Галоўная > Мінэя - Сьнежань > 17 сьнежня - сьвятога прарока Данілы і трох юнакоў Ананьні, Азарыі і Місаіла

17 сьнежня - сьвятога прарока Данілы і трох юнакоў Ананьні, Азарыі і Місаіла


5 чэрвеня 2008.

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу...":

Данілы (Тон 4). Даніла, дзівосны прарок, зрабіў сэрца сваё чыстым жыльлём Духа. Прасьветлены Ім, і атрымаўшы дар прароцтва, ён прадвяшчае будучыню і дае разгадку тайных сноў беззаконных цароў.

Ты, цудоўны прарок, умацаваў цела сваё неаслабным пастом, і зрок твой быў заўсёды скіраваны да ўсядобрага Бога. Укінуты сярод дзікіх львоў, ты заткнуў іхнія пашчы і застаўся цэлым сілаю Таго, хто слаўна чыніць усё – Збавіцеля душаў нашых.

Ты, пачэсны прарок, бачыў праведнага Судзьдзю, які сядзеў на пасадзе ў атачэньні анёлаў. Уражаны страшным відзеньнем, ты напісаў для будучых пакаленьняў пра другое прыйсьце ўцелаўлёнага Бога нашага.

Юнакоў (Тон 4). Вы, блаславёныя, былі руплівымі ў выкананьні Божых законаў, не апагніліся агіднымі стравамі, але захавалі, быццам цудоўную кветку, што ня вяне, нутраную прыгажосьць, дабрыню нятленнай душы, і чысьціню цялесную. Таму Ўладар праславіў вас, як сваіх угоднікаў.

Загарэўшыся Боскім агнём, пачэсныя юнакі за нішто палічылі агонь. Асьвежаныя расою, яны, быццам сьветлы анёльскі хор, пяялі славу Богу. І Даніла, пачэсны прарок, бачыўшы неперамінальнае валадарства Хрыстовае, радаваўся.

Мучыцелі здумеліся з мудрасьці тваіх, годны подзіву Даніла, слоў і з розуму юнакоў. Таму іх паставілі кіраваць хальдэйскай дзяржаваю. Іхнім дабарадзейнасьцям, чысьціні жыцьця, і паўстрымлівасьці дзівіўся тыран.

Слава ...

(Тон 2). Сёньня сабраў нас – багатых і ўбогіх, прыхадняў і хатніх, – у духу прарок Даніла на бяседу дабрадзейнасьцяў і на чашу духоўную, з якой льеца вада пабожнасьці і ласка Духа Сьвятога. Бо гэты вось прарок, быццам ясны сьветач, перамог няволю асырыйскую, і зачыніў пашчы дзікім зьвяром. Усхвалім разам з ім і трох юнакоў, прыродаю цялесных, але больш цьвёрдых за золата, бо агонь у печы не растапіў іх. Хай жа Госпад, які прывёў нас да гэтых дзён, малітвамі іх дасьць нам дажыць да пачэснага дня нараджэньня Хрыстовага, даючы ачышчэньне грахоў і веліч зьмілаваньня.

Цяпер ...

(Тон 2). У чаканьні Хрыстовага Нараджэньня, пойдзем у духу разам з мудрацамі за зоркаю, і разам з пастушкамі ўсклікнем: "Прыходзіць Збаўленьне для людзей з дзявочага ўлоньня і кліча ўсіх верных".


Вершапесьні актойху

Слава ... цяпер ...

(Тон 6). Даніла, муж жаданьняў духоўных, бачыў Цябе, быццам камень, што без рукі быў адсечаны, і прадказаў бясьсеменнае нараджэньне Тваё, Госпадзе, Слова, што прыняла цела ад Дзевы, нязьменны Божа і Збавіцелю душ нашых.


Адпушчальны трапар

(Тон 2). Магутная сіла веры: дзякуючы ёй тры сьвятыя юнакі пасярод полымя, быццам у вадзе крынічнай, радуюцца; і Даніла прарок сярод львоў, быццам пастыр сярод авечак сваіх. Малітвамі іх, Хрысьце Збавіцелю, збаў душы нашыя.


Літургія

Трапары

(Тон 2). Магутная сіла веры: дзякуючы ёй тры сьвятыя юнакі пасярод полымя, быццам у вадзе крынічнай, радуюцца; і Даніла прарок сярод львоў, быццам пастыр сярод авечак сваіх. Малітвамі іх, Хрысьце Збавіцелю, збаў душы нашыя.

Кандак Данілы (тон 3). Прасьветленае Духам сэрца тваё сталася ўмяшчальніцаю сьветлага прароцтва, і ты бачыў тое, што мелася здарыцца ў далёкай будучыні, быццам сёньня. Укінуты ў яму, ты львоў утаймаваў. Дзеля гэтага мы шануем цябе, слаўны і блаславёны прароча Даніла.

Кандак юнакоў (тон 6). Вы, тройчы блаславёныя юнакі, узброеныя невымоўнай сілаю Божаю, не пакланіліся рукатворнаму вобразу і праславіліся ў вогненным выпрабаваньні. Сярод нясьцерпнага полымя вы клікалі Бога, кажучы: "Сьпяшайся, Шчодры, прыйдзі хутка на дапамогу нам, бо Ты, Міласэрны, калі хочаш, можаш усё".


Вярнуцца назад