Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
Данілы (Тон 4). Даніла, дзівосны прарок, зрабіў
сэрца сваё чыстым жыльлём Духа. Прасьветлены Ім, і атрымаўшы дар прароцтва, ён
прадвяшчае будучыню і дае разгадку тайных сноў беззаконных цароў.
Ты, цудоўны прарок, умацаваў цела сваё неаслабным пастом, і
зрок твой быў заўсёды скіраваны да ўсядобрага Бога. Укінуты сярод дзікіх львоў,
ты заткнуў іхнія пашчы і застаўся цэлым сілаю Таго, хто слаўна чыніць усё –
Збавіцеля душаў нашых.
Ты, пачэсны прарок, бачыў праведнага Судзьдзю, які сядзеў на
пасадзе ў атачэньні анёлаў. Уражаны страшным відзеньнем, ты напісаў для будучых
пакаленьняў пра другое прыйсьце ўцелаўлёнага Бога нашага.
Юнакоў (Тон 4). Вы, блаславёныя, былі руплівымі ў
выкананьні Божых законаў, не апагніліся агіднымі стравамі, але захавалі, быццам
цудоўную кветку, што ня вяне, нутраную прыгажосьць, дабрыню нятленнай душы, і
чысьціню цялесную. Таму Ўладар праславіў вас, як сваіх угоднікаў.
Загарэўшыся Боскім агнём, пачэсныя юнакі за нішто палічылі
агонь. Асьвежаныя расою, яны, быццам сьветлы анёльскі хор, пяялі славу Богу. І
Даніла, пачэсны прарок, бачыўшы неперамінальнае валадарства Хрыстовае,
радаваўся.
Мучыцелі здумеліся з мудрасьці тваіх, годны подзіву Даніла,
слоў і з розуму юнакоў. Таму іх паставілі кіраваць хальдэйскай дзяржаваю. Іхнім
дабарадзейнасьцям, чысьціні жыцьця, і паўстрымлівасьці дзівіўся тыран.
Слава ...
(Тон 2). Сёньня сабраў нас – багатых і ўбогіх,
прыхадняў і хатніх, – у духу прарок Даніла на бяседу дабрадзейнасьцяў і на чашу
духоўную, з якой льеца вада пабожнасьці і ласка Духа Сьвятога. Бо гэты вось
прарок, быццам ясны сьветач, перамог няволю асырыйскую, і зачыніў пашчы дзікім
зьвяром. Усхвалім разам з ім і трох юнакоў, прыродаю цялесных, але больш
цьвёрдых за золата, бо агонь у печы не растапіў іх. Хай жа Госпад, які прывёў
нас да гэтых дзён, малітвамі іх дасьць нам дажыць да пачэснага дня нараджэньня
Хрыстовага, даючы ачышчэньне грахоў і веліч зьмілаваньня.
Цяпер ...
(Тон 2). У чаканьні Хрыстовага Нараджэньня,
пойдзем у духу разам з мудрацамі за зоркаю, і разам з пастушкамі ўсклікнем:
"Прыходзіць Збаўленьне для людзей з дзявочага ўлоньня і кліча ўсіх верных".
Вершапесьні актойху
Слава ... цяпер ...
(Тон 6). Даніла, муж жаданьняў духоўных, бачыў
Цябе, быццам камень, што без рукі быў адсечаны, і прадказаў бясьсеменнае
нараджэньне Тваё, Госпадзе, Слова, што прыняла цела ад Дзевы, нязьменны Божа і
Збавіцелю душ нашых.
Адпушчальны трапар
(Тон 2). Магутная сіла веры: дзякуючы ёй тры
сьвятыя юнакі пасярод полымя, быццам у вадзе крынічнай, радуюцца; і Даніла
прарок сярод львоў, быццам пастыр сярод авечак сваіх. Малітвамі іх, Хрысьце
Збавіцелю, збаў душы нашыя.
Літургія
Трапары
(Тон 2). Магутная сіла веры: дзякуючы ёй тры
сьвятыя юнакі пасярод полымя, быццам у вадзе крынічнай, радуюцца; і Даніла
прарок сярод львоў, быццам пастыр сярод авечак сваіх. Малітвамі іх, Хрысьце
Збавіцелю, збаў душы нашыя.
Кандак Данілы (тон 3). Прасьветленае Духам сэрца
тваё сталася ўмяшчальніцаю сьветлага прароцтва, і ты бачыў тое, што мелася
здарыцца ў далёкай будучыні, быццам сёньня. Укінуты ў яму, ты львоў утаймаваў.
Дзеля гэтага мы шануем цябе, слаўны і блаславёны прароча Даніла.
Кандак юнакоў (тон 6).
Вы, тройчы блаславёныя юнакі, узброеныя невымоўнай сілаю Божаю, не пакланіліся
рукатворнаму вобразу і праславіліся ў вогненным выпрабаваньні. Сярод
нясьцерпнага полымя вы клікалі Бога, кажучы: "Сьпяшайся, Шчодры, прыйдзі хутка
на дапамогу нам, бо Ты, Міласэрны, калі хочаш, можаш усё". |