Галоўная > Мінэя - Сьнежань > 9 сьнежня - Зачацьце сьв. Ганны, калі яна зачала найсьвяцейшую Багародзіцу
9 сьнежня - Зачацьце сьв. Ганны, калі яна зачала найсьвяцейшую Багародзіцу5 чэрвеня 2008. |
|
Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу...": (Тон 4). Няплодная Ганна, дазнаўшыся, што мае радзіць супраць спадзяваньньня Дзеву, выбраную быць Маці Бога ўцелаўлёнага, поўная радасьці ўсклікнула: "Усе пакаленьні Ізраіля радуйцеся са мною, бо вось выбаўляюся ад сораму няплоднасьці: Творца пачуў маю малітву, адмяніў сум сэрца майго і споўніў жаданьне маё". (Двойчы) Той, хто з каменя загадаў вадзе пацячы, даў улоньню твайму, Ганна, плод – Заўсёды Дзеву Уладарку, з якое мае пацячы вада збаўленьня; не будзеш ужо больш, як зямля няплодная на зямлі, бо вырасьціш зямлю, якая народзіць Колас жыцьця, які, у міласэрнасьці сваёй апранецца ў нашу прыроду і адыме ад людзей першасны праклён. (Двойчы) Сёньня спаўняюцца прароцкія прадказаньні: гара сьвятая ўстанаўляецца ва ўлоньні, лесьвіца Боская ўзвышаецца, рыхтуецца пасад вялікі Уладару; месца, куды Бог мае ўвайсьці, упрыгожваецца, незгаральны куст пачынае ўзрастаць, скарбніца сьвятасьці поўніцца мірам ласкі, што разьліваецца ракою над няплоднасьцю Ганны, якую мы ў веры славім. (Двойчы) Слава ... цяпер ... (Тон 2). Анёлам няведамая і людзям, спрадвеку скрытая вялікая і слаўная тайніца сёньня робіцца яўнаю ва ўлоньні Ганны: Дзева Божая Марыя рыхтуецца быць жыльлём Уладара ўсіх вякоў і абнаўленьнем роду нашага. Дык будзем маліць Яе з чыстым сумленьнем, клічучы: "Заступніца хрысьціянаў, малі Сына Твайго і Бога збавіць душы нашыя".
Чытаньне кнігі Быцьця (28:10–17) Якуб выйшаў з Баршэбы і пайшоў у Харан. Дайшоў ён да аднаго месца і застаўся там начаваць, бо ўжо сонца зайшло. Ён узяў камень і паклаў сабе пад галаву, кладучыся спаць на гэтым месцы. І прысьнілася яму лесьвіца, якая стаяла на зямлі і верхам сваім даставала да неба. І бачыў ён анёлаў, якія ўзыходзілі на гару і зыходзілі ўніз; бачыў таксама Госпада, які стаяў на вышыні і казаў: "Я – Госпад, Бог Абрагама і Бог Ісаака. Зямлю, на якой ляжыш, аддаю табе і тваім нашчадкам. А нашчадкі твае будуць так шматлікія, як пыл зямны. І распаўсюдзішся ты на захад і ўсход, на поўнач і поўдзень; і ўсе плямёны зямныя атрымаюць блаславеньне цераз цябе і нашчадкаў тваіх. Я буду заўжды з табою, куды ні пойдзеш, а потым прывяду цябе да гэтай зямлі. І не пакіну цябе, пакуль ня споўню ўсяго, што абяцаў". Пачуўшы гэта, Якуб падумаў: "Сапраўды Госпад ёсьць на гэтым месцы, а я ня ведаў". І, устрывожаны, сказаў: "Якое страшнае гэтае месца! Сапраўды, гэта дом Божы і брама да неба!".
Чытаньне кнігі прарока Езакіеля (43:27–44:4) Так кажа Госпад: "Пасьля гэтых дзён, восьмага дня і пазьней сьвятары вашыя павінны прыносіць ахвяры цэлапаленьняў і вашыя мірныя ахвяры, і Я буду спагадлівы да іх". Тады завёў мяне да вонкавай брамы сьвятыні, што была зьвернутая на ўсход, але яна была зачыненая. І сказаў мне Госпад: "Нельга яе адчыняць, і ніхто не павінен уваходзіць праз яе, бо праз яе ўвайшоў Госпад, Бог Ізраіля. Дзеля гэтага яна павінна быць зачыненай. Толькі ўладар можа сесьці ў ёй для застольля. Але ўваходзіць ён павінен праз сені, што ля брамы, і той самай дарогай выходзіць". Пасьля павёў мяне паўночнаю брамаю да сьвятыні. Я глянуў, і вось слава Гасподняя напоўніла сьвятыню Гасподнюю.
Чытаньне кнігі Прыповесьцяў (9:1–11) Мудрасьць збудавала сабе дом і вычасала сем стаўпоў да яго. Забіла свае ахвяры, зьмяшала віно і прыгатавала стол. Паслала слугаў сваіх клікаць голасна на пачастунак, кажучы: "Хто прастадушны, хай прыходзіць да мяне". А тым, што жадалі мудрасьці, казала: "Хадзіце, ешце мой хлеб, піце віно, што я зьмяшала; пакіньце дурасьць – і будзеце жыць; хадзіце шляхамі разважнасьці". Хто жадае навучаць насьмешніка, накліча на галаву сваю няславу; а хто дакарае грэшніка, сам сабе шкодзіць. Не дакарай насьмешніка, бо ён цябе ўзьненавідзіць. Папраў мудрага, і ён цябе любіць будзе. Дай мудраму раду, і ён стане мудрэйшым. Навучы праведніка, і ён пабольшыць веды свае. Пачатак мудрасьці – страх Гасподні, і спазнаньне Сьвятога – розум. Дзякуючы мне дні твае прадоўжацца, і памножыцца лік гадоў тваіх.
Ліцьця (Тон 1). Весяліцеся, праведныя богаайцы Якім і Ганна, бо вы былі выбраныя ад усіх пакаленьняў быць бацькамі Тае, што нарадзіла ў целе адзінароднага Сына Божага – Марыі, Маці Божае і заўсёды Дзевы, – і такім чынам даць пачатак спаўненьню невыказнай тайніцы ўцелаўленьня Слова, прадказанай прарокамі. Радуйцеся, хоры прарокаў на чале з Давідам і праайцом Абрагамам, бо вось спаўняецца ў славе тое, што вы прадказалі і набліжаецца сусьветнае збаўленьне. (Тон 2). Сёньня ў няплодным улоньні пасяляецца сьветлая хмара, ад якое Сонца Праўды, Хрыстос Бог наш, звышпрыродна мае зазьзяць, каб прасьвятліць тых, што прабываюць у цемры і ценю сьмерці, і дараваць усім веліч зьмілаваньня. (Тон 6). Слаўны цуд і надпрыродная зьява! Анёл з неба прадвяшчае пачэснай пары нараджэньне Багародзіцы, і няплодная прыносіць плод – Божую Дзеву; замерлае ўлоньне ўзрошчвае непраходную Божую Браму, дзякуючы якой бязьдзетная раней пара стаецца богаайцамі. Дык усклікнем усе: "Госпадзе, што ўсё стварыў, і робіш усё паводле Твайго ўпадабаньня, слава Табе!". Слава ... цяпер ... (Тон 5). Радуйся і цешся, Ганна, Богам ушанаваная, бо вось будзеш маці Тае, якую анёл вітаў словам: "Радуйся"; ад няплоднага ўлоньня твайго народзіш Тую, якая бяз семя народзіць Творцу ўсіх. Шчасьлівы дом, у якім яна нарадзілася; шчасьлівы корань, ад якога паходзіць. Блаславёная ты разам з Якімам пачэсным, бо вы Божай воляю сталіся бацькамі адзінай Блаславёнай між жанчынаў – Маці Божай і Дзевы.
Вершапесьні (Тон 4). Ганна, што значыць "Ласка Божая", малілася некалі аб дзіцяці і ўсклікнула да Бога ўсіх і Творцы: "Госпадзе сілаў, Ты ведаеш ганьбу маёй бязьдзетнасьці, дык суцішы боль сэрца майго, адчыні ўлоньне маё і зрабі мяне пладавітаю, і мы прынясем Табе ў дары народжанае дзіця, бласлаўляючы і славячы аднадушна Тваю добрасардэчнасьць, дзеля якое даеш сьвету веліч зьмілаваньня". Верш. Кляўся Госпад Давіду праўдаю і не адрачэцца ад яе. Дабрадзейная Ганна шчыра прасіла ў малітве Бога, і пачула голас анёла, які абвясьціў ёй спаўненьне ейнае просьбы . Вось што ён ёй сказаў: "Малітва твая дайшла да Госпада, не сумуй і асушы сьлёзы, бо станешся дабраплодным аліўным дрэвам, што ўзросьціць цудоўную галінку – Дзеву, якая будзе Маці Хрыста, што дае сьвету веліч зьмілаваньня". Верш. Ад плоду ўлоньня твайго пасаджу на пасадзе тваім. Пачэсная пара ўзрошчвае добры плод – Божую Дзеву, ад якое мае нарадзіцца невыказна Ягнё, якое ахвяруецца за ўвесь сьвет. З гэтай прычыны яны няспынна радасна славяць Госпада. Дык ушануем іх і з вераю ўсьцешымся з зачацьця Тое, што мае быць Маці Бога нашага, які цераз Яе дае ўсім шчодра веліч зьмілаваньня. Слава ... цяпер ... (Тон 2). Сёньня ад кораня Давідавага ўзрасла царская пурпура, ад Ясея пачала расьці тайная Кветка, у якой зацьвіце Хрыстос Бог на збаўленьне душ нашых.
Адпушчальны трапар (Тон 4). Сёньня разьвязваюцца путы бязьдзетнасьці: Бог, пачуўшы Якіма і Ганну, абяцае ім, што супраць спадзяваньняў народзяць Божае Дзяўчо – будучую Маці Незьмяшчальнага, які невыказна станецца чалавекам ад Яе. Гэта Ён загадае анёлу вітаць Яе словамі: "Радуйся, поўная ласкі, Госпад з Табою!". (Тройчы)
Ютрань
Пасьля "Госпад – Бог...": трапар, як у канцы вячэрні
Сядальная песьня 1 (Тон 1). Сёньня зачынаецца ва ўлоньні Ганны на загад Бога ўсемагутнага новае Неба, з якога мае зазьзяць незаходнае Сонца, што прасьвятляе ў велічы добрасардэчнасьці сваёй промнямі Боства ўвесь сусьвет – Адзіны Чалавекалюбец. Слава ... цяпер ...: тое самае
Сядальная песьня 2 (Тон 1). Прарокі прадказалі некалі беззаганную чыстую Дзеву, Божае дзяўчо, якую мела зачаць няплодная і бязьдзетная Ганна. Сёньня мы Яе з вясёлымі сэрцамі шчасліваю завем, як адзіную Беззаганную, дзякуючы якой мы былі збаўленыя. Слава ... цяпер ...: тое самае
Паліелей: Хваліце імя Гасподняе ...
Узьвялічваньне. Узьвялічваем Цябе, Усесьвятая Дзева, і шануем сьвятых Тваіх бацькоў, і славім Тваё ўсяслаўнае зачацьце. Верш 1. Слаўныя рэчы кажуць пра цябе, места Божае. Верш 2. Асьвяціў селішча сваё Ўсявышні. Верш 3. Зраблю памятным імя тваё з пакаленьня ў пакаленьне. Верш 4. Дому Твайму належыцца сьвятасьць праз усе дні. Слава ... цяпер ... Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа. (Тройчы)
Сядальная песьня (тон 4). Скажы, Давідзе, што абяцаў табе Бог. "Тое, што абяцаў мне, – кажа, – споўніў ужо: з семя майго Ён даў Дзеву, з якое Творца Хрыстос, новы Адам, Кароль на маім пасадзе, мае нарадзіцца. Ён пануе сёньня, і валадарства Ягонае непахіснае. Няплодная родзіць Багародзіцу і Карміцельку Жыцьця нашага".
Узыходная песьня: першы антыфан 4 тону.
Пракімен: Зраблю памятным імя тваё з пакаленьня ў пакаленьне. Верш. З сэрца майго б'юць крыніцай прыгожыя словы.
Чытаньне Сьвятога Евангельля паводле Лукі (1:39–49, 56) У тыя дні Марыя, устаўшы, пайшла хутка ў горныя мясьціны ў горад (пакаленьня) Юды. І ўвайшла ў дом Захара і прывітала Альжбету. Калі Альжбета пачула прывітаньне Марыі, дзіцятка ва ўлоньні яе заварушылася, і напоўнілася Альжбета Духам Сьвятым. І ўсклікнула моцным голасам, кажучы: Блаславёная Ты між жанчынаў і блаславёны Плод улоньня Твайго. І адкуль мне гэта, што прыйшла да мяне Маці Госпада майго? Бо вось як толькі голас Твайго прывітаньня загучаў у вушох маіх, дзіцятка ва ўлоньні маім заварушылася з радасьці. Блаславёная Ты, што паверыла, бо споўняцца словы, сказаныя Табе ад Госпада. Тады сказала Марыя: Душа мая абвяшчае веліч Госпада і мой дух узрадаваўся ў Богу Збаўцы маім. Бо Ён глянуў на пакорнасьць служкі сваёй: ад гэтага часу шчасьлівай называць мяне будуць усе пакаленьні. Бо вялікія справы ўчыніў мне Ўсемагутны: Сьвятое імя Яго. Марыя прабыла ў яе тры месяцы і пасьля вярнулася дамоў.
Пасьля Пс 50: Слава ...: Малітвамі Багародзіцы, Міласэрны, ачысьці мноства правінаў нашых. Цяпер ...: тое самае. Зьмілуйся нада мною, Божа...: (Тон 6). Анёлы і арханёлы, пачаткі, улады і сілы, гаспадарствы, пасады, хэрувімы і сэрафімы, схіліўшыся, прыйдзіце пакланіцца разам з намі Беззаганнай Уладарцы нашай, якую сёньня зачынае Ганна ўва ўлоньні сваім.
Канон (Тон 1) Песьня 1 Ірмас. Сьпявайма пераможную песьню Богу, які дзівосныя цуды ўчыніў правай рукой сваёю і выбавіў Ізраіля, бо Ён праславіўся. Прыпеў. Усесьвятая Багародзіца, збаў нас. Сьвяткуем зачацьце тваё, багамудрая Ганна, бо ты пазбавілася путаў няплоднасьці і зачала Тую, што змясьціла ў сабе Незьмяшчальнага. Ты, Госпадзе, пачуў малітву праведных сьвятых праайцоў Тваіх і споўніў Тваё абяцаньне. Ты даў ім плод – Тую што нарадзіла Цябе. Слаўная Ганна сёньня зачынае Ўсячыстую, што зачала бесьцялеснага ўсядобрага Госпада; яна рыхтуецца нарадзіць Тую, што мае нарадзіць Хрыста. Слава ... цяпер ... Ты, Дзева, зазьзяла з тленнага ўлоньня і ў нятленным сваім улоньні насіла Сонца славы, які стаўся ўва ўсім як мы, застаючыся нязьменным у дзьвюх нязьлітных прыродах. Катавасія. Хрыстос родзіцца – слаўце Яго; Хрыстос зыходзіць з нябёсаў – сустракайце Яго; Хрыстос на зямлі – цешцеся! Сьпявай Госпаду, уся зямля, людзі, радасна вітайце Яго, бо Ён праславіўся. Песьня 3 Ірмас. Сэрца маё ўмацавалася ў волі Тваёй, Хрысьце Божа, які сілаю сваёю над водамі неба ўмацаваў, і заснаваў на водах зямлю. "Калі дасі плод улоньню майму, – Ганна ўсклікнула Госпаду – усьцешуся і прынясу яго Табе". І вось яна зачынае чыстую Божую Маці. Ты, Ганна ўсепачэсная, жыла згодна з Законам і беззаганна служыла Богу. І вось зачала ты ва ўлоньні Тую, што нарадзіла Заканадаўца. За гэта мы, верныя, цябе шчасьліваю завем. Калі ты, Ганна багамудрая, малілася ў садзе, ты пачула голас Усавышняга. І вось Ён дае плод улоньню твайму – Тую, што ласкаю адчыніла рай. Слава ... цяпер ...: Бясплоднасьць думак маіх адмяні, і зрабі душу маю пладавітаю на дабрадзейнасьці, памочніца верных, усесьвятая Багародзіца. Катавасія. Спрадвеку ад Айца народжанаму нятленнаму Сыну, што ў апошнія дні ад Дзевы бяз семя прыняў цела, Хрысту Богу пяем: "Ты наша сіла. Сьвяты Ты, Госпадзе!".
Сядальная песьня (тон 4). Сьвятыя Якім і Ганна прынесьлі дар старазапаветным сьвятаром, але тыя ня прынялі яго, бо яны былі бясплоднымі. Тады яны памаліліся Таму, хто дае ўсё, і Ён пачуў іхнюю малітву і даў ім існую Браму жыцьця. Дык ушануем Ейнае сьвятое зачацьце. Слава ... цяпер ...: Богам упрыгожаная Марыя, – беззаганнае Ягнё і чысты Хорам, – сёньня слаўна зачынаецца ад праведных бацькоў. Весяліцеся, няба і зямля, і радуйцеся, усе людзі, што на зямлі нарадзіліся, бо сёньня Бог слаўныя рэчы ўчыніў, даўшы бясплоднай Плод – адзіную Дзеву, якую верна славім. Песьня 4 Ірмас. Ты, прароча Авакуме, прадбачыў Духам уцелаўленьне Слова, і прапаведаваў Яго, усклікаючы: "Ты дасі сябе пазнаць, калі прыйдзе назначаны Табою час, і явішся сьвету". Слава сіле Тваёй, Госпадзе! "Што за Боскі голас і дзіўныя словы! Ці ж і я зачну? – Пачуўшы анёла, які быў пасланы да яе, Ганна ў подзіве ўсклікнула: Хвала Богу майму, які чыніць слаўныя рэчы!". "Радуйцеся са мною, усе плямёны Ізраіля, – Ганна ў радасьці ўсклікнула, – бо вось я зачала ва ўлоньні новае Неба, з якога незадоўга зазьзяе Зорка Збаўленьня, Хрыстос Сьветладавец". Бог пачуў плач Ганны. Глянуўшы прыхільна на ейныя малітвы, Ён разарваў путы няплоднасьці і азарыў яе сьвятлом пладавітасьці. І вось зачынае яна адзіную Чыстую. Слава ... цяпер ...: Дзева Багародзіца, чыстая скінія, чыстымі кроплямі Тваёй дабрыні ачысьці мяне, апаганенага правінамі, і дай мне руку дапамогі, каб мне клікаць: "Слава Табе, Чыстая Богам Праслаўленая!". Катавасія. Як жэзл з кораня Ясеева і кветка, што на ім расквітнела, Ты, Хрысьце, зацьвіў ад Дзевы. Ты, Божа, непадуладны законам прыроды, прыйшоў з гары, ацененай лесам, прыняў цела ад Тое, што мужа ня знала. Слава сіле Тваёй, Госпадзе! Песьня 5 Ірмас. Твой супакой дай нам, Сыне Божы. Апроч Цябе іншага бога ня знаем, імя Тваё клічам, бо Ты – Бог жывых і мёртвых. Ганна, што вырасла з кораня Давідавага і Ясеевага, сёньня пачынае ўзрошчваць Боскі жэзл, які ўзросьціць тайную кветку – Хрыста, Творцу ўсіх. "Людзі ўбачаць, што я сталася маці, і здумеюцца – Ганна ўсклікнула. – Бо вось нараджу згодна з жаданьнем Таго, хто разарваў путы няплоднасьці маёй". "Дзяўчо, якое я зачала, прарокі некалі прадказалі, называючы Яе гарою і непраходнай брамаю", – Ганна радасна ўсклікнула тым, што прыйшлі наведаць яе. Слава ... цяпер ...: Мы ведаем Цябе, чыстая Дзева Маці, як хмару і рай, і браму сьветласьці, пасад і руна, і посуд з Маннаю. Катавасія. Як Бог міру і Айцец ласкаў, Ты паслаў Анёла вялікае Рады, які нам прынёс супакой. Накіраваныя Ім да сьвятла, сярод нядрэмнай ночы славім Цябе, Чалавекалюбча. Песьня 6 Ірмас. Пераймаючы прарока Ёну, клічу: "Вызваль жыцьцё маё ад тленнасьці, Збавіцелю сьвету, і збаў мяне, які клічу: Слава Табе!". Як гэта зьмяшчаецца ва ўлоньні Тая, што зьмясьціла ў сабе Бога? Як родзіцца Тая, што нарадзіла ў целе Хрыста? Як корміцца малаком, што карміла Творцу ўсяго? Сёньня Бог пачуў малітву вашую, усяхвальныя Якіме і Ганна, і дае вам пладавіты Плод. Зачаўшы чыстую Галубку ва ўлоньні тваім, поўніся радасьцю духоўнаю, Ганна, і прынясі песьню падзякі Богу. Слава ... цяпер ...: Бура думак нячыстых, напады пажаданьняў і безьліч грахоў маіх душу маю няшчасную апанавалі. Памажы мне, сьвятая Ўладарка! Катавасія. Зьвер марскі выкінуў з нутра свайго Ёну, які быў там, быццам дзіця ва ўлоньні. Слова, што было ва ўлоньні Дзевы і ўзяло цела ад Яе, выйшла адтуль, захаваўшы Яе непарушнаю. Будучы непадуладным тленнасьці, Хрыстос захаваў непашкоджанаю Маці сваю.
Кандак (тон 4). Сёньня сьвяткуе ўрачыста ўвесь сусьвет Ганніна зачацьце, якое сталася з волі Божае, бо Тая, што мае нарадзіцца ад яе, народзіць невыказна Слова. Ікас. Якім цудоўны і багамудрая Ганна жылі пабожна паводле Закону Майсея, але былі бясплоднымі. Яны памаліліся Богу ад усёй душы, кажучы: "Добры Госпадзе Сабаот, надзея ўсіх, адымі ад нас ганьбу няплоднасьці, і мы прынясем у сьвятыню Тваю, як сьвяты дар і дасканалую ахвяру Тую, што народзіць невыказна Слова". Песьня 7 Ірмас. Агонь не дакрануўся да юнакоў Тваіх, Збавівцелю, што былі ў печы, і не пашкодзіў ім, і яны адзіным голасам сьпявалі і бласлаўлялі Цябе, клічучы: "Блаславёны Бог айцоў нашых!". Ганна прасіла Ўладара адняць ад яе ганьбу бязьдзетнасьці, і Міласэрны пачуў голас яе і ў спагадлівсьці сваёй даў ёй Тую, што нарадзіла Яго. Ва ўлоньні тваім, Ганна, пачынае ткацца царская пурпура, у якую апранецца Бог і Ўладар, калі зьявіцца людзям, каб упакорыць ворагаў, што ваююць супраць нас. Ты, Ганна, зачала ва ўлоньні тваім духмянае міра, што надпрыродна ўспрыняла Ўладара жыцьця, і пахам ласкі думкі нашыя ачысьціла. Слава ... цяпер ...: Славім Цябе, Хрысьце Ісусе, як аднаго з Тройцы, што, застаючыся нязьменным, уцелавіўся ад Дзевы, і не пакінуў існасьці Айца, хоць і зьяднаўся з намі. Катавасія. Адкінуўшы з пагардаю нязбожны загад, узгадаваныя ў дабрадзейнасьці юнакі не збаяліся пагрозы агню, але стаялі сярод полымя і сьпявалі: "Божа айцоў нашых, блаславёны Ты!". Песьня 8 Ірмас. Таго, каго баяцца анельскія хоры, Тварца і Госпада, слаўце ў песьнях сьвятары, юнакі, хваліце, людзі бласлаўляйце і ўзьвялічвайце праз усе вякі! "Цябе, якую прымаю ва ўлоньні маім, Давід назваў Ўладаркаю, – Ганна ўсклікнула. – Дык вось нараджу Заступніцу ўсіх верных, што мае нарадзіць Уладара Хрыста". Сёньня пачынае прарастаць ва ўлоньні маці сваёй Зямля, у якой пасяліўся Творца зямлі. Яна – Скіпетр сьвяты, новы Ківот і Посуд з маннаю. Куст незгаральны, Сьвечнік залаты, адухоўлены Хорам Госпада Бога, Жэзл пачэсны ва ўлоньні маці сваёй пачынае ўзрастаць. Слава ... Цяпер ...: Узьнімі мяне, які ляжу ў яме грахоўнай, адгані ворагаў, якія нападаюць на мяне, не пагардзі мною, параненым сорамнымі асалодамі, Добрая і Чыстая, але зьмілуйся нада мною і збаў мяне. Катавасія. Печ, мокрая ад расы, была вобразам звышпрыроднага цуду. Як яна не спаліла ўкінутых у яе юнакоў, так агонь Боства, што пасяліўся ў Дзявочым улоньні, не пашкодзіў яго. Дзеля гэтага пяём: "Усе стварэньні хай славяць Госпада і ўзьвялічваюць Яго праз усе вякі!".
Замест "Больш годную пашаны..." сьпяваем асобыя прыпевы ў перамешку са страфамі дзевятай песьні. Прыпеў. Узьвялічвай, душа мая, больш пачэсную за анельскія хоры Беззаганную Дзеву Марыю. Песьня 9 Ірмас. Жыцьцядайную невычэрпную крыніцу, ясны сьветач ласкі, хорам адухоўлены, сені чыстыя, больш прасторную за неба Багародзіцу, верныя, узьвялічым. Радуйся, Ганна багамудрая, і ўзьвялічвай Творцу, бо ты зачала ва ўлоньні жыцьцядайную Крыніцу, Хорам сьвяты, што зьзяе сьвятлом справядлівасьці. Прыпеў. Узьвялічвай, душа мая, ад няплодных бацькоў зачатую Дзеву Марыю. Пачэсная і слаўная пара, прабацькі спрадвечнага Сына, вядомыя рупліўцы Закону, што нарадзілі Пачатак радасьці, Якім і Ганна хай будуць ушанаваныя. Прыпеў. Узьвялічвай, душа мая, усячыстую Маці Божую Дзеву Марыю. Усхвалім у песьнях Багародзіцу Дзеву, якую Даніла бачыў як гару вялікую, а Яэль – як сьвятую Зямлю і Браму непраходную. Іншы прарок назваў Яе запячатанай Крыніцаю і Боскім рунам. Слава ... цяпер...: Вопратка царская з барвленага руна невыказнага ўцелаўленьня Слова, Кадзільніца залатая, Стол, на якім пакладзены Хлеб–Хрыстос, Багародзіца Дзева хай будзе праслаўленая! Катавасія. Дзіўную і слаўную бачу тайну: пячора – неба, Дзева – пасад хэрувімскі, ясьлі – жыльлё, у якім памясьціўся Незьмяшчальны Хрыстос, якога мы ў песьнях славім.
Эказапастыляр (Сьвяцільнік): Сёньня пачынае ўзрастаць у няплодным улоньні Ганны Тая, што нарадзіла Сьвятло, якое прасьвятляе ўсё стварэньне. Дык хадзем да Яе ўсе, бо вось прыходзіць Вызваленьне ад Эвінага прысуду. Слава ... цяпер ...: тое самае.
Пахвальныя псалмы (Тон 1). Няплодная раней людзкая прырода, з надзеяю на Бога, пачынае ўзрошчваць Пачатак набожнасьці – Дзеву, чыё зачацьце прадвяшчае прыйсце Хрыста на зямлю. (Двойчы) Непраходная Брама Ўладара Хрыста зачынаецца Божым загадам у няплодным улоньні. З прыйсьцем Яе на зямлю адчыняюцца нябесныя брамы, каб даць людзям туды ўваход. Пачатак спрадвечнай невыказнай страшнай тайны, аб'яўленай людзям ад Бога, – зачацьце Божага дзяўчаці, – сёньня зьдзяйсьняецца. Ейнае прыйсьце прадвяшчае канец справам цемры і пажадлівасьцям. Слава ... цяпер ... (Тон 8). Прыйдзеце, людзі, будзем разам з анёламі сьвяткаваць слаўнае зачацьце Багародзіцы. Патрыярхі, слаўце Маці Ўладара ўсіх; прарокі – Тую, каго вы прадвяшчалі; праайцы – Божую Маці, што ад вас паходзіць; старцы – богаайцоў; богаайцы – Божае Дзяўчо; дзевы – заўсёды Дзеву; верныя – Корань веры; сьвятары – усесьвятую Сьвятыню Божую; хоры сьвятых – прычыну вашай сьвятасьці; анёлы – Маці Ўладара ўсяго стварэньня і Збавіцеля душаў нашых.
Пасьля Вялікага ўслаўленьня: Трапар (тон 4). Сёньня разьвязваюцца путы бязьдзетнасьці: Бог, пачуўшы Якіма і Ганну, абяцае ім, што супроць спадзяваньняў народзяць Божае Дзяўчо – будучую Маці Незьмяшчальнага, які невыказна станецца чалавекам ад яе. Гэта Ён загадае анёлу вітаць яе словамі: "Радуйся, поўная ласкі, Госпад з Табою!"
Літургія Трапары Трапар (тон 4). Сёньня разьвязваюцца путы бязьдзетнасьці: Бог, пачуўшы Якіма і Ганну, абяцае ім, што супроць спадзяваньняў народзяць Божае Дзяўчо – будучую Маці Незьмяшчальнага, які невыказна станецца чалавекам ад яе. Гэта Ён загадае анёлу вітаць яе словамі: "Радуйся, поўная ласкі, Госпад з Табою!". Кандак (тон 4). Сёньня сьвяткуе ўрачыста ўвесь сусьвет Ганніна зачацьце, якое сталася з волі Божае, боТая, што мае нарадзіцца ад яе, народзіць невыказна Слова.
Пракімен (Пс. 67:36,27). Дзіўны Бог у сьвятых сваіх, Бог Ізраіля. Верш. На зборах вашых блаславіце Госпада, усе нашчадкі Ізраіля.
Чытаньняе лісту да Галятаў сьвятога Апостала Паўла Браты, напісана, што Абрагам меў двух сыноў, аднаго ад нявольніцы, а другога ад свабоднай. Але той, што ад нявольніцы, быў народжаны толькі паводле цела, а ад свабоднай – у выніку абяцаньня. У гэтым ёсьць іншасказальны сэнс. Дзьве жанчыны – гэта два запаветы. Адзін з іх ад гары Сынайскай, што родзіць да няволі, гэта Агара. Бо Агара азначае гару Сынай у Арабіі. Ёй адпавядае сёньняшні Ерусалім, што са сваімі дзецьмі трывае ў няволі. А горні Ерусалім свабодны. Ён – маці ўсіх нас. Бо напісана: Узрадуйся, няплодная, што ніколі не радзіла, усклікні радасна ты, што ня знала родавых боляў: бо больш дзяцей у пакінутай, як у той, што мае мужа. (Гал 4:22–27)
Алілуя: Збаўленьне праведных ад Госпада: Ён будзе ім абаронцам у дзень трывогі. Верш. Госпад паможа ім і захавае іх, вызваліць ад грэшнікаў і збавіць іх, бо яны ўсклалі надзею на Яго.
Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Лукі Сказаў Госпад: "Ніхто, запаліўшы ліхтар, не пакрывае яго судзінаю і ня ставіць пад ложак, але ставіць яго на сьвечнік, каб тыя, што ўваходзяць, бачылі сьвятло. Бо няма нічога схованага, што б не адкрылася, ані таемнага, што б ня сталася вядомым і ня выйшла наверх. Дык уважайце, як слухаеце. Бо хто мае, таму дасца; а хто ня мае, у таго забяруць і тое, што яму здаецца, што мае". І прыйшлі да Яго Маці Ягоная і браты, і не маглі падступіцца да Яго з-за натоўпу. І паведамілі Яму: "Маці Твая і браты стаяць знадворку і хочуць пабачыцца з Табою". А Ён сказаў ім у адказ: "Маці Мая і браты – гэта тыя, што слухаюць слова Божае і выконваюць яго". (8:16–21)
Задастойнік. Узьвялічвай, душа мая, слаўнае зачацьце Маці Божае. Жыцьцядайную невычэрпную Крыніцу, ясны сьветач ласкі, сьвятыню духоўную, пачэснае покрыва больш прасторнае за неба і зямлю, Багародзіцу, верныя, дастойна ўзьвялічым.
Прычасьнік. Усклікніце, праведныя, Госпаду ў радасьці: хвала пасуе праведным. Алілуя, алілуя, алілуя. Вярнуцца назад |