Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 4). Няплодная Ганна, дазнаўшыся, што мае
радзіць супраць спадзяваньньня Дзеву, выбраную быць Маці Бога ўцелаўлёнага,
поўная радасьці ўсклікнула: "Усе пакаленьні Ізраіля радуйцеся са мною, бо вось
выбаўляюся ад сораму няплоднасьці: Творца пачуў маю малітву, адмяніў сум сэрца
майго і споўніў жаданьне маё". (Двойчы)
Той, хто з каменя загадаў вадзе пацячы, даў улоньню твайму,
Ганна, плод – Заўсёды Дзеву Уладарку, з якое мае пацячы вада збаўленьня; не
будзеш ужо больш, як зямля няплодная на зямлі, бо вырасьціш зямлю, якая
народзіць Колас жыцьця, які, у міласэрнасьці сваёй апранецца ў нашу прыроду і
адыме ад людзей першасны праклён. (Двойчы)
Сёньня спаўняюцца прароцкія прадказаньні: гара сьвятая
ўстанаўляецца ва ўлоньні, лесьвіца Боская ўзвышаецца, рыхтуецца пасад вялікі
Уладару; месца, куды Бог мае ўвайсьці, упрыгожваецца, незгаральны куст пачынае
ўзрастаць, скарбніца сьвятасьці поўніцца мірам ласкі, што разьліваецца ракою над
няплоднасьцю Ганны, якую мы ў веры славім. (Двойчы)
Слава ... цяпер ...
(Тон 2). Анёлам няведамая і людзям, спрадвеку
скрытая вялікая і слаўная тайніца сёньня робіцца яўнаю ва ўлоньні Ганны: Дзева
Божая Марыя рыхтуецца быць жыльлём Уладара ўсіх вякоў і абнаўленьнем роду
нашага. Дык будзем маліць Яе з чыстым сумленьнем, клічучы: "Заступніца
хрысьціянаў, малі Сына Твайго і Бога збавіць душы нашыя".
Чытаньне кнігі Быцьця (28:10–17)
Якуб выйшаў з Баршэбы і пайшоў у Харан. Дайшоў ён да аднаго
месца і застаўся там начаваць, бо ўжо сонца зайшло. Ён узяў камень і паклаў сабе
пад галаву, кладучыся спаць на гэтым месцы. І прысьнілася яму лесьвіца, якая
стаяла на зямлі і верхам сваім даставала да неба. І бачыў ён анёлаў, якія
ўзыходзілі на гару і зыходзілі ўніз; бачыў таксама Госпада, які стаяў на вышыні
і казаў: "Я – Госпад, Бог Абрагама і Бог Ісаака. Зямлю, на якой ляжыш, аддаю
табе і тваім нашчадкам. А нашчадкі твае будуць так шматлікія, як пыл зямны. І
распаўсюдзішся ты на захад і ўсход, на поўнач і поўдзень; і ўсе плямёны зямныя
атрымаюць блаславеньне цераз цябе і нашчадкаў тваіх. Я буду заўжды з табою, куды
ні пойдзеш, а потым прывяду цябе да гэтай зямлі. І не пакіну цябе, пакуль ня
споўню ўсяго, што абяцаў". Пачуўшы гэта, Якуб падумаў: "Сапраўды Госпад ёсьць на
гэтым месцы, а я ня ведаў". І, устрывожаны, сказаў: "Якое страшнае гэтае месца!
Сапраўды, гэта дом Божы і брама да неба!".
Чытаньне кнігі прарока Езакіеля (43:27–44:4)
Так кажа Госпад: "Пасьля гэтых дзён, восьмага дня і пазьней
сьвятары вашыя павінны прыносіць ахвяры цэлапаленьняў і вашыя мірныя ахвяры, і Я
буду спагадлівы да іх". Тады завёў мяне да вонкавай брамы сьвятыні, што была
зьвернутая на ўсход, але яна была зачыненая. І сказаў мне Госпад: "Нельга яе
адчыняць, і ніхто не павінен уваходзіць праз яе, бо праз яе ўвайшоў Госпад, Бог
Ізраіля. Дзеля гэтага яна павінна быць зачыненай. Толькі ўладар можа сесьці ў ёй
для застольля. Але ўваходзіць ён павінен праз сені, што ля брамы, і той самай
дарогай выходзіць". Пасьля павёў мяне паўночнаю брамаю да сьвятыні. Я глянуў, і
вось слава Гасподняя напоўніла сьвятыню Гасподнюю.
Чытаньне кнігі Прыповесьцяў (9:1–11)
Мудрасьць збудавала сабе дом і вычасала сем стаўпоў да яго.
Забіла свае ахвяры, зьмяшала віно і прыгатавала стол. Паслала слугаў сваіх
клікаць голасна на пачастунак, кажучы: "Хто прастадушны, хай прыходзіць да
мяне". А тым, што жадалі мудрасьці, казала: "Хадзіце, ешце мой хлеб, піце віно,
што я зьмяшала; пакіньце дурасьць – і будзеце жыць; хадзіце шляхамі
разважнасьці".
Хто жадае навучаць насьмешніка, накліча на галаву сваю
няславу; а хто дакарае грэшніка, сам сабе шкодзіць. Не дакарай насьмешніка, бо
ён цябе ўзьненавідзіць. Папраў мудрага, і ён цябе любіць будзе. Дай мудраму
раду, і ён стане мудрэйшым. Навучы праведніка, і ён пабольшыць веды свае.
Пачатак мудрасьці – страх Гасподні, і спазнаньне Сьвятога – розум. Дзякуючы мне
дні твае прадоўжацца, і памножыцца лік гадоў тваіх.
Ліцьця
(Тон 1). Весяліцеся, праведныя богаайцы Якім і
Ганна, бо вы былі выбраныя ад усіх пакаленьняў быць бацькамі Тае, што нарадзіла
ў целе адзінароднага Сына Божага – Марыі, Маці Божае і заўсёды Дзевы, – і такім
чынам даць пачатак спаўненьню невыказнай тайніцы ўцелаўленьня Слова, прадказанай
прарокамі. Радуйцеся, хоры прарокаў на чале з Давідам і праайцом Абрагамам, бо
вось спаўняецца ў славе тое, што вы прадказалі і набліжаецца сусьветнае
збаўленьне.
(Тон 2). Сёньня ў няплодным улоньні пасяляецца
сьветлая хмара, ад якое Сонца Праўды, Хрыстос Бог наш, звышпрыродна мае
зазьзяць, каб прасьвятліць тых, што прабываюць у цемры і ценю сьмерці, і
дараваць усім веліч зьмілаваньня.
(Тон 6). Слаўны цуд і надпрыродная зьява! Анёл з
неба прадвяшчае пачэснай пары нараджэньне Багародзіцы, і няплодная прыносіць
плод – Божую Дзеву; замерлае ўлоньне ўзрошчвае непраходную Божую Браму, дзякуючы
якой бязьдзетная раней пара стаецца богаайцамі. Дык усклікнем усе: "Госпадзе,
што ўсё стварыў, і робіш усё паводле Твайго ўпадабаньня, слава Табе!".
Слава ... цяпер ...
(Тон 5). Радуйся і цешся, Ганна, Богам ушанаваная,
бо вось будзеш маці Тае, якую анёл вітаў словам: "Радуйся"; ад няплоднага
ўлоньня твайго народзіш Тую, якая бяз семя народзіць Творцу ўсіх. Шчасьлівы дом,
у якім яна нарадзілася; шчасьлівы корань, ад якога паходзіць. Блаславёная ты
разам з Якімам пачэсным, бо вы Божай воляю сталіся бацькамі адзінай Блаславёнай
між жанчынаў – Маці Божай і Дзевы.
Вершапесьні
(Тон 4). Ганна, што значыць "Ласка Божая",
малілася некалі аб дзіцяці і ўсклікнула да Бога ўсіх і Творцы: "Госпадзе сілаў,
Ты ведаеш ганьбу маёй бязьдзетнасьці, дык суцішы боль сэрца майго, адчыні
ўлоньне маё і зрабі мяне пладавітаю, і мы прынясем Табе ў дары народжанае дзіця,
бласлаўляючы і славячы аднадушна Тваю добрасардэчнасьць, дзеля якое даеш сьвету
веліч зьмілаваньня".
Верш. Кляўся Госпад Давіду праўдаю і не адрачэцца
ад яе.
Дабрадзейная Ганна шчыра прасіла ў малітве Бога, і пачула
голас анёла, які абвясьціў ёй спаўненьне ейнае просьбы . Вось што ён ёй сказаў:
"Малітва твая дайшла да Госпада, не сумуй і асушы сьлёзы, бо станешся
дабраплодным аліўным дрэвам, што ўзросьціць цудоўную галінку – Дзеву, якая будзе
Маці Хрыста, што дае сьвету веліч зьмілаваньня".
Верш. Ад плоду ўлоньня твайго пасаджу на пасадзе
тваім.
Пачэсная пара ўзрошчвае добры плод – Божую Дзеву, ад якое мае
нарадзіцца невыказна Ягнё, якое ахвяруецца за ўвесь сьвет. З гэтай прычыны яны
няспынна радасна славяць Госпада. Дык ушануем іх і з вераю ўсьцешымся з зачацьця
Тое, што мае быць Маці Бога нашага, які цераз Яе дае ўсім шчодра веліч
зьмілаваньня.
Слава ... цяпер ...
(Тон 2). Сёньня ад кораня Давідавага ўзрасла
царская пурпура, ад Ясея пачала расьці тайная Кветка, у якой зацьвіце Хрыстос
Бог на збаўленьне душ нашых.
Адпушчальны трапар
(Тон 4). Сёньня разьвязваюцца путы бязьдзетнасьці:
Бог, пачуўшы Якіма і Ганну, абяцае ім, што супраць спадзяваньняў народзяць Божае
Дзяўчо – будучую Маці Незьмяшчальнага, які невыказна станецца чалавекам ад Яе.
Гэта Ён загадае анёлу вітаць Яе словамі: "Радуйся, поўная ласкі, Госпад з
Табою!". (Тройчы)
|