Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 11-17 сьнежня - Нядзеля праайцоў


 

 

11-17 сьнежня - Нядзеля праайцоў

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу...": 6 песьняў нядзельных належнага тону і 4 наступныя:

(Тон 8). Згадайма сёньня праайцоў, і ўсхвалім Хрыста-Спаса, які ўзьнёс іх над усімі народамі. Ён – Госпад і Магутны Ўладар, які ў іх паказаў моц сваю, уславіўся вялікімі цудамі і ўзрасьціў ад іх адзіную Дзеву, Божае Дзяўчо, Марыю чыстую. З Яе вырасла цудоўна кветка – Хрыстос Жыцьцядаўца, які даў усім невычэрпную спажыву і вечнае збаўленьне.

Уладару Госпадзе, Ты выбавіў трох юнакоў з агню і Данілу з ільвіных пашчаў. Ты блаславіў Абрагама і Ісаака, слугу Твайго, і ягонага сына Якуба, і з іхняга семя Ты захацеў стацца адным з нас, каб айцоў нашых, што ўпалі, збавіць крыжом і ўваскрасеньнем Тваім, разарваць пякельныя путы і ўзьняць усіх памёрлых ад веку, што цяпер пакланяюцца Табе, Хрысьце і вечны Уладару.

Тры сьвятыя мудрыя юнакі, аросьненыя Духам, хадзілі сярод полымя і вераю перамаглі сілу агню. Яны явілі нам вобраз Тройцы і прыйсьця ў целе Хрыста. І Даніла праведны стаўся пераможцам ільвоў. Малітвамі іх, просім Цябе, чалавекалюбны Збавіцелю і Госпадзе, выбавіць і нас ад нязгаснага і вечнага агню і зрабіць нас годнымі валадарства Твайго.

Верныя і сьвятыя юнакі, што стаялі ў вогненнай печы, быццам расою пакрытыя, былі тайным вобразам Твайго прыйсьця ад Дзевы, калі Ты нам зазьзяў, застаўшыся нязьменным. І праведны Даніла, дзівосны прарок, прадказаў Тваё Боскае другое прыйсьце, кажучы: "Я бачыў пасады пастаўленыя, і судзьдзяў на іх, і вогненную раку". Малітвамі іх, Хрысьце, дай нам выбавіцца ад яе.

Слава ...

(Тон 6). Усхвалім сёньня, верныя, усіх праайцоў, што жылі да Закону: Аўрама багалюбнага і Ісаака, ад абяцаньня народжанага, Якуба і дванаццацёх патрыярхаў; Давіда лагоднага, і абранага прарока Данілу; уславім і трох юнакоў, што агонь на расу перамянілі. Будзем прасіць адпушчэньня грахоў у Хрыста Бога, праслаўленага ў сьвятых сваіх.

Цяпер ...: Дагматык. належнага тону.


Вершапесьні

нядзельныя належнага тону.

Слава ...

(Тон 3). Прыйдзіце, ўсе сьвяталюбцы, усхвалім у песьнях сабор праайцоў: Адама праайца, Эноха, Ноя, Мельхісадэка, Аўрама, Ісаака і Якуба; пасьля ж Закону Майсея і Аарона, Ісуса, Самуіла і Давіда; з імі ж разам Ісаю, Ярэму, Езакіеля і Данілу і дванаццаць прарокаў; таксама Ільлю, Елісея і ўсіх з імі, Захара і Хрысьціцеля, якія прапаведавалі прыйсьце Хрыста, Жыцьця і ўваскрасеньня роду нашага.

Цяпер ...

Багародзічны нядзельны (тон 3). Воляю Айца Ты зачала бяз семя ад Сьвятога Духа Сына Божага, які нарадзіўся спрадвеку без маці ад Айца, але якога Ты дзеля нас без Айца ў целе нарадзіла і, як немаўля, карміла малаком. Цяпер малі Яго няспынна выбавіць ад бедаў душы нашыя.


Адпушчальныя трапары:

Трапар нядзельны належнага тону

Слава ... цяпер ...

Трапар праайцоў (тон 2). Вераю Ты праайцоў апраўдаў, прадвясьціўшы цераз іх царкву ўсіх народаў. Радуюцца сьвятыя ў славе, бо з іхняга семя ўзрасла, быццам цудоўны плод, Тая, што бяз семя нарадзіла Цябе. Малітвамі іх, Хрысьце Божа, зьмілуйся над намі.


Старонка 1 з 3 | Наступная старонка
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст