ВЯЧЭРНЯ
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
7 нядзельных песьняў належнага тону
і 3 айцоў.
Айцоў (тон 8). Памяць сьвятых праайцоў зьявілася
ўсяму сьвету, поўная праўдзівага сьвятла, зьзяючы промнямі ласкі; бо Хрыстос –
Сонца яснае – зазьзяў здалёку і вядзе з сабою грамаду сьветлых зорак.
Богачалавечае нараджэньне аб'яўляецца ў Бэтлееме, і мы радасна пляскаем у далоні
і аддаем Яму перадсьвяточную хвалу.
Сьвятыя айцы ўпрыгожваюцца славаю боскага ўдзелу ў нашай
прыродзе. Цешыцца сёньня Адам, аснова і ўмацаваньне мудрых праайцоў; радуюцца з
ім Авель і Энох; Сэт і Ной разам весяляцца; Абрагам усяхвальны з патрыярхамі
пяе, і Малхісадэк з вышыні бачыць нараджэньне без Айца. І мы, спраўляючы памяць
сьвятых праайцоў, молімся за збаўленьне душ нашых.
Тры багамудрыя юнакі зазьзялі радасна ў печы і прапаведавалі
Хрыстовае на зямлі нараджэньне: бо Госпад сышоў, быццам раса, захаваўшы Тую, што
нарадзіла Яго, беззаганнаю, і ўзбагаціўшы Яе боскімі дарамі. Таму і Даніла
богапрыемны, які прадбачыў ясна камень, адсечаны ад скалы, радуецца і няспынна
моліцца за збаўленьне душ нашых.
Слава ...
(Тон 6). Даніла, муж жаданьняў духоўных, убачыўшы
Цябе быццам камень што без рукі быў адсечаны, прадказаў бясьсеменае нараджэньне
Тваё, нязьменны Божа і Збавіцелю душ нашых, што прыняў цела ад Дзевы.
Цяпер ...
Дагматык адпаведнага тону.
Чытаньне кнігі Роду
Аўрам, пачуўшы, што ягоны сваяк Лот патрапіў у палон, узяў з
сабою трыста васемнаццаць найбольш дасьведчаных хатніх сваіх і кінуўся ў пагоню
аж да Дана. Уночы, падзяліўшы людзей сваіх на загоны, ён напаў на ворагаў і
разьбіў іх, а потым гнаўся за імі аж да Хобы, што на захад ад Дамаску. Такім
чынам ён адабраў усю маёмасьць і вярнуў назад Лота з яго дабром, жонкамі і
слугамі. Калі Аўрам вяртаўся з перамогі над Кедарлёамерам і царамі, што былі з
ім, цар Садомскі выйшаў яму насустрач да даліны Шавэ, гэта значыць Каралеўскай.
І Малхісадэк, цар Салімскі, вынес хлеб і віно – бо ён быў сьвятаром Бога
Усявышняга, – і блаславіў Аўрама, кажучы: "Хай Бог Усявышні, Тварэц неба і
зямлі, блаславіць цябе, Аўраме; і хай будзе блаславёны Бог Усявышні, які аддаў
ворагаў тваіх у рукі твае". (14:14–20)
Чытаньне кнігі Другога Закону
У той час сказаў Майсей сыном Ізраілевым: "Вось даю вам зямлю
– ідзеце, вазьмеце яе сабе ў спадчыну, якую Госпад кляўся даць айцом вашым
Абрагаму, Ізааку і Якубу, і нашчадкам іх. У той час я сказаў вам: я не змагу
адзін узяць на сябе вашыя цяжкасьці. Госпад Бог ваш размножыў вас – сёньня вас,
як зорак у небе. І няхай Госпад, Бог айцоў вашых, размножыць вас яшчэ ў тысячу
разоў і блаславіць вас, як абяцаў. Але як жа мне аднаму насіць вашыя цяжкасьці,
вашыя клопаты і непаладкі? Дык абярыце сабе спаміж каленаў вашых мужоў разумных,
паважных і дасьведчаных, і я пастаўлю іх вам начальнікамі. І вы мне адказалі:
добрую рэч хочаш зрабіць. Дык вось я ўзяў старшыняў з каленаў вашых, мужоў
мудрых, паважных і дасьведчаных, і паставіў іх тысячаначальнікамі, сотнікамі,
пяцідзесятнікамі і дзесятнікамі, каб былі кіраўнікамі ў каленах вашых. У той
самы час я даў такі наказ судзьдзям вашым: Выслухоўвайце братоў вашых, судзеце
справядліва справу кожнага, з братам яго ці з чужынцам. Калі судзіце, не
глядзеце на аблічча, выслухоўвайце аднолькава малога і вялікага, ня бойцеся
нікога, бо суд Божы ёсьць." (1:8–17)
Чытаньне кнігі Другога Закону
У той час сказаў Майсей сыном Ізраілевым: "Неба і нябёсы
нябёсаў, зямля і ўсё, што напаўняе яе, належаць Госпаду Богу твайму. Толькі да
айцоў вашых прыхінуўся Госпад і палюбіў іх, і выбраў іх і іхняе патомства сярод
іншых народаў – аж па сёньняшні дзень. Дык абрэжце сэрцы вашыя, і няхай шыі
вашыя ня будуць цьвёрдымі. Бо Госпад Бог ваш – Бог над багамі і Уладар над
уладарамі, Бог вялікі, магутны і страшны, які не зважае на асобу і не прымае
падарункаў; Ён чыніць справядлівасьць сіраце і ўдаве, мілуе чужынца, даючы яму
хлеб і вопратку. Вы таксама любеце чужынцаў, бо самі былі чужынцамі ў зямлі
Ягіпскай. Госпада Бога твайго бойся, Яго трымайся, Яму служы і імем Ягоным
кляніся. Ён – твая слава, Ён Бог твой, што ўчыніў для цябе вялікія і страшныя
рэчы, якія ты бачыў на ўласныя вочы." (10:14–21)
Вершапесьні
песьні нядзельныя належнага тону.
Слава ...
Айцоў (тон 2). Радуйцеся, пачэсныя прарокі,
непераможныя і непарушныя стаўпы, што добра споўнілі закон Гасподні. Дасягнуўшы
неба, вы сталіся хадайнікамі новага Закону Хрыстовага. Маліце Яго даць сьвету
супакой і збавіць душы нашыя.
Цяпер ...
нядзельны багародзічны (тон 2). Новы цуд, большы за ўсе ранейшыя
цуды! Хто калі бачыў Маці, якая радзіла бяз мужа і на руках насіла Таго, хто
трымае ўсё стварэньне? З Божае волі нарадзіўся Той, каго Ты, Усячыстая, насіла
як дзіцятка на руках Тваіх. Маючы матчыну сьмеласьць у Яго, не пераставай
маліцца за тых, што шануюць Цябе, каб Ён дараваў нам багацьце ласкі сваёй і
збавіў душы нашыя.
Адпушчальныя трапары:
Трапар нядзельны належнага тону.
Слава ...:
Трапар айцоў (тон 2). Магутная сіла веры: дзякуючы
ёй тры сьвятыя юнакі сярод полымя, быццам у вадзе крынічнай, радуюцца; і Даніла
прарок сярод ільвоў, быццам пастыр сярод авечак сваіх. Малітвамі іх, Хрысьце
Збавіцелю, збаў душы нашы.
Цяпер ...:
нядзельны багародзічны (тон 2). Вышэй за розум ўсяслаўныя тайны твае,
Багародзіца: зьбярогшы чысьціню і захаваўшы дзявоцтва, ты несумненна сталася
Маці, нарадзіўшы Бога праўдзівага. Малі Яго за збаўленьне душ нашых.
|