ВЯЧЭРНЯ
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 2). Родам з Міраў, памазаны духоўным мірам,
ты, сьвятаначальнік Хрыстовы Мікола, сам паказаўся сапраўдным мірам, што
напаўняе духмянасьцю ўсіх, хто з вераю і любоўю сьвяткуе слаўную тваю, ойча,
памяць, і малітвамі тваімі да Бога выбаўляеш іх ад бедаў, суму і напасьцяў.
Названы нездарма "пераможцам", ты, сьвяты ойча Мікола, явіўся
надзейным памочнікам верных у напасьцях. Ты сьпяшыш з дапамогаю ўсюды, дзе цябе
клічуць, і ўдзень і ўночы збаўляеш верных ад бедаў і суму.
Ты зьявіўся ў сьне Канстантыну цару і Аўлавію з перасьцярогаю
і ўклаў страх у сэрцы іх, кажучы: "Вызвальце тых, каго трымаеце ў вязьніцы, бо
яны нявінныя ў забойстве. Калі ты, цару, не паслухаеш мяне, паклічу на цябе ў
малітве Госпада Хрыста".
Сьвяты Мікола, слаўны прапаведнік Хрыстовы, поўны спагады і
моцны ў малітве, ты надзейны і хуткі заступнік тых, што на зямлі і далёка на
моры. Дзеля гэтага мы ўсе клічам: "Малі Госпада выбавіць нас ад усіх цяжкіх
абставінаў".
Якімі пахвальнымі вянкамі ўславім вялікага сьвятаначальніка,
які жыў у Мірах, а цяпер духоўна прысутны з усімі, хто любіць яго? Ён – надзейны
заступнік і пацяшыцель сумных, прыстанішча ў бедах, стоўп дабрадзейнасьцяў,
верных абаронца, якім Хрыстос перамагае ворагаў і даруе нам веліч зьмілаваньня
свайго.
Якімі песьнямі ўсхвалім сьвятаначальніка, нязбожнасьці
праціўніка, выдатнага абаронцу пабожнасьці, царкоўнага першасьвятара, вялікага
заступніка і настаўніка, які пасароміў ўсіх нязбожных, перамог Арыя і ягоных
паплечнікаў. Дзякуючы яму Хрыстос сунімае закалоты і дае нам веліч зьмілаваньня.
Якімі прарочымі песьнямі ўславім сьвятаначальніка? Ён
прадказваў будучыню, і бачыў далёкія рэчы, быццам яны былі побач; абдымаў зрокам
увесь сьвет і пакрыўджаных збаўляў. Зьявіўшыся ў сьне цару, ён выбавіў нявінных
вязьняў ад сьмерці. Сёньня ён дае ўсім нам веліч Хрыстовага зьмілаваньня.
Слава ...
(Тон 6). Усхвалім, верныя, сьвятаначальнікаў
красу, айцоў славу, крыніцу цудаў і вялікага заступніка верных, кажучы:
"Радуйся, Міраў ахоўнік, слаўны сьвятаначальнік і стоўп непарушны! Радуйся, ясны
сьветачу, што асьвятляеш ўсе канцы зямлі цудамі! Радуйся, сумных боская радасьць
і пэўны абаронца пакрыўджаных. Сёньня, блаславёны Мікола, не пераставай маліцца
Хрысту Богу за тых, што з вераю і любоўю шануюць цябе і радасна спраўляюць тваю
сьветлую памяць.
Цяпер ...
1. У буднія дні:
(Тон 6). Пячора, падрыхтуйся прыняць Маці, якая
мае ва ўлоньні сваім Хрыста. Ясьлі, прыміце Слова, якое зьнішчыла грахі ўсіх.
Пастухі, чувайце і будзьце сьведкамі дзівоснага цуду. Мудрацы, прыйдзіце з
Пэрсыі і прынясеце Ўладару дары золата, ладану і міра. Бо вось Госпад зьявіўся
нам з дзявочага ўлоньня Маці, і Яна, трымаючы Яго ў абдымках сваіх і схіліўшыся
над Ім, пакланілася Яму, кажучы: "Як гэта Ты быў зачаты ўва мне, як Ты рос ва
ўлоньні маім, Божа і Збавіцелю мой?".
2.У нядзелю: Дагматык адпаведнага тону.
Чытаньне кнігі Прыповесьцяў
(10:7–8;3:13–16;8:6,34–35,4,12,14, 17,5–9; 1:23; 15:4)
Памяць праведнага поўная хвалы, і блаславеньне Гасподняе на
галаве яго. Блаславёны той, хто набыў мудрасьць і знайшоў разуменьне. Лепш
набываць мудрасьць чым золата і серабро. Яна больш вартасная за каштоўныя
камяні, усё, чаго б ты не жадаў, не раўняецца ёй. Даўгалецьце ў правай руцэ яе,
а ў левай – багацьце і слава. З вуснаў яе цячэ справядлівасьць, закон і
міласэрнасьць на языку ў яе.
Паслухайце мяне, дзеткі, бо важнае кажу, з вуснаў маіх
выходзяць словы праўды. Шчасьлівы той, хто мяне слухае, штодня ля дзьвярэй маіх
чакае, ля парогу варот маіх чувае. Бо хто мяне знайшоў, знайшоў жыцьцё і асягнуў
ласку ў Госпада. Клічу вас, людзі: да сыноў людзкіх мой голас. Я – мудрасьць,
разважлівасьць блізкая мне, маю глыбокую веду. У мяне рада і помач, мая
разважнасьць і сіла. Я люблю тых, што мяне любяць; хто шукае мяне пільна, той
знаходзіць. Прастадушныя, навучайцеся разважлівасьці і вы, неразумныя,
набірайцеся розуму. Слухайце, бо я пра важныя рэчы гавару, шчырасьць адчыняе
вусны мае. Вусны мае кажуць праўду, усё крывадушнае агіднае вуснам маім. Усе
словы мае праўдзівыя, няма нічога няшчырага, крывадушнага ў іх. Усе яны ясныя
для тых хто іх разумее, і праўдзівыя для тых, хто асягнуў мудрасьць. Вярніцеся
на шлях мой. Вось я надзялю вас духам маім і навучу вас радам маім. Лагодны язык
– дрэва жыцьця, а крывадушны губіць душу.
Чытаньне кнігі Прыповесьцяў (10:31–11:12)
Вусны праведнага кажуць мудрасьць, а язык распусны будзе
зьнішчаны. З вуснаў праведнага цячэ тое, што мілае Богу, з вуснаў няверных –
распуста. Агідная Госпаду мера няправедная, вага справядлівая да спадобы Яму. З
высакамернасьцю прыходзіць ганьба, са сьціпласьцю – мудрасьць. Шчырасьць кіруе
праведнымі, здрадлівых загубіць іхняя хітрасьць. У дзень гневу багацьце
бескарыснае, а справядлівасьць ратуе ад сьмерці. Праведнасьць нявіннага
выраўноўвае шлях яму, а нязбожны гіне з прычыны нязбожнасьці сваёй. Праведнасьць
зьяўляецца ратункам для справядлівых, у сваёй злосьці запутваюцца падступныя.
Памірае грэшнік, і з ім гіне надзея яго; марныя спадзяваньні сільных.
Справядлівы вызваляецца ад бяды, замест яго ў яе ўпадае нязбожны. Няправедны
вуснамі губіць бліжняго свайго, праніклівасьць праведных збаўляе іх. Калі
праведным шчасьціць, увесь горад цешыцца; калі грэшнікі гінуць, усе скачуць з
радасьці. Блаславеньнем праведнікаў горад умацоўваецца, вуснамі грэшнікаў –
занепадае. Неразумны выказвае ўголас пагарду да іншых, разумны ўмее маўчаць.
Чытаньне кнігі Мудрасьці (4:7–15)
Праведнік, хоць бы і памёр перадчасна, знойдзе супакой.
Старасьць ягоная пачэсная не даўгалецьцем, яна ня мерыцца лікам гадоў; сівізна
ягоная – мудрасьць, а мера старасьці – жыцьцё беззаганнае. Ён быў даспадобы
Богу, знайшоў міласьць у Яго і, жывучы сярод грэшнікаў, быў забраны, каб злосьць
не адмяніла думкі ягонай, і няшчырасьць не зьвяла душы ягонай. Бо прывабнасьць
злога засланяе добрае, і бура пажадлівасьцяў зацямняе правы розум. Дасягнуўшы
рана дасканаласьці, ён шмат перажыў, бо душа яго была мілая Богу і таму Ён
пасьпяшыў забраць яго з благога асяродзьдзя. А людзі бачылі гэта і не разумелі,
і ня ўзялі сабе гэтага да сэрца, што міласэрнасьць і ласка Ягоная з выбранымі
Ягонымі, і провід Ягоны са сьвятымі Яго.
Вершапесьні
(Тон 5). Радуйся, асьвячаная галава, чысты дом
дабрадзейнасьцяў, боскага сьвятарства правіла, пастыр вялікі, ясны сьветач, што
носіш імя перамогі, міласэрны памочнік усіх, хто ў малітве прыходзіць да цябе!
Ты выслухоўваеш просьбы немачных, як хуткі памочнік і надзейны абаронца тых, што
з вераю шануюць слаўную памяць тваю. Малі, блаславёны, Хрыста дараваць сьвету
веліч зьмілаваньня.
Верш. Дарагая ў вачох Госпада сьмерць сьвятых Яго.
Радуйся, асьвячаны розум, чыстае жыльлё Тройцы, стоўп
царкоўны і ўмацаваньне верных, пераможаных памочнік, зорка, што сьвятлом
малітваў разганяе цемру напасьцяў і суму; ціхае прыстанішча, да якога прыходзяць
усе агорнутыя жыцьцёвымі хваляваньнямі, каб знайсьці супакой. Малі Хрыста
дараваць душам нашым веліч зьмілаваньня.
Верш. Сьвятары Твае, Госпадзе, апрануцца ў
справядлівасьць і сьвятыя Твае ў радасьці жыць будуць.
Радуйся, поўны Божай руплівасьці: тваім зьяўленьнем у сьне ты
выбавіў ад сьмерці несправядліва засуджаных. Радуйся, крыніца, з якое шчодра
цячэ міра духмянае, што поіць душы і погань граху абмывае. Радуйся, меч, што
мякіну маны адсякае; радуйся, Мікола, што адсяваеш пустаслоўнае вучэньне Арыя!
Малі Хрыста дараваць душам нашым веліч зьмілаваньня.
Слава ...
(Тон 6). Чалавеку Божы і верны слуга Госпада, мужу
жаданьняў духоўных, посуде выбраны, стоўп і ўмацаваньне Царквы, валадарства
спадкаемца, не змаўкай маліць за нас Госпада.
Цяпер ...
(Тон 6). Чыстая Дзева, адкуль Ты прыйшла; хто
нарадзіў Цябе? хто маці твая? Як гэта Ты на руках тваіх носіш Тварца? як
засталася Дзеваю пасьля родаў? Бачым вялікія і слаўныя тайны, што ў Табе,
Усесьвятая, споўніліся, і рыхтуем Табе дастойную пячору на зямлі, просячы даць
нам з неба праводную зорку, якая прывяла з усходу мудрацоў, каб убачыць
Збаўленьне людзей, што ляжыць у ясьлях, спавітае ў пялёнкі.
Адпушчальныя трапары
Сьвятога (тон 4). Правілам веры і прыкладам
лагоднасьці, настаўнікам устрыманасьці ты быў на справе для статку твайго; дзеля
гэтага ты дасягнуў вышыняў пакораю, здабыў багацьці ўбогасьцю. Ойча
сьвятаначальніча Мікола, малі Хрыста Бога, каб Ён збавіў душы нашы.
Слава ... цяпер ...
Багародзічны (Тон 4). Тайна спрадвеку ўкрытая і
анёлам няведамая Табою, Багародзіца, тым, што жывуць на зямлі, сталася яўнаю:
Бог прыняў цела ад Цябе, спалучыўшы ў сабе без зьліцьця дзьве прыроды і,
пацярпеўшы дзеля нас дабравольна на крыжы, уваскрасіў ім першастворанага і
выбавіў ад сьмерці душы нашы.
|