Галоўная > Мінэя - Сьнежань > Нядзеля перад Нараджэньнем Г.Н. Ісуса Хрыста (Нядзеля Айцоў) - калі 18-19 сьнежня

Нядзеля перад Нараджэньнем Г.Н. Ісуса Хрыста (Нядзеля Айцоў) - калі 18-19 сьнежня


5 чэрвеня 2008.

ВЯЧЭРНЯ


На "Госпадзе, Цябе клічу...":

7 нядзельных песьняў належнага тону і 3 айцоў.

Айцоў (тон 8). Памяць сьвятых праайцоў зьявілася ўсяму сьвету, поўная праўдзівага сьвятла, зьзяючы промнямі ласкі; бо Хрыстос – Сонца яснае – зазьзяў здалёку і вядзе з сабою грамаду сьветлых зорак. Богачалавечае нараджэньне аб'яўляецца ў Бэтлееме, і мы радасна пляскаем у далоні і аддаем Яму перадсьвяточную хвалу.

Сьвятыя айцы ўпрыгожваюцца славаю боскага ўдзелу ў нашай прыродзе. Цешыцца сёньня Адам, аснова і ўмацаваньне мудрых праайцоў; радуюцца з ім Авель і Энох; Сэт і Ной разам весяляцца; Абрагам усяхвальны з патрыярхамі пяе, і Малхісадэк з вышыні бачыць нараджэньне без Айца. І мы, спраўляючы памяць сьвятых праайцоў, молімся за збаўленьне душ нашых.

Тры багамудрыя юнакі зазьзялі радасна ў печы і прапаведавалі Хрыстовае на зямлі нараджэньне: бо Госпад сышоў, быццам раса, захаваўшы Тую, што нарадзіла Яго, беззаганнаю, і ўзбагаціўшы Яе боскімі дарамі. Таму і Даніла богапрыемны, які прадбачыў ясна камень, адсечаны ад скалы, радуецца і няспынна моліцца за збаўленьне душ нашых.

Слава ...

(Тон 6). Даніла, муж жаданьняў духоўных, убачыўшы Цябе быццам камень што без рукі быў адсечаны, прадказаў бясьсеменае нараджэньне Тваё, нязьменны Божа і Збавіцелю душ нашых, што прыняў цела ад Дзевы.

Цяпер ...

Дагматык адпаведнага тону.


Чытаньне кнігі Роду

Аўрам, пачуўшы, што ягоны сваяк Лот патрапіў у палон, узяў з сабою трыста васемнаццаць найбольш дасьведчаных хатніх сваіх і кінуўся ў пагоню аж да Дана. Уночы, падзяліўшы людзей сваіх на загоны, ён напаў на ворагаў і разьбіў іх, а потым гнаўся за імі аж да Хобы, што на захад ад Дамаску. Такім чынам ён адабраў усю маёмасьць і вярнуў назад Лота з яго дабром, жонкамі і слугамі. Калі Аўрам вяртаўся з перамогі над Кедарлёамерам і царамі, што былі з ім, цар Садомскі выйшаў яму насустрач да даліны Шавэ, гэта значыць Каралеўскай. І Малхісадэк, цар Салімскі, вынес хлеб і віно – бо ён быў сьвятаром Бога Усявышняга, – і блаславіў Аўрама, кажучы: "Хай Бог Усявышні, Тварэц неба і зямлі, блаславіць цябе, Аўраме; і хай будзе блаславёны Бог Усявышні, які аддаў ворагаў тваіх у рукі твае". (14:14–20)


Чытаньне кнігі Другога Закону

У той час сказаў Майсей сыном Ізраілевым: "Вось даю вам зямлю – ідзеце, вазьмеце яе сабе ў спадчыну, якую Госпад кляўся даць айцом вашым Абрагаму, Ізааку і Якубу, і нашчадкам іх. У той час я сказаў вам: я не змагу адзін узяць на сябе вашыя цяжкасьці. Госпад Бог ваш размножыў вас – сёньня вас, як зорак у небе. І няхай Госпад, Бог айцоў вашых, размножыць вас яшчэ ў тысячу разоў і блаславіць вас, як абяцаў. Але як жа мне аднаму насіць вашыя цяжкасьці, вашыя клопаты і непаладкі? Дык абярыце сабе спаміж каленаў вашых мужоў разумных, паважных і дасьведчаных, і я пастаўлю іх вам начальнікамі. І вы мне адказалі: добрую рэч хочаш зрабіць. Дык вось я ўзяў старшыняў з каленаў вашых, мужоў мудрых, паважных і дасьведчаных, і паставіў іх тысячаначальнікамі, сотнікамі, пяцідзесятнікамі і дзесятнікамі, каб былі кіраўнікамі ў каленах вашых. У той самы час я даў такі наказ судзьдзям вашым: Выслухоўвайце братоў вашых, судзеце справядліва справу кожнага, з братам яго ці з чужынцам. Калі судзіце, не глядзеце на аблічча, выслухоўвайце аднолькава малога і вялікага, ня бойцеся нікога, бо суд Божы ёсьць." (1:8–17)


Чытаньне кнігі Другога Закону

У той час сказаў Майсей сыном Ізраілевым: "Неба і нябёсы нябёсаў, зямля і ўсё, што напаўняе яе, належаць Госпаду Богу твайму. Толькі да айцоў вашых прыхінуўся Госпад і палюбіў іх, і выбраў іх і іхняе патомства сярод іншых народаў – аж па сёньняшні дзень. Дык абрэжце сэрцы вашыя, і няхай шыі вашыя ня будуць цьвёрдымі. Бо Госпад Бог ваш – Бог над багамі і Уладар над уладарамі, Бог вялікі, магутны і страшны, які не зважае на асобу і не прымае падарункаў; Ён чыніць справядлівасьць сіраце і ўдаве, мілуе чужынца, даючы яму хлеб і вопратку. Вы таксама любеце чужынцаў, бо самі былі чужынцамі ў зямлі Ягіпскай. Госпада Бога твайго бойся, Яго трымайся, Яму служы і імем Ягоным кляніся. Ён – твая слава, Ён Бог твой, што ўчыніў для цябе вялікія і страшныя рэчы, якія ты бачыў на ўласныя вочы." (10:14–21)


Вершапесьні

песьні нядзельныя належнага тону.

Слава ...

Айцоў (тон 2). Радуйцеся, пачэсныя прарокі, непераможныя і непарушныя стаўпы, што добра споўнілі закон Гасподні. Дасягнуўшы неба, вы сталіся хадайнікамі новага Закону Хрыстовага. Маліце Яго даць сьвету супакой і збавіць душы нашыя.

Цяпер ...

нядзельны багародзічны (тон 2). Новы цуд, большы за ўсе ранейшыя цуды! Хто калі бачыў Маці, якая радзіла бяз мужа і на руках насіла Таго, хто трымае ўсё стварэньне? З Божае волі нарадзіўся Той, каго Ты, Усячыстая, насіла як дзіцятка на руках Тваіх. Маючы матчыну сьмеласьць у Яго, не пераставай маліцца за тых, што шануюць Цябе, каб Ён дараваў нам багацьце ласкі сваёй і збавіў душы нашыя.


Адпушчальныя трапары:

Трапар нядзельны належнага тону.

Слава ...:

Трапар айцоў (тон 2). Магутная сіла веры: дзякуючы ёй тры сьвятыя юнакі сярод полымя, быццам у вадзе крынічнай, радуюцца; і Даніла прарок сярод ільвоў, быццам пастыр сярод авечак сваіх. Малітвамі іх, Хрысьце Збавіцелю, збаў душы нашы.

Цяпер ...:

нядзельны багародзічны (тон 2). Вышэй за розум ўсяслаўныя тайны твае, Багародзіца: зьбярогшы чысьціню і захаваўшы дзявоцтва, ты несумненна сталася Маці, нарадзіўшы Бога праўдзівага. Малі Яго за збаўленьне душ нашых.

Ютрань


Пасьля "Госпад – Бог ...": трапары, як у канцы вячэрні.


Сядальныя песьні

сядальныя песьні надзельныя належнага тону.


Пасьля паліелею: "Хор анёлаў...", літаніі, гіпакоі нядзельныя належнага тону і наступныя:

Айцоў (тон 8). Абрагама, Ісаака і Якуба ўсхвалім у песьнях, лагоднага Давіда, Ісуса і дванаццаць патрыярхаў, разам з трыма юнакамі, што пагасілі сілаю Духа полымя агню. Усклікнем: "Радуйцеся вы, што адважна выкрылі спакусу неразумнага цара і цяпер моліцеся Хрысту, каб Ён дараваў адпушчэньне грахоў нам, якія шануем вашу сьвятую памяць".

Слава ... цяпер ...

Прыношу Табе, Уладарка, быццам два грашы ўдавы, належную пахвалу і падзяку за ўсе дабрадзействы Твае. Ты сталася покрывам і памочніцай, ратуючы мяне ад напасьцяў і суму. Таму, нібы з вогненнай гарачай печы, ад тых, што крыўдзяць мяне, вызвалены, з глыбіні сэрца клічу: "Багародзіца, памажы, і малі Хрыста Бога, каб Ён дараваў мне адпушчэньне грахоў, бо Ты – надзея слугі Твайго".


Узыходныя песьні і г.д. нядзельныя належнага тону.


Канон (тон 6)


Ірмасы нядзельнага канону належнага тону. Катавасія: "Хрыстос родзіцца".


Пасьля трэцяй песьні:

Гіпакоі (тон 8). Анёл юнакоў у печы расою асьвяжыў, а цяпер жанчынам плач на радасьць перамяніў, кажучы: "Нашто прыносіце міра? Каго шукаеце ў магіле? Устаў Хрыстос Бог, бо Ён – жыцьцё і збаўленьне роду людзкога".


Пасьля шостай песьні:

Кандак (тон 6). Вы, тройчы блаславёныя юнакі, узброеныя невымоўнай сілаю Божаю, не пакланіліся рукатворнаму вобразу і праславіліся ў вогненным выпрабаваньні. Сярод нясьцерпнага полымя вы клікалі Бога, кажучы: "Сьпяшайся, Шчодры, прыйдзі хутка на дапамогу нам, бо Ты, Міласэрны, калі хочаш, можаш усё".

Ікас. Працягні руку Тваю, якую некалі адчулі на сабе перасьледвальнікі егіпцяне і перасьледаваныя гэбрэі, і не пакінь нас, каб ненаедная сьмерць і ненавісьнік людзей шатан не праглынулі нас, але будзь побач з намі і пашкадуй душы нашыя, як ты пашкадаваў юнакоў Тваіх у Бабілёне, якія, укінутыя дзеля Цябе ў распаленую печ, славілі Цябе і клікалі: "Сьпяшайся, Шчодры, прыйдзі хутка на дапамогу нам, бо Ты, Міласэрны, калі хочаш, можаш усё".


Дзевятая песьня нядзельная належнага тону.

Айцоў (тон 6). Айцы, што жылі да Закону, – Абрагам, а з ім Ісаак і Якуб, – былі асноваю прарокаў і Закону, і з вераю ў Духу прапаведавалі ласку.

Як Бог, Ты паказаў Майсею ў вогненным кусьце вышэйшыя за ўсякі розум тайніцы, зышоў у вогненную печ да юнакоў і Боскім агнём полымя на расу перамяніў.

Сабраўшыся разам, Абрагам і сьвятыя юнакі, а з імі Даніла, дзівосны прарок Божы, Ісаак і Якуб, і Аарон з Майсеем, у веры цешацца з Хрыстовага нараджэньня, што мае адбыцца, і моляцца няспынна за нашае збаўленьне.

Слава ... цяпер ...: Усё стварэньне цешыцца з Твайго сынараджэньня, Дзева. Бэтлеем адкрыў нам рай, і мы ўсе зноў наталяемся з дрэва жыцьця і клічам: "Споўні нашыя малітвы, Уладару!".


Экзапастыляр

нядзельны і наступныя:

Слава ...: Абраныя патрыярхі і айцы, – Абрагам, Ісаак і Якуб, – да прыйсьця Закону зьзялі сьветачамі веры. Прарокі і праведнікі, што прыйшлі пасьля іх, быццам сьвечкі, прасьвятлілі ўсё стварэньне промнямі прароцтваў. Цяпер яны моляцца за ўсіх нас.

Цяпер ...: Авечка чыстая нарадзіла ў апошні час у дзівосны спосаб Ягнё–Слова спрадвечнае, унука Адамавага і Давідавага. У чаканьні Ейнага невыказнага сынараджэньня мноства айцоў радасна сьвяткуе


Пахвальныя псалмы

4 нядзельныя належнага тону 4 і наступныя айцоў:

(Тон 5). Уздымі голас твой, горадзе Божы Сыёне, і прапаведуй памяць айцоў, ушануй Абрагама з Ісаакам і Якубам слаўнымі, разам з Юдам і Левіем узьвялічвай Майсея вялікага, Аарона цудоўнага, і з Давідам Ісуса і Самуэля. Засьпявай перадсьвяточную пахвальную песьню Хрысту, просячы ласкі і велічы зьмілаваньня сьвету ўсяму. (Двойчы)

Верш. Блаславёны і ўсяхвальны Ты, Божа айцоў нашых, і імя Тваё хай славіцца на вякі.

Прыходзь Ільля, што некалі сеў на вогненную калясьніцу, і багамудры Елісей з Езакіелем разам узрадуйцеся, і пачэсныя дванаццаць прарокаў боганатхнёных; цешцеся з нараджэньня Хрыстовага і вы, блаславёныя праведныя юнакі, што расою Духа пагасілі полымя ў печы. Маліце Хрыста паслаць душам нашым веліч зьмілаваньня.

Верш. Бо справядлівасьць Твая яўная ўва ўсім, што Ты зрабіў для нас.

Явілася на зямлі Багародзіца Дзева, якую прарокі адвеку прапаведавалі, і ўсе патрыярхі і хоры праведнікаў прадвяшчалі. Сьвяткуюць з імі і пабожныя жанчыны – Сара, Рэбэка, Рахэля і Ганна, і слаўная Марыям, сястра Майсея. Цешацца ўсе канцы зямлі, і ўсё стварэньне аддае пашану Творцу ўсіх і Богу, які прыходзіць нарадзіцца ў целе і дараваць нам веліч зьмілаваньня.

Слава ...

(Тон 8). Боскае Хрыстовае нараджэньне ў целе яўляе спаўненьне законных вучэньняў. Тыя, што прапаведавалі ласку да Закону, дзякуючы веры праявілі сябе вышэйшымі за Закон. Яны прапаведавалі тым, што ў апраметнай, вызваленьне ад тленнасьці праз уваскрасеньне. Госпадзе, слава Табе!

Цяпер ...: Найблаславёная Ты, Багародзіца Дзева...

Літургія

Трапары

Трапар нядзельны належнага тону.

Трапар айцоў (тон 2). Магутная сіла веры: дзякуючы ёй тры сьвятыя юнакі сярод полымя, быццам у вадзе крынічнай, радуюцца; і Даніла прарок сярод ільвоў, быццам пастыр сярод авечак сваіх. Малітвамі іх, Хрысьце Збавіцелю, збаў душы нашы.

Слава ...

Кандак айцоў (тон 6). Не пакланіўшыся рукатворнаму вобразу, узброеныя невымоўнай сілаю Божаю, вы, тройчы блаславёныя юнакі, праславіліся ў вогненным выпрабаваньні. Пасярод нясьцерпнага полымя вы клікалі Бога, кажучы: "Сьпяшайся, Шчодры, прыйдзі хутка на дапамогу нам, бо Ты, Міласэрны, калі хочаш, можаш усё".

Цяпер ...

Кандак перадсьвяцьця (тон 3): Сёньня Дзева ідзе ў невыказны спосаб радзіць у пячоры спрадвечнае Слова: сьвяткуй, сусьвет, і разам з анёламі і пастухамі слаў спрадвечнага Бога, што, як дзіця малое, на сьвет прыходзіць.


Пракімен: (Дан 3:26,27). Блаславёны і ўсяхвальны Ты, Божа айцоў нашых, і імя Тваё хай славіцца на векі.

Верш: Бо справядлівасьць Твая яўная ва ўсім, што Ты зрабіў для нас.


Апостал: Гэб 11:9–10; 32–40


Алілуя (Пс 98:56; 33:18). Майсей і Аарон – сьвятары Яго, і Самуіл сярод тых, што клічуць імя Яго.

Верш: Усклікнулі праведнікі, і Госпад пачуў іх, і ад усіх бедаў выбавіў іх.


Евангельле: Мц. 1:1–25


Прычасьнік. Хваліце Госпада з нябёсаў, хваліце Яго на вышынях.

Верш: Усклікніце, праведнікі, Госпаду ў радасьці: хвала пасуе праведным. Алілуя, алілуя, алілуя.


Вярнуцца назад