Галоўная > Мінэя - Сьнежань > 11-17 сьнежня - Нядзеля праайцоў

11-17 сьнежня - Нядзеля праайцоў


5 чэрвеня 2008.

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу...": 6 песьняў нядзельных належнага тону і 4 наступныя:

(Тон 8). Згадайма сёньня праайцоў, і ўсхвалім Хрыста-Спаса, які ўзьнёс іх над усімі народамі. Ён – Госпад і Магутны Ўладар, які ў іх паказаў моц сваю, уславіўся вялікімі цудамі і ўзрасьціў ад іх адзіную Дзеву, Божае Дзяўчо, Марыю чыстую. З Яе вырасла цудоўна кветка – Хрыстос Жыцьцядаўца, які даў усім невычэрпную спажыву і вечнае збаўленьне.

Уладару Госпадзе, Ты выбавіў трох юнакоў з агню і Данілу з ільвіных пашчаў. Ты блаславіў Абрагама і Ісаака, слугу Твайго, і ягонага сына Якуба, і з іхняга семя Ты захацеў стацца адным з нас, каб айцоў нашых, што ўпалі, збавіць крыжом і ўваскрасеньнем Тваім, разарваць пякельныя путы і ўзьняць усіх памёрлых ад веку, што цяпер пакланяюцца Табе, Хрысьце і вечны Уладару.

Тры сьвятыя мудрыя юнакі, аросьненыя Духам, хадзілі сярод полымя і вераю перамаглі сілу агню. Яны явілі нам вобраз Тройцы і прыйсьця ў целе Хрыста. І Даніла праведны стаўся пераможцам ільвоў. Малітвамі іх, просім Цябе, чалавекалюбны Збавіцелю і Госпадзе, выбавіць і нас ад нязгаснага і вечнага агню і зрабіць нас годнымі валадарства Твайго.

Верныя і сьвятыя юнакі, што стаялі ў вогненнай печы, быццам расою пакрытыя, былі тайным вобразам Твайго прыйсьця ад Дзевы, калі Ты нам зазьзяў, застаўшыся нязьменным. І праведны Даніла, дзівосны прарок, прадказаў Тваё Боскае другое прыйсьце, кажучы: "Я бачыў пасады пастаўленыя, і судзьдзяў на іх, і вогненную раку". Малітвамі іх, Хрысьце, дай нам выбавіцца ад яе.

Слава ...

(Тон 6). Усхвалім сёньня, верныя, усіх праайцоў, што жылі да Закону: Аўрама багалюбнага і Ісаака, ад абяцаньня народжанага, Якуба і дванаццацёх патрыярхаў; Давіда лагоднага, і абранага прарока Данілу; уславім і трох юнакоў, што агонь на расу перамянілі. Будзем прасіць адпушчэньня грахоў у Хрыста Бога, праслаўленага ў сьвятых сваіх.

Цяпер ...: Дагматык. належнага тону.


Вершапесьні

нядзельныя належнага тону.

Слава ...

(Тон 3). Прыйдзіце, ўсе сьвяталюбцы, усхвалім у песьнях сабор праайцоў: Адама праайца, Эноха, Ноя, Мельхісадэка, Аўрама, Ісаака і Якуба; пасьля ж Закону Майсея і Аарона, Ісуса, Самуіла і Давіда; з імі ж разам Ісаю, Ярэму, Езакіеля і Данілу і дванаццаць прарокаў; таксама Ільлю, Елісея і ўсіх з імі, Захара і Хрысьціцеля, якія прапаведавалі прыйсьце Хрыста, Жыцьця і ўваскрасеньня роду нашага.

Цяпер ...

Багародзічны нядзельны (тон 3). Воляю Айца Ты зачала бяз семя ад Сьвятога Духа Сына Божага, які нарадзіўся спрадвеку без маці ад Айца, але якога Ты дзеля нас без Айца ў целе нарадзіла і, як немаўля, карміла малаком. Цяпер малі Яго няспынна выбавіць ад бедаў душы нашыя.


Адпушчальныя трапары:

Трапар нядзельны належнага тону

Слава ... цяпер ...

Трапар праайцоў (тон 2). Вераю Ты праайцоў апраўдаў, прадвясьціўшы цераз іх царкву ўсіх народаў. Радуюцца сьвятыя ў славе, бо з іхняга семя ўзрасла, быццам цудоўны плод, Тая, што бяз семя нарадзіла Цябе. Малітвамі іх, Хрысьце Божа, зьмілуйся над намі.

Ютрань


Пасьля "Госпад – Бог...": трапары як у канцы вячэрні.


Сядальныя песьні нядзельныя належнага тону.


Пасьля Паліелею гіпакоі належнага тону і наступныя сядальныя песьні праайцоў:


(Тон 8). Абрагама, Ісаака і Якуба ўсхвалім у песьнях, лагоднага Давіда, Ісуса і дванаццаць патрыярхаў, разам з трыма юнакамі, што пагасілі сілаю духа полымя агню. Усклікнем: "Радуйцеся вы, што адважна выкрылі спакусу неразумнага цара і цяпер моліцеся Хрысту, каб Ён дараваў адпушчэньне грахоў нам, якія сьвяткуем вашу сьвятую памяць".

Слава ... цяпер ...

Належную пахвалу і падзяку, быццам два грашы ўдавы, прыношу Табе, Уладарка, за ўсе дабрадзействы Твае. Ты явілася покрывам і памочніцай, ратуючы мяне ад напасьцяў і суму. Таму, быццам з вогненнай гарачай печы, ад тых, што крыўдзяць мяне, вызвалены, з глыбіні сэрца клічу: "Багародзіца, памажы мне, і малі Хрыста Бога, каб Ён дараваў адпушчэньне грахоў мне, бо Ты – надзея слугі Твайго".

Пракімен і Евангельле нядзельныя.


Канон (звычайна ірмасы)

нядзельны належнага тону, катавасія "Хрыстос родзіцца...".


Пасьля 3 песьні:

Гіпакоі (тон 2). Анёл агонь на расу юнаком, а жанчынам плач на радасьць перамяніў. У абодвух выпадках ён быў слугою цудаў: юнаком у печы ён прынёс супакой, а жанчынам абвясьціў трохдзённае ўваскрасеньне. Крыніца жыцьця нашага, Госпадзе, слава Табе!


Пасьля 6 песьні:

Кандак (тон 6). Вы, тройчы блаславёныя юнакі, узброеныя невымоўнай сілаю Божаю, не пакланіліся рукатворнаму вобразу і праславіліся ў вогненным выпрабаваньні. Сярод нясьцерпнага полымя вы клікалі Бога, кажучы: "Сьпяшайся, Шчодры, прыйдзі хутка на дапамогу нам, бо Ты, Міласэрны, калі хочаш, можаш усё".

Ікас. Працягні руку Тваю, якую некалі адчулі на сабе перасьледвальнікі егіпцяне і перасьледаваныя гэбрэі, і не пакінь нас, каб ненаедная сьмерць і ненавісьнік людзей шатан не праглынулі нас, але будзь побач з намі і пашкадуй душы нашыя, як ты пашкадаваў юнакоў Тваіх у Бабілёне, якія, укінутыя дзеля Цябе ў распаленую печ, славілі Цябе і клікалі: "Сьпяшайся, Шчодры, прыйдзі хутка на дапамогу нам, бо Ты, Міласэрны, калі хочаш, можаш усё".


Дзевятая песьня нядзельная поўнасьцю і наступная айцоў:

(Тон 2). Сілаю Тваёю, Госпадзе, некалі вялікія рэчы чынілі жанчыны, Ганна, Юдыта і Дэбора, Олда, Яіля, Эстэра, Сара і Марыям, сястра Майсея, Рахіль, Рэбэка і Рута мудрыя.

Ушануем сьвятых юнакоў, што пагасілі агонь у печы, а з імі разам і Данілу прарока і ўсіх праведнікаў, што перад Законам зазьялі, і пад Законам Уладару дагадзілі.

Мудрыя боскія прарокі, унукі Абрагама, што нарадзіліся ад Абрагама і Юды, слова Божае прадвяшчалі Духам. Малітвамі іх, Ісусе, усім нам будзь ласкавы.

Усё стварэньне асьвяцілася вашай памяцьцю, і таму мы, спраўляем вашую ўрачыстасьць і клічам: "Малітву няспынна чыніце Госпаду, блаславёныя, каб атрымаць вечныя даброты тым, што славяць вас!".

Слава ... цяпер ...

Слова Айца, апрануўшыся ў мяне, прыходзіць ад Дзевы і ў пячоры родзіцца. Радуйся і сьвяткуй, усё стварэньне, і ўдзячнымі галасамі ўзьвялічвай Яго за міласэрнасьць і святую спагадлівасьць.


Экзапастыляр нядзельны і наступныя праайцоў:

Слава ...

Адама ўсхвалім, Абэля, Сэта і Энаса, Энаха і Ноя; Абрагама, Ісаака і Якуба; Майсея, Ёва і Аарона; Елеазара і Ісуса; Барака, Самсона і Етая, Давіда і Саламона.

Цяпер ...

Сонца вялікае, Творца, сьпяшаецца ў Бэтлеем нарадзіцца ад Чыстае Дзевы, каб прасьвятліць сыноў Адама. Цуд гэты прадвяшчае сьветлая памяць праайцоў.


Пахвальныя псалмы

4 нядзельныя і наступныя праайцоў:

(Тон 2). Сёньня спраўляем памяць пачэсных праайцоў і славім іхняе Богу прыемнае жыцьцё, дзякуючы якому яны былі ўзьвялічаныя. (Двойчы)

Верш. Блаславёны і ўсяхвальны Ты, Божа айцоў нашых, і імя Тваё хай славіцца на векі.

Юнакі пагасілі сілу агню, сьпяваючы і танцуючы сярод печы і славячы ўсясільнага Бога.

Верш. Бо справядлівасьць Твая яўная ўва ўсім, што Ты зрабіў для нас.

Укінуты ў яму, Даніла прарок стаўся спаўжыхарам зьвяроў, але ён ня паў ахвяраю іхняга дзікага нораву.

Слава ...

(Тон 7). Прыйдзіце верныя, ушануем у песьнях памяць праайцоў, што жылі да Закону: Адама і тых, што былі з ім; уславім дастойна племя Юды; і трох юнакоў – вобраз Тройцы, – што ў Бабілёне пагасілі сілу полымя, а з імі Данілу. Прыслухаемся да прароцкіх сказаньняў і з Ісаяю ўсклікнем: "Вось Дзева зачне і народзіць Сына Эмануэля, што значыць ‘З намі Бог!’".

Цяпер ...: Найблаславёная Ты...

Літургія

Трапары

Трапар нядзельны належнага тону.

Трапар праайцоў (тон 2). Вераю Ты праайцоў апраўдаў, прадвясьціўшы цераз іх царкву ўсіх народаў. Радуюцца сьвятыя ў славе, бо з іхняга семя ўзрасла, быццам цудоўны плод, Тая, што бяз семя нарадзіла Цябе. Малітвамі іх, Хрысьце Божа, зьмілуйся над намі.

Кандак праайцоў (тон 6). Вы, тройчы блаславёныя юнакі, узброеныя невымоўнай сілаю Божаю, не пакланіліся рукатворнаму вобразу і праславіліся ў вогненным выпрабаваньні. Сярод нясьцерпнага полымя вы клікалі Бога, кажучы: "Сьпяшайся, Шчодры, прыйдзі хутка на дапамогу нам, бо Ты, Міласэрны, калі хочаш, можаш усё".


Пракімен (Дан 3:26,27). Блаславёны і ўсяхвальны Ты, Божа айцоў нашых, і імя Тваё хай славіцца на векі.

Верш. Бо справядлівасьць Твая яўная ўва ўсім, што Ты зрабіў для нас.


Апостал: Кал 3:4–11


Алілуя (Пс 98:56; 33:18).
Майсей і Аарон – сьвятары Яго, і Самуіл сярод тых, што клічуць імя Яго.

Верш. Усклікнулі праведнікі, і Госпад пачуў іх, і ад усіх бедаў выбавіў іх.


Евангельле: Лк 4:16–24


Прычасьнік. Хваліце Госпада з нябёсаў, хваліце Яго на вышынях.

Усклікніце, праведнікі, Госпаду ў радасьці: хвала пасуе праведным. Алілуя, алілуя, алілуя.


Вярнуцца назад