапамогаю ўсюды, дзе цябе клічуць, і ўдзень і ўночы збаўляеш верных ад бедаў і суму. Ты зьявіўся ў сьне Канстантыну цару і Аўлавію з перасьцярогаю і ўклаў страх у сэрцы іх, кажучы: "Вызвальце тых, каго трымаеце ў вязьніцы, бо яны нявінныя ў забойстве. Калі ты, цару, не паслухаеш мяне, паклічу на цябе ў малітве Госпада Хрыста". Сьвяты Мікола, слаўны прапаведнік Хрыстовы, поўны спагады і моцны ў малітве, ты надзейны і хуткі заступнік тых, што на зямлі і далёка на моры. Дзеля гэтага мы ўсе клічам: "Малі Госпада выбавіць нас ад усіх цяжкіх абставінаў". Якімі пахвальнымі вянкамі ўславім вялікага сьвятаначальніка, які жыў у Мірах, а цяпер духоўна прысутны з усімі, хто любіць яго? Ён – надзейны заступнік і пацяшыцель сумных, прыстанішча ў бедах, стоўп дабрадзейнасьцяў, верных абаронца, якім Хрыстос перамагае ворагаў і даруе нам веліч зьмілаваньня свайго. Якімі песьнямі ўсхвалім сьвятаначальніка, нязбожнасьці праціўніка, выдатнага абаронцу пабожнасьці, царкоўнага першасьвятара, вялікага заступніка і настаўніка, які пасароміў ўсіх нязбожных, перамог Арыя і ягоных паплечнікаў. Дзякуючы яму Хрыстос сунімае закалоты і дае нам веліч зьмілаваньня. Якімі прарочымі песьнямі ўславім сьвятаначальніка? Ён прадказваў будучыню, і бачыў далёкія рэчы, быццам яны былі побач; абдымаў зрокам увесь сьвет і пакрыўджаных збаўляў. Зьявіўшыся ў сьне цару, ён выбавіў нявінных вязьняў ад сьмерці. Сёньня ён дае ўсім нам веліч Хрыстовага зьмілаваньня. Слава ... (Тон 6). Усхвалім, верныя, сьвятаначальнікаў красу, айцоў славу, крыніцу цудаў і вялікага заступніка верных, кажучы: "Радуйся, Міраў ахоўнік, слаўны сьвятаначальнік і стоўп непарушны! Радуйся, ясны сьветачу, што асьвятляеш ўсе канцы зямлі цудамі! Радуйся, сумных боская радасьць і пэўны абаронца пакрыўджаных. Сёньня, блаславёны Мікола, не пераставай маліцца Хрысту Богу за тых, што з вераю і любоўю шануюць цябе і радасна спраўляюць тваю сьветлую памяць. Цяпер ... 1. У буднія дні: (Тон 6). Пячора, падрыхтуйся прыняць Маці, якая мае ва ўлоньні сваім Хрыста. Ясьлі, прыміце Слова, якое зьнішчыла грахі ўсіх. Пастухі, чувайце і будзьце сьведкамі дзівоснага цуду. Мудрацы, прыйдзіце з Пэрсыі і прынясеце Ўладару дары золата, ладану і міра. Бо вось Госпад зьявіўся нам з дзявочага ўлоньня Маці, і Яна, трымаючы Яго ў абдымках сваіх і схіліўшыся над Ім, пакланілася Яму, кажучы: "Як гэта Ты быў зачаты ўва мне, як Ты рос ва ўлоньні маім, Божа і Збавіцелю мой?". 2.У нядзелю: Дагматык адпаведнага тону.
Чытаньне кнігі Прыповесьцяў (10:7–8;3:13–16;8:6,34–35,4,12,14, 17,5–9; 1:23; 15:4) Памяць праведнага поўная хвалы, і блаславеньне Гасподняе на галаве яго. Блаславёны той, хто набыў мудрасьць і знайшоў разуменьне. Лепш набываць мудрасьць чым золата і серабро. Яна больш вартасная за каштоўныя камяні, усё, чаго б ты не жадаў, не раўняецца ёй. Даўгалецьце ў правай руцэ яе, а ў левай – багацьце і слава. З вуснаў яе цячэ справядлівасьць, закон і міласэрнасьць на языку ў яе. Паслухайце мяне, дзеткі, бо важнае кажу, з вуснаў маіх выходзяць словы праўды. Шчасьлівы той, хто мяне слухае, штодня ля дзьвярэй маіх чакае, ля парогу варот маіх чувае. Бо хто мяне знайшоў, знайшоў жыцьцё і асягнуў ласку ў Госпада. Клічу вас, людзі: да сыноў людзкіх мой голас. Я – мудрасьць, разважлівасьць блізкая мне, маю глыбокую веду. У мяне рада і помач, мая разважнасьць і сіла. Я люблю тых, што мяне любяць; хто шукае мяне пільна, той знаходзіць. Прастадушныя, навучайцеся разважлівасьці і вы, неразумныя, набірайцеся розуму. Слухайце, бо я пра важныя рэчы гавару, шчырасьць адчыняе вусны мае. Вусны мае кажуць праўду, усё крывадушнае агіднае вуснам маім. Усе словы мае праўдзівыя, няма нічога няшчырага, крывадушнага ў іх. Усе яны ясныя для тых хто іх разумее, і праўдзівыя для тых, хто асягнуў мудрасьць. Вярніцеся на шлях мой. Вось я надзялю вас духам маім і навучу вас радам маім. Лагодны язык – дрэва жыцьця, а крывадушны губіць душу.
Чытаньне кнігі Прыповесьцяў (10:31–11:12) Вусны праведнага кажуць мудрасьць, а язык распусны будзе зьнішчаны. З вуснаў праведнага цячэ тое, што мілае Богу, з вуснаў няверных – распуста. Агідная Госпаду мера няправедная, вага справядлівая да спадобы Яму. З высакамернасьцю прыходзіць ганьба, са сьціпласьцю – мудрасьць. Шчырасьць кіруе праведнымі, здрадлівых загубіць іхняя хітрасьць. У дзень гневу багацьце бескарыснае, а справядлівасьць ратуе ад сьмерці. Праведнасьць нявіннага выраўноўвае шлях яму, а нязбожны гіне з прычыны нязбожнасьці сваёй. Праведнасьць зьяўляецца ратункам для справядлівых, у сваёй злосьці запутваюцца падступныя. Памірае грэшнік, і з ім гіне надзея яго; марныя спадзяваньні сільных. Справядлівы вызваляецца ад бяды, замест яго ў яе ўпадае нязбожны. Няправедны вуснамі губіць бліжняго свайго, праніклівасьць праведных збаўляе іх. Калі праведным шчасьціць, увесь горад цешыцца; калі грэшнікі гінуць, усе скачуць з радасьці. Блаславеньнем праведнікаў горад умацоўваецца, вуснамі грэшнікаў – занепадае. Неразумны выказвае ўголас пагарду да іншых, разумны ўмее маўчаць.
Чытаньне кнігі Мудрасьці (4:7–15) Праведнік, хоць бы і памёр перадчасна, знойдзе супакой. Старасьць ягоная пачэсная не даўгалецьцем, яна ня мерыцца лікам гадоў; сівізна ягоная – мудрасьць, а мера старасьці – жыцьцё беззаганнае. Ён быў даспадобы Богу, знайшоў міласьць у Яго і, жывучы сярод грэшнікаў, быў забраны, каб злосьць не адмяніла думкі ягонай, і няшчырасьць не зьвяла душы ягонай. Бо прывабнасьць злога засланяе добрае, і бура пажадлівасьцяў зацямняе правы розум. Дасягнуўшы рана дасканаласьці, ён шмат перажыў, бо душа яго была мілая Богу і таму Ён пасьпяшыў забраць яго з благога асяродзьдзя. А людзі бачылі гэта і не разумелі, і ня ўзялі сабе гэтага да сэрца, што міласэрнасьць і ласка Ягоная з выбранымі Ягонымі, і провід Ягоны са сьвятымі Яго.
Вершапесьні (Тон 5). Радуйся, асьвячаная галава, чысты дом дабрадзейнасьцяў, боскага сьвятарства правіла, пастыр вялікі, ясны сьветач, што носіш імя перамогі, міласэрны памочнік усіх, хто ў малітве прыходзіць да цябе! Ты выслухоўваеш просьбы немачных, як хуткі памочнік і надзейны абаронца тых, што з вераю шануюць слаўную памяць тваю. Малі, блаславёны, Хрыста дараваць сьвету веліч зьмілаваньня. Верш. Дарагая ў вачох Госпада сьмерць сьвятых Яго. Радуйся, асьвячаны розум, чыстае жыльлё Тройцы, стоўп царкоўны і ўмацаваньне верных, пераможаных памочнік, зорка, што сьвятлом малітваў разганяе цемру напасьцяў і суму; ціхае прыстанішча, да якога прыходзяць усе агорнутыя жыцьцёвымі хваляваньнямі, каб знайсьці супакой. Малі Хрыста дараваць душам нашым веліч зьмілаваньня. Верш. Сьвятары Твае, Госпадзе, апрануцца ў справядлівасьць і сьвятыя Твае ў радасьці жыць будуць. Радуйся, поўны Божай руплівасьці: тваім зьяўленьнем у сьне ты выбавіў ад сьмерці несправядліва засуджаных. Радуйся, крыніца, з якое шчодра цячэ міра духмянае, што поіць душы і погань граху абмывае. Радуйся, меч, што мякіну маны адсякае; радуйся, Мікола, што адсяваеш пустаслоўнае вучэньне Арыя! Малі Хрыста дараваць душам нашым веліч зьмілаваньня. Слава ... (Тон 6). Чалавеку Божы і верны слуга Госпада, мужу жаданьняў духоўных, посуде выбраны, стоўп і ўмацаваньне Царквы, валадарства спадкаемца, не змаўкай маліць за нас Госпада. Цяпер ... (Тон 6). Чыстая Дзева, адкуль Ты прыйшла; хто нарадзіў Цябе? хто маці твая? Як гэта Ты на руках тваіх носіш Тварца? як засталася Дзеваю пасьля родаў? Бачым вялікія і слаўныя тайны, што ў Табе, Усесьвятая, споўніліся, і рыхтуем Табе дастойную пячору на зямлі, просячы даць нам з неба праводную зорку, якая прывяла з усходу мудрацоў, каб убачыць Збаўленьне людзей, што ляжыць у ясьлях, спавітае ў пялёнкі.
Адпушчальныя трапары Сьвятога (тон 4). Правілам веры і прыкладам лагоднасьці, настаўнікам устрыманасьці ты быў на справе для статку твайго; дзеля гэтага ты дасягнуў вышыняў пакораю, здабыў багацьці ўбогасьцю. Ойча сьвятаначальніча Мікола, малі Хрыста Бога, каб Ён збавіў душы нашы. Слава ... цяпер ... Багародзічны (Тон 4). Тайна спрадвеку ўкрытая і анёлам няведамая Табою, Багародзіца, тым, што жывуць на зямлі, сталася яўнаю: Бог прыняў цела ад Цябе, спалучыўшы ў сабе без зьліцьця дзьве прыроды і, пацярпеўшы дзеля нас дабравольна на крыжы, уваскрасіў ім першастворанага і выбавіў ад сьмерці душы нашы.
Ютрань Пасьля "Госпад – Бог...": Трапары як у канцы вячэрні.
Сядальныя песьні 1 (тон 2). Ойча Мікола, як біскуп у Мірах, ты быў памазаны духоўным мірам. Духмянасьцю цудаў тваіх ты напоўніў сьвет, праліваючы ўвесь час міра тваімі словамі і памяцьцю пра нас. Слава ... Ты, мудры Мікола, зазьзяў на зямлі промнямі цудаў і клічаш усе народы славіць Таго, хто праславіў цябе. Малі Яго, каб нам, якія з вераю і любоўю шануем цябе, выбраны ойча, выбавіцца ад усякай бяды. Цяпер ... Ты, Усебеззаганная, зачала ва ўлоньні ад Духа Творцу ўсяго і Бога, і нарадзіла Яго, застаўшыся Дзеваю. Аддаем хвалу Яму і славім у песьнях Цябе, Дзева, як хорам Уладара ўсіх і абарону сьвету.
Сядальныя песьні 2 (тон 4). Ты, сьвяты Мікола, біскупаў слава і пахвала, зьяўляешся заступнікам верных, якіх ахоўваеш, бароніш і збаўляеш. Слава ... (Тон 8). Ты, мудры ойча, – крыніца цудаў. Атрымаўшы дар ад Госпада, шчодра раздаеш яго ўсім верным. Як добры пастыр і прапаведнік веры, ты захаваў словы адзінага сапраўднага Пастыра. Маючы сьмеласьць у Яго, блаславёны біскупе Мікола, ты выбавіў ад смерці людзей. Малі Хрыста Бога даць адпушчэньне грахоў тым, што з любоўю спраўляюць сьвятую памяць тваю. Цяпер ... Я ўпаў у твань грахоў і ня маю ратунку, таплюся ў буры правінаў маіх. Але Ты, Багародзіца, што мужа ня знала і нарадзіла Слова, – Адзінага Чалавекалюбца, – глянь ласкава на мяне і выбаў мяне ад усякага граху і душацялесных страсьцяў, і ад усякіх нападаў хітрага забойцы, і малі Хрыста Бога даць мне адпушчэньне грахоў, бо Ты надзея мая, слугі Твайго.
Паліелей: Хваліце імя Гасподняе ...
Узьвялічваньне. Узьвялічваем цябе, сьвяты ойча Мікола, і шануем сьвятую памяць тваю, бо ты молішся за нас Хрысту Богу нашаму. Верш 1. Вусны мае кажуць праўду, разважнасьць – роздум сэрца майго. Верш 2. На вялікім зборы я гаварыў пра справядлівасьць Тваю. Верш 3. Шчасьлівыя тыя, што жывуць у доме Тваім, яны вечна славяць Цябе. Слава ... цяпер ... Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа! (Тройчы)
Сядальная песьня (тон 5). Мудрага біскупа, баганоснага Міколу праславім, верныя, як шчырага заступніка і памочніка ў бедах і суме, бо ён моліцца Госпаду за тых, хто з вераю сьвяткуе і ў песьнях славіць ягоную памяць. Слава ... (Тон 4). Ты, Мікола, быў верным пастырам Царквы Хрыстовае, сьмела нішчыў нязбожныя вучэньні, і быў жывым прыкладам праўдзівай веры. Маліся за ўсіх тых, што ідуць усьлед за тваім прыкладам і навукаю. Цяпер ... Прымі, беззаганная Ўладарка, нашыя малітвы, і занясі іх да Сына Твайго і Бога. Выбаў ад цяжкіх абставінаў тых, што прыбягаюць да Цябе, і зьнішч подступы і дзёрзкасьць нязбожных, што паўстаюць на слугаў Тваіх, Усячыстая.
Узыходная песьня: першы антыфан 4 тону.
Пракімен: Дарагая ў вачох Госпада сьмерць сьвятых Яго. Верш. Што дам Госпаду ўзамен за ўсё, што Ён даў мне.
Евангельле: Ян 10:1–9
Пасьля Пс 50: Слава ... Малітвамі сьвятога Міколы, Міласэрны, ачысьці мноства правінаў нашых. Цяпер ... Малітвамі Багародзіцы, Міласэрны, ачысьці мноства правінаў нашых. Зьмілуйся нада мною, Божа... (Тон 6). Спадкаемца Божы, супольнік Хрыстовы, слуга Госпада, сьвяты ойча Мікола! Якое імя тваё, такое і жыцьцё. Розум твой зьзяў у тваёй сівізьне, сьветлы твар твой сьведчыў пра дабрыню духа, а пакорнае слова – пра ціхманасьць. Слаўнае было жыцьцё тваё, і супакой твой са сьвятымі. Маліся за душы нашыя.
Канон (тон 2) (Ірмасы) Песьня 1. Ірмас. Як некалі ў глыбіні марской Магутная Сіла патапіла фараонава войска, так Слова, што сталася целам, злосны грэх знішчыла: Усяхвальны Госпад вельмі ўславіўся. Катавасія. Хрыстос родзіцца – слаўце Яго; Хрыстос зыходзіць з нябёсаў – сустракайце Яго; Хрыстос на зямлі – цешцеся! Сьпявай Госпаду, уся зямля, людзі, радасна вітайце Яго, бо Ён праславіўся.
Песьня 3. Ірмас. Царква народаў, што раней была няплоднай, быццам пустыня, зацьвіла як кветка прыйсьцем Тваім, Госпадзе. У ёй умацавалася сэрца маё. Катавасія. Спрадвеку ад Айца народжанаму нятленнаму Сыну, што ў апошнія дні ад Дзевы бяз семя прыняў цела, Хрысту Богу пяем: "Ты наша сіла. Сьвяты Ты, Госпадзе!".
Сядальныя песьні (тон 8). Ты, Мікола, узышоў на вышыню дабрадзейнасьцяў і зазьзяў цудамі, явіўшыся сьвету, як сьветлы пастыр і надзейны заступнік у напасьцях. Ты перамог слаўна ворага, адагнаў ману, і збавіў людзей ад сьмерці. Малі Хрыста Бога, каб Ён дараваў адпушчэньне грахоў тым, што з любоўю сьвяткуюць памяць тваю. Слава ... Усеміласэрны паказаў цябе, Мікола, як раку, што нясе шчодра воды аздараўленьняў, і крыніцу цудаў. Тыя, што церпяць ад цяжкіх немачаў, жыцьцёвых нягодаў і суму, знаходзяць у табе лекара і вернага абаронцу. Таму ўсклікаем табе: Маліся Хрысту Богу, каб Ён дараваў адпушчэньне грахоў тым, што з любоўю сьвяткуюць памяць тваю. Цяпер ... Увесь род людзкі называе Цябе шчасьліваю, бо Ты, Дзева, адзіная сярод жанчынаў, бяз семя нарадзіла ў целе Бога. Агонь Боства пасяліўся ў Табе, і Ты карміла, як немаўля, Творцу і Госпада. Таму ўсе мы, анёлы і людзі, дастойна славім усячыстае сынараджэньне Тваё і дружна ўсклікаем: "Малі Хрыста Бога, каб Ён даў адпушчэньне правінаў нам, якія пакланяемся ўсесьвятому сынараджэньню Твайму".
Песьня 4. Ірмас. Не хадайнік, не анёл, але сам Ты, Госпадзе, прыйшоў ад Дзевы і збавіў мяне, чалавека. Дзеля гэтага клічу: Слава сіле Тваёй, Госпадзе. Катавасія. Як жэзл з кораня Ясеева і кветка, што на ім расквітнела, Ты, Хрысьце, зацьвіў ад Дзевы. Ты, Божа, непадуладны законам прыроды, прыйшоў з гары, ацененай гаем, прыняў цела ад Тае, што мужа ня знала. Слава сіле Тваёй, Госпадзе!
Песьня 5. Ірмас. Хадайнікам Бога і людзей Ты быў, Хрысьце Божа: Табою, Уладару, мы атрымалі доступ з ночы няведаньня да Начальніка сьвятла, Айца Твайго. Катавасія. Як Бог міру і Айцец ласкаў, Ты паслаў нам Анёла вялікае Рады, які нам прынёс супакой. Накіраваныя Ім да сьвятла, сярод нядрэмнай ночы славім Цябе, Чалавекалюбча.
Песьня 6. Ірмас. З бездані грахоў маіх неспасьціглую бездань міласэрнасьці Тваёй клічу: ад тленнасьці, Божа, уздымі мяне. Катавасія. Зьвер марскі выкінуў з нутра свайго Ёну, які быў там, быццам дзіця ва ўлоньні. Слова, што было ва ўлоньні Дзевы і ўзяло цела ад Яе, выйшла адтуль, захаваўшы Яе непарушнаю. Будучы непадуладным тленнасьці, Хрыстос захаваў непашкоджанаю Маці сваю.
Кандак (тон 3). У Мірах ты, сьвяты, паказаў сябе сапраўдным слугою Божым. Выпаўніўшы Евангельле Хрыстова, ты, блаславёны, паклаў душу за людзей тваіх і выбавіў нявінных ад сьмерці. Дзеля гэтага ты ўвесь асьвяціўся, стаўшыся вялікім тайнікам ласкі Божае. Ікас. Уславім сёньня ў песьнях сьвятаначальніка, пастыра і настаўніка людзей у Мірах, і прасьветлімся ягонымі малітвамі. Як верны сьвятар, ён зьзяў чысьцінёю душы і цела, прыносячы Хрысту чыстую і бязьвінную ахвяру, прыемную Богу. Ён быў сапраўдным князем і абаронцам Царквы і вялікім тайнікам ласкі Божае.
Песьня 7. Ірмас. Богапраціўны загад беззаконнага мучыцеля ўзьняў высока полымя; расу духоўную паслаў набожным юнаком Хрыстос блаславёны і ўсяслаўны. Катавасія. Адкінуўшы з пагардаю нязбожны загад, узгадаваныя ў дабрадзейнасьці юнакі не збаяліся пагрозы агню, але стаялі сярод полымя і сьпявалі: "Божа айцоў нашых, блаславёны Ты!".
Песьня 8. Ірмас. Некалі печ вогненная ў Бабілёне хальдэяў спаліла, а верных на загад Бога акрапіла расою, і яны запяялі: "Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада!". Катавасія. Печ, мокрая ад расы, была вобразам звышпрыроднага цуду. Як яна не спаліла ўкінутых у яе юнакоў, так агонь Боства, што пасяліўся ў Дзявочым улоньні, не пашкодзіў яго. Дзеля гэтага пяём: "Усе стварэньні хай славяць Госпада і ўзьвялічваюць Яго праз усе вякі!".
Песьня 9. Ірмас. Сын спрадвечнага Айца, Госпад і Бог, прыняў ад Дзевы цела і зьявіўся нам, каб прасьвятліць тых, што ў цемры, і сабраць расьцярушаных. Дзеля гэтага мы ўсяхвальную Багародзіцу ўзьвялічваем. Прыпеў. Сьвяты ойча Мікола, малі Бога за нас. Прасьветлены зьзяньнем ласкі, ты, багамудры, быў сьветачам дабрадзейнасьцяў і пабожнасьці; і цяпер, блаславёны ойча, збаўляеш людзей ў напасьцях, ратуеш тых, што гінуць у буры марской, і корміш галодных. Ты, баганосны і блаславёны Мікола, з нябесных райскіх кругоў, дзе цяпер знаходзішся, глядзіш на тых, што ў песьнях славяць цябе, і збаўляеш іх ад усякай бяды і суму. Слава ... цяпер ...: Ты, Божая Маці, нарадзіла Мудрасьць, і Сілу, і адзінасутнае Слова Айца, прыняўшы Яго ў сябе, быццам у хорам, і зьяднаўшы неразьдзельна з людзкой прыродаю. Катавасія. Дзіўную і слаўную бачу тайну: пячора – неба, Дзева – пасад хэрувімскі, ясьлі – жыльлё, у якім памясьціўся незьмяшчальны Хрыстос, якога мы ў песьнях славім.
Экзапастыляр (сьвяцільнік). Вялікага архіпастыра, першасьвятара Мірлікійскага Міколу ўсхвалім. Ён выратаваў многіх людзей, неправедна асуджаных на сьмерць, зьявіўшыся цару ў сьне і пераканаўшы яго адмяніць няправедны прысуд. Слава ...: Госпад праславіў цябе цудамі пры жыцьці і пасьля сьмерці, сьвятаначальнік Мікола. Хто толькі з любоўю і вераю пакліча імя тваё, будзе выслуханы, бо ты – вялікі заступнік усіх нас. Цяпер ...: Ты, Дзева, нарадзіла Слова спрадвечнае, Мудрасьць увасаблёную і Лекара ўсіх, Хрыста. Ацалі раны маёй душы і выкарані з сэрца майго грэшныя думкі.
Пахвальныя псалмы (Тон 1). Узіраючыся пільна на вышыню духоўную, ты, ойча, спасьцігнуў глыбіню мудрасьці. Тваімі вучэньнямі ты ўзбагаціў сьвет, і цяпер, сьвяты Мікола, молішся няспынна Хрысту за ўсіх нас. Чалавек Божы і верны ўгоднік, распарадчык Божых тайнаў, муж жаданьняў духоўных, стоўп адухоўлены і прыклад натхненьня: Царква Мірлікійская мела цябе, як Боскі скарб, а мы ўсе маем у табе надзейнага малельніка за душы нашыя. Блаславёны Мікола, ты, быццам птушка з нябеснага гнязда, аблятаеш кветкі царкоўныя і няспыннымі малітвамі да Бога выбаўляеш нас ад спакусаў і бедаў. Дабрадзейнымі ўчынкамі ты, ойча Мікола, упрыгожыў тваю сьветлую сьвятарскую вопратку. І цяпер дзівосныя рэчы чыніш для нас і ратуеш ад злога. Табе, сьвяты ойча, было дадзена адчуць красу нябачных рэчаў і бачыць невыказную славу сьвятых. Таму ты нам перадаеш нябесныя словы непрамінальнага жыцьця. Ты, ойча, явіўся ў сьне набожнаму цару і ўратаваў вязьняў ад сьмерці. Цяпер маліся няспыннна, каб выбавіцца ад спакусаў, выпрабаваньняў і немачаў нам, якія славім цябе. Слава ... (Тон 5). Заграйма на трубах, запяём сьвяточную песьню і ўзрадуемся ў дзень сьвята баганоснага айца. Уладары і начальнікі хай прыйдуць і ўславяць таго, хто зьявіўся ў сьне цару і пераканаў яго адпусьціць трох нявінна асуджаных на сьмерць вязьняў. Пастыры і настаўнікі, сышоўшыся, хай усхваляць, добрага пастыра, пераймальніка Вялікага Пастыра. Хай хворыя славяць лекара, тыя, што ў бядзе – памочніка, грэшнікі – заступніка, бедныя – апекуна, сумныя – пацяшыцеля, тыя, што ў дарозе – спадарожніка, на моры – правадніка, і ўсе – таго, хто заўсёды сьпяшаецца з дапамогаю. Усхвалім вялікага сьвятаначальніка і ўсклікнем: "Сьвяты Мікола, выбаў нас ад бяды, якая нас чакае, і малітвамі тваімі збаў статак твой!". Цяпер ... Заграйма ў трубы і запяем, бо вось Уладарка ўсіх, Маці і Дзева, глядзіць на нас і вянчае блаславеньнем сваім тых, што славяць Яе. Хай зыдуцца ўладары і запяюць песьню хвалы Ўладарцы, што нарадзіла Ўладара, які захацеў у дабрыні сваёй і чалавекалюбстве вызваліць тых, што былі трыманыя пад уладаю сьмерці. Пастыры і настаўнікі, сышоўшыся, усхваліце ўсячыстую Маці Добрага Пастыра, сьвечнік залаты, сьветлую хмару, больш прасторную за неба, адухоўлены ківот, вогненны пасад Уладара, залаты посуд з маннаю, зачыненую браму Слова, усіх хрысьціянаў прытулак. Усхвалім Яе боганатхнёнымі песьнямі і ўсклікнем: "Хорам Слова, зрабі нас, пакорных, годнымі нябеснага валадарства, бо няма нічога немагчымага для Твайго заступніцтва".
Вялікае ўслаўленьне і трапары, як у пачатку ютрані.
Літургія Трапары Трапар (тон 4). Правілам веры і прыкладам лагоднасьці, настаўнікам устрыманасьці ты быў на справе для статку твайго; дзеля гэтага ты дасягнуў вышыняў пакораю, здабыў багацьці ўбогасьцю. Ойча сьвятаначальніча Мікола, малі Хрыста Бога, каб Ён збавіў душы нашы. Кандак (тон 3). У Мірах ты, сьвяты, паказаў сябе сапраўдным слугою Божым. Выпаўніўшы Евангельле Хрыстова, ты, блаславёны, паклаў душу за людзей тваіх і выбавіў нявінных ад сьмерці. Дзеля гэтага ты ўвесь асьвяціўся, стаўшыся вялікім тайнікам ласкі Божае.
Пракімен (Пс. 115:6:3). Дарагая ў вачох Госпада сьмерць сьвятых Яго. Верш. Чым адплачу Госпаду за ўсе дабрадзействы Яго.
Апостал: Гэб 13:17–21
Алілуя (Пс.131:9,13). Сьвятары Твае, Госпадзе, апрануцца ў справядлівасьць і сьвятыя Твае ў радасьці жыць будуць. Верш. Госпад выбраў Сыён, захацеў мець яго жыльлём сабе.
Евангельле: Лк 6:17–23а
Прычасьнік. Памяць праведніка жыць будзе вечна, благое весткі ён не збаіцца. Алілуя, алілуя, алілуя. Вярнуцца назад |